Яго позiркi бянтэжылi мiс Люсi, i аднойчы нешта прымусiла яе сказаць, смеючыся, па-ангельску:
- Марыа, такiх, як ты, мы называем у Амерыцы flirt. Уяўляю, якiм поспехам ты карыстаешся ў дзяўчат тут, у Мехiка.
Нейкi момант, здавалася, ён не мог зразумець яе заўвагi. Потым пачаў смяяцца.
- Дзяўчаты - muchachas. Para me, no*. - Марыа сунуў руку ў нагрудную кiшэню i выцягнуў адтуль маленькую пашматаную фотакартку. - Mi michacha. Мая дзяўчына. Mi unica michacha... Una sola**.
* Дзяўчаты. Для мяне, не (гiшп.).
** Мая дзяўчына... мая адзiная жанчына... Адна адзiная (гiшп.).
Мiс Люсi ўзяла фотакартку. Гэта быў здымак жанчыны, старэйшай за яе, з сiвымi валасамi i вялiкiмi сумнымi вачыма. На твары - маршчыны - сляды трывог i хвароб.
- Твая мацi? - цiха спытала мiс Люсi. - Раскажы мне пра яе.
Марыа залапатаў са старанным вымаўленнем на гiшпанскай мове, на якой ён, звычайна, гаварыў з дамамi, - гэта быў таропкi маналог, якi мiс Люсi разумела толькi часткова. Яна высветлiла, што мацi Марыа вельмi бедная, што гэта жанчына прысвяцiла сваё жыццё выхаванню сiрот у маленькай вёсачцы ў Герэрас i была святой на зямлi. Вiдавочна, для Марыа мацi была амаль што iдалам - такая гарачая любоў да мацi ўласцiва многiм мексiканскiм юнакам.
Слухаючы ўсхваляваную гаворку Марыа, мiс Люсi прыйшла да рашэння. Неяк да канца адпачынку яна даведаецца ў Марыа адрас мацi, напiша ёй пiсьмо i перашле грошы для таго, каб Марыа змог закончыць каледж. Мацi, безумоўна, прыме iх, нават калi яе сын акажацца занадта гордым, каб саступiць угаворам.
- Гэта i ёсць тая пiрамiда? - Думкi мiс Люсi перабiў расчараваны голас Элен. - Ну, яна не iдзе нi ў якое параўнанне з эгiпецкiмi пiрамiдамi!
Што ж датычыцца мiс Люсi, дык яе ўразiлi пiрамiды Сонца i Месяца. I калi яна ўглядалася ў iх суровую старажытную велiч, адчувала тое самае дзiўнае пачуццё ўзнёсласцi, якое ахапiла яе той ранiцай, калi яна ўкленчыла i перажагналася ў царкве ў Таска.
- Я не збiраюся лезцi ўгору па гэтых прыступках, якiя вось-вось рассыплюцца, - капрызна забурчэла Элен. - Я занадта старая, ды i вельмi горача.
I Вера, якой нiколi не было вельмi горача, таксама аказалася задужа старой. Яна стала ля падножжа пiрамiды з накiнутым на плечы палiто, з адвечнай цыгарэтай у падобнай на лапку руцэ.
- А ты, Люсi, давай - ты ў нас маладая i энергiчная.
Люсi пайшла ўверх па прыступках.
З дапамогай Марыа яна дабралася да самага верху пiрамiды Сонца i нават не задыхалася, узышоўшы на вяршыню, - настолькi моцнай была мiстычная ўзнёсласць, што апанавала яе.
Яны сядзелi толькi ўдваiх, блiзка адно ад аднаго, на вяршынi iнтэлiгентная жанчына за пяцьдзесят, якая закончыла Брынморскi каледж, i гэты амаль што непiсьменны юнак з саманавай хацiны ў глыбiнi Герэрас. Яна глядзела на квадратную планiроўку ўнiзе: старажытнае селiшча з храмам Кетцалькоатл Пярнатых Змей, якiя пазiраюць на Шлях нябожчыкаў, што вядзе ад храма да пiрамiды Месяца.
Марыа пачаў апавядаць ёй пра ахвярныя рытуалы ў час свята Токсталь, якiя штогод праводзiлiся ў тыя старажытныя часы.
Ён гаварыў, а мiс Люсi, заплюшчыўшы вочы, уяўляла сабе сцэну: прыцiхлы натоўп, якi сабраўся на вялiкай плошчы ўнiзе, жрацы, кожны на сваiм адпаведным месцы на прыступках пiрамiды, юнак у бялюткiм адзеннi - зразумела, Марыа.
I таму што ў гэтай мроi ахвярай павiнен быць Марыа, ахвярай марнасцi жыцця i прыгажосцi, мiс Люсi зрабiлася яго па-чалавечы вельмi шкада, i iнстынктыўна яе рука - рука, з якой яна так i не змагла зняць пярсцёнка з танным сапфiрам, пацягнулася ў бок Марыа, i адразу ж яе ахапiлi гарачыя карычневыя пальцы.
Мiс Люсi амаль не заўважыла, як яе абнялi рукi Марыа, а галава з цёмнымi валасамi лягла ёй на грудзi. I толькi калi яна адчула пах, якi нагадваў падагрэты карычневы цукар - пах яго скуры, i пах кветкавай мазi, якой ён памадзiў валасы, раптам прачнулася ўсё фiладэльфiйскае, што было ў мiс Люсi. Яна хуценька ўскочыла на ногi, атрасаючы ў нябыт стагоддзi i вяртаючыся да гэтага рэальнага жыцця, у якiм дзве яе прыяцелькi чакаюць iх ля падножжа пiрамiды, - а да нiзу трэба прайсцi яшчэ столькi прыступак.
Збiраючыся ехаць у гатэль, мiс Люсi вырашыла, што яны з Верай сядуць на задняе сядзенне, таму спераду села Элен i пачала спрачацца з надзьмутым Марыа.
Калi пад'ехалi да пансiёна, мiс Люсi сказала як адрэзала:
- Марыа, заўтра нядзеля. Табе лепш адпачыць.
Той запярэчыў. Калi Люсi паўтарыла: "Не, заўтра, не, Марыа", - юнак скорчыў мiну незадаволенага дзiцяцi. Потым выраз яго твару змянiўся, i чорныя вочы з выклiкам зазiрнулi ў вочы мiс Люсi.
Iдучы ў свой пакой, мiс Люсi адчула, як калоцiцца яе сэрца. Iнтымнасць позiрку Марыа раскрыла тое, пра што яна дагэтуль нават не асмельвалася думаць. Цяпер яна дастаткова ў гэтым упэўнiлася.
Атрымлiвалася, што па нейкай прычыне, якую мiс Люсi не разумела i якую яе нявытанчаны розум не мог нiколi ўявiць, - Марыа жадаў яе.
Ён жадаў яе фiзiчна.
Вечарам, перад тым як легчы спаць, мiс Люсi зрабiла тое, чаго нiколi не рабiла ў жыццi. Пастаяла некалькi хвiлiн у сваёй простай баваўнянай начной кашулi перад высокiм венецыянскiм люстэркам, якое вiсела ў яе шыкоўным нумары, ацэньваючы сябе як жанчыну.
Яна не ўбачыла нiчога новага альбо незвычайнага, што адпавядала б незвычайным пераменам, якiя адбывалiся ў душы. Яе твар не быў прыгожы. Нi ў юнацтве, нi цяпер, калi ён належаў жанчыне, якая неадваротна рабiлася пажылой. Валасы мiс Люсi былi амаль сiвыя, але яшчэ не зусiм белыя, мяккiя i густыя яны даволi прыгожа ўзвышалiся над iлбом. Вакол вачэй, ясных i па-свойму прывабных - маршчыны i ценi, уласцiвыя яе ўзросту. Пругкiя грудзi выразна вылучалiся пад кашуляй, але ў фiгуры не было нiчога незвычайнага. Карацей кажучы, нi ў яе твары, нi ў постацi не было нiчога знешне прывабнага. I тым не менш яе жадалi. Яна ведала гэта. Невядома чаму прыгожы мексiканскi юнак знаходзiў яе спакушальнай. Мiс Люсi была ўпэўнена ў гэтым.
Мiс Люсi была сур'ёзная жанчына i ведала, што маладыя мужчыны часта падлiзваюцца да багатых i старэйшых за сябе жанчын, спадзеючыся ў вынiку выманiць у iх грошы. Але Марыа, ужо не кажучы пра тое, што адмаўляўся ад усялякiх фiнансавых прапаноў, нават не ведаў, што мiс Люсi была намнога багацейшая за сваiх спадарожнiц. Толькi адвакат у Фiладэльфii альбо хто з сямейных яе старажытнага квакерскага роду мог ведаць, наколькi багатая мiс Люсi была на самай справе. Не, калi Марыа хацеў грошай, ён бы засяродзiў увагу на Элен, якая трымала ў руках усе фiнансы i нi на хвiлiну не давала магчымасцi здагадацца, што грошы, якiмi яна распараджаецца, належаць мiс Люсi.
Нiчога ў мiс Люсi, непрыкметнай, апранутай у чорнае мiс Люсi, не сведчыла пра багацце. Праўда, у заручальным пярсцёнку, якi яна насiла як памяць аб мацi, быў даволi каштоўны дыямент. Але толькi вопытны ювелiр мог заўважыць гэта. Што ж датычыцца пярсцёнка з белым блiскучым сапфiрам, дык ён не заслугоўваў таго, каб на яго трацiць час альбо энергiю, i мiс Люсi з радасцю аддала б яго Марыа ў знак удзячнасцi, калi б змагла зняць яго з пальца.
Не, у Мехiка былi тысячы iншых жанчын з куды больш вiдавочнымi прыкметамi багацця. Багатыя, прыгожыя, i любая з iх, вiдаць, з радасцю i гонарам згадзiлася б, каб яе суправаджаў Марыа i - так, мiс Люсi ўспрымала гэта адназначна - аказваў iншыя паслугi.
I ўсё ж... Раптам мiс Люсi спалохалася адсутнасцi логiкi ва ўсiм гэтым. У ёй абудзiўся дзявочы iнстынкт, якi папярэдзiў - небяспека.
I так як мiс Люсi была жанчына сур'ёзная, яна падумала, што трэба прыняць нейкае канчатковае рашэнне. Лежачы цiха пад прасцiнамi, яна прыйшла да вялiкай высновы.
Мiс Люсi i Вера стаялi на аўтобуснай станцыi. Абедзве захуталiся ў палiто, быццам было халоднае надвор'е. Вядома, Вера заўсёды мерзла. Але сёння холад адчувала i мiс Люсi, нягледзячы на цёплую шчодрую цеплыню, якую пасылала вясновае сонца. Яе вочы - i нос - пачырванелi.
Яны чакалi Элен, якую пакiнулi ў гатэлi, каб давесцi справу з Марыа да канца. Аўтобус на Пацкуара адыходзiў праз дваццаць хвiлiн.
Нарэшце Элен з'явiлася. Таксама з пачырванелым носам.
- Як ты магла такое зрабiць, Люсi? - накiнулася Элен на Люсi. - Гэта жорстка. - Яна ткнула ў руку Люсi дзве банкноты па сто песа. - Я падумала, што ён мяне ўдарыць, калi дала яму вось гэта, - абурана працягвала Элен. - А прачытаўшы твой лiст, ён расплакаўся, як дзiця.
Мiс Люсi прамаўчала. На працягу ўсяго вельмi стамляючага падарожжа да Пацкуара рэдка ўступала ў гаворку.
Жанчыны, утраiх, заседзелiся пасля вячэры за сталом на верандзе, з якой адкрываўся краявiд на спакойную роўнядзь возера Пацкуара. Элен, якая была ў той вечар узбуджана-гаваркая, абмяркоўвала планы на наступны дзень. Мiс Люсi, здавалася, не звяртала на гэтую балбатню нiякай увагi. Яе вочы ўзiралiся ў шэра-зялёную ваду возера, на купкi выспачак i нахабных лысагаловых грыфаў, якiя прагна скублi, адбiраючы адзiн у аднаго, рэшткi падлы на беразе возера.
Хутка яна ўстала, сказаўшы: "Халадае. Пайду, вiдаць, да сябе ў пакой. Дабранач".
З нумара мiс Люсi i з балкончыка пры iм адкрываўся iншы краявiд. Унiзе, скрозь цемру, што рабiлася ўсё больш густой, было вiдаць, як рыбакi прывязвалi да берага свае лодкi, цiха перагаворваючыся або напяваючы асiплымi галасамi мексiканскiя песнi.
Мiс Люсi сядзела i назiрала за iх работай. Яна думала пра Марыа, ахопленая глыбокiм, блiзкiм да болю, сумам. Мiс Люсi думала пра яго ўвесь час пасля ад'езду з Мехiка i цяпер жахнулася ад думкi пра тую жорсткасць, з якой яна адмовiлася ад яго паслуг i зрабiла гэта да таго ж праз Элен. Яна павiнна была сама пагаварыць з iм. Мiс Люсi вельмi не хацелася, каб Марыа падумаў, што... Думкi не давалi ёй спакою. Яна абышлася з Марыа кепска, пакрыўдзiла яго...
У нейкi момант свайго летуценнага роздуму яна раптам усвядомiла, што ўнiзе, сярод рыбакоў, рухаецца апранутая ў белае постаць чалавека. Позiрк мiс Люсi спынiўся на гэтым чалавеку, i ў яе душы ўсё перавярнулася. Мiс Люсi напружана нахiлiлася наперад i пачала ўглядацца ў цемру. Так, так, у тых лёгкiх, грацыёзных рухах было нешта знаёмае - гэта мiнiяцюрная, але грацыёзная фiгура...
Але ж гэта не мог быць Марыа! Яна пакiнула яго там, за сотнi мiль ад Мехiка, акрамя таго, Элен было спецыяльна загадана не гаварыць Марыа, куды яны ад'язджаюць.
Постаць у белым рухалася ад берага возера да акна яе пакоя. Прайшла праз паласу святла з адчыненых дзвярэй. Цяпер ужо сумненняў не было.
Гэта быў Марыа.
Мiс Люсi, нахiлiўшыся, глядзела ўнiз з балкона. Яе сэрца калацiлася, як звар'яцелая птушка. Унiзе быў Марыа, усяго за якiх-небудзь пяць метраў ад яе.
- О, мiс Люсi, я знайшоў вас, - загаварыў ён паволi, вельмi старанна па-гiшпанску - так ён заўсёды звяртаўся менавiта да яе. - Я ведаў, што знайду вас.
- Але, Марыа, як?..
- У аўтобуснай кампанii паведамiлi, што вы паехалi сюды. Вось я i прыехаў, чакаў вас.
Мiс Люсi ўбачыла, як блiснулi ва ўсмешцы яго зубы.
- Мiс Люсi, чаму вы паехалi, не сказаўшы adios?
Мiс Люсi не адказала.
- Але вось я зноў тут, каб апекавацца вамi. I заўтра мы - вы i я - пойдзем на возера. Да таго як устануць iншыя дамы. Толькi вы i я. Будзе свяцiць месяц, а потым узыдзе сонца.
- Так...
- Я прыйду ў пяць гадзiн ранiцы. У мяне будзе лодка. Яшчэ не паспеюць прачнуцца птушкi, як я буду вас чакаць.
- Так, так...
- Добрай ночы.
Мiс Люсi вярнулася ў пакой. Дрыжачымi рукамi распранулася i нырнула ў пасцель.
Яна па-ранейшаму калацiлася, калi сярод ночы, так ёй здалося, цiхi свiст пад акном паведамiў, што Марыа ўжо прыйшоў па яе.
Мiс Люсi хутка апранулася, прыгладзiла мяккiя сiвыя валасы, накiнула на плечы палiто i шпарка пакрочыла ўнiз па лесвiцы. У гатэлi было вельмi цiха. Нiхто не бачыў, як яна прайшла праз пусты вестыбюль, нiхто не заўважыў, як яна пайшла ўнiз па схiле берага, дзе каля лодкi яе чакаў Марыа.
Ён узяў яе руку i паднёс да вуснаў. Потым асцярожна павёў мiс Люсi да лодкi.
Мiс Люсi не супрацiўлялася. Ёй здавалася, што сам лёс вядзе яе да непазбежнага.
Марыа казаў праўду. Свяцiў месяц - поўны i лiмонна-белы, пасылаючы таямнiчае святло цёмнай вадзе.
Мiс Люсi лягла ў лодку, пасцялiўшы на дно палiто. Было холадна, але яна, здавалася, не заўважала гэтага. Мiс Люсi назiрала за Марыа, якi, стоячы ў поўны рост i спрытна манеўрыруючы сярод iншых суднаў, выводзiў лодку ў глыб возера. Ён закасаў штаны вышэй каленяў, i ногi ў месячным святле выглядалi моцнымi i чамусьцi грубымi. Марыа спяваў.
Мiс Люсi раней не ўсведамляла, якi ў Марыа прыгожы голас. Песня была прыгожая i невыказна сумная. Вочы Марыа лашчылi яе, яго позiрк вандраваў памiж тварам i рукамi, што нерухома спачывалi на каленях. Танны сапфiр зiхацеў у месячным святле.
Мiс Люсi не заўважала нi часу, нi месцаў, якiя цiха мiнала лодка па дарозе да патаемнага сэрца возера з яго незлiчонымi выспачкамi. Яна не заўважыла, як на досвiтку пачалi гаснуць зоркi i бялець месяц. Яна адчувала толькi глыбокi, поўны спакой, нiбыта гэты лагодны, амаль непрыкметны рух будзе працягвацца бясконца. Мiс Люсi схамянулася ад голаса Марыа.