Вітраж - Янка Брыль


Annotation

Прыгажосць чалавека працы, жывыя праблемы нашай сучаснасці, роздум піеьменніка пра яго абавязак служэння роднаму народу, дружба народаў вялікай савецкай сям'і i краін сацыялістычнай садружнаеці, клопат пра мір на Зямлі, прыгажоець беларускай прыроды, паэзія дзяцінства — усё гэта знойдзе чытач у новай кнізе пісьменніка.

ГУРТАВОЕ

ДАЖДЖЛІВЫ, СОНЕЧНЫ ЖНІВЕНЬ

ЯШЧЭ РАЗ ПЕРШЫ СНЕГ

ПОШУКІ СЛОВА

РЭХА ЗАЎСЁДЫ CA МНОЙ

СЦЕЖКІ, ДАРОГІ, ПРАСТОР

Хвалі i сосны

Знаёмства з ГДР

«У нас в горах...»

ТРОЙЧЫ ПРА АДЗІНОТУ

notes

1

2

3

4

5

6

Апавяданні, мініяцюры, нарысы

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Вітраж. Апавяданні, мініяцюры, нарысы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1972. — 200 с.

ГУРТАВОЕ

Каля нашай вёскі, там, дзе цяпер проста крайні ад загумення куток вялікай калгаснай пашы, калісьці быў лужок. Ca сваёй асобнай назвай, са сваей маленькай гісторыяй, якая штогоду папаўнялася новымі фактамі.

Гэта бывала звычайна ў другой палавіне жніўня.

Харошая пара. Адкалываліся ды адрыпелі на калдобінах духмяныя вазы мурагу, жыта, ячменю, лёну. Безліч мядзведжых ахапкаў казытлівага сена i ладных — добра, калі нялёгкіх! — снапоў падняты ды пакладзены на воз, пасля на торп, у халадок i зацішак гумна. На полі застаўся толькі авёс — у мэндліках або сям-там, дзе надзелень, яшчэ не скошаны. Грэчка, лубін, канюшынная атава, насенная канюшына, бульба, што пачынае ўжо добра жаўцець i смачна, дамавіта пахне. Пара адноснай сытасці, першахлебнай ды бульбянай, укропна-агурочнай, яблычнай. Нейкая паўза, кароткі адпачын перад імгліцай задумліва-ласкавых вераснёўскіх раніц, перад мудрай i сумнаватай паэзіяй свежай раллі, радасным россыпам новага насення, журботна-сонечнай паэзіяй залатога лісця i амаль па-жаночы пяшчотных дотыкаў ціхага, светлага, лёгкага павуціння...

Тады, у дні перадыху на стыку лета i восені, наша веска, сказаў бы, рантам успамінала пра той лужок за крайнімі гумнамі, які, быццам забыты, чакаў свае чаргі. За тыдні касавіцы i жніва раз'яднаная, расцярушаная па бліжэйшых i далёкіх надзелах лугоў i палявой распалосіцы, вёска збіралася каля таго лужка. Адны мужчыны ды зрэдку цётка ці маладзіца з той хаты, дзе часова або надоўга не было каму выйсці на гаспадарскую справу. Бясформенны абшар лужка дзялілі спачатку палосамі ўдоўж, потым тое, што заставалася, палоскамі ўпоперак, i заўсёды яшчэ заставаўся трохкутнік паміж полем i выганам, кавалак, які ўжо нельга было падзяліць i які называўся, мусіць вельмі здаўна, Гуртавое.

Дзялілі лужок найчасцей у нядзелю пад вечар. A назаўтра ўранку выбягалі сюды, адзін перад адным, як найраней. Яшчэ i тычак добра не відно, граніцу цяжка адбрысці, яшчэ i косіш нібы навобмацак. I спех такі — не столькі ад жадання ўхапіць гэтую жменю сена, пакуль стаіць пагода, як ад жадання пакрасавацца перад суседзямі спраўнасцю.

Гуртавое касілі пасля абеду, калі ўжо на падоўжных ды папярочных палосах жанчыны пачыналі зграбаць у валкі, а то, хто гарачэйшы, i капіць сяк-так падсушаную траву. I касіць гэты шматок хвашчу, які, дарэчы, елі толькі коні, пачыналі не адразу ды не так сабе, а пасля штогадовага традыцыйнага веча.

Косы ўтыкалі канцамі касільнаў у мяккую пакошу, a самі адыходзіліся трохі i залягалі або рассядаліся на сушэйшым, падгрэбеным узмежку.

Трэба сказаць, што збіралася сюды, спачатку касіць лужок, а потым дзяліць Гуртавое, не ўся наша вёска.

Нядаўна мне давялося паглядзець у бібліятэцы польска-французскі атлас з другой палавіны XVIII стагоддзя i з прыемнасцю знайсці на карце Навагрудскага ваяводства сваё Загора — Sagora, як яно значыцца там у французскай транскрыпцыі. Трэба думаць, што веска стаяла сабе i задоўга да таго атласа, што назву сваю яна вядзе здалёк, здаўна, упарта i самавіта не згаджаючыся стаць ні «Zagórzem», якім яна бывала, ні «Загор'ем», якім цяпер значыцца афіцыйна. Яшчэ адно: у старым «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага i іншых славянскіх краін», у пераліку мноства вёсак з такою ж няхітраю назвай, ёсць паведамленне, што наша Загора сто год таму назад мела трыццаць сем каміноў, мясцовасць вакол яго была таксама бязлесная, a землі ўзгоркаватыя, пшанічныя.

Рэшта гісторыі — у вясковых паданнях.

Адно адчувае пасляваеннае пакаленне загорцаў — тыя студэнты, салдаты, настаўнікі, інжынеры, урачы, якія, пад'язджаючы ў наш час да роднай, больш чым на сотню хат вялікай вёскі на ўсходнім схіле тары, бачаць шыфер i бляху, светлыя вокны ў садах, белыя сцены школы, клуба, сельмага, спраўныя будынкі брыгаднай фермы наводшыбе.

Другое адчуваю я, калі за ўсім гэтым, ужо звычайным, бачу i тое, што было,— суцэльную саламяную шэрасць значна меншай, непараўнана бяднейшай i цёмнай заходнебеларускай вёскі, што ўжо не будзе такая, як была, якой яна, часамі здавалася, будзе заўсёды...

Зрэшты, i тое, што жыло ў памяці нашых бацькоў i дзядоў, што мы пачулі ад ix як казку, здавалася ім калісьці беспрасветным ды бясконцым.

Па тых паданнях, па той няпісанай гісторыі наша малое ў гады прыгону Загора належала ажно пяці панам. Хто з ix быў лепшы, хто горшы — уся гэтая разнавіднасць няволі i здзеку пайшла ў нябыт. Да дзён майго юнацтва, за сем дзесяткаў год ад ліквідацыі паншчыны, дайшлі толькі назвы «схедаў» [1], частак вёскі — па некалькі хат — ад колішняй прыналежнасці да памешчыкаў: «свідзінскія», «судзёўскія», «гнаінскія», «лісіцкія», «ёдчыны». Відаць, памыляюся нават у назвах, бо i тады ўжо гэта было мне, майму пакаленню, зусім нецікава. Тады ўжо вёска дзялілася толькі на дзве часткі: вышэйшая палавіна, што размясцілася на гары,— «нагорскія», а наша, усходняя частка, у даліне — «ёдчыны». Яшчэ ўсё як на ўспамін пра нейкага, ледзь не міфічнага, пана Ёдку.

Гуртавое належала «ёдчыным». Аднак пакуль ішла падрыхтоўка да веча, пакуль тое веча цягнулася, тут збіралася многа людзей з усёй вёскі. Той вёў кабылу на пашу — падышоў сюды з аброццю. Другі ішоў па кабылу — таксама спыніўся, а потым прысеў. Хто з поля, хто з вёскі падышлі на гоман i засталіся, як на цікавым, вельмі нячастым відовішчы — на хвілінку — да самай касьбы.

— Дык што мы будзем, мужчыны, рабіць з Гуртавым?

Пытанне гэтае, здаўна i штогоду, ставіў звычайна хто-небудзь са старэйшых гаспадароў. Не дамаўляючыся пра чаргу, не забягаючы наперад, але ж з прыкметнай ахвотай i амаль з дзяржаўнай важнасцю.

Адказвалі яму, як i заўсёды, тое самае, як быццам у гэтай справе не было ўжо вопыту, пэўнага стандарту вырашэння. Зноў выстаўляліся на суд, даўно вядомыя, тры варыянты:

1. Разбіць на палосы i скасіць ды прыбраць кожны сваё.

2. Прадаць траву i купіць пажарную бочку.

3. Скасіць, згрэбці, скапіць гуртам i ў копах, па жэрабю, падзяліць.

Пачынаючы з пастушковага ўзросту, больш за дзесяць разоў я быў на гэтым вечы назіральнікам i слухачом, без права голасу. Спачатку па малалецтве, а потым, хоць i грабец і, нарэшце, касец, пры двух старэйшых братах — не гаспадар.

Зрэшты, так мне было зусім добра. Да гэтага ў мяне, гадоў ужо з пятнаццаці, былі свае адносіны...

Штогадовыя вечы помняцца мне перш за ўсё як вясёлы перабрэх. На розныя тэмы — ад найбліжэйшага, штодзённага аж да самага грэхападзення Адама i Евы, пра якое, як i пра шмат чаго іншага, расказваў — у сваім варыянце — вядомы на ўвесь наш свет рыбак, паляўнічы, гультай, канавал, бабнік, байдун i песеннік Самусь. Дарэчы, з «нагорскіх», незацікаўленых, але заўсёды, помніцца, прысутны.

Сяды-тады тэматыка набірала класавай вастрыні:

«З горла лезе, маць тваю перамаць, а на чужое ўеё роўна гонішся!..»

«Ты каміны не лічы, ты лічы дзесяціны: колькі ix на чый комін прыходзіцца!..»

«Пачакай, пачакай, ці не скончыцца ваша царства, ці не паглядзім мы, як ты тады заквохчаш!..»

Сварыліся, выгаворвалі адзін аднаму сабраныя за цэлы год нездавальненне i варажнечу, у пошуках аргументаў залазячы i ў папярэднія, нават далёкія гады. У якасці халоднае вады на галовы гарачых ішло што-небудзь такое:

«Ды што вы, хлопцы, як бабы, счапіліся?..»

«Паможаш хіба, калі памолішся?..»

«От дзе каб нашых баб i праўда сюды — от дзе б сечкі насеклі!..»

Часцей, аднак, сварку перабіваў, глушыў яе выбухам рогату нейкі новы расказ, Самусёў ці каго-небудзь іншага. Часамі ад сварак ды жартаў хто-небудзь хацеў перавесці цікавасць на песню. Дарма. Не выходзіла. На песню патрэбен быў вечар, патрэбна была цішыня, хоць часовае забыццё на ўсе беды i клопаты. Калі ж i пачыналася песня на пакошы, дык ненадоўга, як нядоўгія былі i сваркі. Больш было жартаў, смеху.

Што ж да маіх «сваіх адносін» да ўсяго, што адбывалася на гэтым лужку i ў вёсцы, i наогул на свеце, дык я не быў тады староннім назіральнікам, бесклапотным падлеткам ды дзецюком з нябеднай хаты, якога яшчэ не ўкусіла свая ўласная вош, аматарам абы з чаго пасмяяцца каля вясёлых. У мяне ўжо была свая таямніца, сваё запаветнае — я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. I таямніца мая, сяму-таму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот — ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да ix лепшым, глыбейшым i — мне хацелася гэтага — яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я не толькі чытаў i пісаў у вольны ад работы час — я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю i бедняку,— патрэбна маёю шчырасцю, нашаю праўдай, якая сваімі фарбамі i гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы i песні, роднага суму i смеху.

Пажарнай бочцы не шанцавала. Клапаціцца пра тое, каб нарэшце-такі набыць яе, другую да нашай помпы, павінна была ўся веска, не адны толькі ўладальнікі Гуртавога «ёдчыны». «Ёдчыны» не хацелі ў гэтай справе перадаць i мелі сваю пашахонскую рацыю.

Здаецца, толькі раз ці два разы на маёй памяці Гуртавое хтосьці купіў «на скос». Адзін раз тыя лічаныя злоты пайшлі, здаецца, на першую бочку, a другі раз так i ляжалі да самага Верасня ў скарбніка добраахвотнай пажарнай каманды, дарма чакаючы, калі да ix «нагорскія» збяруць сваю палавіну.

Не памятаю, каб калі-небудзь Гуртавое разбівалі на палоскі ды палосачкі,— не даходзіла да вяршыняў такой геаметрыі.

Часцей за ўсё, стаміўшыся ад спрэчак — што рабіць, касілі гуртам, тым больш што сонда не чакала. I касьба гэтая помніцца як самае характэрнае, нібы так толькі яно заўсёды i было.

Касцы ўставалі.

I зноў жа хтосьці першы — не па чыне ды не па выбары, а хто быў найбліжэй — станавіўся ў крайні ад пашы пракос, ці то гарэзліва, ці абыякава, ці нават урачыста пачынаў мянціць касу.

Пайшоў.

Пакуль пайсці другому, трэцяму — усе пачыналі мянціць, да апошняга ў постаці. Вясёлы маладзецкі перазвон.

A публіка рознага веку, ад смаркатых да сівавусых, усе, хто сабраўся тут дзеля веча, стаялі збоку, на пашы, як на нейкае дзіва гледзячы на справу звычайную — касьбу, i незвычайную, бо раз на год калектыўную, гуртавую.

Тут набліжаецца галоўнае...

Тут я павінен зрабіць яшчэ адно, не апошняе, адступленне.

Веска наша, як правільна сведчыць вышэй успомнены «Геаграфічны слоўнік», спрадвеку палявая. Ляскоў, гаёў якіх-небудзь ці проста зарасніку каля яе няма. У лес мы, пастухамі быўшы, траплялі толькі ўвосень, калі кароў пускалі на лугі, пасля атавы. A падраслі — па дровы ездзілі зімой.

Салаўя, такім чынам, я змалку не чуў, гадоў, здаецца, да семнаццаці, пакуль не паехаў аднойчы ажно за чацвёртую вёску рэзаць на балоцістым надрэчным лузе лазу.

Красу птушынага голасу я ведаў, перш за ўсё, ад жаваранка i шпака. Не лічачы, вядома, спевакоў ледзь не хатніх — пеўня ці ластаўку, або выпадковых — шчыгла ці чачотку, што не табе, дык суседнім хлапчукам траплялі часамі ў клетку.

Жаваранак i шпак, спяваючы, не хаваліся.

Першага мы змалку бачылі не раз. На зямлі, калі ён — недасягальна мілы, шэранькі — уподбежку хпмыгаў па руні, яшчэ не могучы ў ёй схавацца; над зямлёй, калі ён уздымаўся над калоссем — ужо налітым ці яшчэ ў красе — адразу з сярэбраным звонам; у небе, дзе ён бясконда вісеў над табою, жандом ці касцом, бясконца званіў, як вясёлая ручаіна, усё адно i тое ж, i ўсё такое новае, такое шчырае!..

Другі спявак — бліскуча-чорны, гарэзлівы шпачок — наогул нікуды, як быццам, не адлучаўся. Калі не на кіёчку перад акенцам шпакоўні, дык на галінцы дае свой штодзённы, з ранняга ранку да позняга вечара, таксама як i жаваранкаў, нястомны канцэрт. I з перапевамі, i сваё, i з кепікамі ўсякімі, з зачэпным посвістам, i ад сапраўднай радасці, з поўнай сардэчнай аддачай.

Загадкава прывабныя, проста такі чароўна-таямнічыя былі мне з маленства галасы яшчэ дзвюх птушак нашага свету — драча i перапёлкі. Ix галасы ўзрушліва спалучаліся з красой у аднаго — вясняных, a ў другое — летніх вечароў, з таямнічасцю роснага, прыімглёнага лугу i духмянага хлебнага поля. Перапёлка бывала далей ад нашай хаты, сакавіта-хлёсткі i шчымліва-журботны покліч яе даходзіў здалёк, прыцішаны адлегласцю. Драч дадзіраўся настойлівым, поўным адчування абавязку i годнасці дзёрам — да самых акон.

Часамі, калі ты, зачараваны імі, выходзіў з хаты, ішоў па двары, пасля па цёплай баразёнцы паміж бліскучага ад месяца гічання буракоў ажно на роснае прыгуменне — яны, перапёлка i драч, служылі сваю службу, здавалася, зусім на пару, дуэтам, пад адным вялікім, нізкім месяцам, налітым спеласцю, нібы казачна-агромністае яблыка, вось-вось гатовае апасці на мяжу паміж полем i лугам.

«Свежасць дзіцячага ўспрымання...»

Ды вось i іншае.

Сяджу над паплаўком, задуманы i засяроджаны. А пасля да мяне пачынае даходзіць музыка ціхага-ціхага шуму. Спачатку я падсвядома цешуся гэтай радасцю, а потым спакваля пачынаю ўсведамляць, што цуду тут ніякага няма. Узнімаю вочы. Гэта ж на тым баку ракі, хоць i даволі шырокай, спакойныя, даўно ўжо не галодныя каровы падышлі нячутна па траве да берага, грызуць яе — нібы адною шырачэннай пысаю: ш-шам, ш-шам, ш-шам... Ёсць несулад у гэтым шаманні, ды ён усё ж зліваецца ў адно.

Мне ўжо тым часам за пяцьдзесят. I я ўспрымаю гэтую музыку надрэчнай раніцы не як дзіця, аднак не менш, здаецца, свежа i яшчэ глыбей.

Чаму? Як хто?

Як чалавек, які ў свой час быў па неабходнасці нават i стыхійным ветэрынарам — памагаў карове цяліцца, лячыў яе тым, што ведаў ад векавое мудрасці народнага лекавання, а то i стаяў над ёю, хворай, балюча глытаючы сваю бездапаможнасць.

Як чалавек, які не толькі замілавана гладзіў сытае, даверлівае цялятка, але ж i сам яго выкарміў, i быў аднойчы пастаўлены перад горкім абавязкам падысці да яго з нажом.

Як чалавек, які не толькі ахвотна піў сырадой ці задаволена пакрэктваў над місай крамянага ды халоднага з пограба кіслага малака, але ж i сена карове касіў, i салому на подсціл ёй вымалочваў, i гной вярнуў з-пад яе, да трэску ў жылах i ў дзяржальне сахара.

Каму ж, як не таму, не такому чалавеку адчуць па-сапраўднаму музыку яе, каровінай, задаволенай, сытай яды на калгасным прыволлі?..

Красу прыроды хлебароб адчувае інакш, паўней, чым яе старонні назіральнік, няхай сабе нават найлепш эстэтычна падрыхтаваны ці па натуры вельмі чулы. Хлебароб успрымае яе не збоку, не зверху, а з самай сярэдзіны, свядома ці падсвядома адчуваючы сябе саўдзельнікам стварэння гэтай красы,— гордае i шчаслівае адчуванне.

Яно было маім у дні маёй сялянскай маладосці, у пэўнай меры маім засталося яно i дагэтуль. I дома, i ў кожнай іншай краіне, дзе я гляджу на новую красу палёў, павага да яе стваральнікаў жыве, ціха, непераможна спявае ў маім захапленні.

Гэтага мала, аднак.

Мне часта ўспамінаецца пара той непаўторнай свежасці пачуццяў, подыхамі якое цяпер, у гарадской ды кабінетнай мітусні i адзіноце, даводзіцца падмацоўваць сябе толькі час ад часу, успаміны пра якую вяртаюцца, непакояць душу ўсё часцей ды ўсё больш неадчэпна, з новым сумам i новай чароўнасцю...

Дальше