Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 37 стр.


«Прынесці вам вячэру?»

Ён палажыў далоню на бараду, на вусны і паківаў галавою: не.

Але я ўсё-такі прынесла яму кавалак хлеба з маслам, бутэльку чаю і яшчэ нешта… Я знарок хадзіла шумна, як звычайна, ляпала дзвярамі. Можа, праз гэта ён зірнуў на мяне злосна і зноў прыкрыў рот рукой.

Калі роўна без чвэрці адзінаццаць (самая цікавая партыя адкладвалася на заўтра, такі ён быў акуратны, Грот) бацька спусціўся з гарышча, я паведаміла, што ён тут. Бацька адказаў надзіва спакойна, быццам размова ішла пра самае звычайнае: «Добра, дачка». Я спытала, дзе мне спаць. «Дзе хочаш, абы Грот нічога не ўгледзеў».

Пакуль немец чысціў зубы, умываўся, я ў сваім пакоі перабірала бялізну, знарок пакінуўшы дзверы крышку прачыненымі.

Я лягла ў маміным пакоі. Але не магла заснуць амаль да раніцы. Усё думала, думала… Радавалася. І палохалася. За бацьку. За гэтага чалавека. Хто ён такі? Адкуль? Можа, толькі што прыляцеў з Масквы? Але больш за ўсё я думала пра бацьку. І, далібог, ніколі гэтак не любіла яго, як у тую ноч. Здаўся ён мне такім героем, такім мужным, разумным, самым галоўным падпольшчыкам у нашым горадзе. Наіўна. Але я думала, што пра тату ведаюць у Маскве… Я думала пра маму. Каб яна пабачыла, што мы робім з татам! Яна больш не ўпікала б: «Мяккацелы інтэлігент дарэвалюцыйнай закваскі! Не псуй мне дачкі сваім слінявым гуманізмам! Не той час!» Мама была рашучая. Яна яшчэ ў грамадзянскую з бранецягніком на фронт паехала. Мама злавалася, што я баюся крыві. Прымушала мяне рабіць самую брудную работу. З-за гэтага яны сварыліся часам, тата і мама… Многа я ўсяго перадумала… Добра мне запомнілася тая ноч. Ёсць такія дні і ночы, якія запамінаюцца, выдзяляюцца і свецяцца, як маячкі, у памяці. Праўда? А ўсе іншыя зліваюцца ў адну плынь і цякуць, як магутная рака. На адным месцы вада заўсёды новая, а ўсё адно такая ж…

Спала я, можа, якія дзве гадзіны. Прачнулася раней за ўсіх. Калі Грот роўна ў сем спусціўся ў ванную, я «прыбірала» свой пакой і спявала. За снеданнем немец сказаў: «У вас добры настрой, фрэйлейн Софа. А ў мяне дрэнны. Ад свечкі баліць галава».

Тата нічога не гаварыў. Пацалаваў у лоб, калі адыходзіў на працу, як заўсёды, усміхнуўся:

«Вопыт ты маеш. Глядзі».

Наступілі тыя дзённыя гадзіны, калі я заставалася адна. Помніце, Антон Кузьміч? Адной мне было сумна… На кухні і на кухні.

…Прыйшла Маша з пакупкамі, мокрая, шумная, вясёлая. Гукнула з калідора:

— Кірыла Васільевіч! «Беламора» няма. Купіла «Казбек». Добра?

Зазірнула ў пакой, убачыла іх, засяроджана-ўважлівых, сур'ёзных, насцярожылася.

— Сядайце, Маша, паслухайце, — сказаў Шыковіч, хуценька занатоўваючы нешта ў запісную кніжачку.

Маша паставіла сумку каля парога.

— Я сказала яму:

«Вылазьце. У доме нікога няма. Будзем снедаць».

Ён падняўся з-за ложка. Ён быў высокі, але не такі доўгі, як здаўся мне, калі ляжаў. І не такі худы. Так, звычайны чалавек з тых, якія ніколі не паўнеюць, хоць ты іх пакладзі і знарок адкормлівай. Перш за ўсё ён глянуў на акно, потым агледзеў пакой і… мяне… Можа, я была такая ўражлівая, «мяккацелая інтэлігентка»… Як толькі пасля на мяне ні глядзелі, і свае і чужынцы, — мяне не кранала. А яго позірк… Вы прабачце, можа, я расказваю дробязі, глупства. Але я шчыра…

— Не, не. Калі ласка, як можна больш падрабязна, — папрасіў Шыковіч. — Гэта не дробязі… Для мяне гэта асабліва важна.

— Яго позірк мяне… абразіў… Пакрыўдзіў. З нейкай нядобрай падазронасцю ён агледзеў мяне. Я не ведаю, як вам сказаць… Але мне стала крыўдна. Чалавек даверыў нам сваё жыццё… Мы рызыкуем сваім, хаваючы яго… Чаму ж ён глядзіць так? Нядобра. А можа, мне здалося? Я малая была вельмі крыўдлівая. Маці не так гляне, як мне хацелася, і я цэлы дзень заліваюся слязамі. Больш, праўда, ён так не глядзеў. Быў прыветлівы, хоць не вельмі гаваркі.

Тады, за першым снеданнем, ён распытваў, як я жыву, з кім сябрую, куды хаджу, хто прыходзіць да нас, што за чалавек гэты Грот. Я разумела, што яму трэба ўсё ведаць, і падрабязна расказвала. Спытала, як яго імя.

«Навошта табе?» — сказаў ён без падазронасці.

«Неяк жа я павінна да вас звяртацца».

«Калі табе так хочацца, кліч мяне — дзядзька Сажань».

Я здагадалася, што гэта мянушка, яна здалася мне смешнай, і я засмяялася. Ён таксама ўсміхнуўся. Тады я адважылася і спытала, ці не з Вялікай зямлі ён прыляцеў. Сажань нахмурыўся і адказаў, што я рана пастарэю, калі ўсё буду ведаць. Гэтыя жартаўлівыя словы па-рознаму можна сказаць. Ён сказаў іх так, што мне расхацелася пытаць у яго пра што-небудзь яшчэ. Праўда, на другі дзень я не стрымалася і спытала пра вас, Антон Кузьміч. Мне чамусьці здавалася, што ён абавязкова павінен ведаць вас. Не, ён не ведаў.

«Што здрадніка Лучынскага пакаралі, пра гэта я чуў, а хто гэта зрабіў — Віктар, Антон ці Павел, — не мае значэння».

Каб ён ведаў вас, я, напэўна, расказала б, як вы хаваліся ў нас. Але пасля яго слоў, што не мае значэння, хто забіў Лучынскага, мне зноў-такі расхацелася расказваць яму пра вас. Не падумайце, што я стаіла крыўду на яго. Не. Я вельмі паважала яго. Асабліва калі бацька на маё пытанне: «Хто ён?» — адказаў: «Партыйны кіраўнік». О, як ён вырас у маіх вачах!

Я гатавала яму лепшыя снеданні і абеды, чым нават бацьку. Мяне толькі здзіўляла спачатку адно, зноў-такі гэта, відаць, ад майго такога выхавання — «мяккацелая інтэлігентка». Але ў нашым доме ўсе казалі адзін аднаму дзякуй, жадалі добрай ночы. Я хадзіла за ім, як санітарка за хворым. Ён ні разу не сказаў мне дзякуй. Не, здзіўляцца — гэта не тое я сказала. Мне зноў-такі трошкі крыўдна рабілася. Не за сябе. За яго. Фашыст Грот такі ветлівы, што бясконца, на кожным кроку: данке, данке, данке. Мне хацелася, каб наш чалавек, ды яшчэ такі кіраўнік, быў у сто, тысячу разоў больш культурны і ветлівы. Але на трэці дзень Сажань даказаў, што не гэта галоўнае. Мне нават сорамна стала за свае такія думкі.

Раніцаю я павіншавала яго са святам — з Першамаем. Як радасна бліснулі яго вочы!

«Дзякую, Зося, дзякую. Дзякую табе, дарагі таварыш. Цябе таксама віншую і жадаю дажыць да сапраўднага свята. Мы з табой станем побач і пройдзем пад сцягамі праз увесь наш горад».

Ён моцна паціснуў мне руку, і ў вачах яго, здалося, бліснулі слёзы. Я таксама ледзь стрымалася, каб не зараўці ад гора і шчасця.

Бацька ў першы дзень прыйшоў абедаць на гадзіну раней. Гэтую гадзіну яны гутарылі, зачыніўшыся ў маім пакоі. У гэты ж час яны размаўлялі і на другі дзень. А на трэці, Першага мая, прыехаў Вася, шафёр санітарнай машыны. І Сажань паўгадзіны гутарыў з ім. Пра што — я не ведаю. Вася выйшаў з пакоя з добрай усмешкай, паказаў мне язык, як малой. Потым, кіўнуўшы назад на дзверы майго пакоя, выставіў вялікі палец, маўляў, во які чалавек. Тады паказаў на гарышча і секануў далоняй па горле; я зразумела: з такімі мы хутка зробім фашыстам чык-чырык. Але мяне рассмяшыла гэтая размова жэстамі — у доме ж нікога больш не было. У адказ на мой смех ён уставіў вялікія пальцы ў вушы і вось так памахаў далонямі. Гэта, мабыць, значыла, што я несур'ёзная, дурніца. Я пакрыўдзілася і паказала, што ў яго пуста ў галаве. Ён зняў сваю замасленую кепачку і тэатральна пакланіўся. Але з ганка вярнуўся, працягнуў мне каробачку і сказаў сур'ёзна:

«Гэта вам, Зося. Ад мяне».

У каробачцы былі мятныя цукеркі.

На чацвёрты дзень усё было, як звычайна. Раніцаю бацька і Грот пілі кофе і хвалілі нейкае новае нямецкае лякарства, не помню якое. Першы пахваліў бацька. Гроту гэта вельмі спадабалася. Яны разам выйшлі з дому. Я карміла снеданнем дзядзьку Сажаня. Перад абедам бацька зноў гутарыў з ім. У часе абеду Сажань быў заклапочаны і раптам вельмі даверліва паведаміў мне, што яму ніяк не могуць дастаць надзейнага дакумента і ён не можа выйсці з горада, бо ўсюды заставы, а ў горадзе ўсё яшчэ ідуць арышты. Сумна пажартаваў:

«Ем хлеб дарэмна. Мала што ў гэты раз зрабіў. І хлопцы недзе непакояцца, што са мною».

Бацька ўвечары прыехаў раней, чым звычайна. На той жа санітарнай машыне. У нашым цесным завулку машына доўга паварочвалася, буксавала ў гразі, і тата доўга не заходзіў у дом. Я чула, як ён перамаўляўся з шафёрам. Нарэшце машына пайшла. Тата ўвайшоў устрывожаны, нават спалоханы. Такі ён не быў яшчэ ніколі. Я спытала, што здарылася. Ён заспакоіў:

«Нічога, нічога, дачка».

А сам адразу пайшоў да яго. Праз колькі хвілін яны выйшлі, і Сажань упершыню агледзеў увесь дом, нават падняўся ў пакоі Грота.

Неўзабаве зноў прыехаў Вася. Бацька адчыніў вароты. Ён заехаў пад самы ганак. Зноў зваліў мяшок бульбы. Сказаў бацьку:

«Аглядалі. Двойчы. Адсюль і сюды. Злосныя, як сабакі».

«Падымі хлопцаў. Калі да ночы нічога не здарыцца, мы выведзем яго на Элеватарную».

Яшчэ пра нешта яны шапталіся.

Калі Вася паехаў, я зноў спытала ў бацькі, што ж усё-такі іх устрывожыла.

«Арыштавалі нашых людзей. Каля дома шнырае тайны агент паліцыі. На Пушкінскай правяраюць дакументы. Тройчы агледзелі нашу машыну».

Сажань перамясціўся ў пограб. Пад домам у нас вялікі пограб. Лазілі ў пограб з кухні. Але на двары каля сцяны быў люк — для вентыляцыі, і бульбу ўвосень праз яго ссыпалі. Ён быў яшчэ закрыты з зімы, люк. Бацька адкрыў яго. Потым сказаў мне разведаць сцежку. Была ў мяне патаемная сцежка, па якой я бегала яшчэ да вайны да адной сваёй сяброўкі-аднакласніцы. Адстаўляла дошку ў паркане, пралазіла ў суседні сад, такім жа чынам з таго саду — у Вішнёвы завулак, потым — на Клімаўскую. І сюды на Элеватарную, да ракі.

Але прыехаў Грот. Ён часам прыходзіў пехатой, пакідаючы машыну ў шпіталі. Часам прыязджаў, і машына начавала ў двары. У той вечар, як на злосць, ён доўга корпаўся ў ёй, нешта рамантаваў, мыў.

Шыковіч заўважыў, што, забываючыся, Зося пачынае расказваць для аднаго Антона Кузьміча. На яго аднаго глядзіць, да яго аднаго звяртаецца, але так, быццам ён той адзіны сведка, які можа пацвердзіць праўдзівасць яе слоў.

Схамянуўшыся, яна вінавата ўсміхнецца ўсім ім і пэўны час расказвае яму, Шыковічу, з нейкай дзіўнай насцярожанасцю сочачы, як ён запісвае: то піша доўга, нібы стэнаграфуе, то ўзмахам пяра ставіць нейкі іерогліф, толькі яму зразумелы.

Маша скінула чаравікі і босая, на насочках, выйшла на кухню, відаць, паставіла чайнік. А потым стала ў калідорчыку і слухала адтуль. Шыковіч умеў і ўважліва слухаць і ўсё прыкмячаць навокал. Ён знакам запрасіў Машу зайсці і сесці. Тая адказала яму таксама жэстамі. Гэтая іх незразумелая нямая размова збянтэжыла Зосю. Яна змоўкла. Шыковіч крутануўся ў крэсле, як гарэза-школьнік, злоўлены настаўнікам:

— Прабачце, Соф'я Сцяпанаўна, я ўвесь — увага.

Але яна ўжо свядома звярнулася да Яраша з усмешкай, якую дораць выпрабаванаму сябру:

— Вы ведаеце, Антон Кузьміч, мяне зноў выручылі трусікі пана Грота. Помніце? Я засунула аднаго за ватнік і палезла ў суседскі сад. Абышла паўз паркан і знайшла дошку, якую можна было адсунуць без шуму. Выйшла гаспадыня, не тая, якая жыла да вайны, жонка нейкага белагвардзейца-эмігранта, які вярнуўся з Германіі і займаўся камерцыяй. Я растлумачыла ёй, што ўцёк трусік. «Я баялася, каб ён не папсаваў вашы дрэвы». Старая дурніца пацалавала трусіка, якога я паказала ёй.

«Якая мілая мордачка!»

Гроту я таксама сказала, вярнуўшыся ў свой двор, што ўцёк трус.

Ён узяў яго спрытна і бязлітасна, мяне заўсёды і палохала і абурала, як ён браў гэтых няшчасных жывёлінак. Вось так, двума пальцамі, за скуру.

«О, ты хочаш уцячы? — сказаў ён трусу. — Заўтра я цябе пакараю за гэта. Мне шкада цябе. Але чаго не зробіш у імя навукі».

Як толькі сцямнела і Грот падняўся да сябе, бацька сказаў:

«Выводзь, дачка. Шчасліва вам. На Клімаўскай сустрэне Вася. Калі ж не сустрэне…»

Ён даў адрас на Элеватарнай, нумара ўжо не помню, здаецца, дзевятнаццаць, мне пасля прыйшлося запамінаць многа розных нумароў, і нейкі мудры пароль, які я таксама забылася, нейкая прымаўка з рэлігійным сэнсам, здаецца.

Яшчэ бацька сказаў: «Назад, дачка, гэтым шляхам не вяртайся. Выходзь на Пушкінскую. У цябе ёсць пропуск. І зайдзі да Цішчанкаў. Старая занемагла і вельмі прасіла, каб ты зайшла. Зайдзі абавязкова. Так трэба».

Бургамістарша сама мне званіла дні тры назад. Але мне было агідна ісці да гэтай звар'яцелай ад страху бабы, якая дзень і ноч малілася. Але калі бацька сказаў, што так трэба — для канспірацыі, так мне здалося тады, я гатова была пайсці хоць да самога д'ябла. Толькі пазней… вельмі позна я здагадалася, што мой добры, разумны і наіўны тата хацеў такім чынам уратаваць сваё адзінае дзіця…

Увесь час яна расказвала роўна, ціха, без інтанацый, без асаблівых жэстаў і мімікі, калі не лічыць вінаватых усмешак. А тут вусны яе па-дзіцячы скрывіліся і задрыжалі.

— Два нашы афіцэры, якія дапытвалі мяне ў сорак шостым, здзекаваліся, калі я шчыра расказала ім усё. Смяяліся, маргалі адзін аднаму. «Сіла дзеўка! Значыцца, правёўшы падпольшчыка, вы адразу ж пайшлі суцяшаць жонку гарадскога галавы? Хітрая казачка, але пакіньце яе для дурняў. Мы чулі казкі не такія!»

Няшчасны мой бацька! А я… дурная якая была! Паверыла яму нават тады, калі ён пазваніў на кватэру Цішчанкам, пагаварыў спачатку з Алімпіядай Паўлаўнай, а пасля папрасіў, каб я паначавала там. «У горадзе неспакойна. Недалёка ад нашага дома толькі што стралялі. Заначуй, дзіця маё. Цалую цябе, Зосечка».

Гэта былі яго апошнія словы. Ён не любіў залішніх пяшчот, сюсюкання, цалавання па тэлефоне. А тут вось так — як маленькай. І я, дурная, усё адно ні пра што не здагадалася. Я магла быць побач з ім! Магчыма, ён адстрэльваўся, калі яны ўварваліся. І апошнюю кулю… Тата хаваў пісталет, хаваў нават ад мяне, але я ведала, што ён ёсць. Слухайце, можа, яго застрэліў Грот? Немца не было на пахаванні. Усе знаёмыя былі. З гестапа былі, адусюль. Аднаго яго не было.

— А што Сажань, Соф'я Сцяпанаўна? Правялі вы яго? — спытаў Шыковіч, каб вярнуць яе да паслядоўнасці.

— А як жа! Мы выйшлі на Вішнёвы. Цёмна было. Ні агеньчыка. Замаскіравана ўсё. Я пачула, што за намі нехта ідзе. Мы пабеглі. На Клімаўскай нас сустрэў Вася. З'явіўся як з-пад зямлі. Я сказала яму, што нехта ідзе. Ён адказаў, што гэта свае. З-пад палы бліснуў ліхтарыкам у адзін бок вуліцы, потым у другі. Яму адказалі адтуль і адтуль. Вунь яны як ахоўвалі таго чалавека! Вася сказаў: «Ты, Зоська, герой!» — і пацалаваў мяне ў шчаку. Мне стала сорамна: яшчэ Сажань падумае што! А я таго Васю, можа, якіх пяць разоў бачыла ўсяго. Мне тады — зноў! — вельмі захацелася, каб на развітанне ён падзякаваў мне. Смешна! Ён не сказаў звычайнага дзякуй. Ён сціснуў маю руку і сказаў:

«Усяго добрага табе, Зося. Скончыцца вайна — сустрэнемся».

Разбудзіла мяне бургамістарша рыданнем. Упала на калені перад маім ложкам:

«Мужайся, дзетачка. Бог міласэрны, ён усё бачыць. Партызаны забілі твайго бацьку».

Я не закрычала. Здаецца, нават не заплакала. У адзін міг я ўсё зразумела. У той міг я пасталела, можа, на дваццаць гадоў. Шаптала сабе: мужнасць, толькі мужнасць. Прасіла Бога, у якога не верыла, каб ён даў мне яе, гэтую мужнасць, каб я здолела ўсё перажыць. І маўчаць. Маўчаць, маўчаць!

Ашалелая ад жаху баба ўгаворвала мяне ў тую ж хвіліну ўцячы з ёй на край свету, у манастыр, яна ведае такі манастыр. «А то яны ўсіх нас заб'юць». Я маўчала.

Два агенты гестапа везлі мяне на рамізніку па горадзе. Выказвалі спачуванне. Я маўчала. Дадому мяне не павезлі. Бацька ляжаў ужо ў вестыбюлі гарадской управы. Калі толькі яны паспелі перавезці і ўбраць яго? Ён ляжаў у сваім вячэрнім гарнітуры, у сарочцы, якую я за дзень да таго памыла. Толькі гальштук чужы, бабачка, тата ніколі не насіў бабачкі. Да вайны гэта было нямодна, і мама, напэўна, першая пасмяялася б. На твары яго застыў спакой, не было ні пячаці страху, ні пячаці пакут. Відаць, ён памёр адразу. Толькі чамусьці пасінела левая скроня. Я спытала ў начальніка паліцыі Магнатава, куды трапіла куля. Ён паціснуў плячамі.

«У сэрца. У самае сэрца, — адказаў адзін з тых, што не адыходзілі ад мяне ні на крок. — Бандыты стралялі ва ўпор».

Да мяне падыходзіла ўся здрадніцкая сволач, выказвала спачуванне. Раней яны здаваліся мне смешнымі і дурнымі, гэтыя людзі. У той дзень я адчула, што такое нянавісць. О, як я іх ненавідзела! Мне хацелася пляваць на іх, біць па мордах. Але я маўчала. Я мусіла маўчаць.

Назад Дальше