І вось, аказваецца, усё гэта добра, сімпатычна і рамантычна, калі не з табою; апынуўшыея сам у скуры гнанага, адчуўшы блізка на сабе подых невядомага, сур'ёзнага нават не ветру, а толькі ветрыку, Васкевіч разгубіўся. Гераічны арэол адлятаў, як гэты дымок ад цыгарэты, а на яго месца — асабліва пасля размовы са Сцяпанам — усё часцей прыходзіла адчуванне занесенай над галавой дубіны, якая невядома калі і з чыіх рук так яшчэ можа трэснуць, што іскры з вачэй пасыплюцца...
«А што ж ты хацеў? — у каторы раз спытаў сябе Васкевіч. Ён ужо дабраўся да шашы, за якой віднеліся двухпавярховыя катэджы мястэчка, і стаяў, прапускаючы машыны, што праносіліся адна за адной як шалёныя, абдаючы яго хвалямі халоднага ветру. (Зімою на лясной шашы заўсёды здаецца, што машыны ездзяць занадта хутка.) — Чаго чакаў? Табе ж тлумачыў Рамановіч, ды і самаму няцяжка было ўгадаць — у гэтым жа і ёсць план... Патрошку даць зразумець, што ты — казюрка, муха з абарванымі крыльцамі, бегаеш па стале і думаеш, што бегаеш сам па сабе, а над табой зверху — палец, які калі захоча, тады і апусціцца... Што ж ты хацеў? У гэтым план: пасяліць страх, зламаць, запалохаць брата, матку...»
Ён падыходзіў да сельсавета. Сельсавет быў насупраць іхняй школы, у самым пачатку прыгожага, вялікага, кампактнага мястэчка, у якім амаль не было драўляных хат, усё добрыя цагляныя будыніны. Цяпер, пачынаючы ад шашы, дзе раней быў падлесак, і на пустэчы за школай, за сельсаветам, і на высокім дальнім беразе возера, што вялізнай падковай агінала паўмястэчка,— скрозь ішла будоўля, віднеліся ўжо гатовыя і яшчэ недабудаваныя двух- і трохпавярховыя катэджы. Васкевіч, якому ўвогуле падабалася любое вясковае будаўніцтва, на гэтыя домікі заўсёды проста любаваўся: акуратныя, кожны сваёй планіроўкі, з рознымі балкончыкамі, шпілямі, бы дачы; перад кожным — ладны кавалак зямлі, абнесены плоцікам, пад грады... Лес блізка, горад блізка, рыбнае возера пад бокам. Успомнілася, як колісь, школьнікам, калі гэтых домікаў не было яшчэ і ў паміне, ён зайздросціў хлопцам з гэтага мястэчка...
Было роўна дзевяць гадзін раніцы, і Васкевіч, заходзячы ў сельсавет, абціраючы ў дзвярах ногі аб нейкую драцяную сетку, якая чаплялася за падэшвы і цягнулася следам, падумаў, што нікога яшчэ можа не аказацца тут і можна будзе трохі пастаяць у кутку каля акна, дзе батарэя, сагрэцца і сабрацца з духам (яму ўжо нават такая простая справа, як прапіска, здавалася нейкай падазронай). У цемнаватым пасля вуліцы, вялікім квадратным калідоры, сапраўды было ціха і пуста, але дзверы ў праўленне — масіўныя, абабітыя ў ромбы чорным дэрманцінам — былі прыадчыненыя. Ён, зняўшы шапку, зайшоў і апынуўся ў прыёмнай — пустым, светлым, такім жа вялікім і квадратным калідоры, як і першы. Прыёмная нагадвала більярдную залю: пасярэдзіне — два сталы, састаўленыя тарцамі, паўз сцяну — некалькі крэслаў (для ігракоў, што чакаюць сваёй чаргі). На прыёмную выходзіла двое такіх жа чорных дэрмацінавых дзвярэй (адкуль лёкаі выносяць шампанскае і крэйду для кіёў); на цэнтральных — зашклёная шыльдачка з надпісам «Старшыня І. В. Лобан», на другіх, кутніх — «Сакратар І. О. Лізун». Здзіўляючыся, што за імя па-беларуску на О — ён ужо забыўся, як сакратара па-бацьку, — Васкевіч пастукаў і ўвайшоў у знаёмы вузенькі катух. Нічога не змянілася з тых часоў, калі ён, выпісваючыся, некалькі гадоў назад быў тут. Злева як зайсці, каля запавуціненага кратамі акенца, амаль на ўсю шырыню катуха — стол, у кутку вялізны, у чалавечы рост сейф, за сталом — той жа сакратар Лізун, сівенькі, аднарукі, у касцюме, з гальштукам, глядзіць пукатымі, павялічанымі тоўстымі лінзамі акуляраў, няшчырымі вачмі, строгі, непрыступны... Такому б не на лічыльніках, што заўсёды перад ім на стале, костачкі біць, а ў Мінску па тэлевізары інтэрв'ю даваць. Насупраць акна, у глухім кутку, яшчэ столік, за якім цяпер нікога не было.
Убачыўшы Васкевіча, Лізун застыў з занесенай над лічыльнікамі рукою і моўчкі, звыкла строга, стаў чакаць першых яго слоў.
— Здрастуйце, — трохі замнуўшыся, сказаў Васкевіч і адчуў, як густа чырванее. «Вось і першая ластаўка!..» Замінка была кароткая, але і за гэтыя секунды ён паспеў уявіць, як з'едліва хмыкнуў бы Рамановіч, калі б пачуў гэта, з якой пагардаю зірнула б на яго, Антона, Лена. — Добры дзень! — гучным голасам паправіўся ён, злуючы чамусьці не на сябе, а на сакратара. — Я хачу прапісацца ў вас і стаць на ваенны ўлік. Васкевіч, з Сасноўкі, — і паклаў на стол дакументы.
Сакратар, ні слова не прамовіўшы, перавёў вочы на дакументы, потым спрытна падсунуў разгорнуты пашпарт адной палавінай пад лічыльнікі, утаропіўся ў першую старонку, прачытаў усю, перагарнуў... І так увесь пашпарт. Адклаў, узяўся за ваенны білет.
«Відаць, быў званок — не прапісваць! — думаў Васкевіч, не перастаючы сачыць за гэтай праверкаю і здзіўляцца, як налаўчыўся спраўляцца з перагортваннем аднарукі чалавек. — А прычына? Любая. Напрыклад...»
— Ваш Сцяпан у горадзе ж ужо даўно, — сказаў сабе пад нос сакратар, выцягнуўшы з-пад скобкі і разглядаючы ўлікова-паслужную картку.
— Ну і што?
— А тут указана, у Сасноўцы.
— Алоўкам указана. Для таго ж і пішацца алоўкам, каб можна было выцерці і паправіць.
— Дык трэба выцерці і паправіць...
Сакратар адсунуў дакументы, пстрыкнуў ключыкам шуфляды, дастаў адтуль яшчэ адзін, маленькі ключык, сагнуўшыся, недзе ў глыбіні шуфляды адамкнуў яшчэ нейкую патаемную шуфлядку, выцягнуў з яе ўжо вялікі двухзубцавы ключ; не ўстаючы з месца, нібы выпадкова павярнуўшыся так, каб засланіць сабою дзверцы, адамкнуў і трошкі, на адну шчылінку, прачыніў дзверцы сейфа. Сабе на стол кінуў тоўстую кнігу з надпісам «Сасноўка», Васкевічу падаў бланкі:
— Запаўняйце.
Хутчэй Антон выйшаў з гэтага цеснага, душнага катуха, прысеўшы за «більярдныя» сталы, расклаў перад сабою, нібы ігрок карты, бланкі. У гэты момант шчоўкнулі ручкай другія дзверы, старшынёўскія, і паказаўся малады хлопец з чорным чубам, без пінжака, у светленькай кашулі з закасанымі да локцяў рукавамі — як у тых, што недзе ў кабінетах, закасаўшы рукавы, плануюць далейшы Васкевічаў лёс... Тут у кабінеце зазваніў тэлефон, і хлопец, не паспеўшы нічога сказаць, крутануўся назад.
— Старшыня слухае! Алё! Старшыня з вамі і гаворыць! — пачулася з кабінета бадзёрая добрая беларуская мова.
Васкевіч сядзеў, як заварожаны, слухаў і не верыў сваім вушам. Чаго ён ніяк не чакаў пачуць у сваіх мясцінах, а тым больш у такой установе, дык гэта чыстай мовы... Старшыня пагаварыў і выйшаў зноў у прыёмную:
— А хто вы, прабачце? Васкевіч назваўся.
— Дык я ж з тваім Сцяпанам у адным класе вучыўся! — узрадваўся малады старшыня, паціскаючы Васкевіча за плячо. Рука ў яго была досыць цвёрдая. — І матку добра ведаю! Ты ж у Мінску вучышся? Ты курыш? Хадзем, зайдзі да мяне, пакуль час ёсць...
Васкевіч, не паспеўшы адказаць ні на адно пытанне, сабраў бланкі, дакументы і пайшоў за ім. У кабінеце — прасторным, светлым, з дыванком ад парога да паліраванага, літарай «Т» стала, над якім, узяты ў прыгожую рамку, вісеў каляровы партрэт Леніна — старшыня падвёў яго да скуранога крэсла-круцёлкі, што стаяла ў кутку каля акна і служыла, відаць, асабліва важным гасцям, зноў-такі даволі моцна ўзяўшы за плячо, пасадзіў, сам падбег да стала, прынёс пачак харошых цыгарэт і попелку, на выгляд крышталёвую... Васкевіч падзякаваў і дастаў свае, а попелку, пашукаўшы вакол вачыма, паставіў сабе на калена.
— Дык ты прапісваешся? Што, заваліў экзамены? — падміргнуў старшыня, чыркаючы запальнічкай. — Акадэмічны ўзяў?
Васкевіч кіўнуў — раз хочаш, думай, што акадэмічны. Хоць ён і не дужа свабодна пачуваўся ад гэтага панібрацтва, асабліва ад «тыкання», тым не менш Лобан яму падабаўся — ды тут за адну мову можна было дараваць, што хочаш!..
Жыўчык-старшыня, вядома, пасядзець не мог, падскочыў, адчыніў фортку, зноў прабег да стала, апрануў пінжак, які вісеў на спінцы крэсла, струсіў попел з цыгарэты ў сметніцу за крэслам, вярнуўся і пакарыстаўся попелкаю на Васкевічавым калене.
— У цябе працоўная кніжка з сабою? — спытаў ён раптам.
— З сабою.
— А чаго ты яе ўзяў?
— Ну... так, проста.
— Пакажы...
Васкевіч падаў. Лобан, быццам напярод усё ведаў, разгарнуў яе якраз на месцы апошняга запісу — «отчислен за неоднократное нарушение...»; але, прачытаўшы, нават не глянуў на Васкевіча, задумліва паляпаў кніжкаю па далоні.
— Слухай, у нас ёсць для цябе праца... Бібліятэкарам. У Двароўцы ўжо тры месяцы бібліятэка зачынена. Пойдзеш? — і, не даючы Васкевічу слова сказаць, думаючы, відаць, што той пачне зараз аднеквацца, стаў пераконваць: — Ездзіць можна аўтобусам, ды і прайсці там колькі, работа лёгкая — сядзі сабе, кніжкі чытай!.. Да экзаменаў падрыхтуешся, праз год спакойна здасі і паедзеш назад у Мінск... Ну?
Васкевіч між тым і не думаў аднеквацца. Для яго гэта была б проста нягаданая, раптоўная ўдача, калі б... Ён зірнуў старшыні ў вочы — сказаць ці не? Вырашыў сказаць: і каб перастрахавацца, і каб потым, калі што якое (прыедуць яго арыштоўваць), не падстаўляць Лобана. А галоўнае, яму раптам захацелася паказаць старшыні, што ён, Васкевіч, трохі не тое, што пра яго можна падумаць.
— Вы чыталі запіс? — спытаў ён.
— Ну і што? Я і так усё ведаў, — старшыня зноў падміргнуў яму. — Мне наш Лізун, — кінуў ён на катух, — яшчэ на тым тыдні казаў, што Васкевічавага хлопца, з Сасноўкі, выгналі за гэтае дзела (ён паказаў, як куляюць чарку)... Ды ты не перажывай! Праз год назад прымуць.
— Я не перажываю, проста...
— У нас, калі я вучыўся, таксама хлопцаў выганялі, потым зноў прымалі. Ты колькі правучыўся? Два гады? Плюс падрыхтоўчыя курсы год, так? — тры. А цяпер падлічы, колькі на цябе грошай убухалі. Каму будзе выгадна, каб ты не давучыўся? Дзяржава не такая дурная...
— Мяне выгналі ні за якае не за «гэтае дзела», — цвёрда сказаў Васкевіч, трохі любуючыся сабою ў гэты момант, — а за нацыяналізм.
Лобан зірнуў на яго — ён так і стаяў перад Васкевічам, чуць сагнуўшыся, пакурваў — і так зарагатаў, што аж у пустой прыёмнай у прыадчыненыя дзверы адбілася.
— Хто ж цяпер за гэтае выганяе?! Цяпер абы ты толькі гаварыў! Я ж гавару — і што? І паперы вяду, магу паказаць... Канечне, многія крывяцца, але нічога — перажывуць! — і такая ўпэўненасць была ў яго словах, такі, знаёмы ўжо Васкевічу, імпэт правінцыйнага падзвіжніка — змагара «за ідэю», што Антон нічога не захацеў расказваць, падумаў толькі: «Што ж, раз не верыш, тым горш можа бьщь для цябе ж».
— Я чаму і ўзрадаваўся, калі пачуў, што ты ў сакратара па-беларуску балэкаеш, і адразу сказаў сабе — гэта свой чалавек! — Лобан прытушыў недакурак, зірнуў на гадзіннік. — Карацей, ты згодзен. Давай, па-быстраму прапісвайся, зараз, у дзесяць, будзе аўтобус на горад — тым больш усе дакументы пры табе, — паедзеш у цэнтральную раённую бібліятэку...
— Пачакайце, ды я паняцця не маю, што і як! Вам жа пасля сорамна будзе...
— Не трэба тут вялікай навукі. Тут да цябе такія працавалі, што фармуляра не маглі запоўніць. Значыць, раённую бібліятэку ведаеш?
Васкевіч не ведаў. Старшыня, радуючыся, што хоць нейкае выйсце знаходзіць яго бурлівая энергія, схапіў са стала лісток, падрабязна накрэсліў, як знайсці, дзе перайсці вуліцу, стрэлкамі паказаў, як заходзіць у будынак бібліятэкі, куды павярнуць на калідоры, дзе кабінет дырэктаркі, якую завуць Валянціна Мікалаеўна... Там Васкевічу трэба будзе сказаць, што ён ад Лобана, напісаць заяву, і там яму ўсё раскажуць і пакажуць.
Ужо збіраючыся выходзіць, Васкевіч успомніў і спытаў, прыцішыўшы голас: