Юнакi i дзяўчаты, ззяючы першым цвiценнем маладосцi, цудоўныя з выгляду, у шыкоўных касцюмах, з прыгожымi жэстамi пасоўвалiся то ўзад, то ўперад, выконваючы грэчаскi пiрыйскi танец. Яны то спляталiся цудоўнымi карагодамi ў поўны круг, то сыходзiлiся пакручастай стужкай, то аб'ядноўвалiся ў квадрат, то рассыпалiся асобнымi групамi. Ды гук трубы паклаў нарэшце канец гэтым складаным зблiжэнням i разыходжанням. Апусцiлася галоўная завеса, складзены шырмы, i вачам гледачоў адкрываецца сцэна.
30. На сцэне ўмельствам мастака была збудавана драўляная гара на падабенства той Iдэйскай гары, якую апяваў вешчы Гамер. Яна была абсаджана жывымi зялёнымi дрэвамi, а змайстраваная рукамi будаўнiка на самай вяршынi крынiца сцякала струмянямi са скальных адхонаў. Некалькi козак скубла травiцу, i юнак, апрануты па фрыгiйскай модзе ў прыгожую верхнюю тунiку i азiяцкi плашч, якi складкамi ападаў з яго плячэй, з залатой тыярай на галаве, увасабляў пастуха, што пiльнаваў статак.
Вось паказаўся прыгожы падлетак, на якiм, апроч хламiды эфебаў на левым плячы, няма iншай вопраткi, залацiстыя валасы ўсiм на захапленне, i праз завiткi прабiваецца ў яго пара зусiм аднолькавых залатых крылцаў, а кадуцэй апавяшчае, што гэта Меркурый. Ён наблiжаецца, танцуючы, падае таму, што прадстаўляў Парыса, пазалочаны яблык, якi трымаў у правай руцэ, знакам тлумачыць волю Юпiтэра i, зграбна павярнуўшыся, знiкае з вачэй.
Пасля таго з'яўляецца дзяўчына высакароднай знешнасцi, падобная да багiнi Юноны. Яе галаву акружае светлая дыядэма, у руках трымае яна скiпетр. Неўзабаве ўваходзiць i другая, якую можна прыняць за Мiнерву. На яе галаве блiскучы шлем, абвiты алiўкавым вянком, яна нясе шчыт i патрасае кап'ём, зусiм як тая багiня ў баi.
31. Следам за iмi выступае яшчэ адна, ззяючы красой i паказваючы сваiм цудоўным аблiччам, што яна Венера, тая Венера, што была яшчэ нявiннiцай, выяўляючы дасканалую прыгажосць адкрытага цела, калi не лiчыць шаўковай матэрыi, якая засланяла яе чароўную адзнаку жаноцкасцi. Ды i той лапiчак нясцiплы вецер, гарэзлiва дурэючы, то прыўзнiмаў, ажно вiднелася раздвоеная кветка юнацтва, то, дзьмучы мацней, шчыльна прыцiскаў, i тады выразна абрысоўвалiся зваблiвыя формы.
Колеры ў аблiччы багiнi былi розныя, белае цела абазначала, што з неба спускаецца, а блакiтнае пакрывала значыла, што вяртаецца ў мора. За кожнай дзевай, якiя прадстаўлялi багiняў, iдзе свая свiта, за Юнонай — Кастар i Палукс з яйкападобнымi шлемамi на галовах, упрыгожанымi зоркамi. Гэтыя блiзняты таксама былi маладымi акцёрамi. Пад гукi розных мелодыяў, iграных на флейце на iёнскi лад, дзяўчына наблiжалася паважна i цiха i высакароднымi жэстамi дала зразумець пастуху, што калi ён прысудзiць ёй узнагароду за прыгажосць, дык аддасць яму валадарства над усёй Азiяй.
За той, якую ваяўнiчыя даспехi ператварылi ў Мiнерву, iшла варта з двух юнакоў-збраяносцаў ваяўнiчай багiнi — Страх i Жудасць. Яны прытанцоўвалi, трымаючы ў руках аголеныя мячы. Ззаду за ёй iшоў фляйцiст, якi выконваў дарыйскую баявую мелодыю, i, чаргуючы нiзкiя гукi са свiстам высокiх тонаў, наследаваў сваiм iграннем трубу, якая пабуджала да жывога танца. Патрасаючы нецярплiва галавой, яна выразнымi жэстамi, рэзкiмi i хуткiмi, паказала Парысу, што калi яе ён зробiць пераможцай у гэтым спаборнiцтве прыгажунь, дык стане героем i знакамiтым заваёўнiкам.
32. А вось Венера, суправаджаная захопленымi крыкамi натоўпу, акружаная роем гарэзлiвых малых, ветлiва ўсмiхаючыся, спынiлася ў цудоўнай позе пасярод сцэны. Можна было падумаць, што гэтыя круглатварыя i малочна-белыя хлопчыкi сапраўды з'явiлiся з неба або з мора. Сваiмi крылцамi i стрэламi i наогул усiм сваiм выглядам яны вельмi напамiналi купiдонаў. У iх руках ярка гарэлi факелы, быццам яны асвятлялi сваёй панi шлях на нейкi вясельны банкет. Тут жа збягаюцца чароды цудоўна-цнатлiвых дзяўчатак, адгэтуль — сама зграбныя Грацыi, адтуль Оры найпрыгажэйшыя кiдаюць кветкi i гiрлянды, сплятаюць сваёй багiнi мiлы карагод, ушаноўваючы паню асалод кучарамi вясны. А флейты з многiмi адтулiнамi квола гучаць лiдыйскiмi напевамi.
Соладка разварушылiся сэрцы гледачоў, а Венера непараўнальна прыцягальна пачынае памалу варушыцца, замаруджвае крок, злёгку паводзiць плячамi i, ледзь прыкметна пакалыхваючы галавой, пачынае ўторыць флейце зграбнымi жэстамi i паводзiць вачамi, то млява прыплюшчанымi, то страсна адкрытымi, так што часам адны толькi вочы прадаўжалi танец.
Апынуўшыся перад аблiччам суддзi, рухам рук, напэўна, абяцала, што калi Парыс аддасць ёй першынство перад iншымi багiнямi, дык атрымае за жонку цудоўную жанчыну, падобную да яе самой. Тады фрыгiйскi юнак, нiбы галасуючы за перамогу дзяўчыны, перадаў трыманы ў руках залаты яблык ёй.
33. Чаго вы дзiвiцеся, бязмозгiя галовы, не, жывёлiны судзейскiя, ды дзе там! — каршуны ў тогах, што цяпер усе суддзi гандлююць сваiмi рашэннямi, калi на пачатку свету ў справе, што ўзнiкла памiж людзьмi i багамi, была замяшана неаб'ектыўнасць? Суддзя, выбраны з парады вялiкага Юпiтэра, чалавек вясковы, пастух, паквапiўшыся на асалоды, прадаў, асудзiўшы разам з гэтым на загубу, увесь свой род. I пазней, клянуся Геркулесам, здаралася не iнакш. Возьмем, напрыклад, знакамiтае судзiлiшча праслаўленых ахайскiх камандзiраў. Хоць бы тады, як яны па iлжывых нагаворах абвiнавацiлi ў здрадзе наймудрэйшага i сама вучонага Паламеда або калi ў пытаннях ваеннай доблесцi аддалi перавагу не велiчнаму Аяксу, а непрыкметнаму Улiсу. А што можна сказаць пра тое славутае рашэнне, прынятае законалюбiвымi афiнянамi, людзьмi тонкiмi, настаўнiкамi ў кожнай галiне навук? Цi ж той стары боскай мудрасцi, якога сам дэльфiйскi бог абвясцiў наймудрэйшым спамiж смяротных, па зласлiвай абмове бессумленнай шайкi не пераносiў ганенняў за разбэшчанне моладзi, той маладзi, якую ён паўстрымоўваў ад усяго лiшняга? Цi ж не быў ён загублены смяротным сокам атрутнай травы, пакiнуўшы нязмыўную пляму на сваiх суайчыннiках.
А вось жа цяпер сама знакамiтыя фiлосафы прынялi яго найсвяцейшую навуку i клянуцца яго iмем у сваiм iмкненнi да найвышэйшага шчасця? Але, каб хто-небудзь не папракнуў мяне за ўзрыў абурэння, падумаўшы, што вось мы павiнны яшчэ выслухоўваць асла-фiлосафа, вяртаюся да таго месца, на якiм мы спынiлiся.
34. Пасля таго як закончыўся Парысаў суд, Юнона з Мiнервай, засумаваныя i аднолькава загневаныя, сыходзяць са сцэны, выражаючы жэстамi абурэнне за тое, што iх адхiлiлi. А Венера ў радасцi i весялосцi выказвае свой трыумф танцам з усiм карагодам.
Тут праз нейкую патаемную трубку з самай вяршынi гары вырываецца ў паветра струмень вiна, змяшанага з шафранам, i, разлiўшыся шырока, арашае пахучым дажджом коз, якiя былi на пашы, i iхнюю белую ад прыроды воўну фарбуе ў залацiста-жоўтую, шмат прыгажэйшую. Калi ўвесь тэатр напоўнiўся салодкiм водарам, драўляная гара правалiлася скрозь зямлю.
Ды вось нейкi салдат выбягае на вулiцу i накiроўваецца ў бок гарадской турмы, каб ад iмя ўсяго народа запатрабаваць прывесцi ў тэатр тую жанчыну, пра якую я ўжо гаварыў, асуджаную за мноства злачынстваў на з'ядзенне звярам i прызначаную да слаўнага са мной палавога акта. Пачалi ўжо старанна рыхтаваць нам шлюбнае ложа, расквечанае шаўковымi пакрываламi, блiскучымi iндыйскiмi чарапкамi, узнятае гурбамi пухавiкоў. А мне было не толькi сорамна публiчна выконваць акт, не толькi агiдна дакранацца да гэтай злачыннай i распуснай жанчыны, але i мучыў мяне страх смерцi. А што, думаў я, калi ў хвiлiну нашых любоўных абдымкаў будзе выпушчаны якi-небудзь звер, адзiн з тых, якiм на спажыву прызначана гэта злачыннiца? Нельга разлiчваць на тое, што звер будзе такi кемлiвы ад прыроды, цi так умела вывучаны, цi адзначацца такой устрыманасцю, што жанчыну, якая ляжа са мной, разарве, а мяне самога, як не асуджанага i не вiнаватага, не зачэпiць.
35. Я пачаў ужо клапацiцца не столькi аб сваёй сарамлiвасцi, колькi аб выратаваннi жыцця. Тым часам мой настаўнiк акунуўся ў клопаты аб тым, каб належным чынам наладзiць ложа, а iншая чэлядзь або была занята падрыхтоўкай да палявання, або ўзiралася на займальнае вiдовiшча. Мне былi пакiнуты ўсе магчымасцi здзейснiць свае планы. Нiкому i ў галаву не прыходзiла, што за такiм рахманым аслом патрабуецца нагляд.
Тады я асцярожна прабiраюся да блiжэйшых дзвярэй i, выскачыўшы, пускаюся з усяе сiлы наўцёк. I гэтак прамчаўшыся цэлых шэсць мiль, дабягаю да Кянхрэя, якi лiчыцца найлепшай карынфскай калонiяй i абмываецца Эгейскiм i Саранiцкiм морамi. Гавань яго з'яўляецца вельмi надзейным прыпынкам для караблёў, i там заўсёды поўна народу. Аднак я пазбягаю шматлюддзя i, выбраўшы адасобленае месца на беразе каля самай вады, распасцiраю стомленае цела на ўлоннi мяккага пяску i падмацоўваю свае сiлы. Каляснiца сонца ўжо апошнi слуп на iпадроме дня абагнула, калi ў вечаровай цiшынi ахапiў мяне дабратворны сон.
1. Каля першай начной варты, раптам у сполаху прачнуўшыся, бачу незвычайна блiскучы поўны дыск месяца, што якраз падымаўся з марскiх хваль. Неспадзявана стаўшы сведкам начной таямнiцы, ведаючы, што валадарства вярхоўнай багiнi прасцiраецца асаблiва далёка i яе воля кiруе ўсiм нашым светам, што цудоўныя загады гэтага боскага свяцiла прыводзяць у рух не толькi свойскую жывёлу i дзiкiх звяроў, а нават i неадушаўлёныя прадметы, што ўсе рэчы на зямлi, на небе i на моры згодна з яго ўзрастаннем павялiчваюцца, а з убываннем змяншаюцца, палiчыўшы, што лёс ужо здаволiўся маiмi такiмi шматлiкiмi i цяжкiмi бедамi i дае мне надзею на выратаванне, хоць i спозненае, я надумаўся звярнуцца з малiтвай да царскага аблiчча свяшчэннай багiнi, якое стаяла перада мной.
Без прамаруджвання, скiнуўшы з сябе лянiвую млявасць, я бадзёра ўскокваю i з жаданнем тут жа падпасцi пад ачышчэнне сем разоў апускаю сваю галаву ў марскую тонь дзеля таго, што гэты лiк быў яшчэ боскiм Пiфагорам прызнаны за найбольш адпаведны для рэлiгiйных абрадаў. Пасля таго, звярнуўшы да магутнай багiнi свой зрошаны слязамi твар, так гавару:
2. "Уладарыца нябёсаў, цi ты, Цэрэра, святая мацi раслiн, якая, нарадзiўшы зноў дачку, з радасцi лiквiдавала жалуды, дзiкiя вясковыя харчы, паказаўшы людзям далiкатную прыемную ежу, i жывеш ты ў Элеўсiнскай зямлi; цi ты, нябесная Венера, якая, нарадзiўшы ў пачатку вякоў Амура, злучыла два розныя полы i, памнажаючы вечнай плоднасцю людскi род, цяпер на святым Пафасе, што абмываецца морам, атрымоўваеш пашану; цi ты, сястра Феба, што з лiтасцiвай дапамогай прыходзiш у час родаў i, вырасцiўшы столькi народаў, праслаўляешся цяпер у вядомай Эфескай святынi; цi ты, Празерпiна, якая начнымi завываннямi наводзiш жах, што трайным сваiм выглядам утаймоўваеш нацiск злых духаў, над падземнымi цямнiцамi валадарыш, па розных гаях блукаеш, розныя пакаленнi прымаючы. О Празерпiна, якая сваiм жаночым ззяннем кожны дом асвятляеш, вогкiмi праменямi пасевы ўскормлiваеш, а як сонца хаваецца, нявернае святло сваё нам пралiваеш! Як бы ты нi звалася, якiмi абрадамi i ў якiм выглядзе нi належыць цябе ўшаноўваць, прыйдзi на дапамогу ў бясконцых маiх няўдачах, прышлi мне супакой i адпачынак, падтрымай мой хiсткi лёс, спынi бязлiтасныя беды! Здымi з мяне вобраз дзiкай чацвераногай жывёлiны, вярнi мяне вачам маiх блiзкiх, вярнi мяне майму Луцыю! А калi мяне праследуе з няўмольнай лютасцю якi-небудзь абражаны мною бог, дык хай будзе дадзена мне смерць, калi не дадзена жыць".
3. Вылiўшы такiм спосабам сваю душу ў малiтве, з жаласлiвым галашэннем зноў апускаюся на сваё месца, i маю стомленую душу ахоплiвае сон. Але не паспеў я стулiць павек, як раптам з сярэдзiны мора памалу ўзнiмаецца боскае аблiчча, якое сваiм выглядам выклiкае пашану. А пасля, выходзячы памалу з марской тонi, з'явiлася перада мной i ўся прамянiстая постаць. Пастараюся перадаць i вам гэту дзiўную з'яву, калi не стане мне на перашкодзе беднасць людскiх слоў цi калi само боства сашле мне багаты i шчодры дар магутнага красамоўства.
Перш за ўсё густыя доўгiя валасы, непрыкметна разабраныя на пасмы, свабодна i мякка рассыпалiся па цудоўнай шыi. Самы верх галавы акружаў вянок з усякiх стракатых кветак, а пасярэдзiне над лобам круглая пласцiнка выпраменьвала яснае святло, быццам люстэрка цi мо верная адзнака багiнi Луны. Злева i справа завяршалi круг звiвiстыя змеi, што цягнулiся ўгору, а таксама каласы збожжа, якiя ўзнiмалiся над усiм. Яе рознакаляровая сукня з тонкага шоўку то ззяла беллю, то станавiлася залацiста-жоўтай, як шафран, то палымнела чырванню ружы. Але найбольш уразiў мяне яе чорны плашч, якi адлiваў цёмным бляскам. Абвiўшыся навакол цела i пераходзячы на спiне з правага клуба на левае плячо, як рымскiя тогi, ён павiсаў тугiмi складкамi, а краi яго былi абшыты махрамi.
4. Уздоўж аблямоўкi i па ўсёй паверхнi плашча то тут, то там былi вышыты мiгатлiвыя зоркi, памiж якiмi месяц выпраменьваў сваё палымянае ззянне. А там, дзе ападала хвалямi гэта дзiўнае покрыва, з усiх бакоў была вышыта суцэльная гiрлянда з усiх, якiя iснуюць, кветак i пладоў. У руках у яе былi зусiм не падобныя адзiн на адзiн падметы. У правай трымала мядзяную бразготку, вузкая аснова якой, выгнутая ў колца, перасякалася трыма маленькiмi пруточкамi, i ўсе разам яны пры патрасаннi выдавалi пранiзлiвы звон. А на левай руцэ вiсела чара ў выглядзе лодачкi, на ручцы якой з правага боку высока падымаў галаву аспiд з непамерна раздзьмутай шыяй. Духмяныя ступнi былi абутыя ў сандалi, зробленыя з пераможных пальмавых лiстоў. Вось у гэтакiм выглядзе, у такiм уборы, дыхаючы водарам Шчаслiвай Арабii, удастоiла яна мяне сваiм боскiм прадраканнем:
5. "Вось перад табою, Луцый, узрушаная тваiмi ўмольваннямi, я, мацi прыроды, панi ўсiх стыхiяў, першапачатковае нараджэнне часу, найвышэйшая памiж бостваў, валадарнiца душ памерлых, першая сярод нябесных жыхароў, адзiнае адлюстраванне ўсiх багоў i багiняў, знаку якой падуладныя нябёс блакiтнае скляпенне, гаючыя подыхi мора, плакучая бязмоўнасць апраметнай. Мяне, адзiную ўладарнiцу, ушаноўвае пад шматлiкiмi вобразамi рознымi абрадамi, пад рознымi iмёнамi ўвесь свет. Фрыгiйцы, першынцы чалавецтва, называюць мяне Песiнуцкай мацi багоў, спрадвечныя жыхары Атыкi — Мiнервай Кекранiцкай, кiпрыёты, абмываныя морам, — Пафiйскай Венерай, крыцкiя стральцы — Дыянай Дыктынскай, трохмоўныя сiцыльцы — Стыгiйскай Празерпiнай, элеўсiнцы — Цэрэрай, старадаўняй багiняй, адны — Юнонай, iншыя — Белонай, тыя — Гекатай, гэтыя — Рамнузiяй, а эфiопы, якiх асвятляюць першыя промнi сонца на ўсходзе, арыi i багатыя старажытнай вучонасцю эгiпцяне ўшаноўваюць мяне так, як i трэба, называючы мяне маiм сапраўдным iмем — царскай Iзiдай.
Вось я перад табой, спачуваючы тваiм бедам, вось я, добразычлiвая i мiласэрная. Пакiнь плач i скаргi, ганi прэч скруху, ужо па маiм жаданнi займаецца для цябе дзень збаўлення. Дык слухай уважлiва ўсе мае наказы. Дзень, якi народзiцца з гэтай ночы, здаўна прысвячаецца мне. Зiмнiя непагоды супакойваюцца, бурныя хвалi зацiхаюць, мора робiцца даступным для плавання, i мае жрацы, спускаючы судна на ваду, прысвячаюць яго мне ў якасцi першынца мараходства. Чакай гэтага абраду спакойна i набожна.
6. Ведай, што паводле майго навучання, якраз у час працэсii ў жраца ў правай руцэ будзе вянок з руж. Дык не марудзь нi хвiлiны, а, рассунуўшы натоўп, бадзёра далучайся да працэсii, кiруючыся маiмi дазволамi, i, падышоўшы зусiм блiзка, асцярожна, быццам ты хочаш пацалаваць жрацову руку, сарвi ружы i скiнь з сябе ў той жа момант гэту мярзотную i ўжо даўно мне ненавiсную звярыную шкуру. Нiчога не бойся, бо выпаўнiць мае настаўленнi цяжка не будзе. У гэту ж самую хвiлiну, калi я з'яўлюся табе, я знаходжуся i ў iншым месцы, каля майго жраца, i папярэджваю яго ў сне аб тым, што здарыцца, i навучаю, як трэба дзейнiчаць. Па маiм загаду густы натоўп расступiцца i дасць табе дарогу, твая пачварная знешнасць нiкога не збянтэжыць у час вясёлага шэсця i святочных вiдовiшчаў, а тваё нечаканае ператварэнне не выклiча нiякага падазрэння i варожасцi. Але запомнi чым наймацней i назаўсёды захавай у сваiм сэрцы, што рэшту свайго жыцця аж да апошняга ўздыху ты прысвяцiш мне. Справядлiвасць вымагае, каб той, чыё дабрадзейства верне цябе да людзей, належала ўсё тваё жыццё. Ты будзеш жыць шчаслiва, ты будзеш жыць пад маёй апекай i калi, закончыўшы свой жыццёвы шлях, сыдзеш у краiну мёртвых, ды, як бачыш мяне сягоння тут, так i там, у тым падземным паўкрузе знойдзеш мяне, якая прасвятляе змрок Ахеронта, уладарнiцай Стыгiйскiх тайнiкоў i сам, знаходзячыся на Элiзейскiх палях, будзеш мне, мiласэрнай да цябе, старанна пакланяцца. Калi ж прыкладнай паслухмянасцю, выкананнем абрадаў, непахiснай цнатлiвасцю ты дагодзiш нашай боскай волi, дык ведай, што толькi я маю ўладу прадоўжыць тваё жыццё звыш вызначанага тэрмiну".
7. Давёўшы да канца сваё поўнае зычлiвасцi прадказанне, непераможная багiня знiкла. Разам са сном пакiдае мяне страх, я ўскокваю з такой радасцю, што аж выступiў на мне пот. Моцна ўсхваляваны такой выразнай прысутнасцю багiнi, я зноў апускаюся ў марскую ваду i, каб не забыць яе вялiкiх наказаў, абнаўляю ў памяцi па парадку ўсё, пра што яна мне гаварыла.
Неўзабаве знiк туман цёмнай ночы, усходзiць залатое сонца, i вось ужо ўсе вулiцы запаўняюць набожныя натоўпы, радуючыся, як i ў час трыумфальнага шэсця. Не гаворачы пра ўздым майго настрою, мне здавалася, што i ўсё невокал незвычайна вясёлае. Усякая жывёлiна, кожны дом i сам ясны дзень выдаюць мне напоўненымi радасцю. Пасля ўчарашняга холаду настала спакойная сонечная пагода, загулi прыгожыя хоры разбуджаных веснавым цяплом птушак, якiя далiкатнымi трэлямi ўслаўлялi мацi зор i пораў года, валадарнiцу ўсяго свету. Нават дрэвы, i пладаносныя, якiя прыносяць багаты ўраджай, i бясплодныя, якiя абмяжоўваюцца толькi тым, што даюць цень, пад подыхам паўднёвага ветру паблiскваюць свежымi лiсточкамi, цiха калышуць галiнкамi i выдаюць мяккi шэлест. Зацiх шум навальнiц, уляглiся раз'юшаныя хвалi, мора спакойна набягае на бераг, разышлiся цёмныя хмары i ззяе блакiтам чыстае i яснае неба.
8. Вось з'яўляюцца першыя ўдзельнiкi велiчнай працэсii, кожны апрануты па-святочнаму на свой густ i выбар. Той з ваенным поясам выяўляў салдата, гэтага падкасаны плашч, сандалi i рагацiна ператварылi ў паляўнiчага, iншы ў пазалочаных камашах, у шаўковым убраннi, каштоўных упрыгожваннях, з заплеценымi ў косы валасамi плаўнай паходкай наследаваў жанчыну. Далей нехта выступае ў шлеме са шчытом i мячом, быццам вось толькi прыйшоў з гладыятарскiх спаборнiцтваў. Быў i такi, што ў пурпуровай вопратцы з дыктатарскiмi адзнакамi iграў ролю дзяржаўнага дзеяча, i такi, што строiў з сябе фiлосафа ў шырокiм плашчы, у плеценых сандалях, з посахам i казлiнай бародкай. Былi тут i птушкалоў, i рыбак, абодва з трысцiнкамi, у аднаго з iх яны намазаныя клеем, у другога з кручкамi на канцах. Тут жа неслi на насiлках i свойскую мядзведзiху, быццам паважаную матрону. А малпа ў каўпаку i ў фрыгiйскай сукенцы шафранавага колеру трымала кубак, наследуючы пастуха Ганiмеда. Побач са старым дзедам iшоў асёл з прымацаванымi крыламi, нагадваючы Белерафонта з Пегасам, i абодва выклiкалi рогат.
9. У той час, як гэтыя забаўныя маскi пераходзiлi з месца на месца, забаўляючы народ, рушыла i спецыяльнае шэсце багiнi-збавiцелькi. Жанчыны, ззяючы беласнежнымi сукнямi, радуючы вочы рознакаляровымi ўборамi, упрыгожаныя вясновымi вянкамi, усыпалi дарогу кветкамi, сыплючы iх з падалоў на шлях, па якiм iшла свяшчэнная працэсiя. У iншых былi прымацаваныя за плячыма спецыяльныя люстэркi, каб багiня бачыла ўсё святочнае шэсце ззаду за ёй. Некаторыя, трымаючы ў руках грабянi са слановай косцi, рухамi рук i згiнаннем пальцаў рабiлi выгляд, быццам расчэсваюць i прыбiраюць валасы ўладарнiцы. Былi i такiя, што акраплялi вулiцу дзiўным бальзамам i iншымi пахучасцямi.
Адначасова вялiкi натоўп людзей абодвух полаў з лiхтарамi, з факеламi, са свечкамi i з рознымi нарыхтаванымi свяцiльнiкамi ў руках услаўляў крынiцу ззяння нябесных зорак. Жалейкi i флейты гучалi прыемнымi мелодыямi, а за музыкамi iшоў чароўны хор з адборных юнакоў у зiхотка-белых прыгожых вопратках. Харысты паўтаралi строфы цудоўнай песнi, створанай славутым паэтам Каменам. Гэта песня была пачаткам велiчнага гiмна з малiтвамi i ахвяраваннямi.
Iшлi таксама i трубачы, i флейцiсты — паклоннiкi вялiкага бога Сарапiса, якiя на сваiх выгнутых трубах, што ўзнiмалiся ўгору да правага вуха, выконвалi па некалькi разоў мелодыi, прынятыя ў святынi iхняга бога. А далей мiтусiлася мноства прыслужнiкаў, якiя крыкамi заклiкалi ачысцiць шлях святочнаму шэсцю.
10. Тут пасоўваецца натоўп пасвячоных у таямнiцы — мужчыны i жанчыны ўсякага стану i ўзросту, апранутыя ў блiскучыя белыя iльняныя вопраткi. У жанчын намашчаныя валасы прыкрытыя празрыстымi накiдкамi, у мужчын блiшчаць гладка выгаленыя галовы. Гэтыя зямныя светачы вялiкай рэлiгii патрасалi мядзянымi, сярэбранымi i нават залатымi бразготкамi, здабываючы з iх пранiзлiвы звон. На канцы iдуць вышэйшыя служыцелi таямнiц у белых iльняных вузкiх вопратках да самых пят, падперазаных пад грудзьмi. Яны нясуць адзнакi годнасцi служыцеляў сама магутных багоў. Першы з iх трымаў лямпу, якая гарэла яркiм святлом, але зусiм не была падобная на нашы лямпы, што звычайна гараць у нас пры вячэры. Гэта была залатая лодка з адтулiнай пасярэдзiне, праз якую выходзiў вельмi шырокi язык полымя.
Другi быў апрануты так, як i першы, але ў кожнай руцэ трымаў ён па алтару, якi называўся «памочнiкам». Гэта iмя даў iм хуткi на дапамогу дух вярхоўнай багiнi.
За iмi iшоў трэцi, несучы пальмавую галiну з тонка вырабленымi з золата лiстамi, а таксама кадуцэй Меркурыя. Чацвёрты выяўляў сiмвал справядлiвасцi ў выглядзе левай рукi з выцягнутай даланёй. Яна слабая ад прыроды, не надзеленая нi спрытам, нi хiтрасцю, i таму хутчэй за правую можа праяўляць справядлiвасць. Ён нёс таксама залатую судзiнку, закругленую ў выглядзе жаночага саска, з якай палiваў малаком. Пяты трымаў залатую веялку, напоўненую лаўровымi галiнкамi,а апошнi нёс амфару.
11. Неўзабаве паказалася i працэсiя багоў, якiя ласкава карысталiся для перамяшчэння чалавечымi нагамi. Вось Анубiс, якi наводзiць жах сваiм велiчным то цёмным, то залатым высока ўзнятым сабачым аблiччам. Ён пасрэднiк памiж нябесным i падземным светам. У левай яго руцэ кадуцэй, а правай ён махае зялёнай пальмавай галiнай. Следам за iм iдзе карова, стаўшы на дыбы. Гэта ўвасобленая ўрадлiвасць багiнi-ўсёнараджальнiцы. Несучы яе на плячах, адзiн са свяшчэннаслужыцеляў лёгка i прыгожа крочыў пад святой ношай. Другi нёс закрытую скрыначку, у якой знаходзiлася непарушная таямнiца вялiкага вучэння. Трэцi прыняў на сваё шчаслiвае ўлонне шанаванае адлюстраванне вярхоўнага бога. Не было яно падобнае на свойскую жывёлiну, нi на птушку, нi на дзiкага звера, нi нават на чалавека, але паводле мудрага замыслу самой сваёй незвычайнасцю павiнна было выклiкаць пашану, бо сутнасць невымоўнай веры хаваецца ў глыбокай маўклiвасцi. Зроблена яно было з ярка-блiскучага золата. Гэта была па-мастацку выгнутая урна з круглым дном, упрыгожаная звонку дзiўнымi эгiпецкiмi фiгурамi. Над яе адтулiнай узнiмалася не вельмi высокае горла з доўгiм, далёка вытырклым наском, а з другога боку была прымацавана шырокая ручка, на якой скруцiлася ў клубок гадзiна з узнятай угору раздзьмутай лускаватай шыяй, пакрытай зморшчкамi.
12. I вось настае момант выканання абяцаных мне найлiтасцiвейшай багiняй дабрадзействаў, падыходзiць жрэц, якi нясе прызначаны мне лёсам ратунак. Ён трымае ў правай руцэ, так, як мне было аб'яўлена боскiм абяцаннем, цудоўны сiстр для багiнi i вянок для мяне, клянуся Геркулесам, вянок заслужаны. Выцерпеўшы столькi пакут, перажыўшы гэтулькi пагроз, цяпер з дазволу вялiкай багiнi я ў барацьбе з бязлiтасным лёсам выходзiў пераможцам. Аднак, нягледзячы на радасць, якая апанавала мяне, я не кiдаюся з усiх ног, асцерагаючыся, каб раптоўнае з'яўленне чатырохногай жывёлiны не парушыла ўзнёсласцi свяшчэннадзейства, а цiха, памалу, пераймаючы чалавечы крок, бокам праз натоўп, якi не без божай ласкi расступаўся, без паспешлiвасцi прабiраюся наперад.
А жрэц, як я мог на справе пераканацца, папярэджаны начной з'явай i здзiўлены, што ўсё дакладна супадае з даручэннем, якое ён атрымаў, тут жа спынiўся i, прасцёршы правую руку, паднёс вянок да самага майго рота. Тут я, хвалюючыся, з моцным бiццём сэрца, хцiва хапаю зубамi вянок i з'ядаю, стараючыся атрымаць абяцанае. Боскае прадказанне не ашукала! Умомант спадае з мяне пачварная маска жывёлiны. Найперш знiкае брудная зваляная поўсць, тоўстая скура становiцца далiкатнейшай, велiзарны жывот меншае, на нагах капыты раздзяляюцца на асобныя пальцы, рукi перастаюць быць нагамi i падымаюцца для выканання сваiх высокiх абавязкаў, доўгая шыя карацее, ляпа i галава круглеюць, вялiкiя вушы прымаюць нармальныя памеры, зубы, падобныя да камянёў, зноў становяцца невялiкiмi, як у людзей, i хвост, якi больш за ўсё мяне мучыў, знiкае!
Народ дзiвiцца, набожныя людзi пры такiм вiдавочным доказе магутнасцi вярхоўнай багiнi, падобным на сон, гучна i аднадушна, узняўшы рукi ў неба, славяць магутнасць мiласэрнай багiнi.
14. А я, аслупянеўшы ад здзiўлення, стаяў нерухомы i моўчкi, не ведаючы ад вялiкай радасцi, з чаго пачаць, як падступiцца да гукаў, што сталi мне нязвычнымi, як найбольш удала выкарыстаць вернуты мне дар мовы, якiмi словамi i выразамi дзякаваць багiнi за яе дабрадзейства.
Але жрэц, вiдавочна папярэджаны з вышынi пра ўсе мае няшчасцi з самага пачатку, хоць i сам быў усхваляваны вялiкiм цудам, дае знак, каб перш за ўсё далi мне iльняную вопратку прыкрыцца, бо, як зляцела з мяне злавесная аслiная абалонка, так я i стаяў, цесна сцiснуўшы ногi, засланяючы, наколькi было магчыма, сплеценымi рукамi, гэтай натуральнай завесай, сваю галiзну. Адзiн з верных паклоннiкаў багiнi ўмомант зняў з сябе верхнюю тунiку i чым хутчэй накiнуў на мяне. Тады жрэц, прыветлiва гледзячы на мяне i, клянуся Геркулесам, прасякнуты боскiм здзiўленнем, пачынае казаць:
15. "Вось, Луцый, пасля столькiх усякiх пакут, пасля вялiкiх навальнiц, узнятых Лёсам, перажыўшы велiчэзныя буры, дабраўся ты нарэшце да спакойнай прыстанi Адпачынку, да алтароў мiласэрнасцi. Не пайшлi табе на карысць нi тваё паходжанне, нi становiшча, нi нават адукацыя, якая цябе вылучае сярод iншых, таму што, стаўшы ад пачуццёвасцi свайго маладога веку рабом сладастраснасцi, ты атрымаў знiшчальную адплату за сваю цiкаўнасць. I ўсё ж сляпы Лёс, злосна катуючы цябе, сам пра тое не ведаючы, прывёў цябе да сягонняшняга шчасця. Няхай жа iдзе ён i пыхкае лютай злосцю, яму давядзецца шукаць для сваёй бязлiтаснасцi iншую ахвяру. Над тымi, каго велiчнасць нашай багiнi заклiкала прысвяцiць жыццё ёй, не мае ўлады згубная выпадковасць. Разбойнiкi, дзiкiя звяры, няволя, цяжкiя шляхi i бясконцыя вандраваннi, штодзённае чаканне смерцi — што дасягнуў гэтым азвярэлы Лёс? Вось цябе прыняў пад апеку другi Лёс, але ўжо вiдушчы, святло ззяння якога азарае нават iншых багоў. Дык няхай адаб'ецца на тваiм твары радасць, адпаведная тваёй святочнай вопратцы. Радуючыся, далучы свой крок да шэсця багiнi-выратавальнiцы. Няхай бачаць бязбожнiкi, няхай бачаць i ўсведамляюць сваю памылку. Вось пазбаўлены даўнейшых нягод Луцый цешыцца апекай вялiкай Iзiды i святкуе перамогу над сваiм лёсам! Аднак, каб забяспечыцца яшчэ мацней i больш надзейна, запiшыся ў гэту святую армiю (загад прыняць такую прысягу нядаўна для цябе прагучаў), прысвяцi сябе ўжо ад сягонняшняга дня нашаму служэнню i ўскладзi на сябе ярмо добраахвотнага падпарадкавання. Пачаўшы служыць багiнi, ты будзеш поўнай мерай цешыцца вялiкiм вынiкам свабоды".
16. Сказаўшы гэта, шаноўны жрэц, з цяжкасцю пераводзячы дыханне, замоўк. А я, далучыўшыся да працэсii, падаўся следам за святыняй.
Я стаў вядомы ўсiм грамадзянам, зрабiўся прадметам агульнай увагi, на мяне паказвалi пальцамi, кiвалi галовамi i ўвесь народ гаварыў: "Вось той, якога воля ўсемагутнай багiнi вярнула да людскога выгляду! Клянуся Геркулесам, ён шчаслiвы i святы. Напэўна заслужыў ён такую ласку неба сваiм незаплямленым папярэднiм жыццём i верай, дык цяпер, пасля ў нейкай ступенi другога нараджэння, стане ён на шлях свяшчэннага служэння".