Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 18 стр.


«Слухайце, не трэба нам дабрачыннасці. Нічога нам не трэба. Нас корміць насельніцтва. Мы самі сябе кормім. Але няхай яны не забіраюць дзяцей. Навошта яны забіраюць дзяцей? Учора пяць хлопчыкаў і пяць дзяўчынак. Куды? Для ўсынаўлення. Хто іх усынаўляе? Дзе? Я павінен ведаць. Я адказваю за дзяцей. Не забірайце маіх дзяцей!»

Гэта быў крык душы чалавека, які падазраваў нешта нядобрае. Калі я расказала пра ўсё бацьку, яго таксама вельмі ўстрывожыла такая скарга дырэктара дзіцячага дома. Пасля я даведалася: ад дзяцей бралі кроў… іх вывозілі ў Германію і малых анямечвалі.

— Нямкамі рабілі? Ой, горачка ж якое! — у вялікай скрусе ківала галавой старая, якая дагэтуль слухала моўчкі.

— Я там, у іх, усё пра Тараса думала: дзе ён? Што з ім?

— І не знайшлі хлопчыка? — бабуля, мабыць, не ўсё зразумела з іх размовы.

— Знайшоўся, — адказаў старой Яраш.

— Дзе ж ён цяпер? — Цікаўнасць гаманкой старой расла, яна як бы ўзнагароджвала сябе за многа хвілін пачцівага маўчання.

— Гэта мой сын.

— Праўда? А божачка! — шчыра здзівілася і ўзрадавалася бабуля. — Няхай жа яму Бог здароўечка дае. Вялікі ўжо?

— У арміі адслужыў. Я заўтра вас пагляджу, бабуля. Добра? — звыкла развязваючы завязкі на рукаве халата, сказаў Яраш.

— Добра, доктар. Цяпер вы частым госцем будзеце ў нас.

Зося зморана і ўсё яшчэ вінавата ўсміхалася.

Дзяўчына на ложку каля акна, здалося Ярашу, упершыню глядзела на яго без страху.

Ён падняўся. Залішне заседзеўся. Стаміў, расхваляваў хворую. Вунь як блішчаць яе вочы. Трымае недзе ў калідоры другіх. Ва ўсім патрэбна разумнае пачуццё меры.

Яму не хацелася напамінаць ёй пра бацьку. Але Шыковіч не даваў спакою. Урэшце, яна сама колькі разоў успомніла бацьку.

Яраш спытаў:

— Скажыце, Соф'я Сцяпанаўна, вы помніце каго-небудзь з інфекцыйнай бальніцы, з кім працаваў ваш бацька… Хто хадзіў да вас…

Яна на хвіліну задумалася.

— Я помню сястру… Клаўдзю… Іванаўну, здаецца. Яшчэ была лекар Вакулава. І лекар Ліберман. Але Лібермана яны загналі ў гета. У акупацыі заходзіла да нас толькі гэтая сястра. Як жа гэта яе прозвішча? — Зося зморшчыла лоб.

— Не трэба ўспамінаць. Пасля, — мякка папрасіў Яраш. — Дзякую вам.

— Завошта? — здзівілася яна.

— Добрай ночы, — пажадаў ён усім адразу і пайшоў да дзвярэй.

9

Майзіс з жонкай і Маша прыехалі раней за ўсіх. Яшчэ ў цяні пад вольхамі не апала раса. Яшчэ спалі дзеці Яраша і Шыковіч, які працаваў да дня. А гаспадыні ўжо поркаліся на летняй кухні, пад стрэшкай. Ім памагаў Тарас. Распаліў агонь пад самаробнай плітой, прынёс сталы, дровы і прадукты. Хлопец шукаў сабе работу.

Раніца была надзіва — сонечная, звонкая, з лугу патыхала вільготным халадком, а бор дыхаў неастылай цеплынёй учарашняга дня. Нерухомая ўрачыстасць сосен зноў прадвяшчала спёку. А можа, навальніцу. Дажджу прасілі і людзі і дрэвы. Што б ні здарылася наперадзе за доўгі летні дзень, але раніца такая, што дзіця: прыносіць усмешку і радасць.

Жанчыны гатавалі з добрым настроем. Праўда, паскардзіліся на свой нялёгкі дачны лёс: зноў госці!

— Шыковіч мой нешта астыў, мала каго ўжо запрашае, — зазначыла Валянціна Андрэеўна.

— Затое Антон загарэўся.

— Сёння, Галіна Адамаўна, больш гасцей маіх, — адгукнуўся Тарас. — Але сваіх я магу прыняць на лузе. Акрамя вады і прасторы, ім нічога не трэба.

— Як не сорамна, Тарас! Тваім гасцям мы заўсёды рады.

Галіна Адамаўна казала шчыра. Больш трывожылі яе госці мужа, правільней кажучы, адна госця — Маша. Яна бачыла дзяўчыну разы два ў бальніцы, даўно, можа, год назад. Чаму раптам Антону ўздумалася запрасіць яе? Хіба мала калег-лекараў? Майзіс, напрыклад, — гэта зразумела.

Але трывога яе знікла, калі Майзісы знянацку падкацілі на сваім чырвоным запыленым «Масквічы» і Галіна Адамаўна ўбачыла Машу. Дзяўчына здавалася ёй не толькі нецікавай, але нават вульгарнай. Да ненатуральнасці вогненна-рудая, яна, як бы кідаючы выклік людзям звычайным, і плацце надзела дзіўнае па колеру і па фасону: чырвона-жоўтае, з малюнкам кляновага лісця; лёгкая тканіна, здавалася, не кроілася, не шылася, а сцягвалася ніткамі на самой дзяўчыне — па форме яе постаці. Галіне Адамаўне нават стала весела, калі яна ўбачыла, што Тарас разглядае госцю, як нейкае дзіва.

Яраш чытаў замежны часопіс па хірургіі і выйшаў у піжаме. Ён таксама здзівіўся і сумеўся. Папрасіў прабачэння. Збянтэжыў Майзісаў. Маленькая, чорненькая, нафарбаваная і завітая, як лялька, Даная Вітальеўна ў апраўданне пачала нападаць на мужа:

— Вы ведаеце, Антон Кузьміч, Міхал Евелевіч фанатык. Калі яму нешта ўлезла ў галаву, ён не дасць спакою ні сабе, ні людзям. Бачыце, захацелася чалавеку стаць рыбаком. Антон Кузьміч вучыць яго хірургіі. Дык ён павінен яшчэ навучыць цябе лавіць рыбу. Ах, Міша! Прабачце, Антон Кузьміч…

— Не, не прабачаю. Дамаўляліся ў шэсць, а цяпер дзевяць. Які з вас рыбалоў? Соня!

Яраш жартаваў, а сам пазіраў на Машу, якая з дзіцячым захапленнем разглядала ўсё навокал.

Валянціна Андрэеўна прашаптала сяброўцы:

— Арыгінальная асоба.

Яраш нарэшце ўспомніў, з якой мэтай напрасілася ў госці Маша.

— Тарас! Дзе Тарас? Маша прыехала, каб пазнаёміцца з табой.

Тарас мусіў вылезці са свайго ўкрыцця і таксама збянтэжыўся, бо быў у майцы, у пакамечаных парусінавых штанах і босы. Не, не ўласны выгляд яго збянтэжыў. Нешта другое.

Майзіс працягнуў яму руку проста, па-мужчынску, яго жонка абыякава, без цікаўнасці: у яе свая філасофія — падабацца перш за ўсё гаспадыні. А гэтая вогненная чарадзейка раптам застыла ўся як бы ў непаразуменні, а потым сказала, здалося Тарасу, з расчараваннем:

— Вось вы які! А я думала, вы, як Антон Кузьміч.

Гэта не спадабалася Галіне Адамаўне: чаму ёй хочацца, каб усе былі падобны на Антона Кузьміча?

Калі праз пяць хвілін сабраліся рыбаліць, Яраш спытаў у сына:

— Тарас, ідзеш з намі?

— Не, я застануся, памагу жанчынам.

Тады і «модніца» звярнулася да гаспадынь:

— Дазвольце і мне застацца на кухні.

З-за цікаўнасці — «А што ты ўмееш рабіць, галубка?» — Валянціна Андрэеўна тут жа згадзілася, каб Маша памагла ім.

Яна надзела фартушок, спрытна і прыгожа завязала на галаву касыначку і неяк адразу ператварылася ў простую, сціплую і надзіва дамавітую маладую гаспадыньку. Такое нечаканае ператварэнне ажно спалохала Галіну Адамаўну. А калі Маша пачала раіць, якія закускі можна згатаваць з тых прадуктаў, якія Тарас выцягнуў з пограба, Валянціну Андрэеўну здзівілі яе кулінарныя веды. А жонка Яраша ўсё больш насцярожвалася. Але чым мацней яна настройвала сябе супраць дзяўчыны, тым больш тая падабалася ёй. Калі прыгледзелася, то колер плацця не здаваўся цяпер вульгарным, ён добра пасаваў да чырвоных валасоў. Ды і фасон не такі ўжо стыльны — проста з густам скроены. Першая гэта адзначыла Валянціна Андрэеўна, якая лепш за яе разумела моды.

— Хто вам шыў, Маша?

— Не паверыце, самая маладая краўчыха. Я хадзіла ў палац чыгуначнікаў на курсы кройкі і шыцця і там пазнаёмілася з адной дзяўчынкай. Гарбаценькая, ведаеце, а такая здольная. Наша выкладчыца ледзь не лопнула ад зайздрасці, калі Геня пашыла дыпломнае плацце.

Маша засмяялася. І Валянціна Андрэеўна засмяялася. І Тарас. Цяпер ён зусім інакшымі вачамі глядзеў на дзяўчыну — зацікаўлена і прыязна. Галіне Адамаўне і гэта не спадабалася.

«Аціраешся каля бабскіх спадніц, — падумала яна пра Тараса. — Вельмі нам патрэбны такі памочнік! І што ты робіш? Тарашчыш вочы?.. Пасаромеўся б, брыгадзір камбрыгады».

Але сама яна мімаволі любавалася, як Маша гатуе салату. Па-першае, па свайму адменнаму рэцэпту, а па-другое, так спрытна валодае нажом, лыжкай, што той кухар вышэйшага класа. З той хіба розніцай, што ў яе ў сто разоў больш артыстычныя рухі, здаецца, не гуркі крышыць, а іграе на невядомым інструменце. І кубікі гуркоў у яе роўненькія, прыгожанькія, такія ў іх, старых гаспадынь, не атрымліваліся.

«Калі яна з гэтакай артыстычнасцю працуе ў аперацыйнай, недарма яе Антон так хваліць», — падумала Галіна Адамаўна прыязна, але тут жа адчула, як нядобра ёкнула сэрца. Спытала:

— Дзе вы навучыліся так кулінарнічаць?

— А я да курсаў медсясцёр служыла хатняй работніцай. У палкоўніка.

— Вы… хатняй работніцай?

— Чаму вы здзівіліся? Нас у мамы пяцёра засталося, калі бацька загінуў. Двое малодшыя за мяне. А калгас тады ў нас быў…

Па яе тону здагадаліся, які быў у іх калгас. А яна нібы засаромелася гэтага прызнання, як бы ў тым, што калгас быў бедны, ёсць і яе віна.

Глянула на Галіну Адамаўну, потым на Шыковічыху, якая гатавала фарш для катлет, а сказала Тарасу, па-праўляючы касынку:

— Цяпер у нас саўгас. Тарас, вам няма чаго рабіць, навастрыце нож. Тупы.

Тарас, пачырванеўшы, кінуўся шукаць асялок.

Валянціна Андрэеўна зноў засмяялася. Ёй падабалася гэтая дзяўчына, асабліва пасля такой біяграфічнай даведкі. Яна любіла вось такіх — настойлівых у дасягненні жыццёвай мэты. Маша таксама адчула сімпатыю да гэтай поўнай, гаваркой, па ўсім відаць, добрай жанчыны. Тонкая натура, яна адчула і насцярожанасць, з якой ставілася да яе жонка Антона Кузьміча. І прычыну зразумела. Не абразілася, не пакрыўдзілася, але здзівілася, што ў самой яе таксама з'явіўся пэўны халадок у адносінах да Галіны Адамаўны. Розумам прымушала сябе палюбіць яе, але сэрца не слухалася такога загаду. Сэрца цягнулася да шчырай, ласкавай Валянціны Андрэеўны. Яны хораша гутарылі. Маша з гумарам расказвала пра сваю службу хатняй работніцай, пра сям'ю палкоўніка, пра яго жонку, былую сялянку, пра яе смешнае імкненне быць арыстакраткай.

Усё, напэўна, ішло добра… Але прачнулася Іра (у сям'і Шыковічаў адна маці ўставала рана). У халаце, з ручніком, заспаная і хмурая, з'явілася яна пад паветкай, каб нешта запытаць у маці. Здзівілася, угледзеўшы Машу. Іх пазнаёмілі. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Іра глядзіць на яе зняважліва і насмешліва: «Адкуль ты такая спрытная ўзялася?» Гэта закранула Машына самалюбства.

«Няхай жонка Яраша глядзіць на мяне, як хоча. Яна старэйшая ўдвая. А ты, дурная авечка, чаму працягваеш мне руку, быццам робіш вялікую ласку? Не міргай сваімі блізарукімі вачамі. Я ўсё бачу».

Яна дэманстратыўна адвярнулася да Тараса. Сказала яму:

— А я ведаю, як вас ратавалі ў вайну. Як шукалі…

— Мяне?

Іра хмыкнула.

— У вайну ён пешшу пад стол хадзіў.

Маша не адказала ёй. Яна спытала ў крыху здзіўленага Тараса:

— А вы не помніце? Нічагусенькі? А я помню, як праводзілі тату на вайну. Мне ішоў чацвёрты год. Перад вачамі стаіць, як тата плакаў. Твару не помню, што плакаў — помню. Трымаў мяне на руках і плакаў. А я выцірала яму слёзы.

Расчырванелы Тарас сядзеў на зямлі і разбіваў качаргой у печы галавешкі. Водсвет жару залаціў яго белыя валасы. Іра ўсміхнулася, падумаўшы: «Тарас парыжэў ад гэтай рыжай. Сапраўды, адкуль яна ўзялася? — І тут жа ўспомніла: — А-а, Яраш расказваў пра „залатую сястру“, — і зноў хмыкнула: — Залатая!»

Можа, Іра нешта сказала б, але маці глянула на яе строга, папярэджваючы.

Валянціна Андрэеўна рабіла пірог, і рукі яе былі ў белым цесце, а правая скроня ў муцэ. Іра падумала, што і сівая мама будзе прыгожая. У яе расла непрыязь да гэтай рудой. Як незалежна яна трымае сябе на іх імправізаванай кухні! Як гаспадыня. А як размаўляе. Ад вайны і бацькі — да дроў:

— Тарас! Дровы вашы залішне сухія. Не трэба такі агонь. Усё папаліць. Знайдзіце сырэйшыя дровы.

Тады Іра нечакана для сябе самой прапанавала:

— Тарас! Хадзем купацца.

Але найбольшай нечаканасцю гэта было для Валянціны Андрэеўны. Маці што токам ударыла. Няўжо гэта сказала Іра? Тая Іра, якая чырванела і абуралася, калі пры ёй пачыналі размову пра каханне, хлопцаў-жаніхоў, замужжа. Малодшы Славік сваімі бесцырымоннымі жартамі часта даводзіў яе да слёз. А яна, Валянціна Андрэеўна, неаднойчы з болем гаварыла мужу:

«Боязна мне за Ірку. Нейкая яна замкнутая, нелюдзімая. Дваццаць год, а яна што дзіця. Баюся, не выйсці ёй замуж. Шчэ гэтая блізарукасць».

«Выйдзе», — адказваў аптыміст Шыковіч.

Жонка папракала:

«Не думаеш ты пра дзяцей».

«Калі мы абое пачнём гэтулькі думаць, як ты, замнога ўвагі ім будзе. Лепш навучы яе суп варыць».

Іра нават з імі, жанчынамі, не надта ахвотна хадзіла купацца. Больш адна. А пры мужчынах ніколі не скідала плацця, хоць мела самыя закрытыя купальнікі.

І раптам яна запрашае хлопца ісці купацца. Удваіх? Валянціна Андрэеўна проста аслупянела. Што здарылася? Што адбылося з яе Ірай?

— Я ўжо купаўся, — адказаў Тарас, адчуваючы няёмкасць ад такога запрашэння.

У гэты момант Галіна Адамаўна папрасіла яго схадзіць па ваду. Ваду для піцця і стравы бралі ў лясніцтве.

— Давайце я прынясу, — адгукнулася Іра.

Схапіла вёдры і пабегла. Рэдка яна праяўляла такую ахвоту да фізічнай працы. Маці, здзіўленая да ашаламлення, забыўшыся на ўсіх другіх, глядзела ёй услед. І раптам зіхнула думка: Іра, яе Іра закахана ў Тараса. Гэта так відавочна. Яна ўмела хаваць сваё каханне, пакуль яму нічога не пагражала. А ўбачыла гэтую рудую, адчула саперніцу… І знікла сарамлівасць, замкнутасць — усё, што дагэтуль вызначала яе характар. Валянціне Андрэеўне стала і радасна, і балюча, і боязна за дачку. Першае каханне. Першыя пакуты. А што ён, Тарас? Як ён адносіцца да Іры? Яна, маці, лічыла б за шчасце, каб такі хлапчына, разумны, стрыманы, разважлівы, пакахаў яе дачку. Чаму яна адкрыла Ірыніна каханне толькі сёння? Навошта з'явілася гэтая вогненная дзяўчына? Чаму Тарас тырчыць каля іх? Няхай бы сапраўды пайшоў на луг, купацца ці лавіць рыбу.

Іра прынесла ваду. Над быльнягом за паветкай пляснула з конаўкі на твар, выцерлася і далучылася да жанчын.

— Што мне рабіць, мама?

Што ёй рабіць? Ёй так захацелася рабіць, абы застацца тут. У Валянціны Андрэеўны сціснулася сэрца. Можа, упершыню яна адчула на поўную сілу, як няўмела выхоўвала сваіх дзяцей. Якую даць работу, каб Іра магла рабіць яе з такім жа ўменнем, спрытам, артыстычнасцю, як гэтая чужая дзяўчына, на першы позірк непрыгожая, а ў сапраўднасці элегантная, менавіта праз гэтае сваё высокае ўменне працаваць і трымацца?

— Хадзем дроў напілуем, — сказаў Іры Тарас.

— Дровы? — здзівілася яна, але тут жа згадзілася.

Валянціна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пілаваць, бо ніколі ў жыцці не бралася за пілу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, маці, глядзець і параўноўваць, як працуе Іра і гэтая залатая чарадзейка. На міг адступілі некуды захапленне і любаванне дзяўчынай і з'явілася раўнівая непрыязь да яе. Агіднае пачуццё. Ёй, настаўніцы, зрабілася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павінна быць шчырай і аб'ектыўнай.

А другая жанчына — Галіна Адамаўна — у гэты момант думала:

«Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзіў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калі ён прывёз яе, каб пазнаёміць з Тарасам, то, значыцца, нічога ў іх не было, яна добрая дзяўчына, і мне варта прылашчыць яе».

Паднялося над лесам сонца — і ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкі марскі прыбой. Знікала ранішняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялізнае блакітнае шкло. Не было душна, як некалькі апошніх дзён. Аднак сонца паліла няшчадна. Доўга чакалі рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлі.

Снедалі пад дубамі.

Шыковіч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсці лязо для брытвы, хоць добра помніў, што прывозіў іх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу — і адразу падабрэў. Валянціне Андрэеўне, разважлівай, спакойнай, якая ніколі не раўнавала беспадстаўна, стала смешна і сумна. З іроніяй назірала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай — за Тарасам і Ірай. Каб толькі залатая чараўніца не падзейнічала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана.

А ў Галіны Адамаўны, калі яна ўбачыла, як загарэўся Шыковіч перад Машай, зноў засмактала ў грудзях. У яе была свая грубая філасофія: мужчыны — што каты, адразу, нюхам, чуюць кошку. І яна ўжо амаль ненавідзела дзяўчыну. Але за сталом было весела.

Назад Дальше