Сёння і памяць - Янка Брыль 6 стр.


Пагаварылі мы няшмат. І як толькі я развітаўся — яна адразу ўзняла з бляшанкі свой нетаропкі квач і пачала, нібы навобмацак, паводзіць ім па пруце то ўніз, то ўверх, то ўкругаля. Быццам пайшла, патэпала ў бясконцы свет па лабірынце чорных сцежачак-прутоў...

А я пастаяў, паглядзеў, для яе ўжо нібы непрысутны.

З далечыні амаль шасці дзесяцігоддзяў сюды, у летнюю спёку сённяшняга дня, на мяне дыхнула адліжнай зімой, грымнула маршам (скрыпка, гармонік, бубен), затэленькала званочкамі з-пад дугаў, ажыло і цвярозым, дзіцячым, і хмельным, дарослым гоманам вясковае вяселле.

Кожнае з іх было падзеяй, а гэтае — тым больш. Цупронава Аксеня, дзеўка з багатай хаты, выходзіла за Лебяду, амаль за батрака. «Па любові», як гаварылася і ў чым была незвычайнасць падзеі.

Тады бабуля была маладою красуняй. З варотаў іхняга двара выязджалі, пазвоньвалі першыя санкі-вазок — з маладою. І маладая — высокая, чарнявая, у фаце — стаяла ў вазку сама, ні за што не трымаючыся, і не плакала, а ўсміхалася, нават рукой з узмахам павяла. Вясельны звычай такі: маладая едзе стоячы — пажаданне сяброўкам яе не заседжвацца дзеўкамі.

З-за гэтага няроўнага замужжа сварка ў бацькавай хаце, вядома, была, і немалая, нават і да лупцоўкі, казалі, дайшло. Аднак не яе, не Аксеню было пераставіць. А праклінаць яе ніхто не праклінаў,— няшчасці пачаліся не ад гэтага. Калі ехалі ад вянца, ужо на Лебядовым коніку, той, — на роўнай дарозе, у спраўнага хлопца — узяў ды распрогся. Гэта лічылася вельмі нядобрым знакам. І спраўдзілася. Беднасць — беднасцю, на гэта дзеўка ішла сама, але ж прыйшло і горшае: паміралі дзеці. Адно, другое, а пасля ўжо і зусім іх не было. Жылі Аксеня з Тодарам адны, спачатку яшчэ ўсё спадзяваліся, а потым пачалі і падумваць, ці не ўзяць якую сірату. Але не выйшла гэта ў іх, бо звалілася і другая бяда. Тодар падаваў у цапы малатарні (чужое, вядома ж), і хапанула, уцягнула ў барабан руку, добра хоць, што не правую.

Гэта я памятаю таксама жыва, як той Аксенін выезд, стоячы, з бацькоўскай брамы. На дзікі крык з суседняга прыгумення пачалі збягацца людзі, пабег і я, тады ўжо дзяцюк. Малатарня спынілася. І раней, праз гул яе, і цяпер крычаў не Тодар, крычалі іншыя. Галасіла, прыбегшы, двароў цераз дзесяць, Аксеня. А ён стаяў, як прывязаны сваёй раструшчана падаўжэлай, крывавай рукой да аціхлых цапоў, збялелы, але ж і сам яшчэ камандаваў, як раскручваць, развінчваць барабан, і толькі потым ужо, як садзіўся на воз — у мястэчка, да доктара — самлеў.

Нехта — не памятаю, хто — першы падгледзеў, як ён пасля бальніцы, ужо толькі з адной правай, пакутліва прымяркоўваўся, намагаўся засупоніць хамут. Сусед хацеў дапамагчы, але Тодар ажно ўзлаваўся. Крычаў, што сам павінен, сам навучыцца — і запрагаць, і ўсё!..

У самога была ж і сама. І не для бабскай каманды ці звягі,— сяброўка, памочніца.

Так яны ўжо і векавалі ўдваіх, доўга жылі — доўга пры мне, яшчэ даўжэй без мяне ў нашай вёсцы,— спачатку бедна, а потым і ў новай хаце, на нейкай пенсіі, з чатырма вуллямі ў садочку.

Ды вось яго ўжо няма, а яна ўсё жыве, як быццам непрыкметны, ціхі і нязбыўны подзвіг яе жыцця яшчэ ўсё чамусьці трэба працягваць.

Сумна?

А можа, якраз і лягчэй ад такога вось клопату — пра магілу?..

Зноў жа па сцежцы ў жыце я выйшаў з даліны на самы верх нашай «гары» — узвышша з сонечна-ясным, раскошна летнім аглядам на ўсе бакі свайго свету. Спыніўся на абочыне нядаўна заасфальтаванага гасцінца, пастаяў.

Хораша. І далёка відно.

А якая ж тут, можна сказаць, адбылася вялікая змена дэкарацый. Не адна.

Што тут «ігралася» ў папярэдніх дзеях даваеннай, ваеннай і пасляваеннай гісторыі — відно ўжо нямногім. У тым ліку і мне. І я магу нямала расказаць, якімі былі навакольныя вёскі раней, дзе тут навокал віднеліся, куды і як падзеліся тыя маёнткі ды маёнтачкі, замест якіх распасцерлася хлебная чыстаполіца, хто тут, па нашым гасцінцы, па нашых дарогах ды сцежках ездзіў, хадзіў, якія значыў, пакідаў сляды. І я ўжо магу... ох, як нямала палічыць тых, каго ў розны час рад быў вітаць, па кім сумую, то свяжэйшым, то адбалелым сумам, каго часамі згадваю, пазнаўшы яго рысы ў сыне ці ў дачцэ...

Маруся?

Не, па бацьках яе, шчыра кажучы, я не сумую, бо з імі, значна старэйшымі, не дружыў. Яна для мяне — сама па сабе. Вось прыгадалася і тут, зноў, як на могілках, у падвойным успаміне — свежым, сённяшнім і ўжо таксама даўнім, нават і ў дачыненні да яе, яшчэ так нядаўна дзяўчынкі, пасляваеннай сіраты, бацька якое загінуў на фронце, а маці адна паднімала трое малых.

А ўжо тым часам і дваццаць гадоў з той раніцы, калі я, трохі пабыўшы ў сваёй вёсцы, вяртаўся аўтобусам у горад, які ўжо таксама стаў мне сваім.

Маруся сядзела побач са мной, ад акна. Дзве яе сяброўкі, не з нашай вёскі, але таксама выпускніцы местачковай дзесяцігодкі, сядзелі, далей, за намі. Тыя і на прыпынку, да аўтобуса, больш за яе маўчалі, а цяпер мы з ёю і зусім былі як адны. Спачатку яна шчабятала пра свае няхітрыя ранне-дзявочыя навіны, час ад часу вярталася да трывогі — ці ўдасца ж паступіць у тое медвучылішча, а потым пачала драмаць. Летняя ночка — на песні — і так маленькая, а паненка ж і з вечарынкі вярнулася, бадай, на світанку. На сваім пажылым і ўжо тым часам натруджаным плячы я неўзабаве адчуў яе галаву. Румянашчокую ды сінявокую, з просценькай русай прычоскай.

І ў гэтым столькі было ўжо хвалюючага цяпла і яшчэ ўсё дзяцінага даверу, што я і тады быў шчаслівы, і цяпер яно ўспамінаецца — з удзячнасцю і нібы са сваяцтвам.

Потым прыемна было пачуць, што Маруся і паступіла, куды ёй хацелася, а закончыўшы медвучылішча, была размеркавана ў свой раён, дзе неўзабаве ды вельмі ўдала — па школьнай дружбе, якая стала каханнем,— выйшла за аднакласніка, дужага і маўкліва-талковага Віктара. Ён пасля школы застаўся ў вёсцы, пры сваіх «старых», тым больш што бацька вярнуўся з вайны інвалідам, закончыў хлопец курсы ў райцэнтры, — механізатар шырокага профілю. А яна працавала ў бальніцы, куды, за шэсць кіламетраў, то ездзіла ўлетку на веласіпедзе, то пад'язджала ў непагадзь і зімой на рэйсавым аўтобусе, а то дык і Віктар часамі на матацыкле падвозіў, асабліва на першым годзе,— хоць і рахманы, а з горда стрыманай усмешкай.

Многія хаты ў сённяшняй вёсцы больш адпаведна называць дамамі. Нямала, праўда, і такіх, дзе або ўжо няма каму жыць, або заўтра-пазаўтра не будзе каму. Сумна, трывожна... Калі ж хата яшчэ жывая, а да таго і спраўная,— міма такое добра і прайсці, і, чаго добрага, спыніцца.

Механізатараў ды медсястрын дамок стаіць бокам да вуліцы, у гародчыку. Вялікія вокны, на падваконні кветкі. Іх так багата — белых, ружовых, чырвоных, ліловых,— што, здаецца, і шыбы хутка павыдушваюць навонкі. Адна цераз адну, запоўніўшы яркай стракатасцю чыстыя шыбы, усе гэтыя жаніхі і нявесты, герань і вог- нікі пруцца да тых, што ў гародчыку, куды большых і на прасторы,— да мальваў, флоксаў, вяргіняў, гладыёлусаў... Сцены сонечна-вохрыстыя, ліштвы і рамы вокан, рамкі ды рамачкі шырокага ашклёнага ганка чысценька белыя.

А гаспадыні ўсё гэтай вясёлай белі — мала!..

Ідучы на могілкі, я прыпыніўся каля «Марусінага дома» (для мяне гэта так), яшчэ зводдаль заўважыўшы яе з дачкой у гародчыку. Яны падбельвалі белыя рамачкі ганка, у якіх паблісквалі сонцам разнаформенныя шыбкі і шыбачкі.

— Добры дзень! Што мы робім?

— Добры дзень вам! Прыехалі? А мы тут наводзім красу.

— Яе ж і так хапае. Не разабрацца, якая лепшая.

Яна смяецца, прыняўшы намёк, але адводзіць на іншае:

— От, будзе трохі чысцей. Я выхадная сёння, а сена ўжо няма. Пагаварыце з намі, пабудзьце. Мой недзе ў полі. Дома не заганяецца. А гэта во наша Таня. У дзесяты перайшла.

Таня — ужо не на шмат маладзейшая за тую, чыю галоўку я нібы зноў адчуў на плячы, а Маруся — у загарэлай і пышнаватай красе шчаслівай маці, якой толькі пад сорак. Дзяўчына моўчкі, нібы сарамліва павярнуўшыся ад мяне, працуе белым пэндзлікам, час ад часу тыцкаючы яго ў бляшанку на табурэце. А мама яе... ну, не сказаць ужо, што шчабеча, як тады, у ранішнім аўтобусе,— яна гаворыць ахвотна, усё дарэчы, з гаспадарлівай заклапочанасцю: пра сенакос, на які так добра падпагодзіла, пра жніво, што вось-вось і пачнецца, пра тое, што робіцца ў вёсцы, пра бальніцу сваю, пра Таню, што памагае і ў хаце, і ў полі... Хоць і чытае многа, і ў клуб, вядома ж, хочацца: маладое. Яна гаворыць з выразнай прыемнасцю, я слухаю — таксама. А мне ж яшчэ добра глядзець, як спрытна ходзіць пэндзлік у яе руцэ, як акуратна бель кладзецца на тоненькія рамачкі, нідзе не крануўшы чыстага шкла.

Таня робіць тое самае не менш акуратна, але павальней, з большай асцярогай.

Процьма яшчэ не пражытага часу, нязведанай прасторы, не адчутага сонца аддзяляе іх, маці і дачку, ад тых строга панурых прутоў, што недзе там з чорных памаленьку робяцца яшчэ чарнейшымі...

Ім, маладой і маладзенькай, і не думаецца пра такое,— гэта я цяпер думаю, стоячы на ўзбоччы гасцінца, гэта мне яно ярка прыгадалася там, за жытам, у зеляніне, каля прасторнай на запас агарожы.

Не ў спалучэнні з ёю, яшчэ не бачыўшы той чарнаты, гадзіны паўтары таму назад, калі я любаваўся белай работай-забавай у сонцы ды ў кветках, па праву ўзросту бласлаўляючы нейчае шчасце, непераможнасць жыцця.

1981

Дырэктарка

У кожнай вёсцы, у кожным куточку нашай зямлі, дзе ты быў ці не быў, возьме ды зноў, яшчэ і яшчэ раз вырасце падобнае да іншых і да нікога не падобнае дзяўчо.

Ірынка вырасла ў сваім Доўгім Сяле, там і школу закончыла, і не паехала адтуль нікуды. Старшыня калгаса ўгаварыў яе стаць дырэктаркай іхняга дома адпачынку, пабудаванага на раздольным узлессі над Шчарай.

Смяяліся са старшыні яго калегі, што фантазёр ён з гэтай сваёй «Шчарынкай», і нерэнтабельнай, і непатрэбнай, а ён спакойна, з прыязнай усмешкай адказваў, што кожны з яго калгаснікаў, які там заслужана адпачыў два тыдні, можа спакойна назначацца хоць нампалітам палка. І растлумачваў: «Па сацыяльнай і палітычнай свядомасці». Сам ён з вайны вярнуўся капітанам з двума ордэнамі і трыма раненнямі, з роднай Віцебшчыны быў пасланы сюды, у адзін з заходніх раёнаў, на партыйную работу. На старшыню калгаса прыйшоў з райкома, дзе працаваў другім сакратаром. Знячэўку гэта атрымалася. Калгас быў слабенькі і, калі ён, сакратар, прывёз сюды выбіраць чарговага старшыню, людзі пажартавалі: «Нам каб, таварыш, такога, як вы!» — «А што вы думаеце — і пайду!» Яго адпусцілі, бо гэта было ў той час, калі на дапамогу сельскай гаспадарцы ішлі «трыццацітысячнікі». Пакуль да той «Шчарынкі», папрацаваць давялося многа, і людзі ад жарту «нам каб такога» дайшлі спакваля да пашаны, якое гэты, яшчэ раз новы, старшыня, талковы ў працы і прыемны ў абыходжанні, аказаўся вартым. Была яму пашана і ад кіраўніцтва. Сам сакратар абкома параіў мне паехаць з сям'ёй у «Шчарынку», пазнаёміцца з тым калгасам і «са станоўчым,— як ён сказаў,— героем нашай сучаснасці».

«Шчарынка» нам спадабалася, на другое лета мы сагітавалі туды дзве пары сваіх сяброў, якіх па трэцяе лета агітаваць ужо не трэба было.

Улетку калгаснікам не да адпачынку, і туды прыязджалі бліжэйшыя і далейшыя гараджане. Інтэлігенцыя не ўся і не заўсёды бывае інтэлігентнай. Капрызы, гонар, неахайнасць, хамства,— калі не сам інтэлігент, дык жонка, дзеці, а то і ўсёю сям'ёй.

Дзяўчо-дырэктарка неяк прызналася мне:

— Калі ўжо што зусім-зусім не так, не вытрываць, дык я найду сабе ў лес, там паплачу-паплачу, а потым зноў...

Я расказаў пра гэта старшыні, і ён сабраў адпачываючых на «невялічкі агульны сход». Спакойна, тактоўна, з гаспадарскай годнасцю ён папрасіў нас захоўваць парадак, наважаць персанал і дырэктара дома або, калі каму не даспадобы тут, «дык мы не будзем настойваць на тым, каб нам рабілі вялікую ласку...».

Пасля сходу,— а было гэта на першым годзе майго там з сям'ёй адпачынку,— Ірынка, здаецца, больш не хадзіла ў лес супакойвацца.

Пасмялела яна спакваля, пасталела.

Тады ж, на першым годзе, адзін з інтэлігентаў, з выгляду чалавек прыстойны, як аказалася, патаемна ўсё думаў пра хуткую пенсію. Не так сабе, а ў сувязі са «Шчарынкай». «От дзе каб стаць дырэктарам! Паветра, рыбка, грыбы, малачко... Перавесці б толькі дом па прафсаюзны, зняць гэтае дзяўчо!» Ажыццяўленне задумы пачаў ён з таго, што кожны дзень запісваў пра ўсе непаладкі ды непападанні, а потым, на развітанне, сшытак свой даў старшыні.

— Паглядзіце, падумайце, ці такі вам патрэбен дырэктар.

Старшыня пагартаў той сшытак, прачытаў два-тры запісы і, як заўсёды стрымана, сказаў:

— Дзякую вам за пільнасць. У нас праўленне ёсць. Мы абмяркуем.

А сшытак потым паказаў Ірынцы.

Паколькі першы спосаб «не спрацаваў», на другое лета пільны таварыш, яшчэ на год паразумнеўшы, пачаў капацца пад самога старшыню.

— Ты камсамолка? — сам-насам спытаўся ён у Ірынкі.

— Ну, камсамолка.

— Дык давай пагаворым пра недахопы вашага старшыні.

— А вы што, ужо і на яго сшытачак завялі?

Бачу яе маладзенькі, усмешлівы твар. Бачу

разгублена-злосную губу таго барацьбіта... Ірынка расказала мне пра тую іх размову.

Даўно гэта было, пятнаццаць год таму назад. Шаноўны Павел Фёдаравіч, старшыня, памёр. Пасля яго там ужо другі ці, можа, і трэці прыйшоў. Калі ў мяне летась узнікла пільная патрэба зноў звярнуцца ў «Шчарынку», я не падумаў, што дырэктарка там тая самая. Пазваніў як незнаёмы, пачаў прадстаўляцца, тлумачыцца, пакуль у міжгароднім хрыпе ды трэску не распазнаў па-даўняму вясёлы голас. Яна адразу пазнала мяне, адразу назвалася тым даўнім, звычным імем, потым зрабіла ўсё, пра што я папрасіў, аднак, здаецца, найбольш прыемна было проста пачуць яе, нібы ўбачыць — праз столькі гадоў тую самую.

Днямі, яшчэ праз год, перабіраючы старыя запісы, я, ледзь не як штосьці чужое, перачытаў чарнавыя накіды да напісанага ў «Шчарынцы» апавядання-эсэ «Дажджлівы, сонечны жнівень». Я гавару там пра старшыню безымянна, а гэта быў ён, Павел Фёдаравіч. Ён прыехаў па мяне пахмурным ранкам і, моўчкі павітаўшыся, рука ў руку, ціха, з усмешкай захаплення расказаў ажно пра трох ласёў, што запынілі яго па лясной дарозе.

— Яны стаяць, і я стаю. Проста цуд!..

А для мяне гэта, у тую раніцу, цуд быў не першы, а другі. Так і запісана было, што першы цуд — Ірынка.

Устаў я вельмі рана, выйшаў на двор, у хмарную, ледзь-ледзь не зноў шапатліва мокрую ціхасць асцярожна, бо вокны на першым і другім паверхах былі яшчэ зусім сонна прыадчынены. Нідзе нікога, ні каля дома, ні трохі далей. І раптам з-за шаляванага вугла выйшла яна, гаспадыня. Павіталася, як заўсёды, з непрытворна прыязнай усмешкай.

— Толю да рэчкі правяла,— сказала прыцішана.— Moжa, што-небудзь і возьме. Гароху паварыла вечарам. Такі ўжо рыбак,— усміхнулася, як пра малога, роднага.— Сёння ж во свята ў яго з учарашняга вечара: дождж.

У самое таксама ж свята. Толя прыехаў увечары на матацыкле і заначаваў. Яны пажаніліся гэтай вясной, да іхняй вёскі дзевяць кіламетраў, а ён жа механізатар — часамі па тыдню і болей не бачацца.

— А вам пісьмо,— успомніла яна.— Прабачце ўжо, што вечарам не аддала. Забылася. Я вынесу.

Я пайшоў следам за ёю, у пакойчык на другім паверсе, і спыніўся там па парозе.

Нa стале ў дырэктаркі — кветкі ў збанку, а на чысценькім, ужо засланым ложку стаіць вялікая лялька. Не вясельны галыш з аўтамабільнага капота, а светлая беларусачка ў народным, што і летась яшчэ стаяла каля падбітай, пухкай падушкі. Тады, калі ў гаспадыні пакоя была, відаць, толькі мара, надзея, загадка: хто ж сюды прыйдзе гаспадаром?..

Чарнявая, блакітнавокая, з вяснушкамі па загары, ад чаго яе... ну, зусім маладая, шчасцем адораная краса — цяпер, здалёк — бачыцца яшчэ больш сумнавата-соладка прывабнай. У светла-стракатай сукенцы, з фігуркай яшчэ ўсё дзявочай.

Дзякуй, Ірынка, за мілы ўспамін!

1983

«А-я-я-я!..»

Пад абрывам, бліжэй да ракі, высяцца старыя, дзябёла ўпасвеныя алешыны, шырока і нізка аплываюць косамі вербы, страката бялеюць-зелянеюць тры смялейшыя бярозы, цямнеецца, пабліскваючы шышкамі, адна яліна. Далей, вышэй ад вады, бярозаў больш, пракідваюцца нават сухапутныя красуні сосны. Пад дрэвамі густа, пякуча тоіцца крапіва, буяе чырванню гронак каліна, стаяць сабе па-малечы пацешныя рабінка з нясмелымі ягадамі і стромкі кусцік ялаўцу. На самым краі высокага абрыву соснаў больш. Гаспадаром рассеўся добра-такі сталы дуб. Зялёным воблакам узвышаюцца пад блакітам ліпы, звесіўшы голле, ужо без цвету, над гладкай сцежкай у траве.

Назад Дальше