Сярод усіх тых прыштукаў, за якія ніхто, каб надта, не злаваў (цётка Параска, вядома ж, уранні крычала на вуліцы), асаблівае месца займала вага. Яна была адна, не на нечым двары, а на вуліцы, гуртавая, а на дадатак — на ўзгорачку, і кожны раз яе каранавалі чым-небудзь іншым. На задзёртай дзюбе то барану павесяць старую, шаноўную, з яшчэ драўлянымі, вялізнымі зубамі, узяўшы яе ў некага з-пад страхі, то веснічкі вялікія туды ўсцягнуць, то лясныя сані без аглобляў… Для малога, ад саменькага нізу гледзячы, — проста цуд! Гэта ж табе не вянок карове на рог начапіць!..
А потым шэрая, высозная вага зноў па-будзённаму доўга, самотна тырчэла над зрубам, над вуліцай, нават над стрэхамі, над тымі дрэвамі, што ў садах.
Але не тая гэта была самотнасць, як у вагі, што так далёка ад нашай вёскі стаіць на зялёнай пустэчы…
Пазней, калі я ўжо кнігі не толькі гартаў, але мог і чытаць, тая не наша вага спалучылася для мяне з двума датуль не чутымі, загадкава незвычайнымі словамі: венгерская пушта… Вельмі проста цяпер разгарнуць энцыклапедычны том і ўбачыць: «Пушта, пуста (венг. рuszta, славянск. паходжання) — назва стэпаў у Венгрыі». Тады ж я тыя два словы праслібізаваў пад малюнкам у расейскім растрэсеным падручніку геаграфіі. Слова «венгерская» даволі доўга, а «пушта» яшчэ даўжэй чаравалі мяне сваёй таямнічасцю, абуджаючы ў прагным на новае ўяўленні цьмянае адчуванне, якое можна назваць падсвядомай патрэбай экзотыкі, да якое мы цягнемся з самага малку, як да вуголля, замурзана жуючы яго без найменшага паняцця пра неабходны дзіцячаму арганізму кальцый.
Адтуль жа, ад падсвядомай тугі па экзотыцы пазней прыйшла мая цікавасць і любоў да геаграфічнай карты з яе карычневымі, зялёнымі і блакітнымі адценнямі гор, раўнінаў і мораў ды акіянаў з іх рознай глыбінёй. Добра было разглядаць тыя карты, яшчэ больш прыемна — самому іх расфарбоўваць алоўкамі ці акварэллю. І ва ўсім гэтым быў свой глыбокі падтэкст, свая свядомая і несвядомая мара, надзея: ах, каб жа гэта і мне!.. А можа, яно і будзе?..
На ілюстрацыі ў старым падручніку была вага над калодзежам, доўгае карыта, раўніна і самотнасць — адчуванне ўжо знаёмае, што вось і набыло двайное, загадкава прыгожае імя: «венгерская пушта». Самотнасці зусім не перашкаджала тое, што пад вагою каля калодзежа былі чалавек і коні, якія пілі з карыта: я разумеў, што і вага, убачаная на чужой, далёкай яроўскай пашы, стаіць не так сабе, а каб у спёку пастухі паілі з карыта кароў. Аднак такое, праца яе, бывала рэдка, больш яна проста стаяла — адна ў чыстаполіцы…
Дома ў нас, за гасцінцам, які спачатку быў паўднёвай граніцай майго дзіцячага свету, віднеўся голы, самотны хутар, за ім прастора падсохлага куп'істага балота, тады святлейшае поле, а на полі, на ўзгорачку — яшчэ больш самотнае, здалёк маленькае дрэва. Яно таксама клікала кудысьці ўдаль, і да яго я за ўсё маё пражыванне ў родных Аўсяніках так і не выбраўся дайсці. Спачатку, па малалецтву, не змог, а потым, калі падрос і свет мой пачаў з кожным годам рабіцца ўсё большым, дрэва тое — з яго сумам ды заклікам — спакваля адыходзіла ў перажытае, ва ўспаміны.
А да вагі на яроўскай пашы я не вытрымаў-такі, нарэшце, падышоў. Хоць і не хутка, а ўжо як быў юнаком. Да цёткі мы ездзілі не часта, але рознымі порамі года. Упершыню ўбачаную ўлетку, вагу пасля бачыў я і ў асенняй імглістай аголенасці палёў, і ў белай сцюдзёнасці адзіноты зімовай. Зімою я і наблізіўся да яе, не падышоў, а пад'ехаў, вяртаючыся з Яроў. Снегу было яшчэ няшмат, самы пачатак зімы, і кабыла весела бегла па белі, з адным чалавекам ў лёгкіх санках. І ў чалавека было лёгка на душы, бо ў тых Ярах, якія ён, здавалася, добра ўжо ведаў, яго спаткала рэдкая ўдача. Дзякуючы Людзе, што з шапялявай ды смяшлівай шчабятушкі вырасла на талковую і прыгожую дзеўку, я даведаўся, што ў аднаго яроўскага пажылога бывальца ды кнігалюба ёсць Рубакін, «Апавяданні пра вялікія падзеі разных часоў і народаў», кніга з багатай, прынаднай назвай, яшчэ адна кніга, пра якую дагэтуль я толькі чуў. І вось яна ўжо ў мяне пад кажухом, над поясам! Дзядзька, сябар нябожчыка Міхаіла, ахвотна паверыў, пазычыў на цэлых два тыдні, «ну, а не зможаш, дык хай сабе і трохі надаўжэй». Радасць далёка не бібліятэчная, дзе безліч шчыльна застаўленых паліц і загадкава перапоўненых кнігасховішчаў; радасць — на малады апетыт самотнага, прагнага самавука, для якога ад кнігі да кнігі няпэўныя месяцы надзеі на ўдачу і часта многія кіламетры ад вёскі да вёскі. Ад новай рэдкай удачы мне і падумалася тады: «Ну, дакуль жа я буду ўсё міма ды міма свае венгерскае пушты? Паўкіламетра збочыць, ды яшчэ на зімовай дарожнай свабодзе». І збочыў.
Тады я ўжо ведаў, нават даволі даўно, што гэтая вага на працягу двух з нечым ваенных гадоў стаяла на нейтральнай паласе, паміж акопамі расейцаў і немцаў. Ні разу за той час не зарыпела, не апусціла ў застаялую ваду выпетранага ад многіх спёкаў ды сцюжаў драўлянага вядра, не асвяжыла першым попаўзам плыні доўгае, патрэсканае, ужо нібы па-музейнаму старадаўняе карыта-дзяўбунец…
Як выбухалі тут, навокал гэтага мёртвага вадапою, снарады, гулі-сіпелі асколкі і цёўкалі кулі?.. Чаму не збіла вагі — калі не снарадам, дык асколкамі?.. Няўжо і тут было чутна хрыпатае, дзікае штыкавое «ўра»?.. А потым, можа, і тут снавалі вялыя санітары і, набрыўшы на яшчэ адзін труп, утыкалі яго вінтоўку штыком у зямлю, прыкладам высока ўгару, значачы такім чынам яшчэ адну сваю нялёгкую знаходку?..
А можа, і тут, на гэтай пашы, якая за два пустыя леты ператварылася ў шчодра зарослы, чатыры разы не скошаны луг, па густой і намёрзлай траве якога, мякка топчучы разбітымі ботамі і шалпочучы поламі збуцвелых шынялёў, ішлі насустрач адны адным людзі, нарэшце, без зброі, — з усходніх акопаў салдаты ўжо не царскія, а з заходніх яшчэ ўсё кайзераўскія, — каб тут, у першым братанні, напіцца з аднаго вядра?..
Так я думаў тады, першы і адзіны раз у жыцці пастаяўшы каля свае даўняе загадкі. Ужо не дзіця, а без двух год салдат другой вайны, яшчэ шырэй, яшчэ глыбей, страшней сусветнай, ужо без братання…
Гэтай другой вайны, якая зноў жа здаецца людзям апошняй, калодзеж на пашы не перажыў, хоць і дайшоў, казалі, ад старасці. Едучы да цёткі Аксені пад восень 1944 года, пасля даўжэйшай разлукі, я ўжо не ўбачыў самотнай шэрай вагі. Аднак яшчэ праз трыццаць год, у службовай камандзіроўцы, яна мне прыгадалася ў новым, страшным падабенстве.
Далёка ад нашага Наднямоння, у трохі інакш маляўнічым магілеўскім Прыдняпроўі, на месцы колішняй, назаўсёды ўжо невядомай вёскі, спаленай гітлераўцамі разам з людзьмі, у лугавой, па-летняму раскошнай чыстаполіцы стаяў самотным помнікам шэры калодзежны журавель. Ужо не над вадой, заваленай у спарахнелым зрубе, з неяк ненатуральна строма задзёртай вагой і дубовай, тупой ды тоўстай рагацінай сахі, каля якіх бездапаможна звісаў і ад ветру пагойдваўся смык без вядра — як рука з адарванай далонню.
5
Хлопчык з вялікімі карымі вачыма, з даўно не стрыжанымі залатымі кудзеркамі, — як анёлачак з каляровай паштоўкі. І яшчэ прыгажэйшы, бо сапраўдны, жывы і мілы, няшчасны — хоць ты заплач. Тым больш што з вачэй яго коцяцца буйныя слёзы, а ён не можа іх стрымаць, як ні намагаецца.
Медсястра, пажылая жанчына ў белым халаце, разбінтоўвае яго адарваную вышэй калена ножку і строга супакойвае:
— Не плач, стралок. Палез, куды не трэба, вось і маеш…
Рукі яе працуюць разумна і хутка, робяць тое, што трэба, як найспраўней, і ў гэтым іх матчына дабрата. А хлопчык, цераз сваю неймаверную мужнасць, ціха і зрэдку, з тымі міжвольнымі, буйнымі слязьмі ў вялікіх перапоўненых вачах, на бледных шчоках, на дрыготкім падбародачку, паўтарае:
— Ой-ёй-ёй!.. Ой-ёй-ёй!..
Паўза цярплівасці, і тое самае зноў, — усё-такі дзіцячае.
Гэта я памятаю з лета 1945 года, з перавязачнага пакоя ў менскай клініцы.
А за гэтым балюча згадваецца яшчэ на дваццаць год ранейшае, з майго пасляваеннага маленства.
Сяброўка нашых гульняў і працы — на вуліцы, на пашы, у школе — Маня Варона, пра якую бацька яе, прастадушны дзядзька Цыбук, гаварыў неяк нашай маме:
— Бяда такая, Ганно. Каб гэта ж цяля ці аўца, то чалавек прадаў бы ці дарэзаў бы, а гэта ж дзіця…
Манін твар быў скарэжаны ад выбуху той «бомбачкі», якую два хлопцы разбіралі, а яна, таксама смелая, толькі глядзела. Гэта здарылася яшчэ тады, калі мы з мамай і Раманам былі ў бежанстве, і хлопца, якога парвала насмерць, таго Вінцусёвага Петрыка, я не ведаю. Другі хлопец, Богушаў Шура, застаўся глухаваты і з сапсаванай левай рукой. А Мані вырвала вока з брывом, патрушчыла сківіцу і рэбры з правага боку. Яна хадзіла скрывіўшыся набок і згорбіўшыся неяк даўганоса, з уцягнутым падбародкам, за што яе і празвалі Варонай.
Першы раз убачыўшы Маню, я быў нават спалохаўся, а потым той страх і грэблівасць перамяжаліся то з жаласцю, то — спакваля — з прывычкай.
З усіх маіх сяброў і сябровак ніхто ў нашай вёсцы доўга не ведаў, што засталося пасля вайны на той бок былой лініі расейска-нямецкага фронту, бо толькі наша цётка была так далёка замужам і толькі я быў за тою вагой на яроўскай пашы. І я расказваў на вуліцы з гонарам першаадкрывальніка і адзінага знаўцы пра чорныя драцяныя копы на скошаным лузе і ў збожжы, пра той цымантовы нямецкі бліндаж, які я бачыў у яры, няхай сабе здалёк і зверху, пра яроўскія гумны і хлявы, не такія, як нашы, а плеценыя з вецця і абмазаныя глінай, і пра зямлянкі ў тых людзей, што не паспелі зляпіць хоць бы якую хату, як мой чорнабароды дзядзька Міхаіл.
А што вайна пакінула ў Аўсяніках, гэта ўжо ведалі мы ўсе. Галоўнае — насып вузкакалейкі.
Значна пазней мне стала вядома і зразумела, што наша вузкакалейка была праведзена ад чыгуначнай магістралі Масква — Варшава да лініі фронту. Такая самая была праведзена і немцамі, з іхняга боку. Тая вузкакалейка перажыла і другую сусветную вайну, я меў пацеху праехацца ў недарослым вагончыку ў пяцідзесятых гадах. Расейскую вузкакалейку ліквідавалі ў «свабоду». Людзі, хто не быў тады ў бежанстве і ў каго была ў хаце сіла, расцягнулі і рэйкі, і шпалы, і станцыю, што была каля нашай вёскі, а заадно ўжо разабралі і «магазін» — вялікі грамадскі свіран, куды здаўна і разумна ссыпалася збожжа: на выпадак бяды, неўраджаю або пажару, каб талакой ратавацца ад голаду. Паравозікі і вагончыкі нашым параздзіраць не давялося, салдаты адагналі ўсё да тое станцыі Замір'е, што на вялікай чыгунцы, і там яны дасталіся, відаць, камусьці іншаму.
Калі і я, сказаўшы высокім стылем некаторых заслужаных жыццяпісаў, пачынаў сваю працоўную дзейнасць свіным пастушком, насып вузкакалейкі, дзе ён праходзіў па полі, быў ужо амаль зусім роўна разараны, а на пашы яшчэ заставаўся. Там ён густа ды роўна аброс травою з белымі кветачкамі дзяцеліны і жоўтымі кураслепу, і нашы дзюдзі ахвотна грызлі тую былую стратэгію. А мы то даганяліся па такой незвычайнай дарозе, то скочваліся бокам пад адхоны, то капалі ў іх печкі, гуляючы ў сям'ю.
Час у маленстве вымяраецца днямі. Два, тры гады таму назад — гэта ўжо вельмі многа, а тое, што было да нас, да нашага ўступлення ў свядомасць — ужо і наогул легенда.
Такой легендай была для нас наша вузкакалейка таго часу, калі па ёй хадзілі цягнікі і станцыя была, і называлася Сібірка. Будавалі яе «найбольш усё кіргізы ў халатах ды ў каўпачках», як потым я даведаўся — рабочыя каманды з узбекаў, таджыкаў, уласна кіргізаў, што ў тую вайну са зброяй не ваявалі. Цётка Анэта расказвала, што «кіргізы» жылі тады па хатах, вечарамі гулялі ў нейкія косці і галаганілі не па-нашаму.
— Як раскрычацца каторы раз, дык я і гукаю свайму крахтуну на печ: «Устаў бы ты, Васіль, ды ўзяў бы ты рамень, ды супакоіў бы іх трохі!..»
Легенда разгаліноўвалася: другая наша суседка, баба Ярына, успамінала, як яна аднойчы выйшла на кірмаш у Мілтачы, каля той станцыі ішла, а салдаты гукаюць:
— Бабушка, пагадзі, падвязём!
— Ат, — кажу я ім, — пакуль вы гэты свой самавар распаліце, дык я тым часам і зайду! Ажно ж, трасца яго галаве, распалілі — пыхкае, ляціць. Так і мінулі мяне. Стаяць на той сваёй платхорме ды смяюцца…
Некаторыя легенды раскрываліся многа пазней. Пра тое, хто колькі схапіў у «свабоду» на той Сібірцы, спачатку толькі гаварылася, доўга і цьмяна, прыблізна, і ўжо толькі ў 1934 годзе, калі наша вёска на большую палавіну згарэла, сын Тонінага дзеда Прочыма, дзядзька Цімох, прызнаўся, што ў іхняй каморы толькі салдацкіх ботаў згарэла сорак тры пары. І не адразу прызнаўся. Пажар быў якраз у кірмашны дзень. Цімох, ледзь не запарыўшы каня, даляцеў з Мілтачоў на той дым тады, калі ўжо яму было позна. Яго трымалі, аплёўшы рукамі, жонка і сястра, а ён ірваўся да сякеры ці хоць да якога друка, каб бегчы да таго, з чыйго двара загарэлася.
— Цётко Ганно, — казаў ён потым нашай маме, калі яны ў нас жылі, бо наша хата не згарэла, — дальбог жа, забіў бы я тады Ёсіпа, ну, на месцы забіў бы!..
Тым разам ён і прызнаўся пра сорак тры пары ботаў, раскрыў сямейную таямніцу. Людзі казалі — далёка не ўсю…
Зрэшты, дзед Прочым у «свабоду» падлапіўся не адзін: большасць людзей з нашай вёскі ў бежанстве не была.
Апроч усяго таго, што вайна пакінула для дарослых, — рэйкі, шпалы, калючы дрот, дошкі, бэлькі, боты, шынялі, папахі са штучнай мярлушкі, башлыкі, — было сёе-тое і нам, для адкрытай гульні і для захоўвання ў таямніцы. Былі патроны, з порахам і пустыя, салдацкія рамяні, цэшкі і гузікі, снарадныя галоўкі, з якіх, пры дапамозе цвіка і вяровачкі, рабіліся прышыбкія ваўчкі. У хаце ў нас адкрыта вісела на вушаку плеценая казацкая нагайка, якая прымала часам пэўны ўдзел у маім выхаванні, а пад страхой у нашым хляве была заткнёна сцішна бліскучая, вострая шашка ў скураной похве з меднымі бляшкамі — таксама казацкая. Шашкай можна было пакарыстацца раз у год, дый то з вялікаю асцярогай. Гэта, праўда, рабіў спачатку адзін Раман, калі мы ў полі, на макрэйшым ад пашы канцы паласы, секлі ўвосень капусту. Я толькі пазіраў, а мама ківала галавою на Рамана.
— І ты як блазен, гаспадар!.. — А потым нечакана дадала: — Даў бы ўжо і гэтаму секануць. Бачыш, як уталопіўся?
Раман мне даў, і я тады ссек ажно чатыры качаны. Па хатах засталіся яшчэ і сякія-такія пісьмовыя помнікі прыфрантавой паласы: кнігі, падшыўкі ілюстраваных часопісаў, паштоўкі патрыятычнага зместу. На адной з іх мы бачылі самага першага георгіеўскага кавалера той вайны, данскога казака Кузьму Кручкова; на другой вусатага дзеда Франца-Іосіфа, аўстрыйскага цара, які сядзеў, як у лодцы, у вялізным галёшы; на трэцяй скакала дзеўка, а расейскі салдат іграў на балалайцы. На паштоўках былі і вершыкі, з якіх я памятаю паасобныя радкі. Першы вершык расказваў, як той казак Кручкоў адзін адбіваўся ад цэлай чарады нямецкіх коннікаў, многіх пасек, пакалоў, а потым «товарищи тут подоспели и Кузьке живо помогли». Другі пра дзеда ў галёшы, расказваў, як «Франц-Иосиф видел сон, будто он Наполеон». Трэці вершык — дуэт з-пад балалайкі:
— Все не может перестать,
Пляшет с новой силой!
— Ну, а как же не плясать,
Коль приехал милый?
Да кніг і часопісаў, што зрэдку захаваліся ў некаторых хатах, я вярнуўся пазней, з ужо абуджанай ахвотай, а то і прагай да слова, а тады мы, малыя, толькі гарталі іх, дзеля «цацак», малюнкаў.
Вайна пакінула і насценную літаратуру.
Над дзвярыма цётчынай хаты, перавезенай у Яры з далейшай ад нямецкай лініі вёскі, застаўся чорны надпіс буйнымі літарамі: Villa Lieschen. Раман у бежанстве хадзіў у гарадское вучылішча, і ён, у мой першы прыезд да цёткі Аксені, растлумачыў, што гэта азначае «віла Лізачка», што так пацешыўся на чужыне нейкі вусаты мурлач у спічастай, сукном абцягнутай касцы. Ужо і цёткі няма, і Міхаіла, яшчэ даўней, у Люды дзеці павырасталі, а надпіс той усё трымаецца — ужо не на хаце, а над дзвярыма хлява, зробленага са старое хаты.
А на дзвярах нашай адрынкі, з сярэдзіны, ужо тым часам зусім зацёрся падрабязны, старанна выведзены алоўкам адрас казака з данской станіцы Міцякінскай, імя і прозвішча і нумар часці якога памяць мая аж дагэтуль не захавала.