Завеі, снежань - Иван Мележ 3 стр.


Ён выйшаў, і неўзабаве стары пачуў, як у суседняй палавіне рыпнуў ложак.

Увечары Яўхім прыйшоў зноў. Калі сёрбалі боршч, у хату ўваліўся Пракоп Лясун, буркнуў: «Добры вечар у хату», падзякаваўшы, як заведзена, на абавязковае запрашэнне за стол, глыбай апусціўся на канапу. Павячэраўшы, Яўхім не захапаўся, як звычайна; абапершыся аб вушак, задуменна задыміў цыгаркаю. Быццам толькі што перарвалі дзённую гаворку, сказаў старому:

– Жыць, тато, усе адно не дадуць…

Стары таксама лагодна і павучальна запярэчыў:

– Дадуць не дадуць, а дзяржацца трэба.

– А як я не магу! Харакцер у мяне гарачы, знаеце ж!

– Харакцер дзяржаць трэба! Не распускаць.

– А як не ўмею я!

Стары, спасцярожліва паглядваючы на Лесуна, стрымана і цвёрда заявіў:

– Трэба ўмець! Цяперашнім светам усяму трэба навучыцца!

– А я от не ўмею!

– Трэба ўмець!

Яўхім не адказаў. Дыміў цыгаркаю, думаў пра нешта. Дакурыў, кінуў пад ногі, расцёр апоркам, моцна, злосна. Тады загаварыў гарачкавата, як пра набалелае:

– Робіш на некаго! Як парабак!.. Робіш, а ён – жаба – прыйдзе ды вычысціць пад мятлу! Як бы ето не тваё, а яго! Камандуе ўсякае, а ты слова не скажы!.. Ей-бо. – З лютай шчырасцю, з той раптоўнай, няўтрымнай адвагай, якой заўсёды апасаўся стары, прадказаў: – Не ручаюся: стукну я калі-небудзь етаго Дамецікаваго! Стукну так, што свінячае папрэ з яго! Ей-бо! Рукі даўно чэшуцца!

Стары кінуў позірк на Пракопа, недавольна папракнуў:

– Пляцеш усякае!.. Чалавек падумае: і праўда…

– Праўда, тато! – не хацеў нічога разумець Яўхім. – Стукну! Цярпення ўжэ няма!

– Не балбачы! Здурнеў саўсім!

Яўхім быццам і не чуў старога.

– Толькі от вас ды матку шкода, дак і дзяржуся. А так – даўно б!

– Здурнеў саўсім! – закруціў Глушак галавой, пазіраючы дружбацкі на Лесуна, як бы просячы не браць сур'ёзна.

Пракоп слухаў Яўхіма панура, усхвалявана.

Яўхім неспадзеўкі весела варухнуў плячыма, закінуў рукі за галаву.

– Адзін выхад: з'ехаць куды-небудзь! Покуль суд ды справа!

Глушак зірнуў на Яўхіма: не жартуе.

– От пабуду шчэ трохі, – з вясёлай адвагай сказаў Яўхім, – ды плюну на ўсё! Шчасце, што ні жонкі, ні галапузых – ніхто не ўчэпіцца! Вазьму світу на плечы – ды ў белы свет! Куды душа павядзе! У свеце мест добрых нямала! Буць таго не можа, штоб і мне не знайшлося!..

– Ждуць там цябе! – недавольна, з трывогай папракнуў стары.

– Знайдзецца место. Цяпер усюды такое будаўніцтво! Абы рукі!

У старым узнялася раўнівая злосць. Сярдзіта, з крыўдай засіпеў:

– А тут – бацько няхай адзін! Бацько няхай адзін мучыцца! Даждаўшыся добрых сыноў!..

– Не канешне і вам аставацца!

– Не канешне?! – абурыўся стары. – Не канешне?! А дабро на каго?! Чорту лысаму пад хвост?.. Ці мо Міканорку Дамецікаваму? За ласку ўсю яго?

Стары так кіпеў, што Яўхім не стаў спрачацца. Пасядзеўшы трохі з нейкімі сваімі думкамі, скруціў зноў папяросу, прыкурыў ад вугальчыка, які выкаціў з печы. Дыміў, затоена, упарта мружыў вочы.

– От, даждаў помачы, – ужо спакайней паскардзіўся Лесуну стары. Нібы прасіў спачування.

Лясун прамаўчаў. Глушак бачыў: пад навіссю панурых броваў бляск вачэй трывожны, зацяты.

Калі Лясун глыбай устаў, сабраўся ісці, Глушак падаўся ўслед. У сенцах стары прытрымаў госця, ціха, асцярожліва папрасіў:

– Не помні, Пракопко, што мы тут плялі… Ён усё ето так – абы язык пачасаць!

– Яўхім праўду казаў, – прагрымеў Лясун. Глушак улавіў у голасе адчай і рашучасць.

– Ат, – запярэчыў на ўсякі выпадак. – І ты тое ж… Не пляці, Пракопко!..

Вярнуўшыся ў хату, зіркнуў на Яўхіма, што ўсё дыміў, узлёгшы на вушак. Упікнуў ад душы:

– Плявузгаеш перад чужымі абы-што!

Яўхім варухнуўся, перастаў дыміць.

– Тато, надаело мне! Надаело мне цярпець! Калі на горло становяцца!

Ён сказаў так набалела і так нецярпліва, што старога ўзяў раптам жаль да яго. Ён трывожна павёў вачыма на акно, ці не чуе хто-небудзь. Вунь як набалела: ледзь не крычыць! Як малому, стрымана і лагодна параіў:

– Трэба цярпець! Не канешне знаць кажнаму, што думаеш!..

Яўхім нецярпліва варухнуў плячыма: ёсць пра што клапаціцца! Устаў на ўвесь рост, сумотна павёў позіркам – быццам не ведаў, куды падацца.

– Скруцяць скора саўсім! – прамовіў жорстка, без жалю.

Словы гэтыя кальнулі Глушака ў самае балючае. Але не паказаў кволасці і не папракнуў сына, што не шкадуе вярэдзіць бацькаву збалелую душу. Не да таго было.

– Скруцяць не скруцяць, – сказаў, як мог, спакойна, разважна, – а няма чаго самому шукаць гібелі! Лезці самому ў пятлю!.. – Хоць не быў упэўнены, для сынавай карысці, з жыццёвай мудрасцю дадаў: – Як галава будзе на плячах, не канешне скруцяць!.. – Не даў запярэчыць, параіў сваё: – Ждаць трэба! Не пара цяпер! Сіла ў іх!

– Даждаліся! – нядобра, як бы вінавацячы кагосьці, адазваўся Яўхім.

– Була пара, – згадзіўся стары. – Була – ды сплыла. Дак і астаецца адно – ждаць. Е ж Бог, буць не можа – пачуе, літасцівы, малітву нашу. Прышле падмогу няшчасным, прышле!

– Аге, надзейцеся на яе!

– Не смейся! – загадаў строга стары. – Прыйдзе ён, прыйдзе! Пабачыш, усе пабачаць! Прыйдзе пара!

– Доўго, тато, ждаць прыйдзецца!

Стары быццам не заўважыў насмешлівага Яўхімавага шкадавання, ведаючы, што за кожным словам сочаць там, на небе, сказаў горача:

– Сколькі ні прыйдзецца, дажджэмся! Буць не можа, штоб не даждаліся! Е Бог на небе!

– Эх, тато!..

– Дажджэмся!

Яўхім сказаў «дабранач», ляніва пацягнуўся ў сенцы, дадому.

Дома ён доўга не спаў. Варочаючыся бяссонна на ложку, думаў. Думак было багата, самых розных. Асабліва ўціналася, вярэдзіла адна – куды падацца? У ёй бачыўся яму шчаслівы ратунак, адзіны ратунак з усяго, што так заблытала яго жыццё. Кінуць усё. Адразу. Не шкадуючы нічога. І махнуць хоць куды. Паспрабаваць яшчэ раз. Жыць тут усё роўна не дадуць…

У тую ноч ён быў гатоў «махнуць». У тую ноч гэта здавалася самым простым і надзейным. І хто ведае, як склаўся б яго лёс, каб «махнуў» ён тады. Можа, інакш, зусім інакш пайшла б яго дарога.

Але не «махнуў» ён. Не так проста было «махнуць»…

Раздзел трэці

1

Праз свае трывогі і клопаты Ганна, як пра далёкае і неабавязковае, чула, чым жыве сяло. Яе мала хвалявалі размовы, якія раз-пораз ішлі ад розных людзей: што ў калектыве – нелады, што ледзь не ўсе, хто ўступіў, – недавольны і што калектыў – ледзь ліпіць і з дня на дзень можа скончыцца.

Без якога-небудзь узрушэння ўзяла яна і чутку, што калектыў такі скончыўся. Спакойна, са звычайнай цікаўнасцю слухала яна неспакойны гоман на вуліцы, глядзела, як ехалі порстка адна, другая фурманкі, накладзеныя розным прыладдзем, – з гаманлівым натоўпам, што рушыў побач.

Як больш блізкае, што неяк датычыла і яе, адзначыла, што там, у натоўпе, з дарослымі – дзеці, што ў школу ідуць сёння толькі нямногія і нядружна. Двор у гэты ранак не віраваў дзіцячымі постацямі і не звінеў бесклапотнымі галасамі, у класах і ў калідоры было нібы прасторней, чым у іншыя дні. Дзеці збіраліся купкамі, дзяліліся навінамі, штосьці меркавалі, твары ў большасці былі ўзрушаныя і не па-дзіцячы заклапочаныя. Заклапочанасць гэта, аднак, была не панурая: у вачах малых больш паблісквала цікаўнасці, так і відаць было – іх хвалюе асабліва сама навіна, яе новыя праявы.

Небагата было ў калідоры і ў класах і тады, калі падышоў час пачынаць заняткі. Ганна з неспакоем паглядзела на гадзіннік над Парасчыным сталом: большая стрэлка набліжалася да самага верху, да лічбы «12», – хутка трэба было даваць званок, а Параскі не было дома.

Параска прападала недзе на сяле. Пабегла яшчэ давідна і не паказвалася.

Стрэлка дабралася да «12» і пачала сыходзіць уніз, Ганне трэба было даваць званок, але яна не брала яго. Яна то корпалася на кухні, то спакойна выходзіла ў калідор, і выгляду не падаючы, што нешта здарылася. Каб трэба было, яна і не такое зрабіла б для сваёй Параскі. Не такую дробязь. Толькі ў пакоі яна неспакойна паглядвала ў акно: Параскі ўсё не было відаць.

Параска паявілася, калі большая стрэлка мінула трэцюю лічбу. Яна ішла хутка, здалёк было відаць – узрушаная, неспакойная. Ускочыла на ганак, убегла ў пакой, нецярпліва развязала хустку, кудлатая: валасы ва ўсе бакі, апусцілася на табурэтку. Расшпіліла паліто.

– Званка не было? – запытала, але такім тонам – нібы пра нешта неабавязковае.

– Не.

Тады ўжо яна павяла позіркам на сцяну і, убачыўшы гадзіннік, не здзівілася. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Пахваліла ўсмешкай: добра зрабіла, скеміла!

Ганна падміргнула ёй: можаш не сумнявацца, не схіблю. Абедзве зарагаталі, радыя адна адною. Ад гэтага рогату Параска быццам ажыла, з раптоўнай жвавасцю ўскочыла з табурэткі, кінула хустку на ложак, павесіла паліто. Рашуча, імкліва рушыла на кухню, стала шумліва плюхацца над тазікам. Выцершыся, падбегла да люстэрка на стале, узялася хутка прычэсвацца – зашчаміла ў чарнату валасоў вялікі, з рудаватымі жылкамі грэбень.

– Давай званок, – загадала яна, абцягваючы, убіраючы ў спадніцу ніз кофтачкі.

Яна не стала снедаць. Ледзь выпіла паўшклянкі малака, ухапіла вялікі школьны журнал, кніжкі, сшыткі, знікла за дзвярыма.

Ёй было, відаць, не да заняткаў: пакуль ішоў урок, яна некалькі разоў пакідала клас, вярталася ў свой пакой, неспакойна бадзялася па ім, паглядвала ў бок вуліцы. Неспакой яе не прайшоў і калі пачалася пераменка і калідоры напоўніў гул і гоман дзяцей, і калі ў прыціхлых класах пачаўся другі ўрок.

Недзе ў сярэдзіне другога ўрока прыйшоў хлопец у чорнай паддзёўцы, у ботах. Пакуль ён абмятаў венікам боты, Параска выйшла на ганак. Разам з ім вярнулася ў пакой.

Хлопца Ганна ведала: ён ужо не раз быў у Параскі. Глінішчанскі актывіст, камсамолец, Барыс Казачэнка. Глінішчанскі Міканор, жартам называла яго ў думках Ганна.

Глінішчанскі Міканор толькі хмурна паздароваўся і ўжо не заўважаў Ганну. Павярнуўшы даўгаваты, з гарбінкаю твар да Параскі, глядзеў трывожна і стомлена. Нібы чакаў парады ці дапамогі. Параска маўчала, знарок не глядзела на яго. Ці то вінаваціла яго, што такі бездапаможны, ці то вінаватай адчувала сябе. Што не можа ні памагчы, ні парадзіць.

– Трудна цяпер, канешне… – прамовіла раздумліва і, мусіць, працягваючы гаворку, пачатую на ганку. – Калі дайшло да гэтага…

– Слухаць нічога не хочуць. Хоць ты кол на галаве чашы! А некаторыя – дак кінуцца зразу гатовы. Учапіцца ў цябе за адну гаворку… І ўсё – мацюкі ды мацюкі… – Ён гаварыў з прысвістам: замест «чашы» ў яго выходзіла – «цясі», «мацюкі» падобны былі на нейкія «масюкі». – Асабліва жанкі пашалелі!.. Так і глядзі, штоб каторая не кінулася з кіпцюрамі!..

Яму было, відаць, няёмка прызнавацца Парасцы ў сваёй няздольнасці пераконваць. Ён нібы трохі і падсмейваўся з сябе.

– Трудна, канешне… – зноў адгукнулася Параска. – І ўсё ж нельга апускаць рукі. І кіпцюроў жаночых баяцца! – раптам пакпіла з яго. Узяла сваю ролю.

– Ды я і не баюсь. У мяне шкура тоўстая. Толку от ніякага! – павесялеў Барыс.

– Нам цяпер так: ці пан, ці прапаў! Выбіраць няма чаго!

Параска пастаяла момант, разважаючы, тады раптам рашуча загадала:

– Пастой тут.

Цвёрдым крокам падалася ў клас. Амаль адразу ж там пачуліся радасны гоман, ляскат парт, шоргат і стукат ног у калідоры. Дзеці, як чарада, што выпушчана з загарадкі, з галасам вывалілі на ганак.

Параска кінула на стол журнал, кніжкі, сшыткі, зняла з цвіка паліто. Хутка завязала хустку, скамандавала Барысу:

– Хадзем!

Барыс рушыў за ёй.

Зноў убачыла Ганна Параску пад вечар. Параска ішла не адна. За ёй, акрамя Барыса, кіравалі з вуліцы да школы Дубадзел, Гайліс, Чарнаштан. Дубадзел, у кароткай паддзёўцы, у галіфэ, з ваеннай сумкай цераз плячо, рэзаў побач Параскі – наперадзе, лёгка і нібы весела. Гайліс крочыў у зашпіленым шынялі, вецер ірваў полы шыняля і, было відаць, замінаў ісці. Але Гайліс не зважаў на вецер, ішоў роўна, цярпліва. Барыс ступаў каля Гайліса. Ганна не дала яму ніякай увагі. Яна адзначыла: Чарнаштан дыбаў ззаду ўсіх, уткнуўшыся позіркам кудысьці ў зямлю, вінавата прыгорблены…

Ганна намерылася была падацца на кухню: умомант згадалася агідная сустрэча з Дубадзелам, але агіда гэта і боязь адразу ж і стрымалі яе. Яна знарок узяла на кухні вядро і пайшла насустрач: не хапала толькі, каб яна ўцякала ад яго. Паглядзім яшчэ, як ён сустрэне!

Калі выйшла з калідора, яны якраз уздымаліся на ганак. Ганна весела, як бы знянацку сустрэўшы, прывіталася, кінула востры позірк на Дубадзела. Той важна паправіў сумку, глянуў, быццам на незнаёмую. Яна знарок строга загадала:

– Дайце дарогу.

Дубадзел саступіў ёй, прапусціў.

Калі яна вярнулася, яшчэ з калідора пачула: гаманілі ў класе. Не пайшлі ў Парасчын пакой. Можа, таму, што не хацелі несці гразь, а мо таму, што гаворка сакрэтная. Заўважыла: дзверы ў клас зачынены. І гавораць не надта голасна.

Сакрэтная, няхай – сакрэтная. Цікава, канешне, што там яны мяркуюць, але калі ім так трэба зачыняцца – няхай зачыняюцца. У яе галава поўна сваімі «сакрэтамі». Не да іх сакрэтаў. Праходзячы і раз, і другі калідорам, яна мімаволі чула за дзвярыма то спакойны гоман, то нібы спрэчку, але не прыслухоўвалася. Не мела такой звычкі. Не магла прыніжаць сябе. Адзначала адно: за дзвярыма сцямнела, яны сядзелі ўпоцемку, не адразу запалілі лямпу. Мабыць, нялёгка было.

Калі яны разыходзіліся, Дубадзел раптам заявіўся на кухню. Убачыўшы яе, важна патрэбаваў вады. Яна падала карэц. Дубадзел зачэрпнуў з вядра. Да таго як піць, пацікавіўся:

– Як жывеш?

– Анігадкі.

Ён выпіў карэц, выцер бараду. Важка ўпяўся позіркам.

– Не ўзялася за розум?

– А чаго? У мяне яго заўсёды было даволі…

Ён паставіў карэц на стол. Заявіў стрымана і з пагрозай:

– Не з тым гуляешся!

Цвёрда застукаў ботамі ў калідоры.

Параска правяла ўсіх на ганак, пастаяла. Зайшла ў клас, патушыла лямпу, вярнуўшыся на кухню, накінулася на яду.

– Згаладалася я! – нагнала на сябе весялосць.

– Дзіва! Цэлыя паўшклянкі выпіла ўранку!

– Дзень такі! Падумаць не было калі!.. Пападзе нам, Ганначка, за гэты дзень! І Гайлісу, і Чарнаштану, і мне за кампанію!

– А ты пры чым?

– Пры тым. Пры ўсім.

Ганна чакала, што яна раскажа пра дзённыя прыгоды, пра трывогі свае, але Парасцы сёння было не да гаворак. Ужо калі лажыліся спаць, Ганна не вытрывала, нібы жартам, пацікавілася:

– Пра што ето сакрэтнічалі так доўго?

– Ат, пра ўсякае. – Яна, белая ў сарочцы, з распушчанымі валасамі, прыкруціла лямпу, дзьмухнула ў шкло. Упоцемку дадала клопатна: – Галоўны сакрэт: заўтра будзе сход.

2

І ў гэты дзень многа дзяцей не прыйшло. Заняткі пачаліся ў час, але Параска, было відаць, падалася ў клас без ахвоты. За гадзіну яна зноў раз і другі выходзіла з класа – нібы не магла дачакацца канца ўрока.

Амаль адразу пасля таго як адзвінеў званок з пераменкі і ў класах прыціхла, у калідоры затупалі боты. Крокі адразу спыніліся: чуваць было, што з класа выйшла Параска. Яна з кімсьці ўзрадавана прывіталася, разам з ім ступіла ў свой пакой.

Калі Ганна зайшла ў пакой, госць, не распранаючыся, у паддзёўцы, сядзеў на табурэце. Адно зняў каракулевую, стаўбуном, шапку, пакручваў у руках. Блішчэў шырокаю, ледзь прыкрытаю рэдкімі бялявымі валаскамі лысінаю. Ганна пазнала госця: Парасчын дзядзька з Юравіч, Іван Анісімавіч. Ветліва прывіталася.

Апейка ўстаў, падаў ёй руку. Запытаўся, як жывецца.

– Жывецца. Грэх жалувацца.

– Назад не думаеш уцякаць? – Іван Анісімавіч усміхнуўся добрай, прыязнай усмешкай.

– Назад мяне вяроўкай не зацягнуць.

– Ого, значыць – цвёрда.

– Цвёрда.

Ён ужо не толькі з усмешкай, і з пашанай паглядзеў на яе. Тады зірнуў да Параскі, мусіць, вярнуўся да перарванай гаворкі:

– Нічога не скажаш – нарабілі клопату… – У голасе яго былі нездавальненне і папрок, але лагодныя, паблажлівыя.

– Ой, не кажыце… – Параска не таіла шкадавання.

Назад Дальше