Ад сяўбы да жніва - Янка Брыль 2 стр.


Тады яны (хто яны — ён не мог зразумець, а толькі ведаў, што яны, значыцца маладыя, вясёлыя, добрыя) сядзелі за сталом, а яна ўвайшла і стала, зірнула на яго поўным як быццам сораму і любага расчаравання поглядам, у якім ён прачытаў: «Мілы, я так хацела, каб ты быў тут адзін». Сэрца яго напоўнілася ласкай, і ён пачаў — недарэчнасць якая — гаварыць, як дзіцяці: «Мілая мая, ідзі, ідзі з намі кашку есці!..»

Але тут нехта ўзяў і павалок яго некуды ад усіх, прымусіў яго расплюшчыць салодкія вочы і ўбачыць раніцу, і гумно, і старэйшага брата, які будзіў яго. «Пачакай, пачакай, вось, вось ужо ўсё, зараз я…» — прасіўся ён думкай у брата і зноў нырнуў у соп. Ох, ужо не было іх, тых маладых і добрых, і «кашкі» тое пе было, — толькі яна адна, і ён кінуўся да яе…

Але брата нельга было ўпрасіць. Прыйшлося здацца. Ён прачнуўся і сеў, сонна пачаў падзяваць кашулю, а ў паўсне была яна, і ён усё ляцеў, ляцеў і ніяк не мог даляцець да яе.

— Добра, добра, калі ты вельмі!.. — сказаў ён уголас на сябе самога. І хацеў яшчэ дадаць: «Рассаладзеў!..»

— Што «добра, добра»? Яшчэ і. ўпінаецца, паніч! Уставай вот! — сказаў брат, ужо выходзячы на двор, чамусьці зачыніўшы за сабою вераю.

Сон расплыўся. Навокал — тое самае гумно — кроквы, латы, салома, дзве сахі з крыжаваннем уверсе, гнёзды ластавак на латах. Праз шырокія шчыліны старых дзвярэй льецца, дрыжыць растрывожаным пылам, коле заспаныя вочы, ляжыць палосамі на тану вясёлае сонца. Ён нацягвае порткі, нага заблытваецца ў калошыне, ён злуе, а потым ужо і смяецца, падскакваючы на адной назе.

Апрануўся і выйшаў з гумна. Пасля ўчарашняга дажджу вішні, яблыні, грушы бялелі ў квецені, здавалася, нанава зацвілі. Каля гнязда на гумне стаяў бусел і калупаўся ў пер'і. І ўсюды было поўна сонца, смеху…

Прыйшлі мужчыны — плазаваты дзеравякі. Як гэта добра, што на месцы старога хлява паставім новы! Як добра, што галава другога бусла тырчыць з гнязда! І гэтая ясная, росная раніца — добра!..

Ён выпусціў а хлява кабылу, напаіў, і калі яна задумалася над карытам і са зачэпленай валасатай храпы закапалі ў ваду буйныя кроплі — ён зноў засмяяўся. Жарабя, конік, таксама піў, як сталы, задумаўшыся.

Ён лёгка ўскочыў па Каштанку і паехаў. А на пашы, пусціўшы кабылу, радасна паплёхаў па празрыстых, цёплых дажджавых лужынах.

Пасля плазавалі. Ён трымаў брату дзеравяку, а яна не слухалася.

Пасля мужчыны курылі, седзячы па дзеравяках, а ён пастукваў абухам па кары. Раптам яму ўспомніўся соп, яна, тая «кашка», і стала так смешна!.. Паглядзеў на бусла, што паходжваў па спіне страхі,— стала яшчэ смяшней. Зноў засмяяўся.

Дзядзька Яўхім, маўклівы здаравяк, кінуў недакурак, плюнуў.

— Чыво сміёшся? — спытаўся яшчэ па даўняй салдацкай прывычцы «па-гарадскому».

— Так сабе… Мала чаго…

— А вот лучша падзяржы мне гэты цурубалак, а то круціцца.

І зноў застукалі сякеры.

1936–1937

ПРОСТА, I ЯСНА

Як праз сон, успамінаю сябе маленькім хлапчуком. Лазіў па падлозе i застраміў палец.

— Баліць, — пішчу я i лезу да мамы.

— Што баліць? — схіляецца да мяне яе малады, мілы твар.

— Пальчык баліць, во! — паказваю я i плачу.

— А мой жа ты гаспадарык, — кажа мама i вымае з кашулi іголку. — Я вось ей дам, гэтай больцы, калі яна вельмі…— I мама пора застрамку іголкай.

— Баліць! — верашчу я i адбіваюся — б'ю маму рукою па шыі i плачу яшчэ горш.

Мама бярэ мяне на калені.

— Трымай, Люба! — смяецца яна да мае сястры. Люба бярэ мяне за ногі i моцна трымае. Я крычу i ўюном выкручваюся з маміных рук. Сукеначка мая закасваецца, i я тузаюся голымі ножкамі ў панчохах i крычу як сцяць. Мама абнімае мяне і, трымаючы адной рукою мае рукі, выпорвае іголкай застрамку.

— Во, бачыш, няма, — кажа яна i пушчае мяне.

— Баліць! — пішчу я.

— Што ж баліць? Вось жа яна, твая болька. Дай яе, Люба, сюды — я ёй дам!

Люба паднімае з падлогі вялікую трэску i — ажно прысядае — рагоча. Мама б'е трэску i лае яе. А я смяюся i плачу. Пacля я шкадую маму, — яна папрасіла, — абнімаючы за цёплую, мяккую шыю. А яна туліць далонню мой мокры ад слёз тварык да свайго твару, і цалуе мяне, моцна i многа, i хукае на мой скурчаны пальчык.

Мілая, добрая мама! Вось бы цяпер мне цябе! Мне ж гэтак хочацца, каб мяне прыгарнуў, пашкадаваў хто-небудзь добры, разумны, назваў бы сыночкам, чаго я так даўно не чуў.

Але ж не! Вось разбалелася галава ад цёмных думак, а сэрца ад горкай, як чэмер, тугі. Усталі злыднямі цяжкія пытанні жыцця, i не можа ix разгадаць мой бедны блазенскі розум…

А я ж хачу, я намагаюся вырашыць ix, — я не жартую, не забаўляюся жыццём, а жыць хачу i жыць разумна! Хачу быць разумным, добрым, любімым. Хачу ды не ведаю сёння зноў, з чаго i як пачынаць? Уцякло ад мяне сёння ўсё тое, што я ведаў, a ўсё, што я пачаў рабіць, здаецца мне такім марным i смешным, дурным i агідным…

«Адзін, адзін, як тая трысціна на пожары, — думаю я пра самога сябе. — Ой, наскочыш ты недзе на ліха, наскочыш…»

I вось я плачу. Дзяцюк, людцы мае, сорам, а плачу.

* * *

Учора вельмі аслабеў душой, абабіўся. Вельмі нездаволены сабою, проста да адчаю. Што яно — гэтая слабасць мая? Страта веры, правільных адносін да жыцця, таго, што давала мне сілу i шчасце. Адчуваю моцна, мацней, чым калі-небудзь раней, што, каб стаць чалавекам, трэба пачынаць зноў ад пачатку.

…У акне мільганула нешта. Гляджу на двор, — стары жабрак.

Уваходзіць у хату, здароўкаецца i, без усякіх прадмоў, траскучым голасам цягне: «Найсвентша матка…» I я адчуваю, што будзь гэта гадоў ca два таму назад — не вытрымаў бы, засмяяўся б.

Уношу яму талерку мукі. Дзед пакідае песню на паўслове, — відаць старого вераб'я, — i спехам настаўляе сваю торбу. Шшух! — ляціць туды мука, як у калошыну. А дзед гугніць:

— А каб вам гасподзь, а каб вам…

— Няма за што, дзеду, — гавару i гляджу на яго.

Сінія, бяскроўныя, апухлыя ад марозу рукі; на вусах намерзлі саплякі; на ўсю галаву лысіна. Старэнькі кажушок, увесь на латах, як чарапіцай пакрыты, разбітыя лапці.

— Вы, дзеду, відаць, i паабедалі б?

Ён глядзіць на мяне.

— А ты хіба дасі, што пытаешся?

— А чаму ж.

Дастаю з печы цёплае малако i кладу на стол акраец свежага хлеба.

— А мой жа ты галубок, — хмыкае дзед, цераз галаву здымаючы торбы. Ён садзіцца ля стала i есць, толькі вусы ходзяць.

— Адкуль вы, дзеду?

— Я, дзеткі, з Дзятлавіч, але сам жыву ў Горках, у дачкі, замужам тут.

— А што ж гэта вы так… ходзіце?

— Гэта, сынок, не я, гэта гора мае ходзіць. Хіба ж пайшоў бы чалавек? Ды паслаў бог зяця, каб ён падвярнуўся! Я, кажа, на цябе рабіць не буду!..

— А што, больш у вас нікога няма?

— Больш? Ёсць i больш. Сын недзе яшчэ перад вайной пакруціўся ў Амерыку ды прапаў. I дачка ў Расіі ёсць, настаўніца. Ды вось не піша… Раней пісала i грошы прысылала разоў ca тры. Тады i на мяне ласкавей глядзелі. А цяпер во не піша… Э-хэ-хэ, дзеткi, каму стары міл? От, як былі малыя, як я цягнуў з апошніх жылаў, гадаваў, вучыў — тады i я… А цяпер…

I губы старога задрыжэлі.

— Ну, пайду я, — заварушыўся ён неўзабаве. — Дзякуй табе, голубе, дзякуй. Малачка цёплага на старыя кішкі — ніколі я не спадзяваўся…

— Ат, што вы, дзеду, што вы, — праводжу я старога з хаты.

I мне зноў добра. Мне няёмка нават i думаць пра тое, што я зрабіў чалавеку. Мне проста добра — i ўсё.

1936–1937

ЯК НЕ ТАЯ

1

Дзед з бабай, як у той казцы, жылі ў старэнькай хатцы на курынай лапцы.

Стаяла хятка «без портак»: ніякіх, значыцца, за ёю прыбудовак не было, апроч плеценых, над колас крытых сенцаў, дзе стаяла Красуля i парасяты. Парослая куп'ём зялёнага моху, страха насунулася на аконцы, што паўпадалі, як выплаканыя вочы. Было ix тры: адно большае, ад вуліцы, а два ад падворку — малое i яшчэ меншае «проціўпечнае», толькі як цёрла паставіць. Паўпадалі аконцы даўно, нешта хутка пасля таго, як загінуў на вайне адзіны ў старых сынок Алісей. Дзед абабіў ix тады па шалёўках дошкамі, i ад вуліцы хатка стала падобнай да бабкі, калі яна падапрэ шчокі i тужыць.

На зіму абложаць хату бульбянікам, i стане ў ёй цёмна, як у яме. Пядзя ўздоўж, корх упоперак, i да столi рукой дастанеш. Кухні няма, i седала, i едала разам. З сяней, ад каровы i парасят, дыхціць, i з падпечка таксам а, бо курэй у бабкі — няма што грашыць.

Але старым i ў гэтай добра: сякая-такая ды свая, свой прытулак на старасць. Печ яшчэ добра грэла, быў ложак, палок. На покуці стол, а над сталом ад акна да акна — багоў штук з восем. На вокнах альвас у чаронках. Кот з кошкай. Скарынкі за старымі паядалi.

А ёсць жа хаты ў людзей! Хаця б вось у Змітрука, суседа насупраць. Нямецкі вугал, тры акны ад вуліцы, чатыры ад надворку. Авокны ж, вокны! — карову увёў бы. Ганачак пад бляхай i цымантовая, папярэшчаная скалачкамі i чарапкамі падмуроўка… Ды шмат у каго хаты хлёсткія ёсць — ну, у адных лепшыя, у іншых горшыя — але такое, як у дзеда з бабай, няма ні ў каго.

2

Куды, кажа, воўча, бяжыш? Па сірочае!

Трэба ж яшчэ было, каб стаўся зімой пажар.

Змітручыха сала пякла на прыпеку, i ўзялася ў коміне сажа. Выбегла сама, дзеці, Змітрук з гумна прыбег — давай тушыць. А гвалту не падымаюць — сораму баяцца, бо не раз ужо загаралася ў іхнім коміне, не раз лаялі нядбаліцаў. А вецер тады — як на злосць, i страха не на жарты ўзялася. Тады ўжо сталі крычаць i званіць у рэйку. Эх, бягуць людзі! I давай, хто ваду насіць, хто заліваць, хто суседнюю страху здзіраць, хто галасіць, хто набытак выносіць i выганяць з хлявоў жывёлу.

Вецер ірваў уздоўж вёскі, прэч ад хаткі старых, i яна не ўзялася. Бабка, як толькі ўбачыла вялікі агонь, зняла з покуцця багародзіцу i выбегла з ёй на загуменне.

— Заступніца… прасвятая багародзіца… адвярні вецер у чыстаполіцу… пашкадуй людцаў! — малілася яна, трымаючы ікону тварам да агню.

Агонь жа, як шалёны, ірваў, шумеў, трашчаў, а над ім чорнай хмарай клубіўся, валокся над вёскай дым. На загуменні раўлі на снезе каровы, гайсалі i храплі на агонь апуджаныя коні, скавыталі, нагорбіўшыся, пацэплыя свінні, бэкалі авечкі, i, б'ючы ў крыллі, насіліся над дымам галубы. Цераз палі, з усіх бакоў, беглі людзі, гразнучы ў глыбокім снезе. Дарогай імчаліся з мястэчка пажарнікі.

А бабка ўсё малілася за хатку, зарок давала ўсім святым, што прыме ў яе пагарэлых — колькі ўлезе, хай толькі яна не згарыць. А дзед працаваў як мог. Адразу, як толькі ўзялася Змітрукова страха, ён выгнаў на гарод Красулю i парасяты, вынес з бабамі бабчын купар, кубелец з мукой, стол, ложак, дзяжу, багоў… А тады залез на страху з вядром вады i трыма мокрымі дзяругамі, разаслаў ix ад агню i сядзеў, пакуль агонь перакінула далей. Тады ўжо людзям пабег памагаць.

Спынілі агонь ажно на дзесятым двары. Спачатку хлопцы, як вароны, населі на Піліпаў будынак, сарвалі страху, бусакамі звярнулі верх, кроквы i латы, адарвалі ад хаты гаручыя сені з каморкай, расцягнулі i залілі. Ведама, сіла! Стаялі два насосы ля студні, адны ганялі ваду, a іншыя — i бабы, i дзеўкі, i дзеці — насілі яе: са студняў астаткі i з раўка на вуліды, бо ад агню растала i пацякло. Насілі хто чым: вёдрамі, цабрамі, саганамі, місамі… Пажарнік, насунуўшы шапку i наставіўшы каўнер, стаяў крокаў пяць ад агню i кіраваў вужам. Вада з шумам біла па гаручым бярвенні i злізвала полымя.

— Так яго, так, Мітрапан, — крычалі пажарнікі,— вось, вось хіба атата!..

I перамаглі-такі, утушылі.

А на вуліцы — чыстае пекла! I кублы, i сталы, i сані, i ложкі, i аконныя рамы з пабітымі шыбамі, i багі, i вопратка, i лапці на багах… Затушылі,— раз'ехаліся пажарнікі, разышоўся чужы народ, а свае пачалі разбіраць з вуліцы набытак. У каго засталося гумно — вёз у гумно, у каго хлеў, хата, адрына — валок туды, у каго ж нічога не засталося — вёз да радні або да суседзяў.

3

Увайшоў дзед у сваю хатку — бачыць: сядзіць у ix на ложку хворы Аленін Натолік, у бацькавай калматай шапцы, i пазірае ў акно, як дагарае іхняя хата.

Натоліку дзесяць гадоў. Два тыдні ўжо, як яго раптам хапіла: адняло i памяць i мову, i глытаць нічога не можа. Думалі — дойдзе, а тут яму адпусціла крыху, стаў i разбірацца, i гаварыць, i глытаць рэдкае.

Як толькі пачаўся пажар, Рыгор, мужык цёткі Алены, ахінуў Натоліка ў кажух, прымчаў да дзеда ў хату i пасадзіў на ложку, ля акна.

— Ты тут, Натоль, не баішся адзін? — спытаўся Дзед.

Малы замармытаў нешта, закруціў галавою i ледзь-ледзь аказаўся:

— Не.

— Зараз мама прыйдзе, не бойся.

Натолік зноў закруціў галавой, цяжка глытаючы сліну, i шэптам, з перапынкамі, спытаў:

— А што… дзеду… нашая хата… згарэла?

— Згарэла, унучак, згарэла, — сказаў дзед i пагладзіў малога па шчацэ вялікай, каравай рукой.

— А дзе ж… мы… дзеду… жыць бу… дзем… га?

Дзеду падкаціла пад горла, зашчымела ў носе, i па маршчыністым, замурзаным гарай твары пакаціліся слёзы.

— A ў мяне, Натоль, чым не хата? — расставіў ён рукі.— Вельмі выгодная хата! Мама прыйдзе, тата, Верка, Раман — а-ёй! — хай багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца. А вясной зробіце новую, лепшую, як гэтая была.

Натолік ледзь-ледзь усміхнуўся i прамармытаў:

— Але… зробіш… якраз… ого… зробіш…

4

I праўда — прыйшлі ўсе: мама, тата, Раман, Верка, Маня, Ніна — поўная хатка, як завязаць. Паставілі ложак уздоўж, другі ўпоперак, навешалі на печ мокрых каптаноў, спадніцаў, портак…

Увечар бабка з Аленай запалілі ў печы, зварылі саган бульбы з мундзірамі, насыпалі на стол солі, палажылі бохан хлеба, сталі вячэраць. Абселі стол навакол, разгутарыліся…

Пасля паляглі спаць, — хто на печы, хто на лаве, хто на ложку, хто на таку. Дзед лёг на лаве, пад багі галавой, а баба на яго любімым месцы, на печы, бо на яе ложку палажылі хворага Натоліка. Алена прылягла каля яго, не распратваючыся. Натолік кідаўся i енчыў на ўсю хату: зноў яго ўзяло за мазгі, бедака… Разоў колькі ён спіхаў Алену з ложка, ажно яна, урэшце, устала i села ў нагах.

За акном была шэрая, адліжная ноч. На іхнім котлішчы тырчала толькі, як злыдня, белая печ з палавінай разваленага коміна i валяліся асмалкі.

Бедная!.. Закруціла галавой, хапілася за твар аберуч i ціха, наўзрыд заплакала.

A ўсе спалі, саплі, храплі. У хатцы было душна, як у пекле, мляўка i кісла ў роце ад смуроду прэючай на печы мокрай вопраткі.

— Ах… ма-мач-ка… мая… да-ра-жэнь-кая-а-а!.. — мармытаў гарачы, як жар, Натолік.

— I дакуль будзе гэтак? I калі ж палепшае? Божа мой, божачка, аха-ха!..

На печы заварушылася бабка.

— Аленка, ты плачаш? Не плач, галубка мая, — аказалася яна. — Які бог намачыў, такі i высушыць. Табе i легчы недзе. Ідзі да мяне, рыбка, тут цёпла, прастора.

Алена, хліпаючы, палезла на печ, да старое. Бабка падсунулася да сцяны, пад пляцёнкі цыбулі, i Алена легла каля яе, падлажыўшы пад сябе далоні.

I бабка расказала ёй, як калісьці, гадоў сорак таму назад, у ix дома, калі яна яшчэ дзеўкай была, таксама вось пагарэлі.

— А потым, бог даў, пабудаваліся, абжыліся. Праўда, цяжка, але што ж — ці ты плач, ці галасі, то рады не дасі,— гаварыла яна.

Алена патрохі супакоілася, Натолік перастаў кідацца, i бабы паснулi.

5

Жылі разам доўга, да лета.

У Рыгора ад пажару засталося толькі гуменца. Вясной перайшлі ў яго спаць маладыя i сам, a ў хаце засталася Алена з Натолем, які надзіва ўсім паправіўся i пасвіў авечкі.

Каля акна стаяла, як патароча, ix вялікае ложка, на ўсю, здаецца, хату.

Хату Рыгор паставіў лепшую, як меў. Пакуль не было печы, варылі ў бабкі. Цесна, нядобра, а каму найгорш — бабцы: заўсёды трэба дзве печы адстаяць. Бабка любіла чыстату, — хатка ў яе тыя разы, як шклянка, — а тут яе ў цеснаце, чыстаты гэтай, не ўтрымаеш. Зімой, не тут кажучы, было нават, што i вошы пайшлі. Бабка была жанчына ціхая, талковая, а Раман з Аленай увесь век жылі як кот з сабакам, а тут, ведама, бяда, што дня грызуцца. I прыкра бабцы, хоць ты ўцякай.

Назад Дальше