— Што, — зверху спытаўся дзядзька Іван, — сабраліся вераб'і ды вошай б'юць? Здароў, Раман! — І на Мурзу: — Ай-ёячкі, які ж ты страшны! Сціхні! Ну!..
Над шчанюком, малым і ўедлівым, — вялізны чалавечына, Чэп-дрэп. І мы з Казаком засмяяліся. Мы ўжо даўно ведалі, чаму дзядзьку Івана так празываюць. Дзед Богуш, — гэта яшчэ даўней было, — купіў у Мілтачах гадзіннік-ходзікі, а дадому вярнуўся позна, калі малы Іван ужо спаў. І ўранні ён, як на сваю бяду, расказваў дзецям на вуліцы:
«А шоння ноччу я прачнуўша і не шпаў, і мяне шон не браў. Бо на шчане ў наш нешто ўшо: чэп-дрэп, чэп-дрэп!..»
Дзядзька Іван вельмі добры. Ён і карміў мяне з Шурам не раз, і з печы нас не праганяў, калі ў іхняй хаце былі вечарынкі, і стрыг абодвух «пад бручку». Шуру глядзіць ён, як маці, а сам такі здаравенны, што хату, здаецца, падніме, і такі даўгатвары, што можа ўзяць, і браў ужо, у рот гусінае яйцо, зубы і губы стуліць, а яно потым цэлае…
Аднойчы ў нядзелю, калі мы ішлі купацца, разам вялікія і малыя, вялікія пачалі на лузе гуляць у чахарду. Адзін прыгнецца на калена нізенька, другі разбяжыцца — гоп! — цераз яго, і сам адбегся і прыгнуўся — для таго, хто за ім. І так — адзін за адным, адзін за адным. Спачатку толькі дзецюкі скакалі, а мы, падшыванцы, беглі збоку. Потым Шура не вытрымаў — разгаляваўся і гоцнуў цераз нашага Рамана. Ёсць! Разагнаўся зноў, падбег, адштурхнуўся аберуч ад крыжа свайго здаравеннага дзядзькі, таксама гоцнуў здорава і — ну, далей!.. Я, як і ўсюды, за ім. Цераз Рамана мне, можа, і ўдалося б, аднак я даў адразу на Чэп-дрэпа. Падскочыў, здаецца, нядрэнна, ды дзядзька Іван быў для мяне ажно вельмі задоўгі ды зашырокі, і я засеў на ягоным крыжы.
— Што ты там кешкаешся, як жаба на купіне, злазь! — па-бабску вякнуў ён і, трасянуўшы азадкам, скінуў мяне ў траву.
А ўжо тым часам цераз яго махнуў наш Раман. І сам Чэп-дрэп усхапіўся, паляцеў да крайняга. І мне прыйшлося ўсіх даганяць. Было і крыўдна, і весела, і ганарыўся я нават, што вось і пасядзеў хоць трохі на такім вялікім!..
Тое адчуванне — крыху гордае, а значна больш вясёлае цяпер — вярнулася да мяне; дзядзька Іван, Чэп-дрэп — такі здаравенны, а я каб трошкі, дык і пераскочыў бы!.. А тут жа яшчэ і Мурза, і шпак, і сонейка!.. І вось мы з Казаком, як згаварыўшыся, смяемся. Нібы з таго, што мой цюцька зусім не баіцца вялізнага дзядзькі Івана, а дзядзька наш сказаў ніколі не чутае — пра вераб'ёў, якія вошай б'юць.
— Ну, вэк, малыя, — загадаў Чэп-дрэп. — Давай, Раман, рэзаць. А то мне скора і хлеб ісці даставаць.
Тут ён заўважыў на канцы палена наш раздвоены-растроены надрэз і ўцяміў:
— Качулкі захацелася? Мы вам іх зараз нашастаем.
Разак — нібы зусім не той: шах-мах, і вось яны, адна за адной, адваліліся ад палена на зямлю і не забрудзіліся — дзве качулкі. Чысценькія, кругленькія, з бяроставай скарыначкай — яшчэ адна радасць прадвесня. Як яны пахнуць у нашых руках і як гэта добра — спрытна шпурнуць качулку, каб пакацілася да таго, хто яе адаб'е кіем назад на цябе, каб ты адбіў, каб яна пакацілася, паскакала па нашай падсохлай вуліцы, а то і загула над зямлёю, нібы снарад!..
І мы з Валодзем, а Мурза за намі, пабеглі з двара.
У той дзень цэвак сукаць не трэба было, бо мама не ткала. Яны з цёткай Жэняй снавалі новае. Сярод хаты — мала яшчэ тых кроснаў было! — стаяла рыплівая сноўніца, мая мама снавала, размахваючы сноўніцу, а Валодзева пільнавала клубкоў.
Гэта ўжо мы з Казаком засталі іх так, калі, да потнай стомы нагуляўшыся, вярнуліся да нас.
Шырокая на ўсю хату сноўніца, ганяючы вецер, шугала, як карусель, пра якую аднойчы расказваў Раман; мы асцярожна абышлі яе каля самай сцяны, прабраліся да стала.
— Ужо і поўдзень, богу дзякаваць, — сказала цётка Жэня.
Цяпер я разумею, а тады не разумеў, што гэта ў яе быў намёк. Дома дык цётка і спыталася б у Валодзі: «Есці ўжо хочаш, сынок?» Мама намёк той зразумела.
— Вось даснуем яшчэ гэта, — сказала яна, — дый будзем абедаць. І Раман з Іванам прыйдуць. Юрык, вы там кніжку якую-небудзь, пакуль што…
А мы з Казаком якраз пра гэта і дамаўляліся, ідучы з качулкі. Хоць і есці, вядома, хацелася.
13
Калі мы вярнуліся з бежанства, у нашай хаце мяне ўразіла мноства дзвярэй і іконаў.
Пазней стала ясна, што дзвярэй тых чацвёра: з двара ў сенцы, з сенцаў адны ў хату, другія ў кухню-бакоўку, чацвёртыя — з кухні ў хату. А як узяць усё ў адваротным парадку, дык гэта ж яшчэ з хаты ў кухню, з кухні ў сенцы, з сенцаў або на двор, або назад у хату… Як многа! Былі і пятыя дзверы, з сенцаў у каморку, але яны былі замкнёныя і не ішлі ў гульню — я толькі пастаяў перад імі і зноў кінуўся ў свой лабірынт. Не мог нацешыцца, бегаў, тупаў, смяяўся і крычаў, клічучы ўсіх падзяліць маю радасць ад гэтага дзіва.
А ў мамы з Раманам толькі і радасці было, што хоць хата не згарэла. Яны не бегалі, не смяяліся, і я іх радасці не адчуваў — была ў мяне свая.
Другое дзіва — малюнкі на покуці. Зноў жа, як аказалася пазней, іх было толькі восем, яны і тут называліся іконамі, і мама кожную з іх растлумачвала мне: госпад бог, святая багародзіца, божы ўгоднік, святыя анёлы… А я, хоць і раней, у горадзе, бачыў іконы ў тым пакойчыку, дзе мы жылі, і ў царкве, куды мяне мама вадзіла, цяпер, у хаце з мноствам дзвярэй, бачыў на мностве ашклёных малюнкаў сваё. Адзін дзед, тры дзяды барадатыя, адзін дзядзька, дзве цёткі з белымі крыламі, хлопчык у свае мамы на руках… А яшчэ і дрэвы, і рэчка, халаты нейкія, крыжы, кароны і ўсё іншае, што я ўжо мог назваць і чаго не мог, — усё гэта зялёнае, чырвонае, сіняе, залатое…
Апроч тых, што на покуці, быў яшчэ малюнак і ў міжваконні. Таксама пад шклом, але большы, і там былі белыя лебедзі, сіняе возера, зялёныя дрэвы і чырвоны замак, як мне сказаў пра гэты дом Раман.
На ўсе гэтыя дзівы-малюнкі я, першы раз у хаце, глядзеў не адразу, а добра набегаўшыся, нібы толькі тады іх і заўважыў. Потым на ўсё гэта глядзелася значна пільней, асабліва ў мароз ці ў слату, калі не пушчалі на двор і было вельмі сумна. Многа дзіцячай задумы цягнулася перад гэтым святым і не святым тандэтам. Думаецца цяпер: а каб жа не такая муць, а змалку добрае, мастацкае?..
Затое ж была ў нас прырода, якая кожны дзень паказвала ўсё новую ды новую красу, хвалявала і таямніцамі і іх штодзённым радасным раскрыццём. Уражвала і летняй шматколернасцю палёў, і нізкай навальнічнай хмарай з яркім размахам вясёлкі, і нечым зусім невялічкім, як тыя «люстэрачкі» — сінія пёркі на крылах качара або гудлівы чмель на малінавай шышачцы канюшыннай кветкі.
І былі яшчэ кнігі. Вельмі нямнога іх, але і такія былі, што з «цацкамі», як гаварылі мае новыя вясковыя сябрукі.
Карціну Мясаедава «Касцы» я ўбачыў у Рускім музеі ўжо на чацвёртым дзесятку гадоў. І так цікава было, па-даросламу, і ўсцешыўся, як ад сустрэчы з даўняй радасцю. Успомнілася «цацка» ў кнізе, якую калісьці гартаў — можа, з Тоняй ці з Казаком, а то і адзін, яшчэ не ўмеючы чытаць. Звычайная некаляровая застаўка. Адна з тых «цацак», што так вабілі, цягнулі да кнігі, да новых таямніцаў, няхай сабе спачатку падсвядома, але ж і моцна, пераканаўча гаварылі пра тое, што ў сталасці і для мяне, выкладчыка роднай літаратуры, стала называцца сувяззю слова, мастацтва з жыццём. І тыя касцы, адзін за адным, і тое жыта на кніжнай застаўцы, шорстка і залаціста спякотнае, і зеляніна ды кветкі пустазелля, і злёгку бела-воблачнае неба — усё такое бачыў я і на нашым полі.
Вялікі свет быў тады значна большы, бо і ва ўсім найменшым, калі пільна прыгледзецца зблізку, ён быў вялікі. І ўжо не толькі кніжная застаўка, але і значна меншая «буквіца», «сюжэтны ініцыял», з якім-небудзь васільком у траве ці ластаўкай у палёце мог усхваляваць на ўсю душу. Іменна сувяззю з усім тым, што акружала мяне, што ўражвала паэзіяй, музыкай казкі, якое так прагне кожнае дзіця.
Літары мне паказаў і складаць іх — да школы, расейскія — навучыў Раман. Далей пайшло ў мяне само.
Перш за ўсё — подпісы пад малюнкамі. Адны літары растлумачвалі тыя малюнкі, а іншыя рабілі іх нават яшчэ больш таямнічымі. Так было, скажам, з «венгерскай пуштай», дзе калодзежная вага. Дзіцячых кніжак у нас не было, яны прыйшлі пазней, у школе, і прабівацца да цікавага ў тых кнігах, якія былі ў нас ці ў Шуры, і ў тых, якія прыносіў ад каго-небудзь Раман, даводзілася нялёгка. Сам ён, Раман, чытаў вельмі многа, «абы дарваўся», як гаварыла мама, але часцей за ўсё моўчкі. Памятаю толькі «Дуброўскага», якога ён па мамінай просьбе прачытаў уголас, аднак з усёй аповесці мне з тых зімовых вечароў найжывей помніцца сцэна пажару, калі каваль Архіп, са сваім «как не так», ратаваў на страсе палаючай адрыны кошку. Памятаю і сон Раскольнікава са «Злачынства і кары», бо толькі той сон Раман і прачытаў нам, маме і мне. Пра тое, як п'яныя дурні — толькі так мне тады здавалася — білі да смерці каня, а хлопчык Родзя цалаваў яго і плакаў…
Мама смяялася з мяне: «Во дзе лёгкі на слёзы, як сабака на сік!..» А з ёю і Раман тады смяяўся. Перад мамай я толькі апраўдваўся: «А сама ты не плачаш?», бо і ў яе вачах часам відаць былі слёзы, і я, мусіць, пайшоў па ёй. А ад Рамана лепш было абараняцца злосцю. Але і ў злосці я яшчэ плакаў, калі ён смяяўся, пацвельваўся. Хоць ён і добры быў са мною малым, а потым, калі я вырас і мы з ім, пры розніцы ў адзінаццаць гадоў, як быццам зраўняліся, абодва сталі дарослымі, — добра дружылі. За ўсё жыццё ні разу не пасварыліся. Для нашай мамы ён не быў ніколі пасынкам, а мама для яго — ніколі мачыхай. Перад вайною Раман гаспадарыў, пасля вайны з яе партызаншчынай зноў застаўся ў Аўсяніках, просты, сумленны рабацяга-калгаснік. Пазалетась, калі ён памёр і я, развітваючыся з ім на могілках, укленчыў на снезе каля труны і дакрануўся лобам да яго сцюдзёнага лоба, мяне скаланула ад думкі, што я ўжо так і не скажу яму тых добрых слоў, якіх чамусьці ўсё не гаварыў…
У сталыя гады, падумаўшы калі-небудзь пра свой характар, з усёй яго сумессю нейкіх усё-такі плюсаў і мінусаў, я спрабаваў разабрацца, адкуль яна ў мяне, тая жаласлівасць, нават павышаная, ці што? Сказаць, што ад фізічнай кволасці або ад лішняй баязлівасці — не скажу. І ў вайну, што ў партызанах, а што і потым, на фронце, дастаткова было магчымасцей пераканацца ў адваротным. Дый перад гэтым, у юнацтве і ў маленстве, я быў не з апошніх: здаровы, дужы, ахвотна смяяўся і спяваў. Калі, скажам, Валодзя або Зяма былі хлапчукі далікатныя, дык Шура ў маленстве бываў і не такі ўжо часам добранькі, любіў камандаваць мною. Часцей за ўсё я слухаў, бо і меншы на два з гакам, і па дружбе. Але неяк, калі я памагаў яму браць бульбу з іхняга пограба, ён так ужо закамандаваўся, што мы з ім і счапіліся. Ды не счапіліся нават, а я схапіў з вушака іх вялікі замок за адкрытую дужку і кінуўся да Сцягача, а ён — на здзіўленне маё пасля — сумеўся, ці што… Здалося нават, што спалохаўся мяне, і я тады спалохаўся таго, што мог бы, што хацеў зрабіць… Гэта было ў нас першы і апошні раз. Наогул — біцца я не любіў і не ўмеў. Раззлуешся, яшчэ не ўдарыш, а ўжо і шкада…
Гэта ў мяне цяпер — не пахвальба, не самалюбаванне, а цёплы ўспамін пра тое, як добра было кагосьці пашкадаваць, і не проста кагосьці, а чалавека, жывёлу ці птушку. Хоць жаласць тая была для цябе не заўсёды цёплай.
Валодзева маці, цётка Жэня, часта хварэла.
Тады ўжо ў іх была свая хатка на агародзе, за хатай-каморай-хлявом Каці Курыцы, усё-такі памяркоўнай сваячкі, што дазволіла ім прытуліцца на сваім пляцы. Хатка ў Паганкі малая, па сірочай беднасці ды па людской літасці збоцьканая з сякіх-такіх аполкаў ды канчароў. Але зімой яна, на мой дзіцячы розум, была вельмі прыгожая. Ад іскрыстага інею на сценах і столі, ад узорыстай намаразі на несуцэльных шыбінах. Асабліва прыгожа было, калі з двара свяціла ў хатку сонца. Аднак жа ў гэтай снежна-іскрыстай казцы, увайшоўшы з двара, з марозу, нават і ў кажушку неўзабаве рабілася холадна — аж да касцей, калі даўжэй пабыць.
Часта выходзіла чамусьці так, што калі я прыходзіў у гэтую хатку не так сабе, а прыносіў хворай ад мамы цёплага ў загорнутым гаршку, Валодзі дома не было. Толькі яго навінка — пісклявая самаробная скрыпка маўчала на сцяне, акалеўшы ад холаду, заінелая…
Валодзева мама, калі не хварэла, часцей за ўсё была вясёлая. Яна мяне называла цёзкай. Таму, што і яна ў сапраўднасці не Жэня, як я — не Юрка. Калі яе маленькую хрысцілі, кумы, вярнуўшыся з Мілтачоў, ушчэнт забыліся на марозе, якое ж гэта імя даў дзяўчынцы бацюшка. Таксама з кніжкі, па «святцах».
— Як жа так? — не адзін раз расказвала смяшлівая ды галаганістая цётка Жэня, як быццам сама яна ўсё гэта чула і разумела. — Ну, кажуць тыя кумы, як гэта ў нас бывае зімою, калі добра падзьме? Замець? Кудаса? Завіруха? Мяцеліца? Усё не так. А потым і схамянуліся: «Зімавея!» Вядома ж, дзеравенскія! Гэта яны так Зіновію панялі. А нашы кажуць: наліха нам тая Зімавея, няхай будзе Жэня. Вось я і Жэня. І добра.
Цяпер цётка Жэня ляжала на халоднай печы моўчыкам, накрыўшыся ўсім іхнім лап'ём, і толькі ціха павойквала. А мне хацелася хутчэй уцячы — і ад таго, што яна так многа дзякуе маме і мне, і ад таго, што дома ў нас і цёпла, і ўсё ёсць, а яна, маці майго таварыша, у такой вось галечы ды ў сцюжы, і ад таго, што цётка Жэня не есць, пакуль цёплае, як мама прасіла ёй перадаць, а кажа: «Я пачакаўшы, я не галодная…», як быццам я не ведаю, што есці гэта будзе потым Валодзя… І мне ад гэтага ўсяго было да болю сорамна, нават і сцішна — і так, і для нашай з Валодзем дружбы. А ўсё ж і назаўтра, і колькі б разоў мама ні пасылала мяне ў тую жахліва-казачную хатку, я ахвотна ішоў, і стараўся ісці з загумення, «каб не вельмі хто бачыў», але ж і рад быў, зноў не застаўшы Валодзю дома…
Толя Немец жыў ненамнога лепш за Казака. Праўда, хата ў іх была цяплейшая, хоць і старая, і сама цётка Каця была, як гаварылі, не такая «піцерская» ды «нямоглая», куды больш за Паганку хадзіла на ўсякія заработкі. Аднак яе зацюканы, нейкі перапалохана вінаваты Немец хадзіў заўсёды недагледжаны.
Неяк зімою я яго пашкадаваў, што шапка парваная, летняя кепачка з такою дзіркай, што аж касмыль адтуль тырчыць. Я яму вынес на вуліцу сваю старую аблавушку: мне цеснаватую, а ён жа меншы за мяне больш як на год. На вуліцы нікога не было — я так падпільнаваў. Аднак жа, колькі я яго ні ўгаворваў, Толя шапкі не ўзяў. Можа, таму што на мне аблавушка была навейшая? Ці не хацеў, каб нават праз акно хто-небудзь гэта ўбачыў? А можа, таму, што мы з ім ўсё-такі па-сапраўднаму не сябравалі?..
Цяжка сказаць і сёння, чаму ён тады так занурыўся і пайшоў ад мяне, ледзь не да слёз уразіўшы, збянтэжыўшы маю, няхай сабе, можа, і кніжную трохі, а ўсё ж і шчырую спагаду.
А помніцца тое і сёння яшчэ ўсё прыкра. Гарчэй, чым наведванне Валодзевай казачнай хаткі.
14
Пра долю сіраты пры ліхой мачасе мы змалку многа чулі ад нашых мам і бабуляў. Праўду народных казак і песняў яны звычайна пацвярджалі новымі жывымі фактамі, убачаным і пачутым за век у блізкім і далейшым наваколлі.
Амаль зусім, а то, здаецца, і зусім не чуў я тады пра горкае сіроцтва каго-небудзь старога. Відаць, таму такой дзіўнай і страшнай здалася мне смерць дзеда Кеды. Абодва яго сыны загінулі на вайне: адзін ужо быў жанаты, толькі дзяцей не пакінуў, і вось пры нявестцы дзед Кеда дажываў сваё. Як дажываў — пра гэта можна меркаваць па тым, што памёр ён у сенцах, проста на таку каля сцяны, у той самай старэнькай сярмязе, у якой яго можна было і ў мароз, і ў слату, і ў спёку ўбачыць на вуліцы ці на прызбе. Так яго ўранні суседка і ўбачыла ў Кедавых сенцах: дзед ляжаў, можа, яшчэ звечара ўпруцянеўшы, а на ім сядзеў і заходзіўся брэхам верны сябрук, малы, уедлівы Курта. Нявестка, мардатая Тэкля, яшчэ не ўставала: «Нешта ў мяне галава…»
Цётка Анэта, наша суседка цераз вуліцу, вясной або ўлетку, у нядзелю ці ў свята якое выходзіла на грудок перад іхнім гародчыкам, садзілася на зямлі і, абняўшы аберуч калені худых босых ног, доўга сядзела так — моўчкі, адна.