Астаўшыся ў хаце сам-насам з братам, яна наступала на яго:
— Чаму мы маўчым, нічога не робім? Чаму не збіраемся?
— Чакай, Саша. Не гарачыся. Больш вытрымкі, сястра! — па-сталаму разважліва адказваў ён.
— Я ведаю… Вы збіраецеся, вы дзейнічаеце, — сказала яна другі раз. — Але вы не хочаце даваць мне задания. Вам не спадабалася, што я пашкадавала дзяцей ляснічага…
— Калі ты будзеш думаць i гаварыць глупства, — узлаваўся Данік, — мы сапраўды цябе выключым. Я першы прагаласую.
— Ну i выключайце! — не стрывала Саша, пакрыўджаная да слёз.
Данік бліснуў страшным позіркам. Яна спалохана адступіла ў закутак паміж грубкай i печчу і, магчыма, у гэты момант упершыню заўважыла, як змяніўся брат: узмужнеў, выцягнуўся, стаў вышэйшы за яе ростам, але як схуднеў — на твары адны скулы тырчаць ды блішчаць вочы, запалёныя, чырвоныя, як у чалавека, які не спаў многа дзён.
Ён працягнуў руку, i Сашы здалося, што ён намерваецца ўдарыць. Але брат абняў яе, нязграбна, сціснуўшы ўчэпістымі кашчавымі пальцамі плячо, i глуха зашаптаў:
— Слухай, дурніца, навошта гэта табе?
— Што? — не зразумела яна.
— Хадзіць цяпер на нашы сходы? Навокал снег — босая гародамі не пабяжыш… I бобікаў, як сабак… Ты замужняя жанчына, маці… Твая адсутнасць ці сустрэча з намі, хлопцам! адразу выкліча падазронасць. Усё, што трэба, я табе перадам… Зразумей!
— Разумею, — прашаптала Саша, пасаромленая; яе кранула разумная асцярожнасць сяброў. Яны не забываюць, што яна маці i таму менш, чым хто іншы, мае права рызыкаваць.
— А заданне i ты атрымаеш, — гаварыў далей Данік. — Не хвалюйся. Работы ўсім хопіць, дай толькі разгарнуцца. Не ўсё адразу!
Сапраўды, неўзабаве брат прынёс ёй задание падпольнай групы. Ён вярнуўся пад вечар з лесу, дзе разам з Цішкам i іншымі хлопцамі траляваў з лесасек на шашу дровы, якія потым немцы на машынах перавозілі ў горад. Саша адразу ж, па вачах, убачыла, што ён мае сказаць ёй нешта важнае. Абое яны з нецярплівасцю чакалі моманту, калі Поля выйдзе з хаты. Калі тая нарэшце пайшла даглядаць карову, Данік забраўся ў той жа закутак паміж печчу i грубкай i паклікаў Сашу. Яна падышла з дзіцем на руках.
— Слухай, ёсць табе задание, — зашаптаў брат. — Нялёгкае, адразу табе скажу. Незвычайнае… Але ў падпольнай барацьбе ўсё бывае… У партызанскім атрадзе ранены камісар… Яму адрэзалі ступню нагі, i бок прастрэлены, не гоіцца. A ў лесе зараз цяжка — зіма. Стары лагер яны пакінулі: немцы напалі… У родную вёску чалавек не можа пайсці, сама разумееш, там кожны яго ведае… Трэба яму прытулак… Мы параіліся з хлопцамі i вырашылі: самае лепшае — у нас…
— У нашай вёсцы? — спытала зацікаўленая Саша.
— Не, у нашай хаце… У нас.
У куце было ўжо цёмна, i яны дрэнна бачылі адно аднаго. Але па руху, які зрабіла Саша — неяк шчыльней прыціснула малую, — Данік зразумеў, што гэта яе моцна здзівіла i ўразіла. Баючыся, каб яна не запярэчыла, хлопец сціснуў яе локаць, зашаптаў горача i хутка:
— Твайго Пятра ніхто не бачыў, не ведае тут… Нават i Поля… Камісару зробяць дакументы на Пятра, быццам немцы адпусцілі яго, раненага, з лагера палонных. Ёсць жа такія выпадкі…
Саша аслупянела. Перш за ўсё сэрца апякла страшная думка, якая ніколі раней не з'яўлялася: што i яе Пеця можа быць у палоне, у адным з гэтых жудасных лагерау, пра якія яна чула. У кашмарных снах, у пакутлівых уяўленнях яна часам бачыла Пецю раненым, сцякаючым крывёю на абмерзлых скалах, у снягах далёкай Поўначы. Але ні разу не бачыла яго ў палоне. Пеця, ласкавы, любы, жыццярадасны, i фашысцкі палон — не пагаджалася з гэтым яе свядомасць. Не, не, лепш смерць, чым гэта, крычала яе сэрца. Яна не чула далейшых пераконванняў Даніка, які даводзіў:
— Ты павінна зразумець, якога чалавека мы ратуем… У нас яму з усіх бакоў добра. Ты — медык, можаш палячыць яго раны. Чалавек хутчэй стане на ногі, чым дзе ў іншым месцы.
Адагнаўшы нарэшце думкі аб Пецевым палоне, Саша ўявіла, як чужы, незнаемы чалавек прыедзе ў ix хату i яна мусіць называць яго мужам, Пецем, магчыма, прыйдзецца нават на людзях абняць, пацалаваць, каб не выдаць яго, сябе… I ў гэты ж момант думаць пра Пецю: дзе ён, што з ім? Чужы чалавек Ленку будзе называць сваёй дачкой.
Не, гэта немагчыма! Яна можа выканаць любое задание, пайсці на смерць… Але толькі не гэта! Данік — дзіця, не разумев, якая гэта пакута будзе для яе.
— Данік, я не магу… — прашаптала яна. — Ты зразумей… Я не ведаю, што з Пецем, a ў гэты час чужы чалавек будзе жыць пад яго імем. Я не здолею так прыкідвацца.
Заварушылася, заплакала Ленка.
— Cпi, мая маленькая, зорачка мая ясная, — загушкала Саша малую, прымаўляючы па-вясковаму пяшчотна i мнагаслоўна: — Cni, мая ягадка. Нікога не бойся… ты з мамай. Hiкому я не дам цябе пакрыўдзіць, сінічку маю ненаглядную.
— Значыцца, не можаш? — тузануў яе за локаць Данік, перапыняючы размову з дачкой.
— Данік, ты не падумаў, як цяжка будзе ўсім нам… мне… Пашкадуй мяне, Данік, я жывы чалавек, — маліла яна.
Ён выпусціў яе локаць:
— Я думаў… Мы ўсе думалі. А вось ты… На словах — гераіня. A калі справу трэба рабіць, то перш за ўсё пра сябе думаеш. Лішні раз пахвалявацца баішся… А яшчэ пішчала: чаму маўчым, чаму нічога не робім? Дайце задание… Вось табе задание!..
Ён кідаў з кутка гэтыя бязлітасныя словы, як каменні.
— Данік, ты зразумей мяне правільна. Я не баюся, Данік!..
Але словы яе яшчэ больш узлавалі напорыстага хлопца. Ён сам прапанаваў такі варыянт — прытуліць камісара ў сваёй хаце, цвёрда ўпэўнены, што Саша не толькі не адхіліць яго план, а, наадварот, узрадуецца такому надзвычайнаму заданню. I раптам Саша адмаўляецца. Як жа ён цяпер гляне хлопцам у вочы, што скажа, каб апраўдаць сябе i Сашу? Што падпольшчыкі i партызаны падумаюць пра ix? Яму стала балюча, сорамна i крыўдна за сястру, за яе баязлівасць; ён не прызнаваў ніякіх іншых прычын, акрамя адной: баіцца. I каб яна проста сказала пра гэта, ён мог бы зразумець i дараваць, бо Саша не адна, у яе — дзіця, сам ён, уцягваючы яе ў падпольную барацьбу, ніколі не забываўся на гэта. Але калі яна, як ён лічыў, пачынае выкручвацца, хітраваць, спасылацца на «высокія пачуцці» i прыцягваць да зусім рэальнай справы невядомага яму, Даніку, а таму i нерэальнага «свайго Пецю», гэта яго абурыла.
— Што Данік? Данік які быў, такі i астанецца. А вось ты… як ты пасля глянеш на сябе? Чалавек жыцця свайго не шкадаваў… А мы баімся прытулак яму даць. Няхай ранены замярзае ў лесе. Калі твой Пеця сапраўды чырвонаармеец, я думаю, не пахваліць ён цябе за гэта, калі даведаецца…
Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ўмомант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Сапраўды, што сказаў бы Пеця, каб яна параілася з ім? Яна не ўпершыню правярала гэтак свае ўчынкі. Няўжо ён кіне ёй дакор, што яна дала прытулак раненаму партызану? Не, ніколі! Безумоўна, самой ёй будзе вельмі цяжка. Але каму цяпер легка! Хіба мае яна права засцерагаць сябе ад цяжкасцей, перажыванняў? Хіба яна не баец, як усе, не падпольшчыца-партызанка? Як жа яна адмаўляецца ад такога ганаровага задания? Ёй жа давяраюць жыццё партызанскага камісара!
Данік скрыгатнуў з роспачы зубамі i, ссутулены, падобны на старога, пасунуўся да дзвярэй.
— Данік! — спыніла яго Саша. — Чакай… Я згодна…
Ён зноў апынуўся каля яе, забыўшыся на сваю злосць, крыўду, i схапіў рукамі за плечы, нібы баючыся, што яна зноў перадумае i адмовіцца.
— Згодна?
— Ты не падумай, што я таму, што баюся… Але… Як Поля?
— А што Поля? Поля нічога не ведае i не павінна ведаць… Яна ж таксама ніколі ў вочы не бачыла твайго Пеці… Фотакартачка ў цябе адна, малюсенькая… Мы яе заменім.
Саша ўздыхнула i ціха, незласліва сказала:
— Дурань ты малы, Данік. Хіба гэта ад яе можна схаваць? У адной хаце жыць будзем… Яна ў першы ж дзень убачыць, што мы ніякія не жонка i не муж. Паспрабуй тады тлумачыць.
Юнак разгубіўся. Вось ліха, пра ўсё ён падумаў, усё ўлічыў, нават на фотакартку не забыўся, а вось гэта i ў галаву не цюкнула.
— Што ж ты прапануеш? — ужо нясмела, няўпэўнена спытаў Данік; ініцыятыва ў вырашэнні гэтай нялёгкай задачы цалкам перайшла да Сашы.
— Трэба сказаць Полі.
— Што ты! Спалохаецца. Загалосіць. Праваліць усю справу.
— Магчыма, спалохаецца, паплача, але… зразумее, Данік. Яна ж наша сястра. Усё адно без яе дапамогі нам не абысціся.
Позна ўвечары яны пачалі размову з Поляй. На прыпечку дагарэла лучына, i старэйшая сястра загадала:
— Спаць, дзеці! Заўтра Даніку рана ў лес, а ты, Саша, пойдзеш да цёткі Марыны, паможаш кроены паставіць. Яна прасіла. Ды i сама павучышея ніты закідаць.
Сашу кальнула ў сэрца: «Зноў ісці за наймічку».
Не было больш цяжкай пакуты, як ісці на заробак у чужую хату, працаваць пад наглядам людзей, у якіх тая перавага, што яны маюць чым заплаціць за працу. Яна ведала, што не ўсе гэтыя людзі кулакі ў душы, пераважная большасць з ix зусім не радуецца такому становішчу, аднак усё адно яе глыбока абражала плата натурай i асабліва словы спачування, якія часта прыходзіцца выслухоўваць. Цяжка бывае зразумець, хто з ix кажа шчыра, а хто зларадна: так табе i трэба, інтэлігентачка, доктарка.
Даволі часта Саша працавала не за хлеб i не за соль (соль была даражэй за ўсё), а за дзвесце грамаў газы ці за карабок запалак. Ёй так цяжка было ўставаць па некалькі разоў на начы да дзіцяці без святла: не будзеш жа раздзьмухваць вугалькі i паліць лучыну, калі Ленка, мокрая ці, яшчэ горш, нездаровая, крычыць на ўсю хату. Здабытую газу ашчаджалі надзвычай.
Таму Поля вельмі здзівілася, калі Данік, у адказ на яе загад спаць, запаліў газнічку.
— Ты навошта гэта паліш без патрэбы? — накінулася яна на брата.
Ён моўчкі занёс газнічку ў запаветны закутак, куды яшчэ раней схавалася Саша, i паклікаў старэйшую сястру:
— Ідзі сюды, Поля.
Калі яна прыйшла, паказаў на ўслончык:
— Садзіся. Пагаварыць трэба.
Здзіўленая i крыху спалоханая, Поля паслухмяна села.
— Давай, — кіўнуў Данік Сашы: яны так дамовіліся, што гаварыць будзе яна, яе Поля спакайней выслухае, а на яго можа адразу накінуцца.
Саша села побач, плячо ў плячо, паклала руку на калена сястры.
— Слухай, Поля, што мы табе скажам. Не палохайся. Не злуйся. Ты ў нас была за маці, ты нас выгадавала, i мы цябе любім, як маці. Але тут справа такая… Зразумей нас… Мы з Данікам камсамольцы, i мы не маглі інакш… — Яна панізіла голас да шэпту. — Мы звязаны з партызанамі…
— I ты?! — здзівілася Поля, але не закрычала, не заплакала, a толькі сумна паківала галавой. — Што вы сабе думаеце! Ну няхай гэты сарвігалава… A ў цябе ж малое дзіця…
Такія спакойныя Поліны словы падбадзёрылі Сашу i Даніка, бо чакалі яны горшага.
— Поля, — зноў таямніча зашаптала Саша, — партызанскае камандаванне дало нам задание… прытуліць у сябе… у нас у хаце раненага камісара… Яму зробяць дакументы на Пецю… Быццам яго з лагера адпусцілі…— Тлумачыць далей у яе не хапіла сілы. Яна змоўкла, i ў напружанай цішыні, у якой было чуваць, як легка патрэсквае кнот газнічкі, яны чакалі, што адкажа старэйшая сястра. Поля маўчала. Данік сачыў за яе вялікім ценем на белай сцяне грубкі. Там адбілася ўсё: як яна ўздрыгнула, як адхіснулася ад Сашы, потым прытулілася зноў, як пачала павольна i панура нахіляцца яе галава.
Нарэшце Поля цяжка ўздыхнула. I яны зразумелі, што яна — ix саўдзельніца, ix верны таварыш па барацьбе.
Саша, адчуваючы, што вось-вось не стрымаецца i заплача, прытулілася тварам да яе пляча.
Данік па-мужчынску проста пахваліў:
— Малайчына ты ў нас, Поля!
VI
Ён прыехаў адвячоркам.
Фурман у аблезлым кажушку спыніў худога каня каля крайняга калодзежа, недалёка ад школы, дзе размяшчаліся паліцэйскія. Ён памог вылезці з саней чалавеку ў шынялі, у летняй фуражцы, з абмоткай на шыі замест шаліка, падаў яму мыліцу i амаль пусты рэчавы мяшок. Інвалід сунуў яму нейкія грошы, i фурман павярнуў каня назад.
Чалавек астаўся стаяць пасярод вуліцы, абапіраючыся на мыліцу. Левая нага яго была абута ў стаптаны кірзавы бот, на правай тоўста накручаны брудныя анучы.
Убачыўшы каля калодзежа старую, што з жаночай цікаўнасцю намагалася пазнаць салдата, ён пакульгаў да яе.
— Скажыце, дзе хата Фёдара Траянава? — спытаў ён.
— А вунь пятая адгэтуль… Вунь, дзе вялікая таполя…
— А Саша… Саша ix тут… дома?
— Саша? А Божачка ты мой! — адразу здагадалася i загаласіла жанчына. — Даражэнькі ты мой! Тут яна, дома твая Сашачка!.. З дочачкай роднай! А гаротны ты мой!..
«Ён ажно пахіснуўся», — раеказвала пасля жанчына, яна хацела падтрымаць, правесці, але ён падзякаваў i «не пайшоў, не пакульгаў, а трушком пабег, хоць i на адной назе».
Праз пяць мінут паўвёскі ведала, што прыйшоў без нагі муж Сашы Траянавай.
Данік назіраў з вышак сваёй хаты, праз шчыліну ў страсе. Калі чалавек стаў набліжацца, ён саскочыў адтуль i паведаміў сестрам:
— Прыехаў! Ідзе…
Сашу, якая лічыла, што падрыхтавала сябе належным чынам да сустрэчы з гэтым чалавекам, ахапіў нейкі незразумелы страх. Яна замітусілася па хаце, не ведаючы, што рабіць, куды дзець сябе, схапіла Ленку, але адчула, што рукі трасуцца, i передала малую Полі, якая сядзела за калаўротам. Паспрабавала наводзіць парадак, перастаўляць рэчы, папраўляць падушкі.
Поля сказала:
— Не трэба, Саша.
А што трэба? Што трэба ёй рабіць? У скронях балюча стукала кроў, ажно зялёныя кругі паплылі перад вачамі. Як яна скажа яму, чужому, незнаёмаму: «Ты, Пеця», як сустрэне яго?
Калі рыпнулі вароты, яна застыла пасярод хаты як каменная, баючыся паварухнуцца, баючыся хоць на міг адвесці вочы ад дзвярэй. Фантастычна-неверагодная думка бліснула ў яе гарачай галаве: можа, Данік такім чынам падрыхтоўвае яе сустрэчу з Пецем?
Вось адчыняцца зараз дзверы, i зойдзе ён… Не, не, гэтага не можа быць, не павінна быць! Яна не жадае, каб ён быў у палоне, каб ён вярнуўся цяпер, калі ідзе бой за Маскву, за жыццё. Розумам яна не жадала яго звароту, а сэрца, дурное бабскае сэрца, замерла ў чаканні…
Дзверы адчыніліся, i… Саша ўскрыкнула, спалохаўшы Полю i Даніка.
На парозе стаяў Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.
Саша адразу пазнала яго.
Ён акінуў хуткім позіркам прысутных — добра, што ў хаце не было нікога чужога! — зачыніў дзверы i пакульгаў да Сашы, якая стаяла нерухома, ашаломленая, разгубленая: як прыняць чалавека, які некалі дамагаўся яе кахання? Поля насцярожана ступіла насустрач яму, як бы жадаючы загарадзіць малодшую сястру.
Ён спыніўся перад імі i, не вітаючыся, аднак не зводзячы яснага i смелага позірку з Сашы, ціха сказаў:
— Паверце, Аляксандра Фёдараўна, што толькі сёння, калі мне расказалі падрабязна, назвалі ваша дзявочае прозвішча, я здагадаўся… зразумеў, што гэта — вы. Калі вам вельмі непрыемна, я заўтра ж пайду, дазвольце толькі пераначаваць. — Ён апусціў вочы i схіліў галаву: ісці яму не было куды. — Вы скажаце, што я пайшоў праведаць сваіх бацькоў…
Поля зразумела, што гэта ўсяго толькі знаёмы, i, з палёгкай уздыхнуўшы, зірнула на Сашу.
«Чаму ж ты маўчыш? Скажы чалавеку слова!» — гаварыў яе позірк.
Саша схамянулася i працягнула руку:
— Добры дзень, Уладзімір Іванавіч.
Ён выпусціў мыліцу, нахіліўся, каб паціснуць яе руку, i пахіснуўся. Поля падтрымала яго:
— Ды вы сядайце. Дайце ваш мяшок. Распранайцеся.
Яны рабілі не тое, што трэба, не тое казалі адно аднаму.
Даніку не спадабаліся не толькі паводзіны сясцёр, але i паводзіны самога камісара. Глянуўшы на вокны, ці не падглядаюць праз адтуліны ў шыбах цікаўныя вочы жанчын, дзяцей, ён гучна павітаўся:
— Здароў, Пеця!
Лялькевіч павярнуўся i адразу ж радасна абняў Даніка.
— Здароў, Данік, здароў, дарагі!..
Гэта было шчыра, бо яны ведалі адзін аднаго, сустракаліся ў атрадзе, калі Данік хадзіў увосень на сувязь i Лялькевіч гутарыў з ім. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца i расчуліўся да слёз. Убачыўшы, як заблішчалі яго вочы, не стрымалася — заплакала Поля. Замітусілася, памагла яму скінуць шынель, пасадзіла на лаву. Саша цяпер толькі ўбачыла яго нагу, абкручаную анучамі, мыліцу, якую ён паклаў побач, успомніла Пецю i таксама праслязілася. Слёзы ix аказаліся вельмі дарэчы, бо праз хвіліну ў хату ўскочыла суседка Аксана — прынесла сіта, якое ўзяла з тыдзень назад i ўсё забывалася вярнуць. Яна спынілася каля парогa, прыкінуўшыся, што збянтэжылася, убачыўшы незнаёмага чалавека. Данік i тут не разгубіўся. Ён амаль з дзіцячай непасрэднасцю паведаміў: