Золак, убачаны здалёк - Янка Брыль 9 стр.


Дзіця-то божае, але ж доля ліхая.

Жылі ў Аўсяніках дзве дваюрадныя сястры, Каця Курыца і Жэня Паганка. Каця, бялявая, ціхманая, хадзіла паволі, нібы і ў белы дзень крадучыся, і час ад часу неяк па-курынаму цікавала на неба: то адным вокам збоку ўгару, то другім. Ад гэтага і мянушка пайшла. А Паганка была чарнявая, прыгожая, разбітная, з мянушкай спадчыннай — ці ад грыбоў такіх, ці ад нейкай у іхнім родзе па-язычаску свавольнай весялухі. У Каці пасля бацькоў засталася старая хата і шнурок поля, яна сяк-так і гаспадарыла. А Жэня, яшчэ раней асірацелая, хатку сваю і палоску прадала і паехала, як многія тады, у Пецярбург, працавала там на панчошнай фабрыцы, гады ў рады наведваючыся ў Аўсянікі, дзе жыла іх цётка, адна на дзвюх з Кацяй.

Апошні раз Жэня прыехала ўлетку 1916 года, ды так ужо і засталася ў роднай вёсцы, бо знайшла сабе казака. Усякія ў нас пабывалі тады: данскія, кубанскія, арэнбургскія, цярскія… Яе быў арэнбургскі. Спачатку ехаць ад яго ў свой Піцер Жэні не хацелася, бо ён і павянчацца абяцаў, завезці да бацькоў. Пасля, калі яго сотню кудысьці перавялі, Паганка была ўжо тоўстая, а неўзабаве і абрадзінілася, і цётка, жанчына добрая, нікуды яе не пусціла. Тады прыйшла «свабода», адна ўлада, другая — чорненькі, шустры, як венік, Валодзя рос вясковым байстручком, мама якога, у сваіх успамінах і ў кепіках суседзяў, доўга яшчэ заставалася «піцерскай».

У Жэні дык хоць каханне было, яе той казак, гаварылі, на руках цераз гразь пераносіў, каб чаравічкаў не забрыдзіла. Ёсць што ўспомніць пра шчасце, першае і адзінае на ўсё жыццё. А Каці, калі ўжо смяяцца, як у нас смяяліся, пашанцавала знячэўку. У студзені 1918 года немцы ішлі на ўсход і па дарозе, начуючы ў Аўсяніках, нейкі ландштурміст-абознік, згаладнелы па сваёй фраў, пашкадаваў гаспадыню без лішніх песняў, а назаўтра паехаў у сваім параконным фургоне — чортведама куды, адкуль ён сам і хто ён. Калі і казаў ёй што ноччу і ўранні, дык і няшмат, і нічога не разбярэш… Да наступнай зімы і Каця ўжо была з прыбыткам.

Такім чынам, сярод усяго іншага, што засталося ў нашай вёсцы пасля амаль сямі гадоў ваеннага ліхалецця, былі яшчэ і два салдацкія варожыя сыны — Казак і Немец.

Пра іх паходжанне мы, сябры-аднагодкі, даведваліся спакваля, з усёй той грубай і вясёлай непрыкрытасцю, якая ў наша разуменне працэджвалася з гутарак дарослых. Ад гэтага бруду, ад гэтай дзікасці і мы, чыстыя душы, у пэўнай меры лічылі сябе вышэйшымі за гэтых хлапчукоў, а ў злосці, здавалася, нават бачылі на іх таўро пагарды: «Ах ты, казацкі, ах ты, нямецкі байструк!..»

Толю Немца пусціў на свет, відаць, такі самы вахлачок, якім атрымаўся і сын. З адным меншым вухам, з адным меншым вокам, з самага малку па-старэчы зморшчаны лоб. А вусны дзіцячыя — пупсік на верхняй губе. На галаве — леташняя салома. А сам як быццам штосьці незвычайнае ведае, чагосьці недагаворвае і ўсміхаецца неяк шматзначна. Здаецца нават, не ведаючы яго бліжэй, што хлопец зладзеяваты. Дарма — проста ціхі, на доўгую цярплівасць пушчаны гарапашнік. Калі ж разбурчыцца крыху, не разбярэшся, што ў яго да чаго. І не ваяка быў Толя. Хадзіў ён, як і мама яго, нібыта ў нечым вінаваты, ці то сам, ці праз некага. А яшчэ ж і беднасць такая — што людзі бачаць, а што і не ўбачаць, колькі ты там ні вый употай, колькі ні хлюпай бульбачкай свайго носа.

Валодзя, хоць і Казак, таксама быў не ваяка.

А Шура Богуш падкраўся неяк на нашым двары да быстрай, неаб'езджанай жаробкі, ускочыў на яе з калоды, і — яна яго панесла! Спачатку па двары. То на дыбы, то задам! Тады пераскочыла цераз нізкія веснікі на агародную дарожку, вылецела на прыгуменне і закружылася там, то брыкаючы заднімі нагамі, то ўздымаючыся на іх. І толькі там ужо Шура паляцеў. На цвёрдай сцежцы. Раман прынёс яго ў хату, і там адлівалі…

А то і такое бывала ў нас, з пацукамі.

Вялікія бочкі на збожжа называліся пасамі. Вясною ў іх заставалася трохі жыта ці аўса, і там, прыпадняўшы века пасы, можна было ўбачыць двух-трох пацукоў, якіх у нас называюць бацамі. Тады мы наладжвалі паляванне. Ішлі дахаты і прыносілі сваіх катоў, таксама двух ці трох. Укінуць іх туды і века трохі прытрымаць — эх, і пачнецца ж у пасе!.. Наша Рыска, малая тыгровая кошачка, спраўлялася найлепш — хапала першага-лепшага баца за карак і наверх! Катам было страшней, чым кошкам: бацы ведалі, за што іх хапаць. Раз адзін кот, малады, нават вякнуў у пасе, на шчасце схоплены не за тое. Катам па хатах жылося добра, змалку ў кожнага з нас быў свой мармытун. А тут мы іх, пестуноў, так бязлітасна ці бяздумна падводзілі. Дзеля свайго азарту, цікавасці і трохі страху.

І вось аднойчы Аляксандр Сяргеевіч, прыпадняўшы века найніжэйшай пасы, ледзь не шэптам усцешыўся:

— Э, а яны ж тут блізенька!..

Па яго загаду мы з Казаком ірванулі ўгару над пасай лёгенькае века, а Шура ледзь не нырнуў туды цераз борт і, вырваўшыся адтуль з двума бацамі ў руках, закрычаў:

— Расступіся, народ, ліхарадка бярот!

І выскачыў на двор, а мы за ім. Там ён з размаху гвазнуў адным, тады другім вялізным бацом аб сцяну, а на таго, якога кідаў з левай, яшчэ і наступіў скураным хадаком, які, па-нашаму, лапаць.

Ух ты!.. Я паглядзеў на Казака і падумаў, няўжо і я, як ён, таксама пабялеў?..

Валодзя быў не тое што баязлівец, а нейкі добры, гультаяваты, вясёлы. Калі яго лаялі байструком, ён так і не мог зразумець, чым жа ён вінаваты, чым вінавата мама, — яму было проста балюча, а мне яго шкада. Аднак на пашы ён вельмі ахвотна спяваў адну з тых, як наша мама казала, брыдкіх песень, што засталіся з вайны:

Гэй, там каля рэчкі,

гэй, там каля бору

казак маладзенькі

вёў дзеўку ў камору..

Далей ішлі ўсе падрабязнасці, і ён іх выводзіў — адзін ды старанна, усё да апошняга слова, як быццам і не ўяўляючы, што гэта мае зусім блізкае дачыненне да ягонай маці. Спяваць дык спяваць!.. Валодзя яшчэ і на скрыпцы іграў. Спачатку на самаробнай, а потым, калі ўжо мы сталі дзецюкамі, і да сапраўднай дайшло.

З Казаком я дружыў.

Трохі большае захапленне нейкім адным, пасля другім ці трэцім не перашкаджала дружбе з усімі. У пачуццях мы былі шчырыя, свабодныя, а час і абставіны рабілі сваё. Пусты смех Тонінай цёткі Любы абарваў, перапыніў на нейкі час нашу з Латышкай першую, відаць, найлепшую, найшчырэйшую дружбу; потым, на пашы і ў школе, мы ўжо не зблізіліся так, каб нам, ад хаты да хаты, высыпалі купальскім белым пясочкам сцежку: «жаніх і нявеста». Мы проста дружылі, як пастушкі — пускалі адно аднаго дадому ці на рэчку, а як вучні — дзяліліся кнігамі, часамі нават што-небудзь цяжэйшае разам і вырашалі. Пакуль я не ведаў Зямы, найбліжэйшым сябрам быў у мяне Шура. Потым, калі я стаў хадзіць у школу ў Мілтачы, а дзед Богуш памёр, і дзядзька Іван Шуру са мной не пусціў, найбліжэйшым быў у мяне нейкі час Зяма.

Ну, а Валодзя Казак быў маім сябрам заўсёды, паміж усімі іншымі дружбамі.

12

Вясной і на нашу… ат сабе вёску, вяртаючыся хто з Паўднёвай, хто з Паўночнай Афрыкі, а хто з Заходняй Эўропы, апускаліся птушкі. Пара буслоў, шпакі і ластаўкі. Асталяваўшыся пасля выраю дома, любыя госці так і не ўмелі толкам расказаць, дзе былі ды што бачылі. Хоць і гаварылі яны — хто клёкатам, хто мітусліва-прастадушным шчэбетам, а хто гуллівым песенным перайманнем — даволі-такі многа, аднак усё, як здавалася нам, толькі пра радасць вяртання, сустрэчы з нашай, і для птушак роднай вёскай.

Шпакі і ластаўкі — драбяза, якую, каб і вельмі хацелася, не падлічыш. І гэта — прыемнае адчуванне, нібы на зоркі гледзячы, таксама незлічоныя. А бусел — у нас яшчэ кажуць бацян — адзін са сваёю бусліхай, і мы іх віталі, можна сказаць, персанальна. Убачыўшы першага бацяна, мы, хлапчукі, з радасным галёканнем куляліся на падсохлых мясцінах, а дарослыя дзеўкі ледзь не плакалі, заўважыўшы яго не ў палёце, а ўжо на гняздзе: замуж сёлета выйсці не ўдасца… Дзед Богуш, дык той аднойчы, пры мне, нават і павітаўся ўголас:

— Здаровы быў, божая птушка! Каб жа лета нам добра з табой пералетаваць!

І глядзеў на буслянку, задраўшы белую бараду, прыжмурыўшы вочы пад сівымі бровамі.

А мне было вельмі зайздросна, што не на нашым, а на іхнім гумне была адна ў Аўсяніках буслянка. І я туды, на прыгуменне да Богушавых, бегаў часта, балазе яны блізка жылі, і мамін крык: «Юрык! Цэвак няма!» добра даходзіў туды ад нашага парога.

У той час, напрадвесні, сама кросны па хатах ткаліся, і для малых была бясконцая, нудная работа — сукаць уток з вялікіх клубкоў на цэўкі, што намі ж і наразаліся з роўных, гладкіх прутоў малінніку ці сухадрэўка. Такую цэўку з праткнутым мякішам (сёння ўжо ўсю тую тэхніку трэба растлумачваць), насукаўшы на яе нітак, укладалі ў чаўнок. Сукала было драўлянае, з вялікай качулкай-махавіком, а ў рух яно запушчалася бясконцым ляпаннем насліненай далонню па валіку. Процьму тых нітак даводзілася перасукаць з клубкоў на цэўкі, — то шэрых, на будзённы шарачак, то святлейшых, на палатно кужэльнае, то каляровых, на мудрагелістыя дзяругі-перабіранкі. Далонь аб той гладзенькі валік абаб'еш да пухліны, а толькі што, здаецца, выбег за парог — ізноў: «Юрык!..» А тут жа на вуліцы, дзе падсохла ўжо, і «чыжык», і «лапта», і госці такія — бусел, шпакі!..

Ніколі нам не пазнаць было — той самы гэта бацян, што летась быў, ці, можа, сын яго з маладзіцай, а то і проста новыя, якім на гэты раз спадабалася якраз тут. Ці, можа, жонка ў каторага адгэтуль, з леташніх буслянят, што вось сюды свайго і прывяла…

Было і такое адным прадвеснем, што на нашу пару, так і не разгаданую, напаў адзінец. Бойка была заядлая — з пікіраваннем аднаго бусла на дзюбу, штыхам настаўленую буслам другім, з кумільганнем па скаце высокай страхі, калі яны счэпяцца як у грудкі, з пераможным клёкатам законнага гаспадара, калі той чужаніца адлятаў кудысьці, на іншую бойку.

Усё буслінае жыццё праходзіла навідавоку. І гняздо ён падрамантоўваў, і жаніўся, як на трыбуне, і буслянят выседжваў, толькі галава тырчала днямі над гняздом. Вярнуўшыся з балота з купінай ці ламачынай, а то і са спажывай на чатыры лапкі, ён радасна клекатаў, і клёкат гэты вёска спагадліва чула і познім прыцемкам, і на світанні. Часамі бусел саскокваў з гнязда на страху, абыходзіў яго з бакоў і выкідаў адтуль вераб'іныя гнёзды. Нашылася гэтых падсуседзяў многа, і хоць бы ж ужо ціха жылі, без валтузні і вэрхалу, далі б гаспадару ў свабодную хвіліну пастаяць, падумаць на адной назе…

Раней за бусла, а тым больш за ластавак, з'яўляліся ў вёсцы шпакі.

Днямі я думаў, а дакладней сказаўшы — у маіх гадах неяк зноў па-дзіцячы адчуў, які гэта цуд, якое шчасце — зрабіць вясною шпакоўню. І смешна стала, успомніўшы, як я вучыў дачку-пяцікласніцу рабіць «домік шпаку». Было ў яе такое хатняе заданне, па недарэчнай у гэтым выпадку політэхнізацыі. Так захапіўся бацька, паказваючы, што сам і пачаў, і кончыў. Не хапала толькі бярозы, каб разуцца і залезці найвышэй. Ды не ісці ж мне было за Таццянай у школу.

І другое ўспомнілася. Вохрысты, з белымі, светлымі вокнамі дом майго друга ў далёкім райцэнтры. Самаробны столік у садзе, вінёўка з яшчэ сакавіта-зялёнай лістотай і недаспелымі грушамі, а ў лістоце ды ў грушах, высока — шпакоўня. Упершыню для мяне такая пацешна незвычайная, бо аж на дзевяць паверхаў, суцэльная.

Зяма, спакойны і салідны Залман Хаімавіч, добры настаўнік беларускай мовы і літаратуры, быў ужо тады на заўчаснай пенсіі, па здароўі, падарваным двума франтавымі раненнямі. У Зямы ўнукі-школьнікі, шпакоўню гэтую было каму задумаць і змайстраваць, аднак я, гледзячы на яго безнадзейна бледны, дарэшты стомлены твар, спытаўся, кіўнуўшы галавой угару, на шпакоўню:

— Твая работа?

— Толькі праект, — усміхнуўся ён у адказ. Ціха было і сонечна, як быццам стомлена-ціха і сонечна і, разумеецца, журботна на душы. Мы даўгавата не бачыліся і, як гаворыцца, зноў богведама калі… Дый наогул… Мы, яго родныя і сябры, ужо ведалі тое, чаго ён як быццам не ведаў. А тут пахла садам і агародам адразу, бо стол стаяў у траве, паміж вінёўкай і яблыняй, побач быў агарод, і ў ім, з-за градаў з рознымі морквамі ды пятрушкамі, падсыхаў вяла-духмяны картаплянік, пах якога я вельмі люблю, з маленства. З самага верхняга, з дзевятага акенца шпакоўні лена, з паўзамі, цвыркаў уніз шэры кум-верабей, нібы маркотны ад безрабоцця камендант апусцелага на канікулы інтэрната.

Зяма ўспомніў пра іншае, не пра наш педінстытут.

— Вясной, як толькі шпакі вернуцца, гэтая іх вышынная будыніна пераліваецца… Як нейкая жалейка. Або той губны гармонік.

Ён не сказаў, чый гармонік, — мы з ім маўчалі пра адно, кожны сабе згадаўшы даўняе. Блазнаватага, добрага дзядзьку Шымана, пастуха, што быў калісьці, да польскай улады, паштальёнам у далёкім расейскім горадзе, але і там не растраціў свае вясковасці, не зжыў свайго маленства, і, вярнуўшыся ў Мілтачы, любіў і мог іграць, пасучы. Больш ніколі ў жыцці я не чуў, каб хто так хораша іграў на такой, здавалася б, дзіцячай забаўцы — на губным гармоніку. У адзіноце, самому сабе і таму, хто не жартам папросіць і добра слухае. Мы з Зямам слухалі, і ён уважыў нас два ці нават тры разы. Калі я ўжо ў іхнюю местачковую школу хадзіў і Зяма мяне часамі трохі праводзіў. Ціха, захоплена іграючы, Шыман стаяў, а мы сядзелі на траве, і нам было вельмі добра. Як і тады, калі мы ігралі ўдвух з Валодзем Казаком, ён на скрыпцы, я на мандаліне. Найбольш усё працяжныя, журботныя мелодыі…

Пакуль нам з Валодзем іграць удвух, ён пілікаў адзін, а яшчэ раней, да школы, ён не іграў.

Ігралі шпакі, берасцянкі, жаўранкі. Хто ў голлі дрэў, яшчэ без лістоты, а хто за гумнамі, над полем, яшчэ сырым, з рэшткамі шэрага снегу ў барознах.

Вось мы з Валодзем рэжам дровы, так сказаць, памагаем Раману. Забаўляемся — пакуль прыйдзе. Богушаў дзядзька Іван, які ўчора памагаў увесь дзень, а сёння, пра што сказаў увечары, крышку прыпозніцца, бо трэба хлеб у печ пасадзіць. Раман коле ўчора нарэзаныя круглякі, а нам з Валодзем дазволіў трохі пакоўгаць разаком. «Толькі пальцаў сабе не адпілуйце!..» Бярозавае палена мы выбралі з горбы каля плота самі — найлягчэйшае, каб няцяжка было падняць яго на козлы, ну, і яшчэ з адной думкай…

Сонечна. З-за гумна, калі ў нас стане зусім ціха, чуваць, як звоніць-шчабеча-заліваецца жаўранак — адзін, а мо і больш іх там, бо песня такая, што нібы і з усіх бакоў, не толькі зверху. А на старой бярозе, што ад вуліцы, шчабеча шпак. Ды так жа стараецца, так ужо крыльцамі разводзіць, ахае ды ойкае, і па-кашэчы табе, і ледзь не па-салаўінаму, і смехам, і як пакрыўджана, што нам — хоць ты зусім не рэж, а толькі слухай…

Але мы рэжам, завіхаемся. Разак шоргае і звініць, раз-пораз згінаецца, пырскае пілавіннем, і вось, нарэшце, наша першае палена — шах! — ападае на зямлю. Тады нам чуваць і жаўранак з-за гумна і шпак, яшчэ лепш, з бярозы. Бо і Раман якраз не гахкае — паставіў кругляк на калодзе, а сам глядзіць на нас. Валодзя падсвіствае шпаку, і хоць гэта ў яго, як заўсёды, выходзіць амаль па-шпачынаму, той, каля нашай шпакоўні, як быццам і зусім не чуе — так заняты песняй. Раман пакінуў пазіраць на нас, зноў гахкае, і мы з Казаком прыступаем да выканання свайго намеру…

Канец палена адпілаваўся роўна. Адступіўшы на шырыню двух маіх пальцаў, мы пачынаем адразаць сабе качулку. Гэтак жа проста гэта, калі ты збоку глядзіш, а цяпер… Разак наш скача. Пальцам збоку яго, як гэта робяць дарослыя, не прытрымаеш на патрэбнай лініі, бо ўсё-такі боязна палец той падстаўляць. Адзін няўдалы надрэз… Другі… Усё не так!.. А тут яшчэ да маіх ног раптам падбег, прычапіўся мой Мурза. Зусім яшчэ шчанюк. Ён то крадзе што-небудзь, атопак які ў каморы ці дзяркач у кухні, і ўсё стараецца лепш перахаваць; ён то ў хаце са мною разыдзецца на падлозе, і мама кажа, што ёй тады не пазнаць, дзе хлопец, дзе шчанюк; ён то сядзе, мой Мурза, у адчыненай брамцы, глядзіць на вуліцу і, як стары, нешта ўсё думае… А вось жа недзе быў, прыбег!..

Што ж, можна і адпачыць, тым больш што з качулкай ніяк не выходзіць. Валодзя пускае сваю руку, я цягну разак на сябе і прысланяю яго да нашага палена на козлах, а свой канец, сваю ручку кладу на зямлю. Мурза гыркае, глуха бармоча, учапіўшыся на ўсе зубы ў маё рукаво, а я траплю сыравата-халаднаватай далонню другое рукі яго мяккія, цёплыя вушы. Тут ён пускае маё рукаво, хоча схапіць за руку. Не кусае, а толькі зубамі казычацца. І Валодзя гладзіць Мурзу. А той і на Валодзю агрызаецца. Мы так з ім раздурэліся, што не заўважылі, як нехта падыходзіў. Мурза першы заўважыў, разгаўкаўся.

Назад Дальше