Эрыніі - Юры Станкевіч 11 стр.


Яна незадаволена вагалася.

«Хіба я магу ўсіх запомніць?»

«Гаварыце, — падахвоціў яе Слядак, — мне цікава…»

«Дакладна я не ведаю, але іх жорстка пакаралі ў Мегаполісе быццам за ўдзел у гэтым іх бязглуздым супраціве. Быў загад трымаць іх тут да апошняга. Але яны ўцяклі».

Яна падышла да яго ўсутыч. Іх калені сутыкнуліся. Рука яе раптам дакранулася да яго твару.

«У вас драпіна ля вуха, — сказала Зара, — мне ўжо далажыў ахоўнік, што вы пабіліся на вуліцы».

«Так, дробязь».

Яна юрліва паставіла нагу на край крэсла, у якім ён сядзеў. Пад сукенкай у яе нічога не было, бёдры, распісаныя каляровай татуіроўкай і парослыя ледзь бачным пушком, агаліліся.

«Ад цябе так добра пахне, — рашуча і напорыста перайшла яна на „ты“. — У мяне не так і шмат было белых мужчын. Яны такія гладкія, і ты такі ж. І ў цябе ніводнага „тату“. А мой муж-нябожчык быў увесь зарослы шчэццю. Стары, сівы. Шкада яго, але хіба я павінна ўсё астатняе жыццё жыць пустэльніцай?»

Рука яе рашуча расшпіліла дзягу на яго поясе і слізганула ніжэй.

«Пакаёўка мне ўсё расказала. Але ж хіба я горш за яе?»

Слядак выявіў у сябе непазбежную эрэкцыю.

«Сапраўды, сцерва», — падумаў ён.

«О-о, які ты файны мужчына, — мармытала між тым Зара, — зараз мы з табой пойдзем у душавую, ты ж не супраць прыняць гарачы душ?»

…Прыбытковы завод па вытворчасці спірту, які яму ўсё ж дазволілі агледзець, папярэдне адабраўшы надалоннік, каб не здымаў (гадзіны праз паўтары ўсцешаная пасля душу Зара злітасцівілася на гэты конт), уяўляў сабой некалькі будынкаў, большасць з якіх змяшчала непасрэдна састарэлае, прымітыўнае абсталяванне па перагонцы сыравіны, якую дастаўлялі з наваколля. Астатнія былі жылымі баракамі, у якіх утрымліваліся рабочыя, у пераважнай большасці нашчадкі мясцовага белага насельніцтва. Слядак і раней бачыў падобныя выхаваўча-працоўныя прадпрыемствы, распаўсюджаныя ў час цяперашняга безуладдзя. Спальны барак з нарамі, барак для ўжывання ежы, выграбная яма з нечыстотамі, медпункт, пункт побытавага самаабслугоўвання, цырульня, секспункт з некалькімі прастытуткамі, якія кругласутачна абслугоўвалі тых, хто не меў заўваг на вытворчасці. Уся тэрыторыя была за калючым дротам з некалькімі вышкамі, на якіх дзень і ноч стаялі «вертухаі» і «папугаі» — так называлі на перанятым ад блатных мясцовым слэнгу ахоўнікаў. Наглядчыкі — усе цемнаскурыя — былі ўзброеныя бейсбольнымі бітамі, якія адразу пускалі ў ход, хоць па мясцовых паняццях толькі педэрастаў б’юць нечым акрамя рук і ног. Зрэшты, з гэтым звыкліся.

Прастытуткі — усе белыя, маладыя, акальцаваныя і яшчэ не зношаныя — займаліся сваёй справай амаль у адкрытую, часта іх са смехам падбадзёрвалі тыя ж наглядчыкі. Слядак ведаў, што іх доля яшчэ не самая горшая, бо лёс тых, каго адпраўлялі за межы Паселішча, напрыклад, у кітайскія вёскі, па якіх няшчасных вазілі ў бамбукавых клетках, сапраўды быў жахлівы.

Праз нейкі час Слядак ужо ішоў назад да свайго часовага прытулку. Цяпер, вяртаючыся ад Зары, ён быў не вельмі задаволены сабой, але ж, меркаваў ён, ёсць сітуацыі, у якіх мужчыны не ў стане кантраляваць сябе і адказваць за наступствы. Зара паводзіла сябе ў ложку цалкам як німфаманка. Ён хутка з’едзе адсюль, а пра завод пісьмова паведаміць у крымінальнае ўпраўленне, хоць такія заводы, як ён ведаў, існавалі ў межах амаль кожнага сельскагаспадарчага кластэра. Гектар ведае пра гэта? Ведае і не толькі пра такое, меркаваў ён. І наўрад ці здзівіцца яго аповеду. А сам ён хутка з’едзе адсюль. Вось толькі сплавае на востраў.

Крэз, як і раней, сядзеў на пні. Ля яго ног стаяла пачатая бутэлька таннага віна.

«Вы, пэўна, ад Зары? — спытаў ён і прапанаваў: — Не хочаце глынуць?»

«Не, — адмовіўся Слядак, — у мяне заўтра напружаны дзень».

«Дык паешце. Ежа на стале. Хіба вы не галодны?»

«Зара хоча, каб я заказаў у КрымПа цэлую брыгаду, — сказаў Слядак. — Яна думае, што ў Мегаполісе толькі і спраў, што да яе клопатаў. Яна баіцца за сваё жыццё. Дзеці Ларыёна быццам упэўненыя, што гэта паводле яе загаду забілі іх бацьку».

«Мне б гранатамёт, — пакрывіўся Крэз, — і я з задавальненнем усадзіў бы ў яе дом гранату, а потым другую ў дом Ларыёна. Дарэчы, вы бачылі, які ў яго дом? Падобныя будуюць толькі ў Мегаполісе».

«Вы б асцярожней з такімі словамі ўголас, — заўважыў Слядак. — На вас данясуць. Той жа Штучнік. Прышыюць расізм».

«Пляваць. Я, на іх думку, апантаны. Да таго ж дажываю сваё. І я не ў захапленні ад гэтага свету».

Слядак скіраваў быў да сябе, але спыніўся.

«Вось якая яшчэ справа, — папрасіў ён Крэза, — у вас тут можна дастаць кавалак сала? Невялікі, на раз — два паесці, не свежага, вядома, а леташняга?»

Стары памаўчаў, абдумваючы пачутае.

«За грошы ўсё можна раздабыць, хоць мусульмане і забаранілі тут свініну, — урэшце адказаў ён і спытаў: — Сала захацелася? Што так?»

Слядак не рашыўся патлумачыць, што ён хоча назаўтра плысці на востраў і што сала для плыўца лепшая крыніца энергіі, а адгаварыўся напаўжартам:

«Сантымент да ежы продкаў, — усміхнуўся ён. — Сала, бульба, жытні хлеб — хіба вас не цягне на такія далікатэсы?»

«Продкам варта было больш думаць пра волю, а не пра сала, — скрывіўся Крэз. — І прымушаць сваіх баб, каб нараджалі. Размнажэнне — вось аснова ўсяго. А праз прэсу, дый не толькі праз яе, ішла актыўная падтрымка гомасексуальных шлюбаў, садаміі. Цяпер у мусульманскіх гарэмах еўнухі выключна белыя, вось вам і вынік».

«Я не магу адказваць за прэсу дваццацігадовай даўніны», — пазмрачнеў і не згадзіўся Слядак.

«Ну годзе, не крыўдуйце», — выбачліва сказаў Крэз яму ў спіну.

Але назаўтра плыць на востраў не давялося. З раніцы, калі ён толькі паспытаў прынесенага Крэзам сала і выпіў гарбаты, да яго нечакана завіталі дзеці Ларыёна. Іх прыйшло двое, хоць дзяцей у былога наркадылера, як яму сказаў Крэз, было значна больш.

Абодвум было, на яго погляд, гадоў па дваццаць пяць — трыццаць. Чорнавалосыя, жаўтаскурыя, апранутыя падкрэслена ў белыя кашулі, белыя штаны і светлага колеру макасіны — знак таго, што яны не працуюць фізічна, — яны паводзілі сябе ўпэўнена, нават у чымсьці нахабна, хоць і імкнуліся знешне неяк хаваць гэта.

Крэз неахвотна прывёў іх, пастукаўшы ў дзверы, і па яго пахмурным выглядзе і сціснутых сківіцах Слядак зразумеў, што нязваныя візіцёры яму непрыемныя. Ён і сам чамусьці ўспомніў, як у Мегаполісе супляменнікі Ларыёна калечылі беспрытульных белых дзяцей: ламалі ім рукі, ногі, сачылі, каб яны ненармальна, выродліва зрасталіся, і прымушалі жабраваць.

Павітаўшыся і зыркнуўшы вачыма па баках, яны загаварылі. Справа ў тым, напорыста даводзілі дзеці нябожчыка, што яны даведаліся пра тое, быццам шаноўны сышчык з Мегаполіса прыбыў у Паселішча з адмысловай мэтай прыняць меры супраць жудаснага ўчынку — забойства іх бацькі, здзейсненага невядомымі злачынцамі. Спадзяёмся, гаварылі яны, што рэакцыя грамадскасці і ўлад у Мегаполісе будзе адпаведная і што шаноўны пасланец ім у гэтым паспрыяе. Маньяка ці маньякаў трэба абясшкодзіць.

Слядак у адказ выказаў ім сваё спачуванне і заўважыў, што яго больш цікавіць справа Імбэцыла. Згадзіцеся самі, гаварыў ён іранічна, што тут гарачы матэрыял, ад якога за вярсту пахне сенсацыяй. З другога боку, працягваў ён, калі падрабязнасці забойства іх бацькі высветляцца — справа дойдзе да суда. Хіба ён не мае рацыі, га, мужыкі?

«Ды што вы нам шлягу гоніце, — сказаў яму адзін з іх, выкарыстоўваючы адпаведны слэнг, — калі знойдзеце забойцу, мы вам па жыцці нармалёва і аддзякуем. Скажыце толькі цану».

«І не мужыкі мы, — паправіў другі, — а пацаны».

Слядак пакрывіўся ад іх пераможнага нахабства.

«Вы хоць ведаеце этымалогію гэтага слова? — умяшаўся раптам Крэз, які слухаў іх размову, цікуючы ля дзвярэй. — „Пацаны“ — ад слова „поц“. Спадзяюся, вам вядома, што гэта такое?»

На кароткае імгненне яны быццам разгубіліся.

Назад Дальше