Эрыніі - Юры Станкевіч 10 стр.


Апоўдні спёка павялічвалася. Слядак заўважыў, што лісце на тонкіх атожылках, якія выпусцілі дрэвы ў пачатку лета, скруціліся ў трубачкі і пачарнелі, а трава на зямлі высахла і пажоўкла.

Ён таропка паабедаў простай, з дамешкам сурагатаў ежай, якую раней прынёс з крамы Крэз, і на дваццаць хвілін дазволіў сабе адпачыць. Потым захапіў бінокль, нож, плаўкі і зноў рушыў на возера.

Нягледзячы на спёку, там было няшмат ахвотных ахаладзіцца. Многім, як здагадаўся Слядак, — напрыклад, шматлікім супляменнікам Ларыёна, купацца не дазвалялі іх звычаі, а мусульмане таксама нярэдка пазбягалі вады. Бліжні да Паселішча спадзісты бераг быў усеяны шпрыцамі з рэшткамі крыві і смеццем. Некалькі дзесяткаў цел, абаіх палоў, сініх ад «тату», ляжалі на брудных посцілках у рэдкай зацені ад кустоў вербалозу. Там-сям савакупляліся.

Слядак скіраваў па беразе ўбок, і неўзабаве застаўся ў адзіноце. Ён распрануўся, змяніў трусы на плаўкі і паплыў, адчуваючы, як цела ажывае ў прахалодзе. Далёка ён вырашыў не заплываць, а неўзабаве вярнуўся назад, выйшаў на бераг і зноў узяўся за бінокль.

Яго па-ранейшаму цікавіў востраў. Але колькі не ўглядаўся, нічога істотнага для сябе не заўважыў. Парослыя асакой купіны, зацягнутыя раскай балотцы, суцэльныя зараснікі і кусты. Пуста. Ніводнай птушкі навокал, што ўжо было зусім дзіўна. Тады каго ён бачыў там учора? Чаек? «Заўтра, — падумаў ён, — заўтра я сплаваю туды і не ў якім пазычаным чоўне ці гумавай лодцы, а вось так, ціха і незаўважна. І, вядома, без рэвальвера. Пяць ці нават дзесяць кіламетраў па вадзе для яго дробязь, бо яму даводзілася плаваць і на большыя адлегласці».

Слядак апрануўся і скіраваў назад, у напрамку Паселішча. Надышла пара, як ён вырашыў, наведацца да Зары. Па дарозе ён выцягнуў з кішэні надалоннік і набраў нумар, пакінуты яму дзяўчынай.

«Гэта спадарыня Зара? — спытаў ён, калі сувязь адбылася. — Вы хацелі са мной пагаварыць — дык я іду».

«Так, — адказаў жаночы голас. — Я ведаю, што гэта вы і хто вы. Я чакаю».

Слядак зноў апынуўся на вуліцах у межах жытла. Як цяпер ён меркаваў, яму не надта хацелася размаўляць з уладальніцай завода, але і размінуцца не выпадала — справа, па якой ён сюды прыбыў, амаль не зрушылася з месца. Што ён, урэшце, выведаў? Нічога.

Па меры набліжэння да мэты — дома Зары, на які раней паказаў яму Шэрыф, на яго шляху траплялася ўсё больш і больш чымсьці раздражнёных і незадаволеных асоб. Як ён здагадваўся, незадаволены былі ім. Асабліва нахабна паводзілі сябе падлеткі, большасць якіх складалі жоўта- і цёмнаскурыя. Звычайна яны сядзелі на кукішках і групамі — размаўлялі: цалкам зэкаўская звычка, набытая ў працоўных лагерах, дзе, вядома, не існавала лавак і не давалі зэдлікаў, каб пасядзець, а так яны — эканомілі энергію і сілы.

За апошнія гады жыцця ў Мегаполісе Слядак прывык да ўсякага, але там ён быў абаронены нейкімі рэшткамі цывілізацыі, а цяпер, са спазненнем адзначыў ён, з ім не было нават Шэрыфа побач, якога тут ведалі і пабойваліся. Не было і зброі.

«Гэй ты, белы чарвяк!»

Трое цёмнаскурых аддзяліліся ад сцяны барака і пасунуліся на яго, загароджваючы шлях. Прыкладна аднаго росту, маладыя, упэўненыя ў сабе, нахабныя, здольныя на любую гнюснасць, уключаючы і забойства. Квяцістыя кашулі, у кішэнях шортаў, пэўна, што-небудзь накшталт кастэта ці выкіднога нажа. На галаве аднаго — бейсболка, другі з жоўтым ланцугом на шыі, пэўна, імітацыяй пад золата, трэці — яўна пад наркатычнай дозай: яго нежывы позірк нічога, акрамя беспадстаўнай варожасці, не выяўляў. «Гэты — самы небяспечны», — падумаў Слядак.

«Маны ёсць, грошы?»

У мэтах самаабароны Слядак раней займаўся адзінаборствамі, вывучаў і ведаў псіхалагічныя нюансы вулічных боек, хоць, вядома, стрытфайтэрам сябе ніколі не лічыў. Ён не быў настолькі багаты, як некаторыя іншыя белыя, якія групаваліся ў своеасаблівых гета за бетонным плотам з электроннай сістэмай апавяшчэння, а каб выехаць за межы тых сцен, апошнім часам там-сям нават карысталіся асабістымі гелікоптэрамі. Інакш іх, а то і іх дзяцей калі-нікалі рабавалі ці бралі ў закладнікі. Ён заўсёды быў вымушаны абараняць і адстойваць сваю годнасць сам.

Ён не хацеў бойкі, хоць у маладосці часам прытрымліваўся ірландскага погляду на гэты конт: лепшы спосаб высветліць адносіны — гэта добра і са смакам пабіцца.

«У мяне шмат грошай, аж адцягваюць кішэні — па-першае. Толькі вось, па-другое — з якой нагоды я буду вам, незнаёмым, іх пазычаць?» — сказаў ён, абарочваючы ўсё ў жарт.

Але гэтыя жартаў не разумелі.

Той, што яўна быў пад «дазняком», саўгануў руку ў кішэню, і Слядак зразумеў, што зараз у яго з’явіцца нож, і чакаць чагосьці далей было ўжо сабе на згубу. Ён у скачку ўдарыў таму пяткай у жывот. Гэты яго «фронт-кік» атрымаўся выдатна, ён, пэўна, трапіў якраз у сонечнае спляценне, бо самы небяспечны яго праціўнік, выдыхнуўшы няўцямны, кароткі гук-стогн, асеў на зямлю.

Той, што быў у бейсболцы, гнуткі і імклівы, як гадзюка, адразу кінуўся яму ў ногі, пэўна, каб зрабіць захоп і ўжо разам са сваім сябруком, удваіх паваліць на зямлю. Слядак зразумеў гэта са спазненнем, і адна яго нага апынулася ў замку. Збоку ён адчуў замах кулака, але здолеў ухіліць галаву і ўдар таго, з ланцугом на шыі, прыйшоўся ў паветра. Слядак сам ударыў зверху кулаком таго, хто трымаў яго за нагу, і, калі той расслабіў захоп, — вырваў нагу, сам усё-такі атрымаў удар збоку ў галаву, і ў гэты момант ззаду пачуўся трэск, і побач спыніўся квадрацыкл, з якога выскачыў накачаны мулат з завушніцай у мочцы вуха. Ён, не марудзячы, кінуўся да іх, і Слядак вырашыў, што справа яго зусім дрэнь, але мулат з разгону коратка ўдарыў бакавым таго, што ў бейсболцы, і зыход бойкі адразу быў вырашаны.

Мулат яшчэ пару раз балюча штурхнуў нагамі нападаўшых, тыя з цяжкасцю, але падняліся з зямлі, адступілі, і загірчэлі на іх ужо здалёк, нібы пабітыя сабакі.

«Падайце, — запрасіў гэты нечаканы байкер і выратавальнік і паказаў на задняе сядзенне. — Ехаць — не ісці».

Слядак, паціраючы гузак на галаве, пасля кароткага роздуму згодна кіўнуў галавой і сеў у квадрацыкл.

«Куды паедзем? — спытаў ён мулата. — Я магу даведацца?»

«Да Зары. Вам жа туды трэба?»

Слядак хацеў сказаць яму, што гэта больш трэба Зары, чым яму, і што менавіта яна запрашае яго да сябе, але прамаўчаў.

Праз некалькі хвілін квадрацыкл спыніўся каля двухпавярховага дома з металічнай брамай і бетонным трохметровым у вышыню плотам.

Зара сядзела ў крэсле, калі Слядак падняўся на другі паверх і ўвайшоў у багатую, шыкоўна абстаўленую залу. Гэта была апранутая ў лёгкую празрыстую сукенку мажная чорнавалосая жанчына, жаўтаскурая, з даволі вульгарным, на яго погляд, тварам, на якім выдзяляўся вялікі пажадлівы рот. Чорныя яе вочы, тым не менш, даволі прыязна агледзелі госця. Яна працягнула яму руку, роблена ўсміхаючыся. Слядак паціснуў і сеў у прапанаванае яму крэсла.

Зара пачала гаварыць пра тое, што яе і дзяцей напаткала вялікае няшчасце, што муж яе, дарагі ёй Зураб, быў забіты з нялюдскай жорсткасцю: выкалатыя вочы — гэта што? Забойцы, а можа, гэта серыйны маньяк, між тым не выкрыты, мясцовы ўчастковы паліцыянт нічога не варты, яна засталася адна і баіцца.

«Баіцеся каго?» — спытаў Слядак.

«Каб жа я ведала».

«А вам не могуць помсціць якія канкурэнты? У вас жа гаспадарка, якая прыносіць даход, я маю на ўвазе завод».

«Не думаю. Дый хто? Мне б далажылі, бо ў мяне тут шмат памагатых».

«Рабоў і стукачоў у адной асобе, — падумаў Слядак, а ўголас спытаў: — Дык што вы хочаце менавіта ад мяне?»

«Вам спадабалася мая пакаёўка? — раптам замест адказу задала яна двухсэнсавае пытанне. — Ну, дзяўчына, якую я вам даслала?»

Слядак паціснуў плячыма і падзякаваў.

«Паслуга з майго боку не апошняя, — працягвала Зара і шматзначна яму ўсміхнулася. Станіка на ёй не было, і яе вялікія грудзі закалыхаліся пад празрыстай тканінай. — Я хачу, каб у Мегаполісе звярнулі ўвагу на забойства мужа — страшны выпадак, дарэчы, ён не адзіны — і адпаведна адрэагавалі. Даслалі сюды брыгаду. Вы мне дапаможаце?»

«Мне перадалі, што і сыны Ларыёна хочуць мяне пабачыць, — асцярожна давёў ён. — Пэўна, і ў іх будзе аналагічная просьба?»

«Ну, іх справа. У нябожчыка, я кажу пра Ларыёна, тут шмат супляменнікаў. Яны і самі ў стане разабрацца».

«Дарэчы, — пацікавіўся Слядак, — можа, вы пакажаце мне вашу вытворчасць, у вас, я чуў, працуюць асуджаныя да папраўчых работ? У асноўным белыя?»

«Хіба што пасля», — яна яўна не абрадавалася такой прапанове.

«І яшчэ, — раптам спытаў ён, — я чуў, што днямі ад вас збеглі тры зняволеныя жанчыны? Хто яны былі, адкуль, па якім прысудзе?»

«А вы зрабіце запытанне праз Сеціва».

«Іх даных няма ў картатэцы. Мне сказаў Шэрыф. І вы таксама ведаеце гэта».

Назад Дальше