Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 19 стр.


Шумелі дубы. Церушыліся на стол, у талеркі і шклянкі тонкія сухія галінкі, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы ліст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена.

Ва ўсіх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа і па-дзіцячы прыгожа. Шыковіч любіў такую здаровую, «эстэтычную», як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы маці, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад «Запісак вучаніцы». І раз-пораз выбухала такім залівістым смехам, што і ўсе дарослыя смяяліся, хоць і не ведалі, што там, у кнізе.

— Ох, не магу! Памру, — дрыгала Наташа пад сталом нагамі. — Усё, як у нашым класе.

— Наташка, не крыўляйся.

— Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталі, дзядзька Кірыла?

— Не.

— Вы нічога не чытаеце. Самі пішаце, а нічога не чытаеце.

— Наташа!

— Правільна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бі, — ухваліла Валянціна Андрэеўна.

— Валя! Ёсць і другія правілы для дзяцей.

— А я чытала — і нічога там смешнага.

— Бо ты, Ірка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.

— Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Ідзі прэч, — узлавалася Галіна Адамаўна.

— Не трэба, Галя, — папрасіў Шыковіч. — Усе людзі павінны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносінах!

— Быў бы поўны хаос, тата.

— А я чытаю мала, — уздыхнула Маша.

— Чаму? — спытаў Шыковіч.

— Не ведаю. А вы — чаму?

— Я? — Ён засмяяўся. — Дзіця маё, я мала чытаю такія кніжкі, якія чытае Наташа. Але колькі я чытаю другіх, часам такіх, над якімі Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапісаў! Я аслеп ад рукапісаў. А цяпер яшчэ ад архіўных дакументаў. У мяне цяжкі жанр — дакументальны. Не толькі праца пісьменніка, але і гісторыка, — ён уздыхнуў.

Валянціна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкі лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланіць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкі.

Шыковіч, памогшы Тарасу вынесці пад дубы амаль усе сталы, якія былі на дачы, пайшоў дапісваць артыкул. Тарас і Наташа панеслі рыбакам снеданне.

Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Да такога стану дайшла Галіна Адамаўна дужа рана: яе стаміла не столькі работа, колькі хваляванне, трывожныя думкі пра мужа і Машу. Яна ўпала пад дубамі на коўдру і… заснула.

Валянціна Андрэеўна і дзяўчаты сцераглі яе сон. Гаварылі напаўголасу.

Маша і Іра быццам бы пасябравалі, разгаварыліся. Валянціна Андрэеўна назірала за імі і бачыла, як лёгка і адкрыта ішла на збліжэнне Маша і як асцярожна, хітра, дыпламатычна падступала да новай знаёмай яе дачка. Маці стала непрыемна. Адкуль гэта ўзялося ў Іры? І наогул, чаму ўсё так атрымліваецца? Здавалася б, простыя бацькі, простыя і шчырыя адносіны ў сям'і — і раптам такія дзеці, зусім розныя і абое з нейкімі дзіўнымі адхіленнямі ад той нормы, што выпрацавала педагогіка, якой яна, Валянціна Андрэеўна, аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Упершыню яна падумала пра гэтую навуку без павагі, скептычна ўсміхнуўшыся.

«Можа, Кірыла таму лягчэй перажывае паводзіны дзяцей, што ён не ведае гэтых педагагічных догм. Ён лёгка запальваецца, але лёгка і патухае. Як ён сустрэне Славіка?»

Толькі падумала пра сына, а ён тут як тут.

Яна сядзела пад паветкай на нізкай калодачцы і, задумаўшыся, мыла ў тазе талеркі, відэльцы і нажы. І раптам убачыла не яго — цень. Уздрыгнула, падняла галаву. Славік упаў перад ёю на адно калена.

— Мама, твой блудны сын з'явіўся пад гэтую мірную дачную страху і вінавата схіляе гвалтоўна абстрыжаную галаву. Пасып яе гарачым попелам.

Звыклы яго ход — адразу ўсё перавярнуць на жарт. Яна ўпэўнена, што не так весела ў яго на сэрцы, але ён жартуе, ён усё адно жартуе. Аднак не пра гэта маці думала. Яна даўно не бачыла яго стрыжаным. І ў гэтай стрыжанай, круглай, трохі смешнай роднай галаве яна ўбачыла маленькага Славіка, добрага, ласкавага, таго, які, прачынаючыся, перабіраўся ў іх ложак і вось гэтай стрыжанай галавой туліўся да яе шчакі.

Ёй зрабілася да болю шкада яго. Нясцерпна хацелася ўзяць мокрымі рукамі яго дурную галаву, прытуліць да грудзей, пацалаваць, а потым накруціць гэтыя любыя ружовыя вушы. Салодка было недзе глыбока ў грудзях і горка ў горле. Уміг успомнілася, якім прыехаў у той дзень, калі Славіка пасадзілі, бацька — што хмара. Яна вырашыла, што ён зноў з кім-небудзь пасварыўся ў рэдакцыі, і, каб адцягнуць яго думкі ў іншы бок, спытала, ці бачыў ён Славіка. Як Кірыла падскочыў, як закрычаў:

«Дарожкі ў парку падмятае твой Славік! Пацалуйся ідзі з ім! Выхавала бандыта, педагог няшчасны!»

Яна адразу нават не зразумела, што да чаго. А з Ірай ледзь не здарылася істэрыка. Дачка крычала:

«Вось ён, ваш сынок, ваш любімчык! Я даўно казала, што ён зганьбіць усіх нас! Божа мой! Які сорам! Цяпер нельга будзе паказацца ў горадзе. А ўсё вінаваты вы! Абое вы. Бацькі! Патуралі, няньчыліся…»

Валянціну Андрэеўну тады абразілі словы дачкі: быццам з ёй няньчыліся менш.

А цяпер Іра стаяла, глядзела на ўкленчанага Славіка і стрымлівала сябе, каб не зарагатаць.

Яны ішлі ад стала, які накрывалі, убачылі Славіка, — спыніліся за яго спіной. Маша глядзела здзіўлена, Іра — з іроніяй. Валянціна Андрэеўна ўбачыла іх і, схамянуўшыся, сурова сказала сыну:

— Не крыўляйся. Устань!

Славік падняўся, не забыўшыся абтрэсці калена, і паправіў канцы чырвонай вяровачкі, што замяняла гальштук.

Валянціна Андрэеўна раптам узлавалася:

— І каб я не бачыла ў цябе на шыі гэтую дурацкую вяроўку. Выкінь!

Ён паслухмяна сарваў бляшку, вышмаргнуў вяровачку, размахнуўся, каб шыбануць яе ў кусты каля ручая… І тут убачыў сястру і… Машу. Застыў у вялікім здзіўленні. Потым ступіў крокі два ўбок, пакруціў стрыжанай галавой, як бы праганяючы сон. Хутка наблізіўся да дзяўчат. Крыкнуў:

— Мама! Я не сплю? Адкуль узялося гэтае дзіўнае стварэнне? — І да Машы: — Слухайце, вы ж незямная. Я вас часта сніў. Я сніў марсіянак. І ўсе яны падобны на вас. Далібог жа, праўда? Не, скажыце шчыра, вы адтуль? — Ён паказаў на неба і зарагатаў.

— Славік! — сурова спыніла маці. — Вядзі сябе прыстойна.

— А хіба я сказаў што-небудзь непрыстойнае? Клянуся, я шчыра перакананы, што яна адтуль. На зямлі я такіх не страчаў.

Машу абразіла, як бесцырымонна, не пазнаёміўшыся нават, гэты юны шалапут разглядае яе. Абразіла і ўся яго недарэчная балбатня. Яна застыла на міг, а потым падняла руку, прыклала далоню да шчакі, нібы мацаючы, ці не гарачая. Сказала не яму — Валянціне Андрэеўне:

— А я такіх страчаю штовечар. У парку. І заўсёды п'яненькіх.

Словы яе ранілі сэрца маці. Валянціна Андрэеўна адчула непрыязь да дзяўчыны. А са Славіка — што з гусі вада. Ён галантна пакланіўся, шаркнуўшы нагой па сухой траве:

— Дзякую за высокую атэстацыю.

Мабыць, адчуўшы настрой маці, баючыся, што Маша зноў скажа што-небудзь непрыемнае, Іра павярнула знаёмства на звычайны мірны шлях:

— Мой брат. Уладзіслаў. Ён добры, толькі крыўляка.

— Ура! — гукнуў на ўвесь лес Славік. — Мая дарагая сястра прызнае мяне добрым. У такі дзень! Прагрэс!

— А гэта — Маша.

— Маша?

Мабыць, Славіку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, і такое простае імя як бы працверазіла яго. Ён зусім сур'ёзна працягнуў ёй руку. Маша нейкі момант вагалася — падаваць руку ці не. Гэта спалохала Валянціну Андрэеўну. Што, калі яна не падасць рукі? Якая будзе абраза для хлопца. Яе заўсёды палохалі нячуласць, чэрствасць.

Але Маша раптам працягнула руку, хораша ўсміхнуўшыся. І ў гэты момант Валянціна Андрэеўна даравала ёй усё.

— Хто вы, Маша? — затрымліваючы яе руку, сур'ёзна спытаў Славік.

— Сястра.

— Чыя?

— Аперацыйная.

— Аперацыйная? — Відаць, да яго не адразу дайшло, што гэта такое. — З бальніцы? — Ён ціха свіснуў, нявесела пажартаваў: — Умее Яраш выбіраць сабе сясцёр. — І, ужо выпусціўшы яе руку, адыходзячы, кінуў убок, яўна з зайздрасцю: — Яраш усё ўмее.

Маці адчула гэтую зайздрасць, гэты нечаканы пераход ад крыўляння да сур'ёзнасці, зразумела, як нялёгка было Славіку прыйсці, і зноў пашкадавала яго: «Які ён худы, падстрыжаны, адны вушы тырчаць. І пад вачамі сінія цені».

— Ты галодны?

— Як воўк.

Яны падавалі яму на стол утраіх — маці, Іра, Маша — усё самае лепшае, што гатавалі для гасцей, як самаму галоўнаму госцю.

Валянціна Андрэеўна адчувала ўдзячнасць дачцэ і Машы за іх чуласць. Яе нават не вельмі кранала, што сын больш аддае ўвагі гэтай амаль незнаёмай дзяўчыне, чым ёй, маці. Пільна сочыць за кожным яе рухам, ловіць кожнае слова і позірк.

«Захапляецца зусім па-дзіцячы», — з замілаваннем падумала маці.

Ад добрага снедання і жаночай клапатлівасці Славік зноў зрабіўся балбатлівы.

— Маша, хочаце, я вас здзіўлю?

Іра спалохана страляла ў яго вачамі: маўчы!

Ёй здавалася ганьбай і сорамам такое прызнанне.

— Я толькі ўчора з турмы.

Ніводная рыска не тузанулася на надзвычай рухавым і выразным Машыным твары.

— І доўга там вас трымалі?

— Дзесяць сутак.

— О-о! — Што значыла гэтае «о-о», ніхто не зразумеў.

— Я пагразіў адным замежным дурням атамнай бомбай. Быццам яна ляжала ў мяне ў кішэні. І — калі ласка, маралісты ўляпілі мне… А ўчора я перачытваў газеты. Я рэдка чытаю. Так, ад смутку. І — божа мой! — што я там прачытаў. Калі мне далі дзесяць сутак, то многім сэрам і лордам трэба даць па дзесяць гадоў. Як яны махаюць гэтымі бомбамі! Жах!

Валянціна Андрэеўна насцярожана замерла: ніколі яшчэ сын не гаварыў пра такія сур'ёзныя рэчы. Няхай з гумарам, але з якім!.. Як вырываюцца праз гэты гумар злосць, абурэнне! Чым ён больш абураецца? Тым, што несправядліва пакаралі яго за п'яную балбатню? Ці тым, што над чалавецтвам вісіць страшэнная пагроза?

— Махаюць нада мной. Над табой! Над табой, мама. А ты хочаш, каб я быў у захапленні ад гэтага свету! Пляснуць у такую вось чароўную раніцу… — Ён нервова засмяяўся.

— Не будзь песімістам, Уладзіслаў, — сказала маці, расчараваная, што сын павярнуў не туды. — Ты ўсё пераблытаў. Сваю маленькую крыўду ты ўзнімаеш да праблемы, якая сапраўды хвалюе ўсё чалавецтва. Але і на гэтую страшную небяспеку ты глядзіш як індывідуаліст і песіміст!..

— Мама, не трэба мне маралі! — Ён кінуў відэлец, заціснуў далонямі вушы, потым правёў рукой па горле. — Я сыты вось так!

— Не, ты паслухай! Людзі змагаюцца і перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць…

— Нічога гэтага людзі не перамаглі! Не цешце сябе!

— Няпраўда! — запярэчыла Іра. — Можа, не ўсё, але шмат што перамаглі.

— Перамаглі ў адной вайне, каб пачаць другую? Такую, у якой ужо не будзе ні пераможаных, ні пераможцаў. Застанецца адзін попел.

— Ты проста баязлівец! Панікёр! Ты заўсёды быў баязліўцам! — раздражнёна папракнула Іра.

— Вы самі баіцеся. Вы ўсе нервуецеся, калі пачуеце пра гэта. Усе, акрамя хіба мамы. Я ж чуў, як бацька і Яраш гавораць…

«Няўжо яны так часта гавораць пра гэта?» — падумала Маша. Сама яна нават рэдка думала пра такія высокія матэрыі. Не ўмела гаварыць пра іх, спрачацца. Ды і не было з кім. Сёстры і лекары гаварылі пра атамную вайну між іншым, і то больш з гумарам і ўсе аднолькава. Значна больш іх цікавіла тое, што звязана з жыццём, простым і няспынным, — кватэры, заробак, цэны, каханне, замужжа, дзеці. Маша не ўяўляла, што ёсць сем'і, у якіх вядуць вось такія спрэчкі. Ёй было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Але, дасціпная, знаходлівая ва ўсіх іншых спрэчках і гаворках, тут яна баялася, каб не сказаць глупства, не выдаць прымітыўнасць мыслення.

— Не, Слава, я таксама баюся, — адказала сыну Валянціна Андрэеўна, — баюся, можа, больш, чым усе. Але я веру ў чалавечы розум…

І тут Маша не стрымалася:

— Людзі не збіраюцца сябе хаваць. Людзі жывуць. І будуць жыць!

Проста, амаль наіўна. Але тыя націскі, якія яна зрабіла на «жывуць» і «будуць», надалі яе словам надзвычайную пераканальнасць. Нават Славік хутка ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну, усміхнуўся не скептычна — прасветлена, нібы ўбачыў выйсце.

Магчыма, што спрэчка ўсё адно яшчэ працягвалася б. Але выйшаў Шыковіч. Рушыў да іх.

Славік прыўзняўся з-за стала, адсалютаваў:

— Вітаю цябе, стары!

Бацька не адказаў. Валянціна Андрэеўна адчула, што ён кіпіць, і спалохалася; яна была пераканана, што любая грубасць у адносінах да сына пасля ўсяго, што ён перажыў і перадумаў, недаравальна, антыпедагагічна. Іра таксама насцярожылася. Але, відаць, прысутнасць Машы стрымала Шыковіча. Ён спытаў з сарказмам:

— Ну як, герой… нашага часу?

Славік засунуў рукі ў кішэні вузенькіх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблізіўся да бацькі, як бы дэманструючы, што ён нічога не баіцца і што ўвогуле з бацькам у яго адносіны вось такія — панібрацкія.

— Ты ведаеш, творца, чартоўскі цікава. Для цябе асабліва. Каб ты пабачыў, якія там тыпы, то памёр бы ад смеху. А пасля папрасіў бы туды творчую камандзіроўку.

Засмяялася Іра. Усміхнулася Валянціна Андрэеўна. Шыковіч адказаў лагодна:

— Балбатун няшчасны. — І да жонкі: — У каго ён, такі чорт, удаўся?

— У цябе, бацька, — адказаў Славік. — Калі ў мяне будзе такая лысіна і такі жывоцік, я буду выліты Шыковіч-старэйшы.

— Калі з цябе выб'юць дурноту?

— Выб'юць!

Шыковіч нахмурыўся.

Маша падумала: як бы яна гаварыла са сваім бацькам? Ёй зрабілася сумна, і яна непрыкметна адышла за дубы, спусцілася да ручая…

Праз хвіліну Славік паклікаў яе:

— Маша!

10

Сябры Тараса — сябры яго брыгады — хоць і адчувалі сябе няёмка ў прысутнасці пісьменніка, дактароў, іх жонак, але, узбуджаныя ракой, лугам, купаннем і гульнёй, на пачатку абеду былі шумныя і вясёлыя. Бурна рэагавалі на тосты Шыковіча, на шчырыя дзіцячыя каментарыі Наташы, нават на недарэчныя жарты Славіка.

А калі выпілі і закусілі, то сціхлі, абмяклі. Дзіўная з'ява! Здарылася гэта таму, што хлопцы пілі вельмі стрымана — толькі віно і не асушвалі чаркі да дна. Было ў іх такое правіла. Не запісвалі яго ні ў якія абавязацельствы, але дамовіліся паміж сабой: аскетамі не будзем, аднак у любых абставінах, у любой кампаніі, на любым вяселлі кожны павінен помніць пра сваё высокае званне.

Славіку ўдалося глытнуць каньяку з бутэлькі яшчэ да таго, як селі за стол. Мабыць, бацька і маці здагадаліся пра гэта і цяпер пільна сачылі за ім. Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны і пагрозлівы бацькаў позірк. «Стары конь», як ён у кампаніі сяброў часам называў бацьку, сядзеў як на старшыньскім месцы і добра бачыў увесь стол. Бутэлька з гарэлкай абмінула Славіка першы раз і другі. Сусед злева, доўгі, сутулы слесар-зборшчык, смешны на выгляд і са смешным спалучэннем імя і прозвішча — Генрых Варэнік, наліў яму яблычнага віна, якое хлопцы прывезлі з сабой. Славік выпіў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў:

— Дрэнь. — І папрасіў Машу, якая сядзела побач з другога боку, каб падала бутэльку з гарэлкай. — Давай, сусед, лепш вось той божай слязы…

Маша пацягнулася за бутэлькай, але яе перахапіла Іра і перадала Тарасу — далей ад брата. Славік зразумеў, што супраць яго змова. Жэстамі паказаў Тарасу: дай нам з Генрыхам.

Але гэты «сагнуты Варэнік» запярэчыў:

— Не трэба. Я не п'ю.

Славік узлаваўся. Зашыпеў яму на вуха:

— Не п'еш?

— Не.

— Хлусіш. Я ж бачу, як ты каўтаеш сліну.

Генрых збянтэжыўся, пачырванеў, як дзяўчына. Яго выручыў сябра — бялявы, прыгожы, памяркоўны з выгляду Іван Ходас. Ён пачуў, што сказаў Славік, нахіліўся да яго за спіной Генрыха і пагрозліва прашаптаў:

— Мы такіх разумнікаў бачылі. І ведаем, чаго варта твая «шчырасць».

Назад Дальше