Завеі, снежань - Иван Мележ 2 стр.


– Твой Дзятлік от за розум не бярэцца! – прамовіў строга, з папрокам. – Пагано можа кончыцца!

Ганна перастала смяяцца.

– А ты б памог яму. Падышоў бы як трэба.

– К яму падыдзеш! Толькі загаворыш, морду адварочвае!

– Значыць, гаворыш так! Ты ж так гаворыш, што часто і не зразумееш, ці ты раіш, ці загадуеш! Як камандуеш усё адно!

– Нагаварыўся ўжэ, аж у роце горко! Увесь час таўчэш адно, а яны хоць бы варухнуліся!

– Так ето проста варухнуцца! Даў загад – і зразу ўсе штоб пагналі ўсё ў камуну! Пабеглі, падскокуючы з радасці!

Міканор зазлаваў. Не стрымліваўся ўжо:

– Ты ўсё знаеш! Усе падходы!

– Знаю, – сказала яна, зноў нібы ўсміхнуўшыся. – А і табе знаць бы трэба! Калі за гуж узяўся.

Ён толькі ўзлавана зіркнуў. Хаваючы злосць, падышоў да стала, зноў разгарнуў сшытак, стаў разглядаць.

– Ты ето, можа, прыйшоў, кеб указанне Парасцы даць, як вучыць?

– А што ж, думаеш, не магу? – Ён зноў гаварыў паблажліва: – Маю право на ето!

– То-то я і гляджу: прыйшоў важны! Прыбраўся! – Хацела стрымацца і не магла, дадала кпліва і сур'ёзна: – Е ўжэ ў яе, каму ўказваць!

– Мало хто е…

– Не мало і не багато. Адзін.

Міканор момант вагаўся. Зірнуў з асцярогай.

– Хто ето?

– Ён. Знаеш…

Міканор спахмурнеў. Знае. Невясёлы, ссутулены, доўга маўчаў. Лістаў, не бачачы, сшыткі. Нарэшце схамянуўся, устаў.

– Трэба ехаць. – Пастараўся ўсміхнуцца. – Есці хочацца. А зямлячкі не частуюць… Бацьку, можа, што перадаць?

– Буў тут сам.

Падаў здаровую, абыякавую руку. Ужо без смеху, шчыра яна папрасіла:

– Прыязджай. Хоць – па дарозе…

– Будзе час – заеду…

Яна потым пашкадавала: нашто растрывожыла яго? Але адразу ж запярэчыла сабе: няхай не дзярэ галаву вельмі! І попусту няхай не цешыцца!..

Раздзел другі

1

Наступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела. Дужы, жылаваты, у шынялі і ў ваеннай шапцы, крывароты, адразу заўважыла Ганна, трымаўся неяк нязвыкла лісліва і разам афіцыйна, і гэта зацікавіла яе. Ён неахвотна прысеў на крэсла, калі Параска, таксама цікаўна зірнуўшы на яго, запрасіла сесці, мякка сказаў, што сядзець асабліва няма калі – справы. Пра гэта гаварыў, здавалася, не толькі ўвесь яго выгляд, але і палатняны партфель, які Дубадзел трымаў на каленях і па якім неспакойна бегалі яго пальцы.

– Ну, не ўвесь час справамі аднымі займацца? – хітравата зірнула Параска, падымаючы галаву ад сшыткаў, якія правярала.

– Увесь не ўвесь. А гуляць, можно сказаць, некалі…

– Вам жа не трэба сшыткаў правяраць! І непісьменных вы грамаце не вучыце! Часу ў вас павінна быць аж лішне!

– Дыхнуць некалі! Як у раён перайшоў!

Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! І палёгку даць, і прыціснуць можа, што ні кажы – раённы прадстаўнік! Недарэмна частуюць ледзь не ўсюды! Ганна заўважыла неспакойны бляск у яго вачах, падумала: і цяпер от, не інакш, з пачастунку! Аж шрам каля рота пачырванеў!

Дубадзел перахапіў яе позірк, кіўнуў, каб выйшла на ганак. Яна павяла плячыма, нібы не зразумела. Ён падумаў, устаў, строга афіцыйным тонам вялеў:

– Ганна, прашу выйсці.

– Чаго ето?

– Дзело есць! Выясніць трэба…

– Дак выясняй тут.

Ён ніякава памаўчаў. Скоса, асцярожліва зірнуў на Параску. Перавёў позірк на Ганну, недавольна пакруціў галавою: нездагадлівая!

– Пры пастаронніх нельга…

Параска адразу адгукнулася:

– Дык я магу выйсці!

– Не, вы работайце! – Ён сказаў нецярпліва, патрабуючы: – Часу няма. Выйдзі!

Ну што ж. Ганна, не апранаючыся, выйшла ў калідор. Ён папрасіў выйсці на ганак. Паслухалася. На ганку стала.

– Ну, выясняй.

– Хадзем трохі шчэ, – лагодна ўзяў за руку.

– Не хочу.

– От скула ж ты! – засмяяўся, як бы хвалячы. – Усё па-свойму гнеш!

– Ну, што ты хацеў выясніць?

Ён выпусціў яе руку, важна прамовіў:

– Ты ето правільно зрабіла, што Глушака кінула.

– Дак ты для етаго і пазваў – штоб пахваліць?

– Ну язык! – Ён зноў засмяяўся, як бы хвалячы. Сказаў: – Правільно. Хваціць гнуць карак на іх!

Дубадзел узяў яе за руку. Ганна хацела зразу ж адабраць яе, але ён не аддаў. Пацягнуў Ганну да сябе. Аж заванітавала: дыхнуў гарэлкай.

– Т-ты што ето?! – здзівілася нібы.

– А нічого! – забулькаў брыдкі смех. – Паўхаджуваць от хочу за табою.

– Унё! Дак для етаго трэба было цягнуць сюды? На холад. – Холад такі браў яе. Асабліва мерзла спіна. – Паўхаджуваў бы там. Перад Параскаю.

– Наравішся ты мне! – як бы не заўважыў ён кпіны, усё цягнуў да сябе. Яна цвёрда ўперлася яму ў грудзі. – Ну, чаго ты? Н-не нараўлюся?

– Не наравішся.

Рукі яго трохі паслабелі. Але ён усё ж не выпусціў яе.

– Чаму ето?

– А не знаю. Просто – гадкі.

Чула: гэта яго нібы ўдарыла. Момант разгублена маўчаў. Потым сказаў злосна:

– Чаго дзярэш нос?

Яна спакойна загадала:

– Пусці!

Дубадзел пусціў.

– Няма чаго дзеўку строіць з сябе! Не знаю, думаеш, як ты з етым Дзятлікам на гумне?

– Знаеш?

– Знаю.

– Дак старайся не забыць!

Гэта здзеклівая парада раз'ятрыла яго.

– Чаго дзярэш нос, кулацкая падсцілка!

Яна стрывала, прамовіла з пагардай:

– Ето ўсё, для чаго ты пазваў мяне?

– Т-ты шчэ пашкадуеш аб етом! – выціснуў ён люта.

– Тады тое будзе!

Ганна спакойна зачыніла дзверы.

Калі ўвайшла, Параска зірнула ад сшыткаў гулліва, падсмейваючыся:

– Ну што, пагаварылі?

– Пагаварылі, – Ганна сказала такім тонам, што ўсмешка на Парасчыных губах замерла.

Параска ўгледзелася ўважліва і не стала распытваць. Нахілілася зноў над сшыткамі. На кухні, на адзіноце, Ганна дала волю гневу: «Ах ты, гад, гад, як абазваў, аж успомніць гадко!» Старалася суцешыць сябе: добра ўпякла яго – адскочыў адразу; але гнеў не сціхаў. «Думае, як я адна, дак і ўсё можно. Прыходзь дый бяры, рада будзе… Кінецца сама! Аге, толькі цябе мне і не хапало… Ждала, не магла даждацца!.. Грозіцца яшчэ: «Пашкадуеш!» Пашкадую, ды пра другое! Што не плюнула ў вочы!..»

Неўзабаве супакоіла сябе зусім: ёсць перажываць з-за каго!

Праз дзень прыйшоў яшчэ чалавек. Быў вечар, позні вечар, хутка павінны былі кончыцца вячэрнія заняткі – са старымі, калі Ганна пачула, што ў калідор нехта зайшоў. Пашаргаў у цемры лапцямі, стаў, мабыць, не ведаў, куды ісці.

Яна адчыніла дзверы ў калідор, глянула ў змрок.

– Хто тут?

Ён стаяў наводдаль, са святла ў змроку калідора ледзь відна была постаць. Яна не так пазнала, як здагадалася.

– Ты?..

Голас яе дрыжаў. Яна ўмомант захвалявалася. Узрадавалася: прыйшоў! Радасць нядаўніх сустрэч першая ажыла.

Ён паволі, таксама ўзрадаваны, падаўся насустрач.

– Заходзь!

Калі ён асцярожліва зайшоў, амаль заплюшчыўся ад святла, у яшчэ летняй шапцы, у расшпіленай свіце, яна ўзрадавана прыпала да яго позіркам, але амаль нічога добра не бачыла. На міг недарэчы заўважыла нейкі белы пыл на рукаве: снег, ці што? – і больш нічога, што б здзівіла неяк. Усё было такое знаёмае, роднае. Гледзячы на яго, яна не так бачыла, як адчувала, можна сказаць, толькі адчувала. Быццам стаялі, прытуліўшыся…

Ён, хмурачыся, няёмка, як бы недаверліва агледзеўся. Хмурыўся ён, можа, ад святла, але ёй падумалася, што яму не падабаецца тут. Яна схамянулася. Накінула на плечы хустку. Рашуча ступіла ў калідор.

– Хадзем!

Выйшлі на ганак – на цемру, на вецер. Момант здавалася, быццам нічога іншага не было, толькі спатканні. Усё было, як тады перад гумном, пад яблыняю. Як у гумне.

Ішлі хутка, нецярпліва. Нецярпліва стала. У баку ад дарогі, каб не зашкодзіў ніхто.

– Прыехаў! Не забуў! – Голас яе перарываўся.

– Не…

– Я думала, забуў!

– Скажаш!..

– Не прыязджаў доўго!

Ён памаўчаў.

– Не так просто…

Яна зразумела недагаворанае: не так проста вырвацца. Маня, матка, суседзі. Усе сочаць. Абавязкі перад сваімі. У радасць яе ўліўся нядобры халадок. Не так проста. Не так проста!

– Ты прыйшоў? – спытала стрымана.

– Прыехаў…

– З дому?

– З Алешнікаў… – Ён дадаў: – Муку малоў…

Яна запытала, абы не маўчаць:

– А дзе – калёсы?

– На вуліцы.

Узялі дрыжыкі. Пачула, які халодны вецер. Трэба было хоць бы накінуць каптан. Выскачыла згарача!

– Як ты тут? – пачула.

Смутак, трывога, любоў былі ў голасе.

– А нічого. – Пастаралася схаваць гаркату. – Жыву… Добра жыву… А – ты?

– Ат…

Многа сказала ёй гэтае «ат»!

– Маня – як? – не стрымала раўнівае.

– Што ёй…

– А сын?

– Расце…

Нялёгка было гаварыць: за тым, што казалі, было багата іншага, пра што і казаць не хочацца, і забыць не забываецца. Таму ахвотна маўчалі.

Але і маўчанне было поўнае хвалявання.

– Землю адабралі! – нібы паскардзіўся ён. Яна пачула ў голасе адчай. – Усю, што каля цагельні.

– Мне казалі, – паспачувала яна.

– Пасеянае перааралі. Міканор усё…

Ён, здалося, чакаў, што яна паспачувае. Скажа нядобрае пра Міканора. Яна не сказала. Нашто вярэдзіць лішне боль яго.

– Не знаю, што будзе, – зноў пачула адчай.

– Будзе нешто. – Спакойна, супакойліва сказала: – Горай, як було, не будзе.

Ён падумаў над тым, што сказала.

– Можа і горай буць.

– Не будзе.

Яна была ўпэўнена ў гэтым. Зноў маўчалі. Гуляў вецер, халадзіў шыю, плечы. Бралі дрыжыкі.

– Ты не абіжаішся на мяне? – прамовіў ён ціха. Як бы нясмела і вінавата. Насцярожыўся, чакаючы, што яна адкажа.

– Не-а, – сказала яна спакойна. Нібы здзівілася: – Чаго абіжацца?

Ён узрадаваўся. Памкнуўся да яе, хацеў, здалося, абняць. Але стрымаўся. Не наважыўся. Усё ж нейкая вясёласць, зухаватасць была, калі гаварыў:

– Чорт яго знае, запуталася ўсё!..

– Запуталася…

– Што будзе, адзін Бог знае!..

Ён быццам апраўдваўся перад ёю. Вінаватым усё чуў сябе, хоць яна і знаку не падавала на гэта. Нашто ён пра гэта – вінаваты не вінаваты, што ад таго? Лягчэй хіба стане?

– Як ты будзеш далей? – пачула зноў вінаватую заклапочанасць.

– А так і буду.

– Ты не абіжайся, – зноў папрасіў. – Калі б можно було!..

Ну, нашто ён гэта! Як бы яна вінаваціць! Не вінаваціць яна нікога: кожны жыве як можа. Кожны сам за сваю долю вінаваты.

– Не абіжаюся я.

Ён усё ж наважыўся. Абняў на развітанне, нясмела, нязграбна. Быццам не абдымаў ніколі. Яна не развяла яго рукі, але і не прыгарнулася вельмі. Як бы не ўзрадавалася. Ён адразу чула заўважыў гэта, стрымаўся. Дужыя, нецярплівыя рукі яго аслабелі. Абняўшы, ён нібы не ведаў, што рабіць. Стаялі моўчкі, нерухома. Было непагана, але ўжо не было так, як раней. Чагосьці ўжо не хапала. Халаднаватасць была ўжо нейкая.

Ён пацалаваў. Яна адказала. Але таксама спакойна – нібы з успаміну пра тое, што было.

– Дак бувай…

– Бувай…

Пастаяла, паслухала, як стукаюць яго калёсы ўпоцемку. Па мёрзлай, скамянелай зямлі.

2

Тады, як Ганна кінула Яўхіма, жыццё, здавалася яму, страціла ўсякі лад. Як ні няскладна ішло несамавітае яго жыццё дагэтуль, усё ж быў яшчэ ў жыцці гэтым хоць трохі звыклы, заведзены людзьмі распарадак, быў хоць для людскіх вачэй нейкі выгляд гаспадаркі, сямейнай асновы. Была, няхай ненадзейная, паганая, гаспадыня, жонка, было каму загадваць, каго ўпікаць, на кім спаганяць злосць…

Ён і не ведаў раней, як багата значыла ў нецікавым жыцці яго паганая, здавалася, ненавісная жонка. Толькі цяпер, калі яна ўцякла, знікла, адчуў, злуючыся на сябе і на яе, Яўхім, як дзіўна, неадольна апусцела ўсё ў хаце, ува ўсім жыцці яго, якім зрабілася ўсё бяссэнсным, бязглуздым. Злосць была на Ганну тым большая, што ў шал злосці амаль нязменна ўліваўся непатрэбны, горкі струменьчык прыкра кволай крыўды за тое, што от, паганая, не палюбіла, не пашкадавала, кінула ў такі час, кінула на сорам перад усім сялом; што з-за яе, паганай, столькі болю, прыкрасці яму, што, як ні стараецца, не можа плюнуць на яе, сцерці са свае памяці; не можа, нібы наканавана, жыць без яе.

«Сука! Гадзіна!» – кляў ён не раз. «Закаешся! Навек закаешся! Папомніш!» – гразіўся ён. Сланяючыся па двары, пакутуючы бяссонніцай начамі, ён у гарачай ліхаманцы, прагнучы помсты, строіў сабе малюнкі адплаты, біў у салодкім шале па ненавісным твары, ламаў упартыя рукі. Былі хвіліны, калі ён, прагнучы патолі, гатоў быў ухапіцца за сякеру, згадваў схаваны ў застрэшшы абрэз. Ні праклёны, ні грозьбы не давалі палёгкі: хоць не ведаў гэтага, любіў яе, паганую, ненавісную, па-ранейшаму любіў дурной, як хвароба, неадчэпнай любоўю.

З таго дня, як Ганна ўцякла, як ніколі, нямілым стаў яму родны двор. Не, Яўхім не ва ўсім быў падобны на старога Глушака: жыццялюбны, ахвочы да жыццёвых уцех, ён і раней без вялікай радасці цягнуў на сабе цяжар гаспадарчых клопатаў, цяпер клопаты гэтыя сталі зусім прыкрымі. Ён амаль перастаў гаспадарыць. Каб не бацькі, якія цяпер трымалі сынаву гаспадарку пад пільным прыглядам, конь, карова Яўхіма век былі б няпоены і някормлены, свінні вішчэлі б з голаду. Стары, што нелагодна сачыў, як сын, заспаны, марудлівы, вылазіць са сваёй палавіны на ганак ледзь не пад абед, як сланяецца па двары, па хаце, быццам рабіць няма чаго, не раз спрабаваў ушчуваць яго, але не дабіўся нічога. Старая шкадавала, угаворвала старога, каб не злаваў, але той з дня на дзень кіпеў усё больш нецярпліва.

Асабліва злавала старога тое, што Яўхім п'е. Ледзь не кожны вечар знікаў ён куды-небудзь і вяртаўся дадому толькі пад ранак або і зусім удзень. З гневам стары заўважыў, што прапалі ўжо некаторыя рэчы Яўхіма, сярод якіх былі дарагія хромавыя боты і пінжак.

Глушак месца сабе не знаходзіў, заўважыўшы гэту прапажу. Увесь вечар і ўсю ноч не спаў, усё прыслухоўваўся, калі вернецца Яўхім. Той зашаргаў п'яна пад вокнамі, зарыпеў варотамі толькі пад раніцу. Стары ледзь стрымаў сябе, каб не кінуцца, не даць волю свайму гневу; ледзь паддаўся голасу развагі: усё роўна п'янаму гаварыць цяпер нінашто. Чуў, як Яўхім паволі сунуўся ўпоцемку сваёй палавінай, як стукнуў конаўкай па вядры, доўга піў ваду, бервяном зваліўся на ложак.

Увесь дзень чакаў Глушак моманту, каб зноў пачаць трудную гаворку. Толькі пасля абеду, калі Яўхім, прытуліўшыся да вушака, закурыў цыгарку, паблажліва пусціў струменьчык сіняга дыму, стары адчуў, што можна пачаць.

– Дзе чобаты хромавыя? – спытаў стрымана, нібы зусім спакойна. Упіўся вачыма ў сына.

Яўхім брывом не варухнуў. Быццам чакаў. Пусціў спакойна яшчэ струменьчык дыму.

– Дзе булі, там няма. Прадаў…

– Прадаў… Каму ето?

Яўхім пусціў яшчэ струменьчык дыму.

– А не ўсё адно – каму?

– Грошы палучыў? – не адступіў Глушак. Позірк зноў павастрэў.

– Палучыў.

– Сколькі ўзяў?

– Сколькі можно було, столькі ўзяў…

– А ўсё-такі – сколькі?

– Небагато. Ды і, сказаць, нямало…

– Дзе яны, твае грошы?

– Каторыя – пры мне, – Яўхім гаварыў так, нібы здзекаваўся, – а каторыя – спажыў…

Глушака затрэсла ад гневу.

– І пінжак – спажыў?!

Яўхім перастаў дыміць. Узняўся, сказаў супакойліва:

– Тато, не трэба так…

Але стары не мог ужо спыніцца:

– Скора ўсе спажывеш! Усе на гарэлку распетрыш!.. Усе дабро!..

Яўхім зірнуў на яго нявесела, як бы са шкадаваннем. Як на малога, што назаляе неразумна.

– Нашто ето ўсе, тато… Ці вы – дзіця, не бачыце нічого?

– Ты – бачыш!.. Засляпіў вочы гарэлкай!

– Ад таго, тато, і засляпіў, што бачу ўсё…

Яўхім гаварыў вельмі шчыра і з вялікім хваляваннем, і старому гэта перадалося. Адчуў балючую праўду сынавых слоў, разгублена, больш з-за абавязку, папракнуў:

– Цераз нейкую галадранку свету не бачыць!

– Тато, не чапайце ето, – папрасіў ён лагодна. Дадаў разважліва: – Не ў адным етым – бяда. – Глушак пачуў злавеснае, калі Яўхім сказаў: – Ето мы перажывём! – Ён не скончыў, але ў тым нясказаным стары адчуў: ёсць большае, горшае! Яўхім не даў старому весці спрэчку далей, папрасіў: – Пагаворым пра ето пазней. Нешто трудно зразу пасля абеду…

Назад Дальше