Разам з Сашкаю-Кі, разам з іншымі дужымі загінуў тады і Сярожа.
1983
Здалёк
Аўтапартрэт — не абавязкова любаванне самім сабою. Прынамсі мастакоў ніхто ў гэтым не папракае.
А ўсё ж бачыць самога сябе ў маленстве, здалёк,— гэта ўжо і пэўнае любаванне. І не толькі сабой ва ўсеагульнай абаяльнасці маленства: прыемна згадваюцца і свавольствы. «Эхе, брудер! — як гаварыў старэнькі генерал у «Капітанскай дочцы»,— так он еще помнит стары наши проказ?» Помніць і маралі ніякай выводзіць не хоча.
Скажам, з такога.
Адзін з філіялаў нашай сямігодкі быў у старым панскім доме — рэшта сякога-такога маёнтачка на ўскраіне мястэчка. Стары драўляны дом, старая студня з блізкай, крынічнай вадой.
Неяк мне, сямікласніку, захацелася напіцца. Можа, не так напіцца, але ж напіцца проста са студні. Два таварышы ўзялі мяне за ногі і апусцілі да вады. Я там пачаў чэрпаць далонню і піць. Варанае яйка, дадзенае мамай «з сабою», было ў верхняй кішэньцы пінжака. Яно вылузалася адтуль і плюхнула ў ваду.
— Што там у цябе? — начулася мне зверху.
— Чарнільніца ўвалілася.
Так было больш па-маладзецку.
А паблізу ад студні, за бэзавым кустам, стаяла збялелая ад жаху, цяжарная настаўніца. Аказацца баялася,— каб тыя два, спуджаныя, не пусцілі трэцяга ў ваду.
І такое яшчэ.
Зімовым познім вечарам, пасля школьнага спектакля, дзе мы, чатыры сямікласнікі, выступалі ў ролі «падхаронжых» — юнкераў з паўстання 1830 года, вельмі ж нам не захацелася расставацца з кардоннымі, абклеенымі каляровай паперай ківерамі (па-польску — чака), а яшчэ больш з дзвюма сапраўднымі шаблямі. І «падхаронжыя» ўцяклі з імі дадому. Уласна кажучы, у той бок трэба было толькі мне, тры іншыя былі з мястэчка і пайшлі мяне праводзіць. Во так жа нам не хацелася разыходзіцца, нібы чакалася чагосьці незвычайнага.
І вось яно прыйшло. У вялізных санях-развалах, са званочкам пад дугой, аднекуль ды кудысьці ехалі яўрэі-«цялятнікі», тыя, што куплялі па вёсках не толькі цялят, але і адкормленых быкоў. Сапі вось-вось даганялі нас яшчэ ў канцы доўгай местачковай вуліцы. Мы пасталі абапал дарогі па двух і, калі тыя сані параўняліся з намі і нават неяк запаволілі бег, дружна гукнулі: «Стой!» Ківеры-чака рабілі нас высокімі, купчыкам мы здаліся, відаць, дарослымі разбойнікамі, тым больш што пасля першай каманды пачулася другое,— хтосьці з нас крыкнуў: «Сячы дугу!» Чамусьці не гужы, а іменна дугу. Дзве шаблі жыхнулі з похваў і ўзняліся над нашымі галовамі, і тут на пустыннай, цьмяна аснежанай вуліцы мястэчка пачулася — з некалькіх дарослых горлаў — адчайнае: «Па-лі-цы-я!!»
«Падхаронжыя» спахапіліся амаль адразу. Бо і трэба было,— на дапамогу людзям, якім быў зроблены «заступ дарогі», з некаторых, бліжэйшых да крыку, двароў ужо беглі, уступіўшыся ў боты, валёнкі ды накінуўшы на бялізну кажух, местачкоўцы-мужчыны.
«Падхаронжыя» джгалі ў поле, яшчэ ўсё з голымі шаблямі, гразнучы ў снезе, задыхана, а ўсё ж лягчэй, чым пагоня, якая, зрэшты, хутка спынілася.
Хлопцы правялі мяне амаль да самага дома, самі вярнуліся, бо ўжо ж тыя сані даўно празвінелі гасцінцам, і ён быў пусты.
Назаўтра мы, здаючы шаблі і чака, апраўдаліся сяброўскімі праводзінамі, а самі, вядома, баяліся, як жа з тым «заступам»... Але ніхто пра нас не заявіў.
1982
Штрыхі
«Чорт з голаду і мухі еў».
А бывалы дзядзька Ігнат расказваў, як ён — яшчэ да рэвалюцыі — вяртаючыся з нейкіх заработкаў, недзе каля Маладзечна ці Вілейкі... ледзь не наеўся «жытнікаў».
Гаспадыня, калі ёп зайшоў ды папрасіў есці, гасцінна сказала: «А я вам, чалавеча, крупніку з жытнічкамі!..» — «Ого, давай, падумаў я,— расказваў дзядзька.— Наліла на прыпеку, з нечы дастаўшы, паставіла на стол. Павярнуў я лыжкай, а там — аблупленыя мышы... Каб не галодны быў, дык і сарвала б. А так толькі хлеба лусту ўзяў, падзякаваў, ды за шапку».
«А чаму яны, дзядзька, жытнічкі?» — пыталіся мы, хлапчукі.
«Бо мышы палявыя».
...Другі дзядзька, Макар, у якога на агародзе было тры яблыні. Ён іх мазаў знізу да самага голля дзёгцем, каб мы, чужыя дзеці, не лазілі, калі дома нікога не будзе. Пакуль тыя яблыні не пасохлі.
Страшэнна працавіты, гаспадарлівы. Купляў у пана патроху зямлю, зусім, здавалася, пустое поле, і гноем — з году ў год — даводзіў яго да ўраджайнасці. Калі хто паліў увосень пырнік на сваім полі, дык дзядзька спыніцца ў плузе і крычыць: «Пачакай! Не палі! Давай я забяру!» Забіраў, трусіў у баразну і заворваў.
Малога ўнучка, ад дачкі, што была за бедным замужам у суседняй вёсцы, лішне малога Колю дзед прымушаў аднойчы гнаць каровы. Спрабаваў, як толькі трохі развяснела, ці будзе ўжо свой, ненаняты пастух. А Коля ўцёк і схаваўся за нашым гумном. Плача, унурыўшыся, хімкае, а дзед стаіць над ім і гугніць. Убачыў, што я цікую з-за вугла, і да мяне:
— Ты бачыш, Мішачка? — Заўсёды блытаў нас з братам, нібы не могучы разабрацца.— Гэта ж, Мішачка, пазаўчора было вяліканне, і наша баба дала во нашаму Коліку,— тут ішла смешна-суцэльная скорагаворка,— пірага-бабкі-малака-яец чырвоненькіх-каўбасы-сыра-сала-масла і мяса, а ён во, Мішачка, каровы гнаць не хоча!..
Прыдурванне, як нейкая вельмі патрэбная ў гаспадарцы мудрасць.
...Яшчэ і дзядзька Пятрусь, у якога была поўная хата непрыгожых, беспасажных дачок. Разбурчыцца на печы на долю сваю — не супакоіць нічым. А цётка Алена, ласкавая, гаваркая жанчына, тыц яму туды малыя начовачкі гарачай бульбы ў лупінах — ён і супакоіцца. Хукае там ды чаўкае.
Штовечара збіралася поўная хата вячорнікаў. І цётка нібы жартам сватала сваіх дзяўчат:
«Бяры, Баядэра, Жэню. Гаспадыню будзеш мець!..»
Як яно помніцца ўсё так выразна — з малечай памяці. Я тады хадзіў у чацвёрты клас местачковай школы і зімою быў на кватэры ў цёткі Алены, нашай далёкай сваячкі. Помніцца — з нейкім затоена-значным сэнсам .
1983
Пробліскі
У незвычайным, на першы позірк драўляным, як мне здалося з дарогі, бараку — добрыя, сучасныя кватэры саўгасных рабочых. Унізе вялікая кухня, сталовая, веранда, а ўверсе яшчэ чатыры пакоі.
Гаспадара, трактарыста, дома мы не засталі. Жонка яго — маці траіх дзяцей, найменшае з якіх, аднагадовы хлопчык, безнадзейна хварэе. Мы яго не бачылі, ён там недзе наверсе ляжыць, як заўсёды, а бедная мама сустрэла нас з другім, двухгадовым хлопчыкам на руках. Па вачах малога відаць, што і ён хворы (па-іхняму, па-чэшску, немоцны), а жанчына сказала, што гэта ў яе суседчын Вашычак: той кудысьці спатрэбілася паехаць, «а я ўсё роўна ж дома сяджу».
Калі мы прыселі да стала, а гаспадыня пайшла рыхтаваць нам каву, хлопчык вяла гуляў на падлозе з вялізным, калярова-пярэстым мячом. Гаспадыня прынесла Вашычку малака. Каб піць яго,— больш, відаць, па абавязку, чым з патрэбы,— малому надта ж захацелася, проста такі зусім неабходна было сесці на тым мячы. Сяк-так угрунтаваўшыся на ім, ён зрабіў цёці ласку — яна з усмешкай чакала — дакрануўся губамі да нахіленага кубачка. Раз, а потым і яшчэ раз.
Гэта адно, з пазаўчарашняй паездкі ў Судэты, дзе мы з сябрам-чэхам заехалі да яго сваякоў.
Другое ўбачыў я ўчора тут, у Карлавых Варах, на бойкай, толькі пешаходнай вуліцы. Дзяўчынка, па-бабску кажучы — зусім яшчэ маладзенечкая, аднак ужо нібы гатовая на ўсё і дрэннае і добрае, ідзе сабе паміж разнаколерных магазінаў, у яшчэ рэдкім, таксама стракатым патоку людзей мясцовых і разнамоўных курортнікаў, ідзе па вуліцы зверху ўніз, калываецца тонка ды стройна, уся ў раннім сонейку, з выглядам весела-незалежным, а на калене ў яе, на паношаных джынсавых штоніках — як нейкі выклік — нашыта вялікая, белая, прымітыўная кветка.
«Малое — усюды малое. А маладому ўсё хораша»,— скажам таксама па-бабску.
Малы і дзяўчо, два, выпадкова заўважаныя, пробліскі, жыва і паасобна, і разам, яны прыгадаліся мне, як толькі прачнуўся. І тут жа, амаль адразу прыйшоў і стаў паміж імі, чэшскімі, трэці і свой, з майго вяртання месяц таму назад з Масквы дахаты.
У нашым купэ — глуханямая дзяўчынка гадоў дванаццаці. Едзе з бабуляй на канікулы, з-пад Урала ў Брэст.
Раней чым уведаць, што з малой такая бяда і куды яны едуць, я ўбачыў на выцерта-сівых, зноў жа джынсавых штоніках дзяўчынкі незвычайнае: два сэрцы, відаць, ёю самою вышытыя, адно чорнымі, а другое чырвонымі ніткамі, і змацаваныя англійскай шпількай. Не вышытай, металічнай.
Прыгожае дзеўчаня міла ўсміхнулася на мой зацікаўлены позірк і неяк дзіўна, нібы з замежным акцэнтам, сказала адно толькі слова:
— Маль-тшык!
І тут якраз бабуля растлумачыла, што ўнучку ў спецыяльнай школе вучаць гаварыць і што гаворыць яна вельмі, вельмі мала.
А ўсё ж запаветнае — хоць і так яшчэ рана — сказала.
1983
Праўдалюбы
Радасць цемры ці подласці, якая «сказала праўду»:
— Гэта ж не твае родныя тата і мама, яны цябе толькі ўзялі...
Калі тая ці той сірата зразумее ўсё па-належнаму, наколькі ж вышэй за «праўдалюбца» стане яна ці ён у сваёй ранняй сталасці!
Успамінаецца, што адчулі мае знаёмыя, калі іх дачушка, згубленая ў вайну і выгадаваная чужымі ажно ў Омску, адмовілася ехаць ад сваіх да сваіх. Успамінаецца таксама даўно прачытанае ў газеце, як у падобнай сітуацыі, не могучы падзяліць аднымі выгадаванае, а другімі — нарэшце! — знойдзенае дзіця, дзве чужыя сям'і прыйшлі да мудрага рашэння — парадніцца, узаконіўшы роднасць сваю афіцыйна.
Дзеці «падкідышы», або «пакідышы», якіх я аднойчы многа бачыў у Наваградку, дапамагаў ім пераходзіць цераз кладку каля касцёла, у якім быў ахрышчаны Міцкевіч. Нязручна дый няёмка было іх апярэджваць, і я падхапіў, перанёс адно, яшчэ і яшчэ адно... Яны наперабой ліпнулі да мяне, і цяжка, нельга было адчапіцца. Ад сваіх выхавацельніц, што ў нейкай меры замяняюць ім маці, яны так пяшчотна, так прагна гарнуліся да мяне, мужчыны, сказаў бы, адчуваючы «бацькоўскую недастатковасць».
У Нарыльску, у найлепшым, які мне дагэтуль давялося бачыць, дзіцячым садзе, загадчыца яго, кандыдат педагагічных навук, аўтар спецыяльных дапаможнікаў, чалавек на ўсю душу аддадзены сваёй справе, сказала нам між іншым і такое:
— Самая ідэальная выхавацельніца не зможа ўсіх іх пацалаваць, як маці. Сям'ю, таварышы, нішто не зможа замяніць.
А недзе там над гэтым... не, лепш пад гэтым чуваць «цвярозае», «праўдзівае» гы-гы-гы:
— Гэта ж не твае родныя тата і мама...
1983
Элегія
За шырокай градою гасцінца, які я перайшоў, за нявыкашаным раўком, у першых, нахіленых над высокай травою, жытніх сцяблінах, ніжэй калосся сціпла шарэла фанерная таблічка на кійку. З часовым, карандашным надпісам, які і мне паведамляў, як называецца наш калгас, які нумар участка, колькі тут гектараў жыта і які яго гатунак.
Правей, не вельмі далёка ад месца, дзе я на момант спыніўся, ідзе даволі шырокая, травяная дарога з вёскі на могілкі, а лявей і бліжэй ад мяне — яшчэ і сцежка ў жыце. Таксама адзнака сучаснасці: поле народнае, нічыё, хадзі, тапчыся, дзе каму ўздумаецца...
А ўсё ж і я пайшоў па сцежцы. З узвышша ў даліну.
Жыта сёлета добрае. І прыгінацца, нават росламу, не вельмі трэба, каб люба, удзячна пайсці вачыма па каласістай паверхні, якая яшчэ і шчацініцца трохі вусікамі ўгару, а больш дык хіліцца долу пад цяжарам шчодра налітых, пакуль што не цвёрдых, салодкіх зярнят. Абапал сцежкі, у не зусім спалавелым саламяным гушчары, сям-там праглядвае рамонак, большыя сонейкі якога наіўна пнуцца ўгару, некаторыя нават даволі высока, а дробязь цвіце, адцвітае ды пахно понізу. Васількі стракацяць дружней, месцамі нават густа, — блакітная пяшчота, што таксама цягнецца дастаць, дацягнуцца да каласоў. Для паўнаты дзіцячай памяці няма чамусьці ярка-ліловых званочкаў куколю. Затое трапляецца бярозка з грамафоннымі трубкамі белых і злёгку ружовых кветак, кволае плеціва вікі з дробненькай бурачковасцю цвету, а гледзячы на сонечна-хлебнае бязмежжа зверху, зрэдку бачыш, як над калоссем выкусціўся непераможна расквітнелы асот. На сцежцы — натапч сцяблін з пустымі ці поўнымі каласамі; яна шамаціць над нагамі, злёгку блытае іх ды рвецца, калі адной наступіш, а другой па хаду шмарганеш. Ды такое — зусім ужо як між іншым, бо ты глядзіш наперад, час ад часу ўлева ці ўправа, табе, даўно ўжо гараджаніну, здаецца, што так вось ішоў бы ды ішоў,— далёка, можа, і бясконца...
А сцежка канчаецца.
Нашы старыя могілкі, і ў даўнім, у прыкрым сваім запусценні цяпер, у зеляніне ды ў сонцы, нібы нават прыгожыя, сумна прыгожыя. Магутны, разложысты цёмна-зялёны дуб. Таксама, як і ён, спрадвечная, але ж змарнелая капліца. У шэрых лушпаях не да канца датлелай шалёўкі, з блекла-ліловым купалам, які здалёк, у кудзерцы вышэйшых і ніжэйшых дрэў, бачыцца весялей. Тры сасны, як самотны дазор, прысланы сюды з далёкага лесу. І дзікі нізавы гушчар.
Нікога за яго не папракаючы, і самога сябе таксама, прывычна знаходжу ў бэзавай ды шыпшынавай, зноў ацвіцелай дзікасці два найраднейшыя помнікі. Надпіс на левым зацёрся больш, на правым менш. Пастаяўшы і адышоўшыся, я чамусьці вымаю блакнот і ледзь не з дзіцячай, тады, даўным-даўно адпаведнай узросту, сёння і трохі няёмкай, і гаркавата-шчымлівай пяшчотай запісваю па дзве даты з абодвух помнікаў. Як быццам не ведаю гэтага і ніколі не ведаў... А тады ўжо іду далей сярод рэдкіх, пахіла-шэрых драўляных крыжоў, абымшэла-каменных старчакоў з загладжанымі часам надпісамі, сярод помнікаў навейшых, ужо ад большага пасляваеннага дастатку, і зусім новых, нядаўна дастаўленых удзячнымі гарадскімі нашчадкамі, стандартна бетонных стэлаў з таннай пазалотай надпісаў ды ў вастрапікіх агарожах, найчасцей блакітненькіх. Зноў здзіўляюся, якімі ж нестарымі памерлі той ці тая, якія ў маёй маладосці, не толькі ў маленстве, здаваліся дзядамі ды бабулямі. Заўважаю імёны тых, пра чый адыход пачуў з роднай мясціны сёлета, летась ці пазалетась...
І раптам — зусім нечаканае сутыкненне.
Я аж сумеўся ціха, ледзь не спалохаўся, спыніўшыся каля яшчэ цішэйшага. Адразу — толькі заўважыў светла-шэрую пляму на рагу прасторнай і змрочнай агарожы, а ў наступны момант — пазнаў у гэтай пляме жывую істоту.
Нейкая бабуля стаяла на каленях і, нікога, нічога не бачачы, не чуючы, уся занятая сваёю справай, фарбавала адзін з жалезных прутоў. Пруты былі яшчэ новыя, чорныя, аднак старая з няспешным, сказаў бы — з эпічным спакоем давала ім поўнае абнаўленне. Раз-поразу няспешна абмачала квачык у бляшанку і памаленьку, старанна квэцала чорным тоўсты прут, ад цэментавай падмуровачкі да ўзроўню сваіх вачэй. За гэтым прутам,— я моўчкі глядзеў,— пайшоў такі самы другі. Злева, пачаўшы ад рога агарожы, некалькі іх ужо тлуста чарнелася. Далей бабуля, вядома, падсунецца на каленях направа, будзе мазаць усю гэтую сценку спачатку знізу. Потым цяжка паднімецца, пагоніць даверху... А іх жа так многа, гэтых прутоў, агарожа зроблена старою з запасам, не на адзін толькі помнік, з разлікам і на сябе. А да вёскі ж няблізка, з даліны ўгару, на нямоглых нагах, настаяўшыся на каленях...
Ды вось пайшоў ужо і трэці прут пры мне. Памаленьку, спакойна, няспешна.
Яна кленчыла да мяне бокам, хустка нізка насунута ад гарачыні, і я не пазнаваў бабулі, а ў твар не заглянеш. Можна і не палохаць, не ўмешвацца ў яе малітвенна ўрачыстую, грунтоўную работу. Але як жа і адысціся, не ўведаўшы, хто гэта?
Ступіўшы трохі наперад, я — з-над вострых прутоў — заглянуў за каменна-шырокія плечы помніка-стэлы, прачытаў, па кім ён і тады, здагадаўшыся, аказаўся:
— Добры дзень, цётка Аксеня!
Яна зірнула на мяне, узняўшы твар на голас зверху, неспалохана прыгледзелася і сказала:
— А я не ведаю, хто вы.
Я назваўся — і хто я, і чый — па-даросламу.
— А, гэта ты...— яна пазвала мяне так, як гаварылася ў маім маленстве.— Тады здрастуй! Да таты, да мамы прыйшоў?
І ў імені маім, неадпаведна дзіцячым, і ў пытанні, да каго я прыйшоў, было штосьці адтуль жа, адкуль і мой запіс дзвюх падвойных дат з двух помнікаў. І на душы пацяплела. Нейкім свяцтвам з бабуляй, ці што.