— Анэта тужыць, — казала мама, гледзячы ў акно. — Зноў тужыць, бедная. Ды што ты хочаш? — пыталася яна ў кагосьці непрысутнага і тут жа адказвала яму: — Беднасць такая, поўная хата дзяцей. «Купілі, кажа, пуд жыта — хоць хлеба ад млосці з'ямо…» Малыя паплачуць з голаду, а дзеўкам жа сорамна плакаць. А ўжо самой — і не кажы. Сядзі, глядзі… Хоць ты і дзірку ў небе праглядзі — нічога добрага не ўбачыш.
Дзяцюк Гаўрыла, за вочы Тарапач, часта садзіўся на жарабца і пёр уздоўж вёскі ўгалоп, на ўсе бакі раскідаючы гразь. Ён то крычаў па-мацерынску, каб уцякалі з дарогі, то важна надзімаўся і маўчаў. Казак, улан, кавалерыя!.. Потым гэтая мара яго збылася, — нягледзячы, што ён і жмурыўся, што і калені разам, вечна порткі ў тых месцах прашморганы, — Тарапача ўзялі ў кавалерыю. Улан з белым аколышам, у доўгім шынялі і з шабляй, ён прыйшоў перад Калядамі «на урлёп», на пабыўку, і, пастукаўшы раненька ў шыбу з двара, па-свойму важна сказаў, на новы лад абкультураны дурань:
— Матко! Отвуж, курва твоя маць!..
Перад службай у войску, у нядзелю ці ў свята, ён часта быў п'яны. Прыставаў да людзей, каго не баяўся, чапляўся на агароджу з калючага дроту, здароўкаўся са слупамі: «Дай пяць! А, не хочаш? Я табе не раўня?..» І лупіў той слуп, «па мардах». З акрываўленымі рукамі, у парванай, залітай крывёю кашулі, так сабе, або з друкам якім, ці з адарванай штакецінай ён, дзіка лаючыся, кідаўся за намі, а мы, малыя гледачы, то весела, то спалохана разбягаліся, каб потым зноў наблізіцца да яго. Нарэшце, найбліжэй — калі ўжо ён асунецца недзе пад плотам і захрапе.
Такое было незвычайным, бо пілі тады значна менш, чым цяпер. Тарапач быў з патомна п'янай сям'і. Піў яго бацька, піла бабуля, бацькава маці. Сам ён, Гаўрыла, яшчэ пастушком, знайшоў раз, казалі, у бабінай пасцелі поўны паўбутэлек і, ад радасці, выліў яго ў міску, накрышыў туды зялёнай цыбулі ды, не спяшаючыся, бо адзін быў у хаце, высербаў лыжкай з хлебам. Гэта сёння можна пачуць пра кагосьці: «Яму паўлітра — за адну шчаку». Тады ж дзецюкі бралі бутэльку на чатырох-пяцёх, і ўсе былі вясёлыя. На вяселлі пілі малою рубцаватаю чарачкаю на доўгай ножцы, адзін за адным, па чарзе.
Раз толькі бачыў я тады, што чалавек можа выпіць цэлую шклянку гарэлкі. Гэта дзядзька Васіль, мужык цёткі Анэты. Але той быў наогул пацэтны. Сам ён — Васіль, а конік — Васілёк, таксама быстры, як і гаспадар. Дзядзька вясёлы, з дабрадушнай прымаўкай: «Каб цябе ў жыта галавою!» Пра беднасць іхнюю ён гаварыў: «Як ты, браце, ні круціся, а ўсё с… ззаду». І заядлы быў на работу. У хаце адны дзеўкі, сам толькі касец; уляжа — скосіць морг за дзень, а потым тры дні бегае, портак не падцягаючы. І тады, на вяселлі, ён захацеў паказацца. Выходзіла Прочымава Люба, дзядзька Васіль хварэў, але яго такі прывялі. І ён нібы загадаў, паказаўшы Цімоху пальцам на шклянку, якою пілі квас: «Мне — сюды!» І ўсе аж паўставалі, гледзячы, як ён выжлукціў тую гарэлку…
Пілі мала, а біліся часта.
І сёння горка, успомніўшы, як гэта дзядзька Цыбук, бацька Мані Вароны, біўся аднойчы са сваім братам за граніцу на агародзе. Як яны біліся, я не бачыў, — Манін тата толькі прабег каля мяне, моўчкі ўцякаючы па загуменнай дарозе. Ён трымаўся аберуч за твар, а праз пальцы лілася кроў — у гэтым быў мой дзіцячы жах, і гэта я ўспомніў праз многа гадоў, прачытаўшы ў кагосьці як быццам простыя словы:
Няма відовішча больш агіднага, чым тое, калі чалавек б'е чалавека.
Такія відовішчы ў Аўсяніках былі. Часта бывалі бойкі, можна сказаць, калектыўныя, на вуліцах, дзе танцавалі. Чаму б'юцца, за што — мы, малыя, не ведалі. Бойкі ўзнікалі зусім нечакана. Нехта некага ўдарыў, спачатку адзін аднаго, а тады ўжо ўсе хапаліся, хто за што — аддзіралі ад плота штакеціны, знаходзілі друкі, вымалі з-пад палы бязмен ці шворан — і пачыналася!.. З апошняй лаянкай, са страшэнным крыкам, з бабскім віскам і галашэннем, з крывёю на тварах, з глухімі ўдарамі па целе, з тупатам уцёкаў і пагоні. Каго паднімалі, каго адлівалі вадой, каго нават везлі ў Мілтачы да доктара, каб потым было як падавацца ў суд…
Раз на такую бойку нагадзіўся наш дзядзька Алесь. Ішоў ён, як і заўсёды, з загумення, цераз Анэцін двор, і ледзь яго не завірыла ў тую кудасу. Вывільнуўшы з крыкліва азвярэлага натоўпу, ён пастаяў са мной і мамай воддаль, каля нашых варотаў, а потым ужо, у хаце, сказаў:
— Цемната наша горкая!.. Хоць бы гэты Тарапач… Ты маладзец, Раман, што не ўлез. І ніколі не лезь. Што хацець?.. У акопы б другога або на «ўра», у штыкавую ці на кулямёт, — скора нацешыўся б! Уся храбрасць прайшла б…
Дзядзька Алесь тыя разы штосьці пачне, тады задумаецца, а потым — нібы пра іншае. Так і тады:
— На закаўказскім у нас у абозах вярблюды былі і буйвалы. Гарбачэ гэтыя цягавітыя, добра сігае, а трэба, то і падбяжыць. А буйвал — ат, на дзесяты дзень дзевятую вярсту. А ў малаканаў коні добрыя, фургоны добрыя, спраўнае ўсё. Расказваў мне адзін, як гэта туркі там армянаў рэзалі. Людзей. Сам я не бачыў, дарма не буду гаварыць. А ён кажа: усіх гамузам — што стары, што малы, і бабаў, і мужчын. «Брацец, кажа, краста на іх нет! Азіяты!..» А сам другі турак у плен пападзецца — лахудра лахудрай, аскеры гэтыя, сэплі папусціць — ужо ён тады чалавек…
Дзядзька Алесь памаўчаў.
— Ды што ты хочаш ад урага? — пачаў пасля. — Казакі нашыя… Кручкоў, Шмучкоў… Жулік, пустальга адна, лож! Ох, і звяры ж былі яны каторыя!.. Папрывыкалі, сволачы, людзей у гарадах нагайкамі хвастаць. Калі на дэманстрацыях. А то і шашкамі… На Букавіне раз было. Там жа таксама людзі свае, праваслаўныя. Зайшоў адзін у хату, а там нікога няма: пахаваліся людзі са страху. Печ на хлеб напалена, дзяжа сярод хаты стаіць. А на лаве сядзіць малое. Як на бяду. Казалі, дзевачка, яшчэ сядушка, да году. Дык той казак узяў ды на піку яе ды на жар, у печ…
— Госпадзі! — ахнула мама.
— І малады ж яшчэ, дурыла. Я сам яго потым бачыў, рабята паказвалі. Смяецца, скаціна жывотная, вочы заліўшы… А дружныя, адзін за аднаго, не зачапі…
Дзядзька яшчэ памаўчаў, а потым, як быццам зноў не пра тое:
— Першы раз мы на гэтае братанне ішлі і баяліся. Не верыцца! То рэзаліся колькі год, а то… Божа мой! — арцілерыя тая, і кулямёты, і конніца, і ўрукапашную… А тут… Ды што ты хочаш — усім за тры гады агоркла. Аўстрыяк — той далікатнейшы, ён не тое што немец. Гэты — таксама азіят, стаіць, як мур, а пойдзе — толькі дзяржыся! Цехніка! А аўстрыяк — не ваяка, ён і раней пачаў бы братацца. Ды ўжо ў свабоду і ў немца другое пайшло. Нашага Мікалашкі няма, іхні вусач сядзеў яшчэ, але і ў іх ужо не той нажым. І дзісціпліна не бярэ! Гэта ў нас у Курляндзіі было, цяпер яна Латва. Раўніна такая, луг. Але прадвесне, яшчэ не пусціла. У акопах сушэй. Памахалі мы белым, яны са свайго памахалі, і я тады: «Упярод, рабята, пайшлі!» І першы сам устаў над брустверам: што ўжо будзе, то будзе. Ідзем. Яны ідуць. І дзіка неяк, што без аружыя ўсе, што ціха так. Толькі боты па мёрзлай траве шалпацяць, лядок, дзе застаўся, хрупае. Ну, сышліся. Я і спачатку бачыў немца блізенька, але каторы забіты або ў пляну. А гэта… Чалавек — як чалавек. Адзёжа толькі не тая, форма. І не пагаворыш. Рукамі толькі разводзіць — ці то паказвае, што ў руках нічога няма, ці то другі і абдымацца палез бы, ужо як сваяк. «Камарад! Камарад!..» Дажа й «товарыш!». З намі паручык быў, Гаршэчнікаў, разумны парань, з вучыцялёў, дык той ужо за ўсіх: то ім гаворыць, па-іхняму, то нам. Закурваць пачалі. Яны ўсё бальшынство з люлькамі. Хто ў бесказырцы, хто ў касцы гэтай, з вастрыём. І пажылыя, як у нас, і маладзейшыя. Гавораць, смяюцца. Людзі — як людзі. Каб начальства не гнала — і ён не пайшоў бы. А то ж і абдурваюць нашага брата…
Ва ўсім перапляценні дзядзькавых расказаў пра вайну, дзе неаднойчы паўтаралася то храбрасць, гордасць за сваё, то чалавечы жах і праклёны на тых, праз каго дарма лілася кроў, — цар, царыца, Распуцін, буржуі, свае і нямецкія, — быў расказ і пра тое, як ім, нашым салдатам, з'явілася раз на небе Прасвятая Багародзіца. «Як сонца з-за хмары! І буквы вялікія: праваслаўныя пабядзяць!..» Нават і ў гэта верылася мне, усё з яго частых і доўгіх расказаў успрымалася па-дзіцячы, вобразна, як у казках. Тое, чаго я зусім не ведаў, хоць бы па «цацках» у кнігах, уяўлялася цяжэй, — скажам, тыя армяне, малакане і турэцкія аскеры, — а іншае ўсё адразу, само клалася на краявіды знаёмага наваколля. Не цяжка было, напрыклад, уявіць Багародзіцу, такую, як на нашай покуці, — як яна высветлілася з-за хмары; нават і хмары я выразна бачыў, як быццам усё яно было над нашай вёскай ці над пашай…
А тое братанне на латышскім лузе адразу прымацавалася ў маім уяўленні да «венгерскае пушты» — яроўскай пашы з самотнай вагой на зялёнай прасторы. Адразу прымацавалася і — назаўсёды. Спачатку былі там выбухі снарадаў, гул і віскат асколкаў, густое цёўканне куляў, хрыпата-дзікае «ўра», і «кровь лилась из свежей раны на истоптанный песок…». Тут ужо адхіленне было: стаптаны, акрываўлены пясок уяўляўся не каля вагі, а над нашай ракою… А потым з двух бакоў, з-за аднаго і з-за другога калючага дроту, расейцы і немцы махалі адны адным чым-небудзь белым, тады смела, як дзядзька Алесь, уставалі, вылазілі з акопаў і ішлі адны адным насустрач. Ужо без штыхоў, шорстка топчучы разбітымі ботамі даўно не кошаную траву, густую і яшчэ намёрзлую ў тое прадвесне, калі пачалася Свабода, шалпочучы над травою поламі збуцвелых у сырых акопах шынялёў…
Сярод расейцаў, колькі б разоў гэта мне ні ўяўлялася, першым заўсёды быў дзядзька Алесь. Не такі, як цяпер, худы, аброслы, у лапцях, а як тады, што ў нас на картачцы, — аж з чатырма крыжамі, толькі ўжо без кулямёта. А побач з ім — разумны паручык Гаршчэшнікаў: так у мяне выходзіла — не ад гаршка, а ад гаршчэшніка. Паручык — не такі, як той штабс-капітан, які свістаў у хаце дзеда Богуша, і не такі, як прапаршчык Салавей, што звар'яцеў, не дажыўшы да братання…
Можа, такі, як Шураў тата, хоць той і не быў камандзірам?..
15
У партызаны, пад восень 1943 года, мы пайшлі ўсёю сям'ёю: Раман з жонкай і дзіцем, мама і я, яшчэ нежанаты.
У Богушаў атрымалася інакш: Шура пайшоў з вясны, а дзядзька Іван, здаравенны і дабрадушны Чэп-дрэп, да сарака гадоў кавалер са зламанай у лесе нагой, упёрся, што з хаты свае ён нікуды не пойдзе. Яшчэ ўсё верылася чалавеку, што калі ён калека і нікуды не лезе, то за пляменніка караць не будуць. Івана ўзялі ў Мілтачы і там павесілі на плошчы, разам з шасцю іншымі партызанскімі сваякамі, з іншых вёсак, — хто таксама, як ён, па здароўі ці па гадах, не падыходзіў для вывазу ў Германію, на работу.
Зяма Касмовіч ваяваў тады недзе ў радах Чырвонай Арміі, толькі вярнуўшыся, даведаўся, як загінула яго сям'я. Застрэлілі маці, згвалцілі і застрэлілі красуню Шэйну, сястру, а бабу Роху, што пачала ўжо дзевяты дзесятак і не хадзіла з мехам па вёсках, прымусілі лезці на тэлеграфны слуп. Спачатку ім было весела, смешна, як яна лапае па тым слізкім дрэве сваёй нямоглай карчарукасцю, а потым гэта абрыдла — дабілі…
Мы іх нямала бачылі ўсякіх — спачатку гладкіх, самаздаволеных, нахабных, потым разлезлых, як дзярмо, з ліслівым «Гітлер капут», як быццам так ужо мы і паверылі ў іхнюю шчырасць…
Валодзя Казак і Толя Немец абодва не вярнуліся з вайны: першы загінуў пад блакадным Ленінградам, а другі ўжо за Віслай. Цётка Жэня да «пахаронкі» не дажыла, а Толева маці яшчэ ўсё совалася ціха каля плота, гадоў з дзесяць.
Мой Шура, Аляксандр Сяргеевіч, усе трыццаць год пасля вайны працаваў лесніком і толькі летась перадаў сваю «чыстую службу» меншаму сыну, Геніку, які закончыў лесатэхнікум. Сам бацька даглядае лясгасаўскую пасеку. Таксама пакуль прышлюць маладога, адукаванага. Сто трыццаць рамачных вулляў, якія добра відаць мне з-пад ліпы — чырвоныя, сінія, жоўтыя… Шура тым часам ужо і ўдавец, у лесе гаспадарыць сын, а ў хаце нявестка, талковая і вясёлая «бусліха» Яня. Старэйшы Шураў сын, Сяргей па дзеду, працуе ў Менску, інжынер на заводзе аўтаматычных ліній, — гэта ён мяне і даставіў сюды пазаўчора, едучы наведаць сваіх хлопчыкаў-блізнюкоў.
Шура з Генікам паехалі на матацыкле ў лясгас, а я вось пакуль што пад ліпай. Сядзеў да снедання з вудамі (галавень і сем добрых плотак), а зараз па лесе пайду. Даўнавата не быў тут, і ўсё, даўно вядомае, — рака, і ліпы, і лес, і лугі, — глядзіцца зноў як новае. А звон пчаліны, ціха-песенны ды бясконцы, вельмі дарэчы пасля сталічнай мітусні ды грукату.
Па сцежцы ад ракі ідзе найбольшая дзедава радасць — светлавалосая голенькая Наташа.
Лёс і мяне не абышоў — і сваю я праз тыдзень убачу. Таксама загарэлую, яшчэ больш шчабятлівую, з цёплай шчочкай, да якой добра бывае, нібы стомленай душой, прытуліцца старою… ужо старою, сівай скронню.
— Ната! Натачка, можа, хадзі сюды!
Яна спыняецца: можа, і праўда падысці?.. І вось ідзе. Па глыбокай траве, мала вышэй галавою над бела-жоўтым россыпам буйных рамонкаў. Прыйшла і стала, загарэлая галышка, каля чужога дзеда, такая паслухмяная, такая ўся харошая, са сваёй усмешкай — як сталаю, заўсёды трошкі спадылба. Сентыментальны інтэлігент… Нікога поблізу няма, і я бяру яе кволую, цёплую лапку з маленькімі пальчыкамі, спачатку толькі трымаю ў сваіх вялізных далонях, а потым і цалую — як за штосьці ўдзячны.
І за ўсмешкай Наташы мне ўспамінаюцца тры ўсмешкі іншыя. Адну з іх бачу я сам, другую ўяўляю, а трэцяя ўспомнілася здалёк.
Усмешка першая.
Так усміхалася Леначка, мая пляменніца, Раманава дачка. Вось ужо трыццаць два гады таму назад. Пасля партызан я трохі працаваў, да фронту, у ваенкамаце, і неяк увосень, прыехаўшы з Мілтачоў, спытаўся ў малое:
— Ну, чыжык, дзе ж табе лепей у школу хадзіць — у лесе было ці тут?
— У лесе, — усміхнулася яна.
Лена бегала там у «зялёную школу», што была то пад лісцяной павеццю, а то і проста на траве, у сонейку. А тут цяпер балаціна ў Аўсяніках і школа спалена, вучацца ў цеснай хаце. Тая радасць дзіцячая, тая «зялёная школа» адкрыта была перад самай блакадай, якая, на вялікае шчасце, не адбылася, бо пачалося наступленне нашай арміі. Як на вулкане, дзеці смяяліся і гулялі, усю тую школу прымаючы як гульню…
Другая ўсмешка.
Яе я толькі ўяўляю. Зрэшты, мне цяжка гэта і ўявіць… Як ён, галоўны кат захопленай, разбуранай, акрываўленай Беларусі, намеснік Гітлера фон Кубэ, наведаўшы пекла жыдоўскага гета, даваў асуджаным дзецям цукеркі. Можа, якое з іх і ўсміхнулася? Што ж, святая нявіннасць… Можа, усміхнулася і тое — на руках у ката не з галоўных, а радавога, аднаго з вельмі многіх, калі ён, раней чым кінуць яшчэ адно дзіця ў агонь яшчэ адной вёскі, трымаў такую вось Наташу, ці Леначку, ці маю Алесю на руках, на нейкі момант… ледзь не чалавечых?..
Усмешка трэцяя.
Яна прыйшла ажно адтуль, дзе цвіла мая першая ліпа, усміхалася Тоня Латышка, дзе былі тыя нашы пачуцці… А ці не можна лічыць іх нават першым каханнем — хто ведае?.. Адтуль усмешка тая, дзе святкавалася перамога маленства, дзе былі наш смех, нашы гульні па бачных-нябачных могілках і пажарышчах, дзе была шчаслівая натуральнасць, жыццёвасць нашай мудрай дружбы. Адтуль усмешка, дзе быў боль, адчуванне вялікай крыўды, вялікай несправядлівасці, калі дарослыя — дзеля дурнога, дзікага смеху — страўлівалі на бойку нашых сяброў — Валодзю Казака і Толю Немца.
Гэты боль, гэты сум ідзе са мною ўсё жыццё, то аціхае і далёка адыходзіцца, то зноў возьме вернецца, зусім нечакана. Так было мінулай зімою, калі я доўга ляжаў у бальніцы і вельмі многае ўспаміналася неяк зусім па-іншаму, спакайней і глыбей, чым гэта было б на сене, пад шум абложнага дажджу.
І вось цяпер, пад ліпай, згадалася зноў.
…«Бі яго, немца!.. Дай донарвэтару!.. Валодзька, які ж ты казак?!»
Ён стаяў у натоўпе дарослых, мой мілы Валодзя, разгублена глядзеў на аднаго, на другога, на ўсіх… Сямігадовы сірата, вясёлы, чарнявы, з адмецінай на лобе, загоенай ранкай ад вострага «чыжыка». Яго штурхалі ззаду ў той бок, дзе стаяў яго «вораг», а ён упіраўся, аднекваўся.
«Вораг», яшчэ марнейшы хлапчук Толя Немец, зацкаваны, пануры і як быццам вінаваты, стаяў у шчыльным акружэнні дарослых і малых, яшчэ ўсё азіраўся, дарма шукаючы дзіркі ў гэтым жывым частаколе.
«Толя, не бойся! Вунь ён смяецца з цябе! Падумаеш, казак — украў разак! Ану, давай!..»
Тут іх, нарэшце, штурханулі так, што нібы кінулі аднаго на аднаго, і хлопчыкі, балюча стукнуўшыся, счапіліся. Якая там бойка, больш валтузня, бездапаможнае размахванне рукамі, певунова наскокванне ў твар адзін аднаму. А стомяцца ды спыняцца — іх зноў штурхаюць-кідаюць: Немца на Казака або наадварот. І ўсе рагочуць, усе крычаць сваё: «Дай яму! Дай! Вунь ужо, бачыш, і юшку пусціў!..»