Вёска. Новыя прыгоды Несцеркі. Страсці па Аўдзею - Андрэй Федарэнка 4 стр.


— Я магу чым памагаць, — сказаў Сцяпан не вельмі ўпэўнена.

— Ты сваю сям'ю глядзі, а не памагаць! — зноў умяшалася маці; аднак ёй, відаць, спадабалася, што Антон не хоча «сядзець на яе шыі». — Хай жыве! А я на што? У мяне ж і пенсія, і палучка! Матка ж на тое і матка, каб памагаць!.. Сала вунь поўны кубел, вунь кабан на паўхлява, к Колядам зарэжам, на той год два купім, картопляў поўна, гуркі, капуста... Адно, што хлеб, ды муку, ды крупы трэба купляць... Але не пі, не куры — і пражывеш, прыпяваючы!.. Матка ж цябе выганяць не будзе, раз прыехаў!..

Наеліся, дапілі гарэлку, сабраліся на двор пакурыць, але на двары за дзень так усё растала, што аж з даху капала, таму селі ў сенцах на лаве пры ўваходзе, закурылі.

— Скажы, Антон, — спытаўся брат, стараючыся сваімі кароткімі тоўстымі пазногцямі расшчапіць запалку; не змог, абкусаў яе і стаў калупацца ў зубе. — Скажы: вось я гляджу тэлевізар, радыё слухаю, газеткі вашыя чытаў... Вас жа, такіх, як ты, многа... Як магло здарыцца, што цябе турнулі? Што цябе не змаглі абараніць, адстояць? Вы ўсё ж студэнты, разумныя — ды аб'явілі б галадоўку, забастоўку, сабралі б мітынг, напісалі б у газеты!.. Там усё ж Мінск, не нашае балота!

— Хочаш, я табе зараз пакажу свой «воўчы білет»? Альбо працоўную кніжку? Там жа не напісана «исключен за политическую неблагонадежность» ці за «национализм», а за «неоднократное нарушение правил соцобщежития, появление в пьяном виде, распитие в комнате спиртных напитков...» Якая галадоўка!.. Пратэстуем супраць выгнання за п'янства?! Ды я ж пісаў табе.

— Я першы раз чую пра ўсё гэта. — Не можа быць! — уразіўся Антон. — Я пісаў табе вялікае пісьмо, перад Новым годам!

— Першы раз чую, — паўтарыў брат. — Апошні твой ліст быў перад «акцябрскімі», кароткі — усё добра, вучуся... Потым ужо матка пазваніла з работы, сказала, што ты напісаў ёй нешта пра акадэмічны водпуск і хутчэй за ўсё цябе выганяць. Я толькі здагадваўся, што нешта здарылася.

Антон усё не мог прыйсці ў сябе. Вось так так! Адно пісьмо невядома кім і навошта прачытанае, другое ўвогуле не дайшло... Брат паклаў яму на плячо цяжкую руку, сказаў ціха:

— Пры матцы не хацеў гаварыць... У мяне таксама гісторыя. Перад Новым годам вызывае мяне з бытоўкі брыгадзір — зэк, нахабны, тупое рыла — і расказвае, што ў дырэктара была нарада, дзе адзін «весь в коже» — у скура.ной куртцы — ціхенька сядзеў у кутку, а потым падышоў да яго, брыгадзіра, і сказаў: «Перадай Васкевічу, што калі ён не хоча згніць у сваёй маласямейцы, калі хоча атрымаць нармальную кватэру, хай менш торкаецца са сваімі газеткамі і менш ляпае языком. А з тым мінскім братцам мы яшчэ разбярэмся!».

Антон не верыў сваім вушам. Ён забыўся на цыгарэту, і яна сама дагарэла, прыкурыў другую ад фільтра.

— Галоўнае, не мне сказалі, а гэтаму недапечанаму зэку, які двух слоў звязаць не можа, тупы, як гэты стол! — Сцяпан пастукаў па стале тоўстым пальцам. — Гэта праз яго я павінен даведацца, чаму мне не даюць кватэру, і што з братцам будуць нейкія разборкі! Ён для іх важнейшы, больш свой, чым мы з табою!..

— Я думаў, хоць я адзін; выходзіць, і цябе падставіў, — прамовіў Антон.

Сцяпан прамаўчаў. Антон разумеў яго, ведаў, як брат марыў пра гэтую кватэру, чакаў яе, у пісьмах да Антона ужо хваліўся, дзе што збіраецца ставіць, як будзе перарабляць кухню, як у прыходжай зробіць антрэсолі па ўсім перыметры... Вось і атрымаў... А галоўнае — пра гэта Антон здагадваўся, — што кватэра надала б зусім іншы сэнс братаваму жыццю, рукі не прападалі б, і ўвогуле, што значыць пасля работы ехаць да сябе дамоў!.. Вось і дачакаўся.

— Аж неяк брыдка, — сказаў Антон. — Мы і цяпер нічога не ведаем. У чым віна? За што? Ніхто не кажа. А лісты адкрываюцца, чытаюцца, не даходзяць, а ты жывеш, ходзіш, задраўшы галаву, прыродай любуешся, кватэраў чакаеш... І раптам як снег на галаву, як малатком у лоб — бац! — высланы з Менска, бух! — «пралятае» кватэра...

Брат Сцяпан умеў слухаць, не перабіваў, падтакваў. Антон пачаў вярэдзіць сабе душу:

— Ну, мітынгаваў! Дык тады на кожнай плошчы Менска мітынгавалі, тысячы людзей!.. Значок насіў бел-чырвона-белы, дык палавіна інстытута насіла, якраз мода такая пайшла! Адказваў па-беларуску, але калі бачыў, што гэта не падабаецца, ці выкладчык прасіў гаварыць па-руску, не скандаліў, пераходзіў на рускую... Вось забі мяне, не ведаю, куды я ўлез, куды «ўступіў», як той мужык, што вечна ўступаў ці ў партыю, ці ў г...о. Цягаючыся па гэтых мітынгах, заўсёды падпішаш што-небудзь, не дужа чытаючы... Ды не проста кручком, а добра падпішаш, поўным прозвішчам, ды па бацьку, ды з адрасам і з месцам вучобы... Чэсна кажу: не ведаю і не помню, дзе і што я мог падпісаць. Але пачалося адразу ж; завальвае неяк увечары ў пакой цэлая світа: прарэктар, дэкан, камендант — чэрці, слова ж якое! — стараста паверха... Я адзін быў. Лезуць у тумбачку, у шафу, пад ложак, на балкон, на балконе з-пад старой макулатуры выцягваюць дзве парожнія пляшкі з-пад піва. Ды я год на гэты балкон не выходзіў, братцы, туды і выйсці немагчыма, усё макулатурай завалена! Пляшкі брудныя, любы скажа, што ім па сто гадоў; па-другое, лета ж нядаўна было, а летам тут абітурыенты жылі... Але складаецца акт, усё як трэба. Праўда, і я не змоўчаў, сказаў прарэктару з'едліва: «Я ж не прыходжу да вас на кватэру і не лезу ў халадзільнік!» І пакацілася ўсё, як ком з гары... На «акцябрскія» ўсёй групай выбраліся ў лес пад Менск, на шашлыкі; я не піў. У горад вярнуліся позна, я яшчэ правёў дзяўчыну, Лену, — я табе пісаў пра яе, і да інтэрната падыходзіў без пяці дванаццаць. Інтэрнат у дванаццаць зачыняецца. Ужо зачынена! А холадна, снег мокры з ветрам... Я свістаць, барабаніць у дзверы — глуха... Вахцёрка Волкава, руская (гэта важна), бабулька гадоў пад семдзесят, якую дражнілі «Гестапа», спіць недзе мёртвым сном. І толькі мо праз паўгадзіны, калі я ўжо збіраўся ісці начаваць на вакзал і, без ніякай спадзеўкі, грукнуў апошні раз, урэшце пачула, расчухалася, выплыла ў калідорчык... Я, хоць і злы, і змерзлы, але так і прайшоў бы маўчком, каб яна не прабурчэла ўслед, замыкаючы дзверы: «В следующий раз напишу докладную ректору!..» Я паварочваюся і спакойна, хоць у душы ўсё кіпіць ад злосці, па-беларуску (таксама важна) гавару:

«А можа, мне на вас напісаць дакладную? Дзе вы былі без пяці дванаццаць? Чаму вы спалі? Я павінен быў мерзці пад дзвярыма?» У яе, прывыкшай, што яе баяцца як чорт ладану, адвісла сківіца і мову адняло. Я падняўся на свой трэці паверх, у калідорчыку, не заходзячы ў пакой, каб не будзіць хлопцаў, распрануўся да пояса і стаў мыцца і чысціць зубы. Раптам страшны грукат у дзверы і ўлятае раз'яраная Волкава, з нейкай паперкаю ў руцэ. «Как фамилия?! Я добьюсь, чтобы тебя вышвырнули отсюда!» — крычыць у дзверы пакоя, а не бачыць, што я стаю збоку, каля ўмывальніка. Я ступіў да яе моўчкі, голы да пояса, з зубной шчоткаю ў руцэ... вось так (Антон паказаў як). Яна збялела раптам, анямела, вылецела на калідор і адтуль данёсся дзікі крык, ад якога, потым расказвалі, прачнулася палавіна паверxа... А назаўтра мяне выклікаюць да знаёмага прарэктара, дзе мне зачытваецца дакладная, ці «закладная», як мы звалі:

«Пьяный до того, что не мог связать двух слов... в час ночи, голый, гонялся за мной по коридору с ножом в руке...» Але гэтую Волкаву не любілі нават тыя, каму яна навушнічала, і дэканша, якая чамусьці таксама сядзела ў прарэктара, захіхікала. Тут і я не вытрымаў: «Вашая Волкава, пражыўшы тут семдзесят гадоў, магла б навучыцца калі не гаварыць, дык хоць бы разумець чалавечую мову; не «мог связать двух слов» — гэта не што іншае, як беларускія словы, якія для яе гучаць як тарабарская грамата!..» Тут ужо і сам прарэктар засмяяўся; але паперка пайшла ў справу, і чарговае строгае папярэджанне павісла ў фае на дошцы аб'яў... Ну, а потым так супала, што настаў мой дзень нараджэння. Тут ужо сапраўды грэх было не выпіць... Набраў я віна, нясу ў сумцы, а на вахце ўжо чакае знаёмая кампанія:

Волкава, якая і на дзяжурстве сёння быць не павінна, камендант інтэрната, стараста паверха, прарэктар, якому іменна не было чаго рабіць тут, на інтэрнатаўскай вахце, у тры гадзіны дня... Не памог і пашпарт, які я прадбачліва захапіў, ідучы ў магазін, пашпарт, у якім чорным па беламу было напісана, што нарадзіўся я акурат сёння. «Шыльду бачыш? «Пронос спиртных напитков, а равно и распитие оных, строго запрещено»? Нічога тут пра дні нараджэння не сказана...» Складаецца чарговы акт, назаўтра мяне проста з лекцыі забіраюць і на гэты раз не да знаёмага прарэктара, які паспеў ужо стаць мне як бы трошкі раднёю, а заводзяць у пустую аўдыторыю. Там сядзіць адзін малады чалавек. Адзеты не «в кожу», як знаёмы твайго брыгадзіра, а ў харошы касцюм, са стракатым французскім гальштукам. Малады чалавек назваўся Николаем, расказаў, што сам ён з Тульскай вобласці (?), любіць рыбалку і часта перачытвае не помню якога пісьменніка. Відаць, мая рэакцыя была нейкая не такая, як яму хацелася — я проста глядзеў на яго і лыпаў вачыма, — бо малады чалавек раптам дастаў і паказаў мне чырвоную кніжачку, дзе было напісана, што ён — старэйшы лейтэнант. Я хацеу дакрануцца да яе пальцам, Коля не даў, схаваў яе і ўрэшце прама заявіў, што я ўліп, як швед пад Палтаваю. Я ўздыхнуў і апусціў галаву. ён сказаў, што яшчэ нічога страшнага, «всё поправимо», толькі мне трэба будзе раз у месяц у пэўныя часы прыходзіць у гэтую аўдыторыю і расказваць, як здароўе маіх беларускамоўных сяброў. Гэта значыць, Лены, Антоненкі, Брусаўца, Алеся Рамановіча... Я адмовіўся. Тады малады чалавек раптам спытаў, ці ёсць у нашай вёсцы рэчка, а ў рэчцы рыба? Пачуўшы маё «ўгу», ён — я пабажыцца гатовы! — засаромеўся, трошкі пачырванеў і папрасіў мяне не здзіўляцца, калі ён як-небудзь завітае да мяне ў госці, на рыбалку.

— Вось такі атрымліваецца «мітынг пратэсту»... Якую мне было аб'яўляць галадоўку? Павесіць на шыю шыльду: «Пацярпеў за тое, што

распіваў напіткі «оные» і п'яны хацеў згвалтаваць бабку Волкаву»?

Браты пасмяяліся, але неяк нявесела.

— Тым больш, сам бачыш, што табе ў горад няма чаго торкацца, трэба тут сядзець, — сказаў Сцяпан, устаючы з лаўкі.

І больш на гэтую тэму гаварыць не сталі; пайшлі ў дрывотню — там было праведзена святло і стаяў наждак. Антон круціў ручку, а брат правіў сякеры і нажы, і, нібы між іншым, без усялякай, здавалася, сувязі з тым, што пачуў зараз ад Антона, расказаў, як нядаўна адзін хлопец з іхняй работы разам з жонкай і дачкою разбіліся на матацыкле.

— Куды яго паперла зімою? — здзіўляўся Сцяпан. Ляглі спаць рана, і тэлевізара не глядзелі. Ціха, цёмна, чуваць, як вецер пасвіствае за акном, толькі гардзіны на вокнах бялеюць, а так не відаць ні падлогі, ні сцен, ні столі. Маўчыць, відаць, адразу ж задрамаўшы, змораная маці, маўчыць, хоць не спіць, варочаецца на сваёй канапе брат...

І Антон, у якога даўно прайшоў лёгкі хмель і тое ўзбуджэнне, з якім расказваў пра свае мінскія прыгоды, зразумеў раптам, чаму брату не спіцца, чаму ён згадаў небараку-матацыкліста — ды брату проста страшна! Таму ён і згадвае тых, каму яшчэ горш, чым яму можа быць! Інакш чаму ён так змяніўся пасля Антонавай гісторыі? Не смяяўся, слухаючы, хоць былі ў гэтай гісторыі і смешныя моманты — ва ўсялякім разе, Антон стараўся расказваць гумарыстычна, — не стаў суцяшаць, хоць мог бы, павінен быў бы... Старэйшы, разумны, дужы, дарослы брат, якога Антон заўсёды лічыў такім жа, як сам, толькі лепшым — баіцца!

«А я? — спытаў у сябе Антон, пазіраючы на светлыя плямы гардзін, прыслухоўваючыся да свісту і кропляў зімовага дажджу. — Мы ўсе тут: і Сцяпан, і матка, і я думаем і адчуваем цяпер аднолькавае... Разбярыся ў сабе — і ўведаеш, што ў іх на душы».

А на душы ў Антона быў страх. Той самы, ранейшы мінскі страх, які пасяліўся ў ім яшчэ тады, калі ён ясна зразумеў, што не проста так да яго чапляюцца, не «чорная паласа пайшла», як сказаў Сцяпан, а яго знарок «пасвяць», каб выкінуць урэшце з Мінска. Быў час, калі страх гэты прытупіўся, але гутарка з братам зноў развярэдзіла яго — нібы зуб быў вырваны, і звыкся да дзіркі ў роце, і раптам зноў боль, і аказваецца, не ўвесь вырвалі, а недзе глыбока астаўся сядзець цалюткі корань...

«Да таго мінскага братца дабярэмся... Вось і дабраліся. А ён, сляпы дурань, — сорамна ўспомніць! — здаваў семінары, канспектаваў лекцыі, за Ленай бегаў і ўжо марыў, як некалі прывязе яе сюды, у вёску, і будзе расказваць, ведучы яе ад станцыі, пра кожнае помнае дрэва, кожную паваротку дарогі, пра кожную хату, на якую Лена пакажа пальцам... Ён жыў, ні пра што не дбаючы. А ў гэты самы момант у нейкім кабінеце рука здымала тэлефонную трубку, званіла ў другі канец Беларусі, і другая рука падымала трубку, называліся яго прозвішча, імя, правяралася біяграфія, заводзілася папка, клаліся ў яе паперы... Жылі побач з ім дарослыя людзі, для якіх цікавіцца ім, Васкевічам, была такая ж будзённая, магчыма, са сваімі «прелестями» і цяжкасцямі, звычайная праца, за якую грошы плацілі — такая ж, як для маткі праз дзень дабірацца на свой заводзік, як для брата гарбаціцца на будоўлі...

«Нічога не скончана, — думаў Антон, не могучы не тое што забыцца і задрамаць, а і вачэй прыплюснуць. — Гэта толькі пачатак. Як проста... Чорная глухая ноч, машына падкоціць — і не пачуеш, не ўбачыш. Стук у шыбку. Пяць хвілін на зборы. Матка галосіць... Ну і што, што канец ХХ стагоддзя; 1991-ы год? Ну і што, што я нікога не забіў і не абакраў? Вось так жа думалі Лебяда, Гарэцкі, Зарэцкі, сотні, тысячы іншых. Мы — чыстыя, сумленне наша чыстае — за што нас «браць»? Цяпер жа не сярэднявечча, не інквізіцыя, не імперыялістычная, не грамадзянская войны, не ваенны камунізм — няўжо тыя, чые ідэі даўно перамаглі, не змогуць у спакойны, мірны час адрозніць ворага ад не-ворага? Як гэта нас, маладых, разумных, сумленных, гатовых служыць пераможцам верай і праўдаю, ні з таго ні з сяго забяруць? А так, вельмі проста. За шкірку. Ты думаў калі, што цябе, выдатніка, цяперашнім часам можна адлічыць з інстытута і выкінуць з Менска? Ды яшчэ два месяцы назад ты назваў бы гэта дзікім абсурдам! А ў цябе ніхто і не папытаў!»

Відаць, усё ж праўда, што думкі могуць перадавацца, як гэтае цяпло ад напаленай грубкі. Інакш як растлумачыць, што матка раптам перастала пасвістваць носам, уздыхнула, пакруцілася і зусім бяссонным голасам разарвала гнятлівую цішыню:

— Глядзі, каб яшчэ не прыехалі «чорным воранам» ды не забралі ў якую цюрму!

— Што гэта ў цябе ўсё ў «цюрму» ды ў «цюрму»?..

— Ага! Ты не помніш, Сцяпан не помніць, а я добра помню, як пасля вайны «варанкі» гайсалі!.. Лягаў чалавек спаць, а назаўтра няма, і па сённяшні дзень ніхто не знае, дзе...

Самае дзіўнае было, што брат не спаў — а маўчаў. І Антон нічога матцы не адказаў. І матка больш не адзывалася.

Ляжалі без сну — і кожны думаў адно і тое ж.

З гэтых выхадных, ад Каляд аж да старога Новага года, стала такая адліга, такая зрабілася, як маці казала, «скаўзеліца», што без кійка немагчыма было прайсці па двары. Зверху вада, калюжыны, знізу — голы лёд. Пачарнелі стрэхі хат і хлявоў, дрэвы ў садзе, нязвыклы — без свайго белага ўбрання, — чужы, непрытульны стаяў лес. Агарод і поле цераз дарогу парабіліся рабымі ад чорных грудкоў, што павылазілі з-пад снегу. Зранку да вечара на двары вісеў мокры туман — нібы дождж, стаміўшыся, узяў і завіс паміж небам і зямлёю. Позна развідняла і рана цямнела. Васкевіч нічога не рабіў, сядзеў, чытаў, глядзеў тэлевізар; выходзячы пакурыць, глядзеў на пахмурае неба, на рабы агарод, выпускаў з рота цыгарэтны дым, а дым так і стаяў каля твару, над галавою, бы гэты туман, не разыходзіўся... Нейкі цягуча-нудны сум сядзеў усе гэтыя дні ў душы, не даваў спакою, раз'ядаў яе, як гэтая слота раз'ядала снег з поля... Прыходзіў у госці Пульс, мокры, трымаючы ў руцэ ўсю ў гразі шапку — пакуль дайшоў, умудрыўся два разы ўпасці. Як чалавек культурны, каля парога зняў галёшы, мокрую шапку выкруціў у «свінячае» вядро, паклаў на прыпечак сушыцца. Маці дала яму паесці і наліла шклянку віна. Ён адразу ж ап'янеў, выпіў адно за адным тры сырыя яйкі, у кожнае ўсыпаўшы мо з паўжмені солі, пачаў расказваць, як адна «баба» з Двароўкі (суседняй вёскі) ездзіла ў горад, у «енвалідскі дом», выбрала там і прывезла сабе «мушчыну», прасіў, каб Васкевіч і яго звазіў у той дом і памог там выбраць «бабу», спяваў, танцаваў пад песні з радыё... Толькі позна ўвечары ледзь удалося яго справодзіць.

Перад старым Новым годам, пасля абеду, выбліснула раптам сонца, без ветру, неяк самі сабой паплылі за лес шэрыя дажджавыя хмары, усё вакол паяснела. Адразу ж проста на вачах вада ў двары пачала пакрывацца крохкім рыфленым лядком, зацвярдзела, пашэрхла зямля, і певень, які ў той дзень доўга не йшоў на седала, ужо смела, героем пазіраючы на курэй, хадзіў па непралазнай яшчэ колькі хвілін назад, а цяпер трывалай гразі. За ноч зямля ператварылгася ў чорны лёд. Снегу не было, марозік ціснуў, а ад зыркага ранішняга чырвонага сонца было, здавалася, яшчэ халадней.

Загарнуўшы ў газету пашпарт, ваенны білет, працоўную кніжку, выпіску — свой «воўчы білет», Антон чыста пагаліўся, нацёр за вушамі і пад носам, прытарным, душным (які быў) адэкалонам «Цытрусавы», апрануўся ў сваё гарадское: куртка, вымытыя блакітныя джынсы, наваксаваныя чаравікі, ад якіх паспелі адвыкнуць ногі і таму цяпер асабліва прыемна было ступаць, — і, не снедаючы, не чакаючы аўтобуса, пашыбаваў у мястэчка, у сельсавет, за шэсць кіламетраў.

Шырокая, высыпаная адсевам, а цяпер ледзяная дарога блішчэла пад сонцам — аж у вачах балела; добра, што ўжо метраў праз дзвесце пасля апошніх хат пачынаўся лес. У лесе Васкевіч павярнуў на вузкую сцежачку між хвой, паўз дарогу: і не так слізка, і калі будзе ехаць папутка, з дарогі яго не заўважаць. Пасля бадзяння па хаце, нудоты апошніх дзён хацелася прайсціся аднаму, падумаць. Ды й то: здорава, марозна, ясна, сонца мільгае ў вершалінах высокіх хвой, б'е ў вочы, жоўтым мяккім золатам адсвечваюць ствалы — гладкія, бы літыя, знізу зусім без галін, стромкія, тоўстыя... Калі забыць, што на галаве шапка, а на руках пальчаткі, і глядзець не пад ногі, не па баках, дзе паўсюль наздраваты, падмарожаны, усыпаны ігліцаю і шышкамі лясны снег, а ўверх, на сіняе неба і гэтыя жоўта-залатыя ствалы, дык адчуванне, быццам патрапіў у самае лета, у жнівень месяц...

Колькі разоў ён перамераў сваімі нагамі гэтую дарогу ў два канцы! Школьны аўтобус як мінімум раз на.тыдзень ламаўся, і добра было, калі суха, цёпла — закінуў, як кажа матка, ногу на «лісапету» і заехаў. А зімою, увосень, увесну, у такі вось галалёд? І тым не менш, як ён любіў гэтую дарогу, колькі з ёю звязана ўспамінаў, якія ніколі не забудуцца!.. Калі б цяпер у яго быў пэўны настрой, не карцела б так найперш разабрацца ў сабе цяперашнім, ён абавязкова перанёсся б у тыя свае гады, у клас, скажам, сёмы — калі ў іхняй школе праходзіла раённая алімпіяда па шахматах і ён заняў першае месца, абыграўшы дзевяць чалавек запар; вяртаўся з мястэчка марозным зорным вечарам адзін, несучы за пазухай цвёрды, гладкі, залатымі літарамі запоўнены дыплом, дзе было надрукавана яго прозвішча і імя — ішоў і ні грама не баяўся, хоць у гэтым лесе вадзіліся ваўкі... Альбо ў клас дзевяты, калі ў школьнай сталоўцы ладзілі сустрэчу-знаёмства двух дзевятых класаў — іхняга і з гарадскои школы, з танцамі, і яго ўпершыню ў жыцці, пад зайздросныя хіхікі аднакласнікаў запрасіла на танец бялявая тоненькая дзяўчынка з горада... Нейкі час пасля таго ён быў проста героем школы; а тады, ідучы гэтай дарогай, на ўзлеску каля мястэчка забрыў невядома чаму ў зараснікі акацыі, ламаў галіны, крывяніў рукі, і ўсё хацелася думаць вершамі, але за ўсю дарогу выдумаўся толькі адзін радок: «И руки твои абдымалі меня...»

Нічога гэтага Васкевіч цяпер не ўспамінаў, больш пільнаваўся, каб не паслізнуцца, і думаў зусім пра іншае.

Пасля той размовы з братам нейкі дзіўны настрой пасяліўся ў ім — дзіўны, бо настрой гэты змяняўся кожную гадзіну без усялякіх, здавалася б, прычын. Калі Васкевіч стараўся глядзець на сябе збоку, чужымі вачыма — усё было добра. Малады чалавек, «высланы» за палітычную ненадзейнасць — значыць, мае сваю чалавечую каштоўнасць, бачыцца некаму небяспечным... Тут быў сімпатычны арэол пакутніка, арэол, які яшчэ са школьных гадоў хваляваў, да слёз захаплення і зайздрасці даводзіў Антона, калі ён пачынаў думаць пра дзекабрыстаў і іхніх жонак і сябе ўяўляў дзекабрыстам (пасля ўрока літаратуры), альбо рэвалюцыянерам-народнікам, які страляе ў ненавіснага губернатара (пасля ўрока гісторыі), альбо селькорам, закатаваным кулакамі (кніжка пра Паўліка Марозава); потым, ужо ў Мінску, калі, дзякуючы Лене і Алесю Рамановічу, адчуў і ўсвядоміў сябе беларусам, калі па руках хадзілі ксеракопіі памерам з калоду карт «Песьняў выгнаньня» Лебяды, якія так лёгка, з першага разу намёртва ўядаліся ў памяць:

— тады ўяўлялася, што ён якраз і ёсць той беларус, які хутка ляжа пад шпалу, па якім недзе далёка, дзе «бэз цьвіце над родным домам», пралівае слёзы сінявокая беларусачка... І дрыжыкі беглі па спіне ад нейкага проста экстазу, і пальцы сціскаліся ў кулакі, і думалася ў такія хвіліны: «А хай бы!.. Хай забіраюць, замучваюць у выгнанні...»

Назад Дальше