Бачыць самога сябе з вялікай адлегласці бывае вельмі прыемна. Бо бачыш не проста самога сябе, а сябе найлепшага, без памылак-грахоў і балючых дакораў сумлення. Бачыць сябе таго — дапытлівага, чыстага, вясёлага — выразна бачыць, дзякуючы дараванай узростам ды вопытам дальназоркасці, мудра асцерагаючыся залішняга самалюбавання, прэсна расчуленага на старэчы лад, — тут адчуванне незвычайнае, крыху падобнае да таго хвалявання, з якім разглядаеш ніколі дагэтуль не бачаны твой вельмі даўні фотаздымак, які ў кагосьці нейкім цудам захаваўся.
Тым больш хвалюе гэта, што на здымку ты не адзін, а з тымі, з кім табе добра было, каго так радасна ўспамінаць.
…Вось яно едзе, маё маленства, на нашым гнедым кані, з мамай і нашым Раманам на возе, у перадку якога, спіной да каня, сяджу я — трохі сам, а трохі мой, цяпер прыдуманы, літаратурны герой — усё ў адной асобе. Асобе гэтай шосты год, той узрост, калі на пацеху табе хтосьці добры часамі весела скажа: «Вунь ты які ўжо герой!..» Ён сабе, гэты смаркаты герой, едзе па пыльным, шырокім гасцінцы, ужо ў канцы летняй святочнай раніцы, калі той дзень неўзабаве пяройдзе ад свежага, звонкага халадку да нуднае, потнае спёкі, ён сабе едзе… значыцца, я сабе еду, і мне вельмі добра. Гнеды тупае шпарка, з горачкі нават трухціць, аднак наш Раман, намнога старэйшы за мяне мой брат па бацьку, час ад часу ўсё ж падварушвае яго ляйчынай. Мацней ляпнуўшы па конскім баку і сцягне, старая, няжорстка сырамятная ляйчына значна слабей, нібы між іншым, кранаецца майго пляча. Раман і мама не заўважаюць гэтага, а мне прыемна, што я ўжо таксама вялікі і мне не баліць. Раман і мама гавораць пра штосьці сваё, дарослае, я гэта чую — не чую. Я перш за ўсё і больш за ўсё шчаслівы, што еду, і еду вельмі далёка. І вельмі незвычайна гэта, што ўсё навакольнае раскрываецца мне не так, як заўсёды, спераду, а з'яўляючыся адразу злева і справа, наплываючы з-за спіны. То поле абапал гасцінца, то луг, то старыя карэлыя бярозы і шырокацяністыя клёны прысадаў, то танкастволы і пярэсценькі гушчар бярозавай кудзеркі гаю на ўзгорку, то хаты, і платы, і дрэвы, і куры, што купаюцца ў пяску, і людзі, што сядзяць на лаўках, абапал вясковай вуліцы, то зноў поле, і луг, і бярозы…
Лета далёкага 1923 года. Зноў вялікае падарожжа, другое пасля вяртання з бежанства, якое, зрэшты, малому помніцца даволі цьмяна і абрыўкамі і ўжо за два гады шмат у чым перакрылася свежымі, яркімі фарбамі і гукамі новых, вясковых уражанняў. Па тым, дзіцячым, вымярэнні часу два гады — вельмі многа. Пасля вялікага падарожжа ў таварным вагоне мяне на доўгі час — на цэлыя два гады! — замкнулі ў маленечкім на ўсёй Зямлі, але ж вялізным для дзіцяці свеце. На поўдзень ад цэнтра гэтага свету — ад нашай хаты, двара, агарода і прыгумення — быў пастаўнік, а потым шырокі гасцінец — мая граніца, цераз якую перайсці без дазволу, з большымі дзецьмі, мне давялося дагэтуль раз ці два. На ўсход, за апошнімі хатамі вёскі, быў выган, за ім — вялікая кругліца поля і той далёкі луг, куды мяне аднойчы бралі на сенаванне. На поўначы, за полем, была суседняя, найбліжэйшая вёска, Рута, адкуль наша мама, дзе жыве яе малодшы брат, дзядзька Алесь, які часта прыходзіць да нас, і куды я з мамай некалькі разоў хадзіў. На захад еду я толькі цяпер, упершыню, еду ў далёкі свет, кажуць, за дзевятнаццаць вёрст, у тыя таямнічыя Яры, таксама вёску, з якое да нас, толькі летась вярнуўшыся з бежанства, разоў некалькі прыязджала цётка Аксеня, маміна сястра, малодшая і за дзядзьку Алеся.
— Што, пасажыр, нацешыўся?
Раман смяецца, гледзячы на мяне. А мама, пакуль я паспеў адказаць, пацяшае:
— Яшчэ тры вярсце.
Мы ехалі, ехалі па ўзбоччы гасцінца, а потым Раман сказаў:
— Ну, пасажыр, трымайся!
Воз павярнуў у той бок, дзе мая правая рука, потым ён раптам шухнуў уніз. Трымаўся я за сена пад сабой, але ўсё роўна адкінуўся на спіну і над сабой спалохана ўбачыў неба. Потым воз ірвануўся ўгору, я зноў убачыў маму і Рамана. Мама працягнула руку, схапіла мяне за запясць і пасадзіла. Воз зноў пакаціўся роўна. Цяпер направа ад мяне вельмі блізка хілілася да нас калоссе жыта, а налева была нізкая пакоша. Мы ехалі па ўзмежку лугавой дарогай. Пасля жыта пайшоў авёс, і над аўсом я ўбачыў штосьці незвычайнае…
Нейкая чорная, вялізная капа, непадобная на копы сена, несамавіта ўзвышалася над сіва-зярністаю зелянінай аўсянага поля.
— Мама, што гэта?
— Гэта? — перапытала яна. — Гэта калючы дрот.
Я ведаў дрот — ім абгароджвалі поле ад пашы, нацягвалі на нізкіх слупчыках адну бясконцую калючую драціну; ім адгароджваліся, у некалькі драцін, да суседняга агарода. А гэта?
— Чаму такі дрот?
— Што тут табе сказаць? — за маму адказаў Раман. — Тут нядаўна праходзіў фронт. Вайна была. Такія провалачныя заграждзенія. А цяпер іх сцягнулі, у копы сабралі. Потым забяруць. Во, зірні — яшчэ адна. Не туды, на пакошу глядзі.
Спачатку мне, як я ні стараўся, не ўстаючы, выхіліцца з-за конскага зада, нічога не было відно, а потым паказалася, зусім ужо блізка, вялізная, чорна-карычневая калючая капа, наматаная з дроту, як недарэчна кантовы клубок.
— Ужо і заржавеў не адзін раз. Мо і крыві было на ім…
— Раман, не трэба так пры дзіцяці.
Яны памаўчалі. А потым зноў паказалася незвычайнае. Над полем, справа ад мяне, дзе ўсё было то жыта, то авёс, то зялёная бульба, то зноў жыта, то яшчэ адна драцяная капа, пасля з'явілася высозная будыніна. Не як гумно, не з дрэва і не з высокаю саламянай страхой, а як царква, але і не царква, бо без сіняга купала, як у тых Мілтачах, цераз якія мы праязджалі, а неяк дзіўна зверху абламаная. Я не паспеў спытацца, што гэта, бо тут наша мама сказала, гледзячы туды ж, куды і я:
— І цэркаў святую нехрысці не пашанавалі. Трэба ж так збіць!
— З цяжолай арцілерыі, — растлумачыў Раман.
Зноў невядомае, зноў хочацца спытаць: «А што гэта? А хто?» Ды тут наш Гнеды спыніўся, і я адразу ж пачуў, як ён за мной, за плеценай сценкай палукашка шчодра цурболіць на зямлю. А Раман яшчэ і падсвіствае.
— Устань, можа, Юрык, — сказала мама і падала мне руку. — Твае і ножкі, мусіць, памлелі.
Ух ты, як здорава!.. Я стаяў на нашым возе, і ніхто мяне не трымаў, а навокал было так далёка відаць. Там, дзе за полем тырчала тая абламаная царква, былі яшчэ стрэхі будынкаў і дрэвы. Вёска. А на другім баку, за пакошай з рэдкімі, але вялікімі чорнымі копамі дроту, было зелена трохі інакш, і мама мне адказала, што гэта ўжо яроўская паша. А на той пашы воддаль стаяў задзёрты ўверх шэры кручок над нейкай шэрай скрыначкай, побач з якой працягнута шэрая палоска. Я здагадваўся, што гэта, бо яно і ў нашай вёсцы ёсць, але ж мне было вельмі добра так во стаяць, зверху глядзець на ўсё, пра ўсё пытацца, і я спытаўся:
— А там вунь што?
— Не дурыся, — усміхнуўся Раман. — Сам добра бачыш, што гэта калодзеж з вагой і карыта.
— А там? — паказаў я на жоўта-зялёныя ўзгоркі за зелянінаю вялікай, роўненькай пашы.
— Там ужо Яры, — сказала мама.
— Там, дзе Люда жыве?
— Там, там.
— Там, дзе наш певень жыў?
— Ат, бэйбус! Песцішся, як малое. Садзіся вот, бо паляціш.
Гнеды наш зноў затупаў, нават ужо ахватней. Ды я паспеў плюхнуцца ў перадок, у ямінку ў сене, не паляцеў на зямлю.
Зімою цётка Аксеня прывезла нам залаціста-чырвонага галагуцкага пеўня і цэлую торбу гароху. Гарох быў буйны і смачны, яшчэ не сухі, бо толькі што абмалочаны. Добра было глыбока запусціць руку ў тую белую торбу, адчуць, як халадок варушыцца між пальцаў. А пеўню развязалі ногі, ён гупнуў з цётчыных рук на падлогу, і мама сказала: «Во жарабец!» Не паспеўшы спытацца, ці можна, я сыпнуў яму жменю гароху. Гарошыны спружыніста падскочылі ўраздроб і раскаціліся па чыстых, учора пад вечар вымытых дошках падлогі, хто да парога, а хто і пад ложак. Певень спачатку спалохаўся, а тады пачаў стукаць сваёю дзюбай па дошках, і вясёлыя гарошыны адна за адной знікалі ў яго вялікім, залацістым валляку.
— Пад печ ганіце, — сказала цётка, — а то ён тут вам і падзякуе на чыстае.
А вясной, на Вялікдзень, цётка Аксеня прыехала ўжо не адна, а са сваім чорнабародым Міхаілам і з іхняй Людай, маёй дваюраднай сястрой. З Тоняй Латышкай я тады яшчэ не дружыў, і з Людай нам было так весела, мы так многа бегалі, смяяліся. На двары і на вуліцы было ўжо амаль усюды суха, у садзе нават расла ўжо трохі трава, і я паказаў маёй госці, як мы з хлопцамі пазаўчора куляліся, убачыўшы першага бусла.
— Гэта трэба вось так, — тлумачыў я, хоць Люда і старэйшая на цэлы год, — калі ён прыляціць, дык трэба так вось перакуліцца.
Важна было паказаць. Я ўкленчыў на рэдзенькай траве, прыгнуўся лобам да сырой зямлі, упёрся ў яе рукамі і, падбрыкнуўшы, кульнуўся. Карак трохі балеў, і лоб зямлёю замазаўся, аднак я быў на вышыні.
— І насі хлопцы куляюцца, — сказала Люда. — А мы, дзяўцяты, не.
Яна, хоць і старэйшая, а трохі шапялявіла, і не з пястоты, а так выходзіла. І смешная была, вясёлая. Сказала чамусьці і так:
— Ты, Юрык, мой дзядзька. Не брацік, а дзядзька. У цёткі Ганны ты сынок, а я ў яе ўнуцька-суцька.
І засмяялася, і пабегла. А я — за ёю.
4
На тых узгорках, якія градой узвышаюцца за вялікай пашай, там, дзе ў глыбокай даліне хаваецца Людзіна вёска Яры, там і далей на поўдзень і поўнач калісьці была нямецкая лінія. З верасня 1915-га да студзеня 1918 года на гэтай лініі стаяла «ў стратэгічнай абароне» войска баварскага прынца Леапольда, генерал-фельдмаршала. Амаль таксама, як і ўся нямецкая армія, з агаворкай пра ўсебаковую і нязменную перавагу прусакоў, баварцы, хоць у асноўным ландвер ды ландштурм, пажылыя апалчэнцы, былі загадзя добра абучаныя, узброеныя найнавейшай тэхнікай і культурна ўбетаніраваныя ў зямлю. Як сведчыць «душа германскага генеральнага штаба» Эрых фон Людэндорф, пазней адзін з галоўных настаўнікаў Гітлера, баварцы былі да таго ж на належным узроўні «eisener Fleiss», незвычайнай, нястомнай, даслоўна — жалезнай руплівасці на службе кайзеру і фатэрлянду.
Слова «калісьці» падкрэслена мною цяпер, з гістарычнай дыстанцыі. А ў той далёкі дзень майго шчаслівага падарожжа, у разуменні і адчуванні мамы і Рамана і ўсіх дарослых людзей, той расейска-нямецкі фронт, тая вайна — была зусім нядаўна. Бо на немцах яна не закончылася: пасля іх была «свабода», потым белапалякі, тады бальшавікі, зноў палякі, якія і ўсталяваліся ў нашых мясцінах са сваімі панскімі парадкамі, якія пасля «свабоды» былі працоўным людзям вельмі не да душы.
А мне і Людзе, да якой я прыехаў, усё такое было і недаступна, і цікава толькі па-нашаму, для гульні. «Унуцька-суцька» дома была яшчэ весялейшая, чым у нас, бо госцем быў ужо я, і ад гэтага яна стала як быццам больш, чым на год, старэйшая за мяне. Да таго ж у яе была сяброўка, Наста, зноў жа трохі старэйшая, ужо за нас з Людай абодвух, і я пры іх стаў такім, што хоць за ручку бяры. Але прыкра ад гэтага не было. Нават і тады, калі мы, нагуляўшыся на Людзіным і Насціным дварах і на вуліцы, пайшлі «сценкаю», палявой дарогай, а потым зарослай мяжой з кустамі калючай шыпшыны і апынуліся на зялёным абрыве над глыбачэзным ярам, і Наста, а потым і Люда ўзялі мяне за абедзве рукі. Яр быў такі глыбокі, што не толькі высокія густыя кусты ляшчэўніку на яго крутых схілах, але і старыя яліны на дне былі зусім унізе. Я, праўда, не дрыжаў са страху, што дзяўчаты захочуць звесці мяне ажно ўніз, але ж, прызнацца, і баяўся. Моўчкі баяўся, сам сабе, раптам жыва згадаўшы, што расказвала мама зімою. Як гэта тады яшчэ, вельмі даўно, калі цётка Аксеня ішла сюды замуж, ёй далі ў пасаг карову, і тая карова ніяк не ўмела сыходзіць у яр, пасвіцца разам з другімі на схілах. «Стане, бедная, і са страху раве. А потым яе другія каровы сапхнулі ў той роў. І прыйшлося дарэзаць…» Я, вядома, уніз пайшоў бы, калі б дзяўчаты ішлі, аднак яны мяне туды не павялі, бо дома ім было вельмі строга загадана (сам Міхаіл загадаў) гэтага не рабіць. Мне толькі зверху паказалі штосьці светлае ў зеляніне, на дне яра, побач з лапінай гліністай дарогі, дзве каляіны і конская сцежка якое зноў зніклі ў кустах. Наста сказала:
— Гэта бліндаж. Цы-ман-то-вы! Іх тамака многа. І ў гэтым рове і ў другіх.
А Люда растлумачыла:
— Там былі немцы.
Ціха сказала гэта і таямніча, нібы і страшачы, і сама баючыся…
Калі мы пад вечар, з мамай і Раманам, вярталіся дахаты, на вялікай яроўскай пашы я яшчэ вельмі здалёк убачыў тую шэрую вагу над калодзежам і не тады, вядома, а потым зразумеў, што гэта яна была і засталася для мяне найбольшым уражаннем з той франтавой паласы, якую ў нас і тады называлі, і цяпер яшчэ людзі старэйшыя называюць «лініяй Гіндэнбурга».
…Шэры кручок вагі, самотны шэры журавель — адзін тырчыць на зялёным бязмежжы…
Нашы Аўсянікі, калі глядзець на іх збоку, з гасцінца, тырчалі і яшчэ тырчаць у неба высокімі, улетку густымі, зімой бязлістымі кронамі рэдкіх, вышэйшых за будынкі дрэў, сярод якіх найвышэйшыя тры магутныя, несмяротныя ліпы, пад адной з якіх жыла мая Тоня Латышка. У зямлю наша вёска ўваходзіць, умацоўваючыся, як доўгімі, тоўстымі палямі, стваламі калодзежаў, нябачнымі збоку слупамі чыстай, сцюдзёнай вады. Адны з гэтых ствалоў даўжэйшыя, ідуць глыбей, некаторыя нават і вельмі глыбока, два найкарацейшыя называюцца крыніцамі, з іх драўляных, нізкіх зрубікаў ваду чэрпаюць проста вядром. Над калодзежамі, якія ў большасці з цымантовых кругоў, то цяжка клыгаюць, з поўным вядром, то гулліва ляскочуць, з пустым, круцёлкі з жалезнымі корбамі. І толькі над тым калодзежам, што на вуліцы, перад Суботавай хатай, вялікім крукам тырчыць у неба журавель, вага, адна на ўсю нашу вёску.
Гэта рыплівае, калі цягнуць ваду, а то ўсё больш маўклівае, шэрае збудаванне было для нас, малых, і велічным, і таямнічым. Нашу сталасць і сілу яно выпрабоўвала сурова і бязлітасна. Спачатку паспрабуй дацягнуцца рукой да вялікага драўлянага вядра, што вісіць на смыку. А ўчапіўшыся за тоўсты край вядра, часцей за ўсё мокры ад нядаўняга акунання, трэба ж перацягнуць вядро ў свой бок, каб потым ужо, натужна хапаючыся лапкамі за гладкі і таксама не тонкі для хлапечай жмені смык, прымусіць усю тую механізацыю задраць угару цяжэйшы канец вагі. Ён самым задам камля ляжыць на перакладзіне, а той канец, які танчэйшы і тырчыць у неба, трэба прыгнуць носам да зруба, каб вядро дайшло да вады і зачэрпала, хоць бы напалавіну. Ну, а наверх дастаць? Над зрубам не нахілішся, бо ты малы, на зрубе, на самым узмежку таго свету, не станеш — усе-такі страшна. Страшна, але ж і хочацца, аднаму перад адным. Таму нас і ганялі ад калодзежа — амаль усе, хто большы.
Строгая самавітасць гэтага незвычайнага збудавання парушалася толькі адзін раз у год, свавольнай купальскай ноччу.
Якое гэта было вясёлае свята, які, на жаль, кароткі вечар! Спачатку, па поўдні, кветак трэба на лузе нарваць, перш за ўсё тых, што завуцца купаллем. А хадзілі па кветкі не толькі нашы дзяўчаты, але і мы. З кветак разам вілі вянкі, вязалі крыжы і закідалі іх на стрэхі хат. Нават каровы ў той вечар вярталіся з пашы з вянкамі на рагах. А трэба ж было яшчэ прынесці з ямаў за вёскай пяску ў прыполах сукенак і кашуль, высыпаць сцежкі ад хаты да хаты, — хто каго любіць, хто да каго хадзіў бы ці ходзіць. І дзецюкам, і дзеўкам такое рабілі, і самі сабе, куды вясялей, размяркоўвалі такім чынам або намячалі нашы першыя сімпатыі.
А самае важнае, чым вызначаўся гэты вечар, яшчэ было наперадзе, пра яго нам, найменшым, можна было толькі здагадвацца, хоць і ніколі не ўгадаеш, што яны вычвараюць, тыя вялікія, дзецюкі і маладзейшыя мужчыны. Гэта тады ўжо, калі нас, малечу, нарэшце, расклічуць, разгоняць па хатах.
І вось уранні акажацца, што ўсяго, чаго мы спадзяваліся, так і не ўгадалі. Ну, добра — зноў нечы комін накрылі шкляною шыбай: глядзі, гаспадыня, ад прыпека ўгару — неба табе відно, а дым туды не ідзе, увесь на хату. У кагосьці знялі вароты і з дзвюх вярэяў зрабілі на вуліцы перад хатай буду. «Укралі» чыйгосьці каня, прывязалі за чужым гумном, нават і торбу з сечкай на храпу надзелі, каб не ржаў. Яшчэ і кароў суседзям мянялі ў хлявах, а то і чужога бычка паставілі падслепаватай бабе Агаце на месца зведзенай каровы — дой. І вялікая шыльда была на хаце ў Парасчыных. Бо звяглівая, быстрая цётка Параска сама звычайна стрыгла свайго папіхача Максіма. На шыльдзе той не толькі літары выпісаны: Парыкмахер, але і цётка намалявана, як яна верхам на дзядзьку сядзіць, біндзёжыць яго кудлачы вялізнымі авечымі нажніцамі.