Ад сяўбы да жніва - Янка Брыль 3 стр.


Але яна памятала свой зарок на пажары, ды i шкадавала Аленіных — дзе ж ім дзецца? — i моўчкі цярпела.

Найгорш ёй надазоліла гэта вялікае ложка.

Пасля i Натолік з Аленай перайшлі ў сваю хату, а ложка ўсё стаяла, быццам аб ім зусім забыліся. I сказаць не скажаш, ды i не варта: колькі часу хораша пражылі, каб не пазлавацца. I цярпела.

Аднак прыйшоў i гэтаму канец. У жніўні ўжо, перад святам прыйшлі Аленіны дзеўкі i забралі ложка дахаты.

Адразу свет адчыніўся ў хатцы.

— Дзякуй богу міламу: ім свае, а нам свае, — усцешылася бабка, ды адразу за венік. Вымела чыста куток і, шчаміўшы дзясны з трыма апошнімі зубамі, прыцягнула сюды свой вялікі купар, на яго былое месца.

Сонейка глядзела ў хату, a ў сонейку варушыліся ўзнятыя венікам пылінкі. Села на купры шэрая кошачка, прыгрэлася на сонцы i задрамала.

Неўзабаве прыйшоў дахаты дзед, — ён Красулю пасвіў на повадзе, — азірнуўся па хатцы, расставіў рукі i засмяяўся:

— А ведаеш, Марта, як не тая хата зрабілася, дальбог!..

1937

ЦЮЦІК

1

Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў i ніяк не называўся, — жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам ca сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла цюціка, абнюхвала i лізала, пяшчотна i многа. Было яшчэ нешта другое — маленькае, цёпленькае; яно тоўхалася з ім разам у пушыстай аўчыне i, заблудзіўшыся, дарма намагалася адабраць у яго соску з малаком i ўсё мармытала, усё пахныквала…

Пасля цюцік стаў бачыць i ўцяміў, што тое вялікае нешта з пушыстым цёплым кажухом i соскамі — гэта яго мама, калматая сука Муха, a цёпленькі мармытун — брат, такі самы шчанюк, як i ён. З ім разам цюцік ссаў матку, пасля хлябтаў малако з чарапка, гуляў на двары i ў будзе на саломе.

I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей.

Аднойчы маці недзе пабегла, а яны з братам сядзелі ў будцы i глядзелі на двор. Церушыў дождж, на будку капала з яліны, i не хацелася нават носа высаджваць на двор.

Цераз леснікову сядзібу, дарогай, ехалі фурманкі з дровамі. Дзядзькі спыняліся каля студні i паілі коней. Яны цмокалі на шчанят у будцы, гаварылі пра ix, але ніхто не чапаў.

А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй i глядзіць на шчанят. Пасля гэта — шлэп, шлэп у лапцях — падышоў да буды.

— І-і,— кажа, — якія харошанькія!

Усадзіў у буду руку i пагладзіў ix, прыгаворваючы: «Цюценькі, цюцькі…» За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.

З хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.

— Я ж кажу, чалавеча, — гаварыў дзед, — бяры хоць абодвух, балазе i сукі няма.

— Дзе там, дзеду, абодвух, — адказаў дзядзька, — будзе мне i з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.

— Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.

— Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.

— Я ж i кажу — часцей нос падціраў бы.

— A ўжо ж неяк там будзе.

— Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?

— Мяшэчак вось…

I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.

— Дзяржы ж т’каля. Я ж кажу — ядуць усё, як старыя, i ў роце чорна: злосныя.

Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, i апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, i цюціку зрабілася цёмна. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах i паехаў.

Была позняя, шэрая восень, гразка, i на звілістых лясных дарогах — глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала i трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно i жаласна пахныкваў.

Лесам, лесам, пералескамі — i дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі i заснуў.

2

Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, a ў другую — мяшок з цюцікам i пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, i дзеці яго, Міхась i Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..

— Што гэта, дзеці? — усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком. — Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!

I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.

— Сабачка! Мама, сабачка! — закрычалі Міхась i Волька. — Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, i лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы… Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!

— Яшчэ чаго не было, — аказалася маці.— Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, i гэтага звяду! Не бачыла смуроду!

— От ты сціхні,— адказаў ёй бацька. — Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!

Ён распрануўся i сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені i спытала, пазіраючы ў вочы:

— А што мы яму, тата, есці будзем даваць?

— От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? — адказаў тата i пагладзіў Вольку па галоўцы.

— Пэўна, — аказалася ад печы мама. — Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! — паставіла яна на стол капусту.

Але бацька ўстаў i пайшоў да паліцы, на якой стаял! збанкі з малаком, завешаныя зрэбнай полачкай.

— Хаця ж поўнага не пачынай, каб цябе ліха заела! Дай я сама!

А першы з краю збанок якраз быў поўны. Хацеў бацька ўзяць яго, на злосць бабінай звязе, але падумаў i ўзяў пачаты. Міхась падставіў кошчын чарапок, тата наліў малака, узяў цюціка за каршэнь i ткнуў мызачкай у малако. I малыш пачаў прагна хлябтаць.

Міхась i Волька падскаквалі ад радасці i смяяліся на ўсю хату. Тата паджургваў сваю пасаломленую чупрыну i таксама емяяўся.

А той, за каго пасварыліся — галодны цюцік з рабенькімі лапкамі,— хлябтаў, разгірачыўшыся, i толькі пачмыхваў, павільваў тоўстым хвосцікам i ўвачавідкі таўсцеў.

3

Маму звал i цётка Алена.

I вось гэтую зіму нешта дрэнна куры нясліся ў цёткі Алены. Адна марока. Выпусціць яна ix з падпечка, хопіць адну-другую за крыллі, памацае ды лаецца:

— А каб вас каршун падзёр! Адно павыядаліся, як копы!

Шэраму пеўню пападала па пер'і, i, адскочыўшыся, ён нездаволена кудкудыкаў, не ведаючы, чаго яна хоча — дурная баба…

— Агрызайся яшчэ, ціпун табе на язык, жарабец ты!

На «шчадра» цётка Алена накарміла ix куццёй у вялікім абручы з кадушкі, i неўзабаве Драпясценькая выйшла з падпечка, скочыла на лаву i на ўсю хату раскудахкала, што яна зняслася. Мама паслала Міхася пад печ з газоўкай.

— Ёсць! — крыкнуў Міхась. — У гэтым куточку яйцо, a ў гэтым яшчэ адна сядзіць, жоўтая!

Ад крыку яго закалыхаўся агеньчык газоўкі i цёмныя цені, а курыца спалохана паклявала галавой i кудахнула.

— Ну, вылазь, а то спудзіш яе! — гукнула маці пад печ, i Міхась вылез на хату.

— Мне зварыш, мама, мне! — затупала Волька.

A Міхасю проста хацелася самому кудахкаць ад радасці. Ён падсунуў яечка цюціку пад нос. Шчанюк панюхаў яго, завіляў хвосцікам i аблізаўся.

— Яшчэ чаго не было! — крыкнула мама. — Навучы, бацькаў сынок! Дай сюды яйцо! А ты вон, здыхата!

Мама адшпурнула цюціка нагой. Шчанюк заплакаў i лёг у сваім кутку.

Плакаць яго навучыла цётка Алена. Так з самага рання i лічы, што як дзядзькі дома няма, дык i паплачаш. I каб сказаў было за што! Хоць бы надоечы. Знайшоў ён у каморы пад скрыняй палавіну каравай халявы ад старога валёнка i панёс яго дзе-небудзь лепш перахаваць. А цётка стрэла яго ў сенях i дала прачуханца махрамі. А тут, як наліха, з кожным днём усё цікавей рабілася пашукаць што-небудзь, знайсці ды занесці ў лепшае месца. I заўсёды амаль спаткаешся з гаспадыняй i яе пякучымі махрамі…

Цётка нібы знарок шукала прычыны, каб звесці цюціка. I такі знайшла.

Аднойчы яна выпусціла курэй з падпечка, а сама пайшла недзе з бязменам, прычыніўшы дзверы. Малых не было дома: Міхась пайшоў у школу, а Волька да свае сяброўкі Тоні. А сам дзядзька паехаў у млын. Цюцік убег у кухню пагрэцца, а пасля — нюх, нюх, нюх, — пад печ. А там тры яечкі, такія самыя, як Міхась панюхаць даваў — цёпленькія, гладзенькія. Цюцік узяў адно асцярожненька ў зубы, панёс.

— О, гэта дык але! — стрэла яго ў сенях цётка. Схапіла цюціка за хвост, развязала другой рукою фартух i давай яго сцябаць, прыгаворваючы: «А я табе! А я табе!» A цюцік крычаў на ўвесь свет. Цётка вынесла яго на двор i шпурнула цераз плот на мерзлую раллю.

Снегу было няшмат, i цюцік выбіў лапку. Заенчыў, заплакаў. Пасядзеў, палізаў больку, хацеў ісці, але толькі ступіць — заенчыць зноў. I ён пачыкіляў: тры з палавінай, тры з палавінай… Плот быў новы i зусім шчыльны. Як ні намагаўся цюцік ушыцца на свой двор — не было нават малое дзірачкі. Тры з палавінай, тры з палавінай… «Ы-хы-хы! Ы-хы-хы!..» Пасля плот кончыўся, а навокал усё снег ды снег, а па снезе паскрэбвае сярдзіты вецер.

Чыкіляў, чыкіляў цюцік i апынуўся пад нейкім гумном. З дзядзькавага хутара, сам таго не ведаючы, ён прычыкіляў у вёску. Пачынала шарэць. Цюцік кульгаў па вуліцы i пахныкваў. Падышоў да нейкіх варот, цікнуў спаднізу i палез на падворак. Пуста навокал, i сені зачынены. У наступных дзвярах у куточку была дзірка, для ката. Цюцік панюхаў i палез. Цёмна. Нюх, нюх, нюх… Адна толькі шорсткая кастрыца. А потым раптам — шшух! — i паляцеў кудысьці старчма. Стукнуўся аб нешта цвёрдае, вострае, перакуліўся i ўпаў на сырое каменне. Пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў, як той бедны Якаў, i ўсё яму пан бог аднакаў. Тады ён змоўк i прыслухаўся: ціхенька, цёмна, толькі пахне квашанай капустай i сырою бульбай. У кутку шарганулася нешта па дошках, а пасля запішчалі, зацяўкалі пацукі.

«Ну, — падумаў цюцік, — прападу я тут за нішчымны квас…»

4

У Габрусёвых у хаце была толькі бабка Хвядося. Шарую гадзіну спраўляла сабе ды паглядала ў вокны, што гэтак позна, a хатніх — няма ды няма. Яны пайшлі да малатарні да Якіма — i Сцяпан, i Настуля, i Рыгорка.

— А-а, што ж гэта так забавіліся? Скаціне не давана. Хм, пайсці хоць бульбы ўнесці.

Бабуля апранула кажушак, узяла кошык i патэпала ў пагрэбнік. Падышла да жарала, кінула туды кошык i ну ступаць на лесвічку.

— А-я-яй! — заенчыла нешта адтуль.

— Пан Бог з намі — што ж гэта? — Уздрыгнулася бабуля ды ходу. — Хай яго ліха, што ж гэта? — Пастаяла, падумала. — Пайду хіба газоўку вазьму.

Але старая i з газоўкай пабаялася. Стала зноў чакаць хатніх. Прыйшлі яны, i бабуля ім расказала.

— Хадзем! — сказаў Рыгорка.

Яны пайшлі. Хлопец палез у яму.

— А мо не лезь, унучак, хай яго…

Шаркнула запалка, i ў жарале засвяцілася.

— Сабачка, баба, сабачка! А мой жа ты!

З ямы пачулася пахныкванне.

Цюціка дасталі i панеслі ў хату. А там ужо мама агонь запаліла.

— Бедненькі, цюцька, галодненькі,— шкадавала яна.

— Хай яго! Толькі напалохалася, — смяялася бабуля. — Дальмала: што за звер?..

— От, бедавалі па Лыску. От i сабака будзе. Бачыш, які ладны, — казаў тата, папыхваючы люлькай.

Налілі цюціку капусты.

— Бачыш, бачыш, аж чарапок падскоквае! — смяяўся тата.

— Нейкая ж зараза ножку перабіла, — гаварыў Рыгорка, прыглядаючыся.

Тата адкашляўся i плюнуў.

— Мала хіба дурняў на свеце, — сказаў ён i зноў зацягнуўся дымам.

— От дзе — буху, буху, як у бочку, a ўсё смокча махнушу гэтую, — сказала мама.

А бабуля Хвядося:

— Што ж ты, — кажа, — другі б'еш скацінку: скацінка ж немая, мілыя, яна не скажа…

A цюцік толькі аблізваўся ды павільваў тоўстым хвосцікам.

Рыгорка занёс яго ў хлеў, пагладзіў i палажыў ля Гнедчынага катуха, а сам пастаяў i пайшоў.

Цюцік пачаў прыслухоўвацца, нюхаць. Пад ім навокал пахла конскім гноем i аржаной саломай, а над галавой хрупала сена кабыла. Пачуўшы сабачы дух, яна панюхала i, не датыкаючыся да цюціка цёплымі, валасатымі губамі, з агідай пырхнула. Цюціку здалося, што i яна ўжо ведае пра ягоную крыўду i шкадуе яго. Ён пахныкаў ёй трохі, а потым змоўк. Гнедка хрупала мерна, павольна, час ад часу спыняючыся, каб насцеражыцца, паслухаць…

Ах, як добра цюціку, як смачна ў жываце, які ён пузаценькі, цёплы i мляўкі!

Цюцік скурчыўся i шчасліва заснуў.

МАРЫЛЯ

У багатага дзядзькі Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка Марыля.

Звялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча, «зямля ненаежная». А сынок — яшчэ горшы. Воза сена не мог накласці, няўдаліца, і ўсё злаваўся. А хто ж заўсёды першы пад рукой, як не жонка? І ёй даводзілася часта. Як толькі пажаніліся, дык і набіць яе не мог, пакуль не навучыўся. Свякроў была вельмі ж драпежная ў працы. Калісь нават дзяцей на полі ці ў градах раджала. Цяпер хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. На кірмаш сядзе ехаць і то, здаецца, бегла б на возе, каб хутчэй справіцца. На добры лад, ёй ужо зусім не след было працаваць, а яна такі ўсюды трапляла. Усю малацьбу цапамі пераб'е разам з маладымі. Тады ўжо, бачыце, насмела можна пілаваць: «Я вось і то, а вы-то, што ж?» Жміндзіла — хай бог крые…

Марыля — сірата з далёкай вёскі. І ліха ж яе падагнала выйсці за гэтага Івана! Жыла яна дома пры тату і браце. Пасля тата памёр і адпісаў ёй ажно паўтары дзесяціны, бо яна была з ганьбай: на правай руцэ тры крайнія пальцы наўскасяк аджавала трыбай малатарні. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса. Марыля абкручвала яе хусцінкай, спачатку ад болю, а потым ад сораму. Сваты пачалі абмінаць яе, і маладосць завяла без пары. Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока: па вачах — што пасумнелі, праўда, пасля прыгоды — немагчыма было пазнаць, колькі слёз праліваюць яны ў адзіноце. Думала ўжо дзеўкай векаваць, і з думкай гэтай крыху лягчэй было датуль, пакуль у хаце спачувалі. Пасля ж прыйшлося рознае пачуць ад брата і ад братавай — што і казаць… Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у татавай хаце і ўсё больш ды больш стала думаць аб замужжы, — хоць які, абы свой куток.

І вось тады падагнала Івана.

Паслухаць было, што казалі аб ім людзі, але нейкі туман найшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. Прыехалі яны тады — мамачкі! — гарэлкі, цукерак, віна… Сватам быў нейкі купец-свінабой. Апрануты абодва па-панску. А як пачаў сват гаварыць — паслухаць толькі! Іван не спадабаўся ёй адразу. Расказвае, колькі ў іх поля, кароў, свіней, як ён з мамаю лён палоў. І ўсё ікае ад выпіўкі, усё садзіць у вочы дымам папяросы. А нос, нос! — быццам нечым наліты, упяўся ўніз і цягне за сабой лупатыя вочы. Прыйшлося, аднак, пагадзіцца, бо цяжка было спадзявацца на лепшага.

Пра пасаг гаварылі нямнога. Паўтары дзесяціны — гэта была амаль палавіна ўсёй татавай гаспадаркі. Прасіць у Мікіты, Марылінага брата, больш, можна было хіба толькі пазычыўшы вачэй у сабакі. Аднак сват і са сваімі вачыма не пасаромеўся патрабаваць яшчэ і карову.

— Малачко трэба не мне і не вам, яно трэба дачушкам, сынкам, — гаварыў ён Мікіту. — Справа наша старая, а іх — маладая. Малады з маладушкай сюды-туды — і дачушка, праз гадок — сынок, а то і зноў дачка, і што ж, — падай малачка! Не скупіцеся, пане Мікіта, і будзе ўсё на гэтым шыта-крыта…

Мікіта быў чалавек гарачы, часта лаяўся, соваўся нават і з кулакамі, аднак доўга спрачацца са сватам не змог, — уступіў і карову, хоць у хаце былі таксама малыя. А выпраўляючы Марылю, расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў з апошняга, як усе добрыя людзі.

Увечары, напярэдадні шлюбу, дзяўчаты, плетучы вяночак з руты, заспявалі:

Зборная субота настае,
Марылька дружыну збірае.
Сама маладзенькая між усіх,
Схіліла галованьку ніжэй усіх,
Схіліла галованьку з касою,
Паліліся слёзанькі ракою…
Назад Дальше