Дзе скарб ваш - Янка Брыль 8 стр.


— Не, браток, не магу я з-за цябе сварыцца з жонкай, бяжы ты дахаты!

А ён ляжыць. Праўда, потым не вытрымае, знікне, да каго з суседзяў ці й наогул. Каб потым з'явіцца зноў.

Проста апавяданне, ці што?

* * *

Каб ад свае гаспадаркі, дзе процьма работы, якое няма на каго пакінуць, ехаць на ферму, яна, быстрая, маладжавая ўдава, калгасная даярка, устае ў тры гадзіны. Едзе туды прысланай фурманкай, цэлую гадзіну калываюцца. Калі возчык трапляецца, дзякуй яму, негаваркі, дык яна i падрэмле крыху.

Гаворыць мне пра гэта i ўсміхаецца.

Такі вось айчанашны хлеб на кожны дзень: тройчы на ферму i назад, дахаты, дзе таксама хапае работы.

Калі я зайшоў зранку на яе хутарок i мы, павітаўшыся, загаварылі пра вясну, ад злыдняў-камароў да яблыняў, што так раскошна цвітуць, яна сказала:

— Няхай бы, здаецца, i яблыкаў не было, а каб яны так заўсюды цвілі!

Народнае, ад чалавека цяжкай працы.

Дома запісваю гэта, i хочацца дадаць: а яшчэ ж у мяне за акном белай кашкай расквітнела «сухадрэўка», i бэз нібы не спакваля — увачавідкі так духмяна разбутоніўся!..

А перад сном, ужо без святла, пад ціхую музыку па радыё, убачыў зорачку ў чыстым начным блакіце, побач з графічна выразным нерухомым россыпам ліпавай лістоты. Зорачка тая як быццам ішла насустрач мне, самотна выядрываючыся ў сціплае, пяшчотнае пабліскванне.

I журботна, малітвена падумалася, як гэта чалавеку суджана так мала, так коратка любавацца красой, якую ён лічыць роднай!..

* * *

На нядаўнім з'ездзе беларусаў свету Ян Чыквін падараваў мне кнігу Тэрэсы Занеўскай «А dusza jest na Wschodzie», i там амаль незнаемы Тадэвуш Канвіцкі прыемна здзівіў тым, што ён uwielbia [3] (скажам прасцей: вельмі любіць) мяне за лірычныя запісы, называв ix пенкнымі i хвалюючымі, а разам з тым абвінавачвае ix аўтара ў «патрэбе падаць на калені i шапкай кланяцца Маскве...».

У такой i падобных прэтэнзіях трэба бачыць шкоду, якую я наношу сваёй нацыянальнай годнасці, пісьменніцкай арыгінальнасці. Але ж чым? Тым, што люблю Талстога, Чэхава, іншых вялікіх рускіх, якіх такой самай, агульналюдскай любоўю любяць на ўсіх кантынентах? Ен не кажа пра Расію, а пра Маскву, i тут вылазяць вушы яго патрыятычнай абмежаванасці, гістарычнага болю, крыўды, нянавісці да Moskwy, як да імперыі, i да Moskali, як прыгнятальнікаў, перад якімі я ніколі не чапкаваў, тым больш на каленях.

* * *

Заслугу таго пакалення нашых землякоў, якое тым часам уступіла ці ўступае ў старасць, бясспрэчную заслугу ў захаванні роднага на далёкай чужыне, у іншамоўным асяроддзі, трэба прызнаць, само сабою — не перабольшваючы.

Ды вось жа то адзін, то другі з ix, a ўжо i гуртам прызнаюцца, што перадаваць эстафету свядомай беларускасці маладым ды яшчэ маладзейшым усё цяжэй i цяжэй. Мацнейшыя, пануючыя мовы без асаблівых намаганняў бяруць сваё. Гарачы, рухавы Янка Запруднік папракае мяне ў тым, што ў запісах я «Цыцэрона цытую па-руску» (?), з чым ён, як нацыяналіст (ягоныя гордыя словы), ніяк не згодзен. А дачка яго тым часам піша свае вершы па-англійску. Гэта — яўнае, a колькі ж тайнага?.. I прызнавацца ў гэтым нялёгка.

Але ж i мы тут, няхай сабе i на роднай зямлі, былі i застаемся ў такой магутнай аблозе з абодвух бакоў, у такой усёпранікальнай блакадзе руска-польскай асіміляцыі, што i нас можна i трэба разумець. Хоць застаецца ў кожнага i недаравальнае.

* * *

У «Литературной газете» — пасмяротнае ў Георгія Сямёнава, «Солнечный зайчик». Пане калега Канвіцкі, вось я ізноў «чапкую Маскве». Паважаны спадар Запруднік, вось я ізноў выпісваю ў дзённік без перакладу:

«В дни всеобщей смуты и грызни, проклятий прошлому и полного неверия в возможность выйти из кризиса надо идти своей дорогой, и пусть люди говорят, что хотят. Надо писать рассказы о любви и нелюбви, о красоте божьего мира, в котором страдает человек, не находя себе места или теряя все — надежду, веру, любовь. Надо писать то, что умеешь, делать то, что Бог тебе на душу положил, и не гнаться за политическими, скандальными историями. Как можно дальше от скандалов! И как можно ближе к истерзанной душе человека».

Згадаліся радкі:

...И как преступник перед казнью,

ищу кругом души родной.

I радуюся, калі знаходжу яшчэ адну.

* * *

«Парыць косці», «пухам зямля»...

Прыкра такое, а то i агідна ўяўляецца. Згадваць блізкіх трэба інакш.

* * *

«Я такому не падам рукі».

Як санкцыя зверху, як пазбаўленне ўзнагароды, ласкі? А ён даволі часта гэта паўтарае — то ў друку, то з дэпутацкай трыбуны.

* * *

То прэса, то радыё, то тэлевізар — абы свайго не думаць?

Як у бальніцы, пад штодзённай кропельніцай.

* * *

Учора, пагодлівым адвячоркам, асабліва прыемным пасля вятроў ды макрэчы, даўгавата, усмак лынчыўся — адзін каля цяпельца — вогнішча пгміж старымі ліпамі пры дарозе, так успамінаючы Міхася Ціханавіча, нарачанскага вогнепаклонніка, вясёлага, людскага чалавека.

* * *

Паправіла світарок, не ўстаючы з мяккага, глыбокага крэсла, не спыняючы мілай мне гутаркі, i незнарок, неасцярожна расшпіліла белую кофтачку, верхні гузік. 1 ці гэта мая старэчая сапсаванасць, ці i спакуслівае хараство тут віною, што вось жа помню, бачу, як яна паправіла сваё міжвольнае дэкальтэ жаночым жэсцікам, з мілым «між іншым», не спыняючыся ў зацікаўленай i талковай гаворцы.

* * *

Усё, што хочаш, а такому ажно паверыць не хочацца!.. Рафаэль Санці,— як піша Крыстафанэллі ў сваім «Дзённіку Мікеланджэла ўтрапёнага»,— ужо ўваходзячы ў славу сусветнага генія, «дагэтуль не пісьменны: не ўмее ні чытаць, ні пісаць...».

* * *

Мы з ім ішлі, i мне захацелася сказаць яму добрае. Сказаў пра тое, што было нядаўна перад гэтым,— як Сяргей Залыгін, седзячы ў парку на лавачды, чытаў у газеце штосьці ягонае, Мележава, а я спытаўся, як яно, на што Сяргей Паўлавіч адказаў: «Хорошо. И вообще он мужик хороший». Іван :шда колена ўсміхнуўся.

I тут мы з ім падышлі да ракі, прадвяснянай. Ён увайшоў у ваду, але пачаў адступацца ад настырлівых хваляў, каб не замачыць ногі... ужо стоячы ў вадзе. Зусім нармальна. Потым з шарошу на рацэ начало збівацца, як галка масла з крупінак, штосьці падобнае ці то на невялікую тоўстую крыгу, ці то на іншы лодкападобны «наплаўны сродак» (здаецца, так па-сапёрску), які мой Иван асядлаў, з нагамі ў вадзе, i, нібы вяслуючы нейкім кійком, падаўся на другі бераг. Ён яшчэ не даплыў туды, набліжаючыся да рэдзенькага гурту іншых такіх плыўцоў, а я заклапочана замітусіўся, шукаючы, на чым жа пераправіцца мне. Дарма!..

Ды з гэтым i прачнуўся... адразу перайшоўшы ў пераможны любоўны ўспамін, які захацелася з лаянкай адагнаць.

Гэтым пачаўся сонечна-церпкі жнівеньскі дзень.

A ўчора, зусім пад вечар, кінуў у блакнот такое, малавыразнае:

Наперадзе ў мяне штосьці, чаго не растлумачыш нават сам сабе, што толькі адчуваецца. Нейкае радасна светлае воблака на бязмежным блакіце — шчасце, якое чакае мяне. Яно нікому іншаму не зашкодзіць, а мне яно неабходнае, у ім сэнс, надзея, жыццё...

Каб жа я мог гэта належна выказаць!..

* * *

Перачытваючы Караленкава «Лес шуміць», успомніў Васілька — яго чатырохрадкоўе з модным заключным радком:

Калі насоўваецца мрок пануры,

Ад сполаху дрыжаць адны асіны.

Мы не дрыжым!.. Так перад бурай

Маўчаць дубы ў задуме сіняй...

Гэтую мініяцюру Міхасю вырэдагаваў з даўжэйшага верша Таўлай. Пры маёй дапамозе. Пры аўтару. Захапляліся ўдачай разам, утрох.

* * *

З Ясеніным мяне даверліва пазнаёміў мастак Дзіма Красільнікаў, з якім мы разам працавалі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». А з Грынам, таксама «тайно образующе», Саша Міронаў, крыху пазней, пераехаўшы з Гродна ў Мінск.

Потым я выпісаў Грынаў шасцітомнік. Сказаць зусім шчыра — гэта для мяне не Чэхаў, аднак светлае адчуванне ад ягонага слова жыве. Успомнілася вось, як прыемна было ў яго мазанцы ў Старым Крыме, з мальвамі i сланечнікамі за нізка пасаджанымі малымі вокнамі, дзе ён, як піша ў часопісе «Наука и жизнь» даследчыца Пярвова, жыў i памёр «ад цяжкай хваробы, у галечы i забыцці, але свабодны, застаўшыся сам сабою, сагрэты клопатам i любасцю роднага чалавека — жонкі».

Тую весела-дабрадушную, мажную, у простай белай сукні Ніну Мікалаеўну мы з прыемнасцю слухалі, зняліся з ёю каля той хаціны, i я быў рады, што разам з іншай малечай, якая акружыла мілую бабулю, быў i мой дзевяцігадовы сын.

А як вярталіся ў Кактэбель, шафёр аўтобуса нагаварыў нам столькі змрочнага, бруднага пра гэтую жанчыну («Працавала бухгалтарам у фашыстаў!..»), што толькі ўкраінскія сябры, якія не былі з намі ў Грынавай хаце, асабліва Антон Хіжняк, дапамаглі мне ўраўнаважыцца.

А цяпер — новае ў біяграфіі Грына: як ён не змог быць тэрарыстам, пакінуў кампартыю, пакутліва парваўшы з-за гэтага са сваім першым каханнем, «чудной» (па Караленку) Кацяй Бібергаль. У кожнага з ix аказалася сваё, што было найвышэй. «Души надо перевоспитывать,— гаварыў гэты «полуполяк»,— а не развращать их страхом». Для «чудной» ён аказаўся баязліўцам («Ты трус!» — уджаліла яна па-жаночы найсуровей), а свет надоўга ды ўдзячна набыў высакародна яркага пісьменніка.

* * *

Недачытаны томік Купалы «Жыве Беларусь», вершы i артыкулы першых паслярэвалюцыйных гадоў. Не мог я не думаць, чытаючы далей, што ўсё гэта ў яго, у адрозненне ад пазнейшага (успомнім дзённік Чорнага), напісана самім. Ды такое — між іншым. А большае, глыбейшае ў сваёй трагічнай сутнасці — тое, што яму, Купалу, ох як цяжка было пасля, як нямала падстаў для жудаснага, беспрасветнага страху. Адно самагубства не ўдалося, прыйшло другое — зацяжное самагубства таленту.

Дачытаў, i стала вельмі няўтульна, сумна...

* * *

Успомнілася днямі, як мы з Калеснікам у красавіку пяцьдзесят другога наведалі ў Вільні Пятра Сяргіевіча. Адзін момант успомніўся — адна дзявочая нага, у калене прыўзнята-сагнутая ў недарэчным жаданні кінуцна ў скокі. Ад радасці, што вось яны, маладыя, саджаюць у парку дрэўцы. Такі сабе сацрэалізм. Што нам з відавочнай натугай ды няёмкасцю сяк-так, па-свойму дробненька секучы, намагаўся растлумачыць сімпатычны ды паважаны маэстра.

Натугу тую мы памятаем з таго часу, ведаем i па сабе...

* * *

Жаночая песня па радыё, бойка жулікаватая. Улавіў толькі рэфрэн пасля кожнага куплета:

...И Алла Пугачева, и Рая Горбачева

зовут меня на яблочный пирог!..

Не простае тут зубаскальства, a пэўны народны, гістарычны падтэкст. Наконт Раі, вядома, так нядаўна ўсесаюзна-глабальнай. Як яна гаварыла — з паўзамі для пажаданага запісвання, як дэманстравала ўсюды, i ў свеце, i ў айчынным убостве, свае «августейшие» ўборы, як векапомна расказвала пра фароскую «трагедыю», як... яшчэ i іншае. Такі тып жанчын — i смешных, калі не пры ўладзе, i страшных, калі ўсё сама.

Успомнілася недзе чытанае ў Талстога: «Все эти глупые бабы и девки, восседавшие на русском троне...» Гісторыя!

* * *

Каля сельмага, пакуль што зачыненага на абед, з бабамі i дзецьмі стаіць нямогла худы, зусім бяззубы дзядок. Калі ён датэпаў сюды, якраз ішла гаворка пра чарговае падаражанне. Пытаннямі падключылі да дыскусіі i старога. Ды ён сказаў толькі, неяк вымалаў у пустым роце:

— Во да-вя-лі!..

Потым язык яго зусім заблытаўся ў маце.

I нічым дзядзьку не разважыш: ён ужо чуў усё.

...Калі ж мы пачнем смяяцца з таго, што робіцца?

Праз слёзы, вядома ж.

* * *

Гісторыю будзем таўчы ды перамешваць кожны на свой лад заўсёды. З патрыятычным замоўчваннем сяго-таго ды выторкваннем «патрэбнага».

* * *

Неяк дачка з пахвалой успомніла, як я тут, на дачы, адрамантаваў свае тапкі. А я сказаў, што гэта — ад колішняй вясковай практыкі падшывання лапцей. «Во время оно» яно ў мяне атрымлівалася нядрэнна. Нават яшчэ i ў гады акупацыі, калі ў мяне адны боты забралі партызаны, a пашыўшы другія, ix трэба было хаваць, зручна ды весела карыстаючыся лапцямі.

* * *

Апавяданнем «Мой зямляк» я пачаў вяртаць свой пісьменніцкі голас у новых для мяне, у савецкіх умовах.

Таму i люблю яго неяк па-асабліваму.

* * *

Цяжкае ўражанне ад пачутага па радыё,— на мінскі «кангрэс народаў» завіталі з Масквы бабурыны, стэрлінгавы, алкснісы. Ажно згадалася само сабою: «Не стая воронов слеталась на груды тлеющих костей...» Зноў гаворыцца, што нам, беларусам, «будет принадлежать честь»... у гэтым выпадку — адступіцца ад сваёй незалежнасці. Галёканне брэсцкіх i барысаўскіх ветэранаў — аблога i такога выгляду. Выступаючы па «Свабодзе», Быкаў разумна паўтарыў Адамовіча з 1991 года: наша дэмакратычная самастойнасць залежыць i ад таго, якія сілы будуць кіраваць Расіяй. Цяжкія прадчуванні...

* * *

A ўчора, правёўшы госцю-дачку на стаўбцоўскі аўтобус, у полі за апошнімі беражэнскімі хатаMi спыніўся — паглядзець на сонца.

Яно, як гаворыцца, узышло i пастаяла. Такое добрае, не вінаватае за ўсе зацяжныя дажджы i гвалтоўныя навальніцы, нават у палавіне верасня. I захацелася сказаць яму:

— Добры дзень! Даўно ж не бачыліся!..

* * *

Даты жыцця вядомых мне i менш вядомых пісьменнікаў выклікаюць часамі ды міжволі думку: як мала пражыў, a колькі зрабіў! I пераходзіш да самога сябе: больш ужо не зробіш, можна толькі даточваць да ранейшага.

* * *

Ледзь не суткі з транзістарам. «Ледзь» таму, што толькі позна ўвечары З кастрычніка от так сабе ўключыў радыё i дачуўся. А тады ўжо было не адарвацца. У асабістай, айчыннай, усясветнай трывозе...

Калі закончылася перамогай — адчуванне тое ж, што i ў жніўні дзевяноста першага, толькі, здаецца, шырэй i глыбей i трывожней.

I нічога больш не магу напісаць, наваг пра кроў i пакуты...

...Учора i сёння (пішу ўранку 7-га) у гэтай перамозе змрочна, пакутліва выплывае братазабойства — на пярэдні план...

* * *

Часта бывае такое: толькі прачнешся — адразу ж успамінаецца нешта ўчарашняе, што ці зрабіў, ці сказаў не так. Дакор самому сабе.

Сёння ж, калі прачнуўся перад чацвёртай гадзінай (цяпер без дваццаці шэсць), адразу згадалася пачутае днямі па радыё:

Як салдацікі ўнутраных войскаў, «некаторыя», паразбягаліся былі ад Белага дома, ад мэрыі або Астанкіна, а цяпер бацькі — ужо сапраўды некаторыя — не адпускаюць ix, сваіх васемнаццаці-дваццацігадовых хлопчыкаў, зноў у пекла братазабойства.

Не цяжка мне ўявіць такое — ужо не з сынам, а з унукам, які не на вельмі далёкім падыходзе да салдатчыны.

А суд над такімі бацькамі — якая сучасная тэма!..

* * *

Учора быў вечар «Новай зямлі», які вёў Ніл Гілевіч. Ён i падбіў мяне на імправізаванае выступленне. Што ж, заўсёды ёсць што на гэтую тэму сказаць. Я гаварыў пра вечнасць тэмы, згадаў «веленью божьему, о муза, будь послушна», чым кіраваўся ў гэтай сваёй рэчы Колас, якога ў розныя часы, адпаведна модзе ды пагодзе, лаялі то за адно, то за другое, а яна, гэтая рэч, стаяла на сваім, сапраўды народным, проста i натуральна глыбокім.

Назад Дальше