Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою - Лонг 25 стр.


Сярод такiх выкрыкаў, сярод святочных вiншаванняў i малiтваў натоўпу, рухаючыся памалу, мы наблiжаемся да марскога берага i даходзiм якраз да таго месца, дзе напярэдаднi ляжаў я, будучы аслом. Парасстаўлялi там у адпаведным парадку свяшчэнныя выявы багоў, i вярхоўны жрэц, вымаўляючы чыстымi вуснамi найсвяцейшыя малiтвы, запаленым факелам, яйкам i серкай ачышчае вышэйшым ачышчэннем умела змайстраваны i з усiх бакоў дзiўнымi малюнкамi на эгiпецкi лад страката размаляваны карабель. Гэты падарунак прыносiцца багiнi ў ахвяру. На блiскучым ветразi шчаслiвага судна былi вытканы залатыя лiтары, якiя складвалiся ў зычэнне ўдалых плаванняў. Мачтай была круглая сасна, блiскучая, з выдатным верхам, так што прыемна было глядзець. Карма была выгнутая ў форме гусiнай шыi i пакрытая лiставым золатам, ярка блiшчала, а ўвесь корпус са светлай палiраванай туi цешыў зрок. Тут увесь натоўп, як пасвечаныя, так i непасвечаныя, наперабой падносяць кашы з пахучымi травамi i iншымi рознымi падарункамi i праводзяць узлiванне на ваду малочнай полiўкi.

Нарэшце, калi ўжо карабель напоўнiўся шчодрымi прынашэннямi i пажаданнямi шчаслiвага плавання, абразаюць якарныя канаты i, аддаўшы спадарожнаму i спакойнаму ветру, пускаюць яго ў мора. А калi судна было на такой адлегласцi, што амаль хавалася ад нашых вачэй, насiльшчыкi зноў узялi прынесеныя iмi свяшчэнныя прадметы i, як раней, пышнай працэсiяй хуткiм крокам падалiся ў бок святынi.

17. Калi мы падышлi да самага храма, вялiкi жрэц, насiльшчыкi свяшчэнных выяў i тыя, што ўжо былi раней пасвечаны ў высокашаноўныя таямнiцы, увайшоўшы ў свяцiлiшча багiнi, параскладалi там у належным парадку ўсе святасцi. А тады адзiн з iх, якога ўсе называлi пiсцом, стаўшы насупраць дзвярэй, склiкаў пастафораў (так называлася гэта свяшчэнная калегiя), быццам на сход, i, падняўшыся на падвышэнне каля тых самых дзвярэй, пачаў чытаць з кнiгi напiсаныя ў ёй малiтвы.

Малiтвы гэтыя былi аб шчасцi iмператара, паважанага сената, коннiкаў i ўсяго рымскага народа, аб караблях i мараках i аб усiм, што падуладна нашай дзяржаве, i скончылася чытанне паводле грэцкага абраду грэцкiм заклiкам: "Цяпер iдзiце дамоў, служба закончана". У адказ пранеслiся крыкi народа, якi выказваў пажаданнi, каб гэтыя словы ўсiм прынеслi ўдачу.

З кветкамi, з галiнкамi ў руках i з вянкамi радасныя грамадзяне, пацалаваўшы ступнi сярэбранай статуi багiнi, што стаяла на ўсходках храма, разышлiся па сваiх сялiбах. А я не мог адважыцца нi на крок адысцiся ад гэтага месца i, не спускаючы вачэй з выявы багiнi, перабiраў у памяцi перажытыя мною нягоды.

18. Тым часам легкакрылая чутка не ленавалася i не давала сваiм крылам адпачынку. Зараз жа пайшлi ў мяне на радзiме чуткi пра небывалую прыхiльнасць да мяне божага промыслу i пра мой славуты лёс. Мае сябры, любiмыя рабы i ўсе мае блiзкiя родзiчы, адкiнуўшы скруху, у якую акунула iх iлжывая вестка пра маю смерць, у вялiкай радасцi спяшаюцца да мяне з рознымi падарункамi, каб зiрнуць на таго, хто вярнуўся на свет з апраметнай. У мяне ўжо не было надзеi iх убачыць, i таму я быў надзвычай рады i з прыемнасцю прымаў iхнiя шчырыя прынашэннi. Мае блiзкiя паклапацiлiся забяспечыць мяне ўсiм неабходным для бязбеднага iснавання.

19. Пагаварыўшы, як належыць, з кожным з iх i расказаўшы аб перажытых нягодах i цяперашняй радасцi, я зноў звярнуў усю сваю ўвагу на багiню. Наняўшы за агароджай памяшканне, наладжваю сабе часовае жыллё, наведваю богаслужэннi, пакуль што нiжэйшай ступенi, не расстаюся са жрацамi, стаўшы неадступным паклоннiкам вялiкага боства. Нi адна ноч, нi адзiн дзень, нi сон не мiналi ў мяне без таго, каб я не бачыў багiнi i не атрымлiваў ад яе настаўленняў. Частымi загадамi яна пераконвала мяне прыняць нарэшце пасвячэнне ў яе таямнiцы, да якiх я даўно быў прызначаны. Хоць я i гарэў жаданнем падпадпарадкавацца гэтым загадам, але мяне стрымлiваў свяшчэнны страх, бо я лiчыў надзвычай цяжкай справай безадказнае падпарадкаванне святынi, i нялёгкай задачай здавалася мне захаванне цнатлiвасцi i ўстрыманасцi. Жыццё напоўнена ўсякiмi выпадковасцямi, яно патрабуе асцярожнасцi i абачлiвасцi. Абмяркоўваючы ўсё гэта, я хоць i iмкнуўся хутчэй прыняць пасвячэнне, неяк адкладваў выкананне свайго намеру.

20. Аднойчы прыснiлася мне, што з'яўляецца да мяне вярхоўны жрэц, несучы штосьцi ў поўным аж да верху падоле. На маё пытанне, што гэта i адкуль, ён адказвае, што гэта мая доля з Фесалii, i таксама, што адтуль вярнуўся мой раб Кандзiд. Прачнуўшыся, я вельмi доўга думаў пра гэты сон, жадаючы адгадаць, што б ён мог значыць. Апроч таго, у мяне нiколi не было раба з такiм iмем. Але ў кожным разе я разлiчваў, што прысланая доля абазначае нейкi прыбытак. Занепакоены i ўсхваляваны надзеяй на нейкую ўдачу i даход, я чакаў, калi адчыняць храм. Калi рассунулiся беласнежныя заслоны, мы звярнулiся з малiтвамi да шанаванай выявы багiнi. Жрэц абышоў усе алтары, праводзячы богаслужэнне i вымаўляючы ўрачыстыя малiтвы, а ўрэшце, зачэрпнуўшы вады са святой крынiцы, выканаў вылiванне з келiха. Зрабiўшы ўсё паводле свяшчэннага абраду, набожныя служыцелi багiнi вiтаюць усход сонца i зычнымi галасамi абвяшчаюць першую гадзiну дня.

I вось у гэту самую хвiлiну з'яўляюцца, даведаўшыся аб маiх прыгодах, проста з Гiпатыi, дзе я пакiнуў iх тады, мае слугi. Яны былi там, дзе Фацiда заблытала мяне ў свае каварныя сецi, i прывялi з сабой нават майго каня, якi не раз пераходзiў з рук у рукi i ўрэшце быў знойдзены па асаблiвай адмецiне на хрыбце. Прарочаму значэнню майго сну я дзiвiўся тым больш, што апрача дакладна выкананага абяцання адносна прыбытку рабу Кандыду адпавядаў вернуты мне конь, якi быў белай масцi.

21. Пасля гэтага выпадку я яшчэ больш старанна ўзяўся за спраўлянне рэлiгiйных абрадаў, бо спадзяванне на будучыню падтрымлiвала ўва мне сягонняшняе дабрадзейства. З дня на дзень усё мацней i больш прасякала мяне жаданне прыняць пасвячэнне, i я не адставаў ад вярхоўнага жраца са сваiмi гарачымi просьбамi, каб ён нарэшце пасвяцiў мяне ў таямнiцы свяшчэннай ночы. А ён, чалавек наважны i вядомы строгiм захоўваннем рэлiгiйных законаў, сцiпла i ветлiва, як звычайна бацькi стрымлiваюць няўчасныя жаданнi сваiх дзяцей, адхiляў маю настойлiвасць, пацяшаючы i супакойваючы мяне ў маiм парыве добрымi надзеямi.

"Нават дзень, — казаў ён, — у якi можна пасвячаць таго цi iншага чалавека, паказваецца божымi знакамi, i жрэц, якому прыйдзецца выканаць абрад, выбiраецца тым самым прызначэннем, а нават неабходныя расходы на цырымонiю ўстанаўляюцца звышнiм загадам". Дзеля гэтага ён лiчыў, што мне трэба ўзброiцца немалой цярплiвасцю, высцерагаючыся прагнасцi i фанабэрыстасцi, i старацца пазбягаць абедзвюх крайнасцяў. Калi ёсць паклiканне, дык не трэба спяшацца. I невядома, цi знойдзецца сярод жрацоў чалавек, настолькi пазбаўлены розуму, i нават больш, якi б асудзiў сам сябе на загубу, асмелiўшыся без спецыяльнага загаду багiнi выканаць такi дзёрзкi i святатацкi ўчынак i падставiў сябе смяротнай небяспецы. Вядома ж бо, што i ключы ад апраметнай i апора збаўлення ў руках у багiнi. Ды i звычай гэты ўстаноўлены да падабенства добраахвотнай смерцi i дараванага з лiтасцi збаўлення. Багiня звычайна намячае сваiх выбраннiкаў з тых, якiя, ужо закончыўшы жыццёвы шлях i стоячы на парозе апошняга дыхання, тым лепш могуць захаваць у маўчаннi вялiкую таямнiцу нябеснага вучэння. Яе воляй гэтыя, быццам другi раз народжаныя, атрымлiваюць магчымасць пачаць свой шлях да збаўлення яшчэ раз. Вось гэтак i мне трэба чакаць знаку, хоць зусiм ясна, што высокiм прысудам вялiкага боства я даўно ўжо паклiканы i прызначаны да набожнага служэння. Аднак i цяпер я павiнен ужо побач з iншымi служыцелямi храма паўстрымоўвацца ад недазволенай i нячыстай ежы, каб тым хутчэй дасягнуць да схаваных таямнiц найчысцейшай веры.

22. Так разважаў стары, i маё служэнне не парушалася ўжо нецярпеннем, але, паглыбiўшыся ў цiхi супакой i ў пахвальную маўклiвасць, стараннымi штодзённымi малiтвамi ўзносiў я сваю хвалу святынi. I не ашукала мяне збаўчая дабрата магутнай багiнi. Не мучыла яна мяне доўгай адтэрмiноўкай i аднойчы цёмнай ноччу, але зусiм не цёмнымi загадамi, ясна адкрыла мне, што настае для меня доўгачаканы дзень, калi яна здзейснiць найбольшае з маiх жаданняў. Вызначыла, колькi я павiнен даць на выкупное малебства, i аб'явiла, што для выканання абраду прызначаецца той самы Мiтра, яе вярхоўны жрэц, якога звязвае са мной нейкая роднасць свяцiлаў.

Уцешыўшыся ўсёй душой ад гэтых i падобных да iх прыемных паведамленняў вярхоўнай багiнi, пры першым свiтаннi зары, стросшы з сябе сон, адразу накiроўваюся да жрацовага жылля i, сустрэўшы старога на дарозе, вiтаю i падаюся за iм. Я ўжо збiраўся больш настойлiва, чым раней, дамагацца ад яго пасвячэння, як належнага мне, але ён сам, ледзь мяне ўбачыўшы, адазваўся: "О мой Луцый, благаслаўлёны ты i шчаслiвы! Якой вялiкай мiласцi ўдастойвае цябе нябесная валадарнiца! Чаго ж ты цяпер стаiш без занятку? Чаго ж ты цяпер сам марудзiш? Вось настае для цябе даўно жаданы дзень, у якiм па боскiм загаду шматiмённай багiнi я сваiмi рукамi павяду цябе ў прачыстыя таямнiцы свяшчэннага служэння!"

Тут ветлiвы стары, паклаўшы сваю правую руку мне на плячо, адразу вядзе да варот прасторнай будынiны. Там пасля правядзення абраду адчыняння дзвярэй, адбыўшы ранняе богаслужэнне, выносiць з нетраў святынi нейкiя кнiгi, напiсаныя незразумелымi лiтарамi. Гэтыя знакi то адлюстроўваюць розных жывёл i скарочана перадаюць словы ўрачыстых тэкстаў, то ўсякiмi вузламi пераплятаюцца i выгiнаюцца дзiўна накшталт кола, хаваючы таемны змест тэксту ад пустой цiкаўнасцi. З гэтых кнiг ён прачытаў мне, як я павiнен падрыхтавацца да пасвячэння.

23. Зараз жа старанна закупляецца ўсё, i нават з некаторым лiшкам, што было патрэбна да абраду. Закупы рабiў часткова я сам, часткова займалiся гэтым мае сябры. Нарэшце жрэц аб'яўляе, што настаў час, i вядзе мяне, акружанага свяшчэнным войскам, у блiжэйшыя лазнi. Там пасля звычайнага мыцця, паклiкаўшы мiласэрнасць багоў, ён з вялiкай стараннасцю ачышчае мяне акрапленнем i зноў вядзе ў храм. Дзве трэцiя дня ўжо мiнулi, калi ён, паставiўшы мяне ля самых ног багiнi i прашаптаўшы мне на вуха некаторыя словы, поўнае значэнне якiх нельга перадаць простай мовай, наказвае мне перад сведкамi ўстрымлiвацца ад абжорства, дзесяць дзён не есцi мясной ежы, а таксама не дакранацца да вiна. Свята выконваю гэты загад аб устрыманнi, а тым часам настае i дзень пасвячэння, i сонца, хiлячыся ў бок захаду, прывяло на зямлю вечар. Тут з усiх бакоў сцякаюцца натоўпы народу, i паводле старадаўнага свяшчэннага звычаю кожны прыносiць мне ў знак павагi якi-небудзь падарунак. Ды вось жрэц, аддалiўшы ўсiх непасвячоных, апранае мяне ў плашч з грубога палатна i, узяўшы за руку, уводзiць у запаветныя глыбiнi храма.

Магчыма, ты, пiльны чытач, вельмi хацеў бы ведаць, што там гаварылася i што рабiлася? Я сказаў бы, каб мне было гэта дазволена, а ты б пачуў, каб табе было дазволена пачуць. Аднолькавай небяспецы падпадаюць у выпадку такой цiкаўнасцi i язык, i вушы. Зрэшты, калi ты ахоплены набожнай прагай ведання, не буду цябе далей стамляць. Дык слухай i вер, бо гэта iсцiна. Дасягнуў я рубяжоў смерцi, пераступiў парог Празерпiны i вярнуўся назад, прайшоўшы праз усе стыхii. Апоўначы бачыў я сонца ў поўным ззяннi, стаяў перад падземнымi багамi, бачыў нябесных i зблiзку iм пакланяўся. Вось я табе i расказаў, а ты хоць выслухаў, павiнен застацца ў папярэднiм няведаннi. Але перадам тое адзiнае, што я магу адкрыць недасведчаным вушам, не парушаючы таямнiцы.

24. Настала ранiца, i пасля заканчэння богаслужэнняў я накiраваўся ў дарогу, апрануты ў дванаццаць свяшчэнных стол. Хоць гэта адносiцца да святых абрадаў, але я магу пра гэта гаварыць без перашкод, бо ў той час гурма народу магла ўсё гэта бачыць. I сапраўды, слухаючы загадаў, я падняўся на драўляную вышку па самай сярэдзiне храма, насупраць статуi багiнi, звяртаючы на сябе ўвагу сваёй вопраткай, праўда, вiсонавай, але ярка размаляванай. З плячэй да самых пят спускаўся ў мяне каштоўны плашч, i з усiх бакоў, адкуль нi глянь, быў я ўпрыгожаны рознакаляровымi малюнкамi жывёл. Тут былi i iндыйскiя драконы, i гiпербарэйскiя грыфы, народжаныя iншым светам i падобныя да крылатых птушак. Гэта стола называецца ў пасвячоных алiмпiйскай. У правай руцэ я трымаў яркi факел, галаву маю акружаў цудоўны вянок з лiстоў надзвычай прыгожай пальмы, якiя разыходзiлiся ў выглядзе прамянёў. Раптам заслона адсунулася, i я, упрыгожаны накшталт Сонца, быццам статуя, апынуўся перад вачыма народа. Пасля гэтага я ўрачыста адсвяткаваў дзень свайго духоўнага нараджэння, наладзiўшы шчодры i вясёлы банкет. Трэцi дзень быў адзначаны паўтарэннем тых самых урачыстых абрадаў, i свяшчэнная вячэра была заканчэннем майго пасвячэння. Я прабыў там яшчэ некалькi дзён, радуючыся агляданнем свяшчэннай выявы, звязаны пачуццём удзячнасцi за бясцэнную ласку. Нарэшце, па загаду багiнi, выказаўшы ёй удзячнасць, вядома, далёка недастатковую, але адпаведную маiм сцiплым сiлам, я пачаў рыхтавацца да вяртання дамоў хоць з такiм запазненнем, з вялiкай цяжкасцю разрываючы сувязь з перажываннямi апошняга часу. I вось, упаўшы нiц перад багiняй i тулячыся тварам да яе ступняў, аблiваючыся слязамi, голасам, перарываным ад частых рыданняў, глытаючы словы, я казаў:

25. "О найсвяцейшая людскога роду збавiцелька вечная, пастаянная заступнiца смяротных, родная мацi для бедных! Нi дзень, нi ноч, нi нават кароткая хвiлiна не застаецца без твайго нагляду. Ты апякуешся людзьмi на моры i на сушы, у жыццёвых нягодах прасцiраеш сваю выратавальную руку, якой разрываеш непарушнае прадзiва наканавання, змякчаеш лютасць Лёсу, спыняеш ход нябесных свяцiлаў. Ушаноўваюць цябе найвышэйшыя багi, i багi падземных ценяў табе пакланяюцца. Ты павяртаеш кола свету, запальваеш сонца, кiруеш сусветам, перамагаеш Тартар. На твой поклiч адзываюцца зоры, ты крынiца часу, радасць нябесных жыхароў, панi стыхiяў. На твой знак агонь разгараецца, хмары гусцеюць, збожжа прарастае, узнiмаюцца пасевы. Тваёй сiлы баяцца птушкi, што ў небе лятаюць, звяры, што блукаюць у гарах, змеi, што ў зямлi хаваюцца, страшыдлы, што плаваюць па хвалях. Але я для тваёй хвалы бедны розумам, для складання ахвяр падзякi бедны маёмасцю. I ўсёй паўнаты мовы не хапае, каб выявiць пачуццi, тваёй велiччу ўва мне народжаныя, i тысячы вуснаў не хапiла б, i тысячы моваў з iх бязмежнай красамоўнасцю! Што ж, пастараюся зрабiць тое адзiнае, што даступнае сумленнаму, але небагатаму чалавеку. Аблiчча тваё нябеснае i найсвяцейшую боскасць у глыбiнях майго сэрца навек захаваю i зберагу".

Памалiўшыся вярхоўнай багiнi такiм чынам, кiдаюся на шыю жрацу Мiтры, якi стаў мне другiм бацькам, i, укрываючы яго пацалункамi, прашу дараваць за тое, што як належыць не магу аддзякаваць яму за яго дабрату.

26. Я доўга i шырока выяўляў яму сваю ўдзячнасць, нарэшце, развiтваючыся з iм, яшчэ раз абымаю i адразу пускаюся ў дарогу, каб зноў пасля доўгай адсутнасцi ўбачыць родны дом. Аднак застаюся там толькi некалькi дзён, бо па загаду вялiкай багiнi, паспешлiва сабраўшы свае рэчы, сядаю на карабель i накiроўваюся ў Рым. Шчаслiва пры спадарожным ветры хутка дабiраюся да Аўгуставай гаванi, i, перасеўшы там на падводу, iмчуся далей, i пад вечар, напярэдаднi снежаньскiх iдаў, прыбываю ў гэты святы горад. Ад гэтага часу маiм галоўным заняткам сталi штодзённыя малiтвы вярхоўнай багiнi Iзiдзе-валадарнiцы, якую там надзвычай ушаноўвалi пад iмем Палявой ад месца знаходжання яе святынi. Быў i я старанным яе паклоннiкам, i хоць у гэтым храме быў чужынцам, затое ў вучэннi з'яўляўся сваiм чалавекам.

Вось вялiкае Сонца, прайшоўшы ўвесь круг Задыяка, ужо закончыла свой гадавы шлях, як раптам нядрэмны клопат дабрадзейнага боства зноў перарывае мой супакой, зноў напамiнае мне аб пасвячаннi, зноў аб таямнiцах. Я вельмi здзiвiўся: у чым справа? што прадказваюць словы багiнi? Ды як жа не дзiвiцца? Я ж лiчыў сябе даўно пасвячоным.

27. Пакуль я разбiраў сваiм розумам гэтыя рэлiгiйныя сумненнi, часткова асуджаючы служыцеляў святынi, пазнаю зусiм нечаканую для сябе навiну, што я быў пасвячоны толькi ў таямнiцы багiнi, а вось з абрадамi непераможнага Азiрыса, вялiкага i вярхоўнага бацькi багоў, азнаёмлены нiколi не быў. I хоць сутнасцi гэтых багоў i iх вучэнняў цесна з сабой сутыкаюцца i нават тоесныя, але ў пасвячэннях захоўваецца велiчэзная рознiца. Дзеля гэтага я павiнен зразумець, што мне трэба стаць служыцелем гэтага вялiкага бога. У няясным становiшчы справа заставалася не доўга. Блiжэйшай ноччу ўбачыў я нейкага жраца ў палатняным адзеннi. У яго ў руках былi тырсы, плюшч i яшчэ нешта, чаго не маю права называць. Усё гэта ён кладзе перада мной, а сам, заняўшы маё сядзенне, загадвае мне падрыхтаваць багаты пачастунак. I для таго, каб я мог яго лепш пазнаць, ён выдзяляецца адной асаблiвасцю, а менавiта, левая яго пята была крыху выкрыўлена, дык у час хады ў яго кроках заўважалася лёгкая няўпэўненасць. Пасля такога яснага выяўлення божай волi ўсякi цень неакрэсленасцi знiк, i я зразумеў, у чым справа, i адразу пасля ранiшнiх малiтваў багiнi пачаў уважлiва назiраць за кожным жрацом, цi няма ў яго такой паходкi, якую бачыў я ў сне. Неўзабаве заўважыў я аднаго з пастафораў, у якога не толькi паходка, але на дадатак i стан, i знешнасць якраз супадалi з маёй начной з'явай. Называўся ён, як я пасля даведаўся, Азiнiем Марцэлам, i гэта iмя не было чужым у маiх пераўвасабленнях. Я не стаў марудзiць i падышоў да яго, а ён i сам ужо ведаў пра нашу будучую гутарку i даўно быў папярэджаны з вышыняў, што справа датычыць пасвячэння ў таямнiцы. Перад гэтым яму прыснiлася ўночы, што, калi ён ускладаў вянкi на статую вялiкага бога, з яго вуснаў, якiя прадказваюць лёс кожнага асобна, пачуў, што будзе да яго прысланы ўраджэнец Мадаўры, чалавек вельмi бедны, над якiм трэба неадкладна правесцi свяшчэнныя абрады дзеля таго, што па яго боскай волi i пасвячоны праславiцца сваiмi подзвiгамi, i пасвятчык атрымае высокую ўзнагароду.

28. Прызначаны такiм чынам для боскага пасвячэння, я марудзiў насуперак свайму жаданню з прычыны недахопу сродкаў. Апошнiя рэшткi маёй спадчыны разышлiся на падарожжа, ды i сталiчныя выдаткi значна перавышалi расходы тых дзён, калi я жыў у правiнцыi. У сувязi з тым, што на маiм шляху стаяла беднасць, а загады боства мяне падганялi, дык я апынуўся, паводле прыказкi, "памiж молатам i кавадлам". Усё часцей i часцей пабуджаны боствам, я трацiў супакой, урэшце намовы перайшлi ў загады. Тады я, распрадаўшы даволi сцiплы запас сваёй адзежы, так-сяк наскроб патрэбную суму. На гэта было мне дадзена асобнае выясненне. "Няўжо ты, — было мне сказана, — пашкадаваў бы сваёй адзежы, калi б справа датычыла якiх-небудзь спадзяваных прыемнасцяў? А цяпер, на парозе такiх цырымонiй, ты не адважваешся застацца ў беднасцi, у якой раскайвацца не будзеш?"

I вось усё было падрыхтавана ў дастатковай колькасцi, iзноў дзесяць дзён я не спажываў мясной ежы i на дадатак нават абгалiў галаву. Нарэшце настаўлены начнымi бяссоннямi, аддаўся я з усiм даверам святым абрадам гэтай роднаснай рэлiгii. Яна не толькi служыла мне вялiкiм суцяшэннем у маiм становiшчы iншаземца, а нават здабыла мне даволi значныя сродкi для жыцця. На самай справе, кiм, як не ўдачай, быў сасланы мне той адвакацкi заробак, якi я атрымаў, ведучы справы на лацiнскай мове?

29. I вось мiнула ўсяго некалькi дзён, як нечакана, на вялiкае маё здзiўленне, iзноў аклiкнуўся голас з вышыняў, якi загадваў мне паддацца пасвячэнню трэцi раз. Занепакоены немалым коштам i моцна ўсхваляваўшыся, я задумаўся аб тым, куды хiлiцца гэты новы i нечуваны намер нябесных жыхароў? Што яшчэ застаецца нявыкананым, хоць я ўжо двойчы паддаваўся пасвячэнням? "Тут, — думаў я, — i той i другi жрацы дапусцiлi якую-небудзь памылку цi нечага недавыканалi". I, клянуся Геркулесам, пачаў сумнявацца ў iхняй сумленнасцi. Начное з'яўленне цудоўным навучаннем вывела мяне з гэтых беспарадкавых думак, якiя выглядалi, як разважаннi вар'ята.

"Няма чаго табе, — было мне сказана, — баяцца шматлiкiх пасвячэнняў i думаць, што папярэдняе было выканана недакладна. Ганарыся гэтым доказам боскай мiласэрнасцi да цябе i цешся, што табе прызначана тое тройчы, чаго iншыя бываюць удастоены толькi адзiн раз. А ты з самой колькасцi пасвячэнняў павiнен набыць пэўнасць у сваiм вечным шчасцi. Зрэшты, наступнае пасвячэнне выклiкана крайняй неабходнасцю. Успомнi толькi, што адзенне багiнi, якое ўзлажыў ты на свае плечы ў правiнцыi, там i засталася ляжаць, i ў Рыме ты не зможаш удзельнiчаць ва ўрачыстых богаслужэннях, калi патрэбнае гэта адзенне, i не ўпрыгожыш сябе той шчаслiвай рызай, калi атрымаеш такi загад. Дык з радаснай душой прыступай з волi вялiкiх багоў да новага пасвячэння, i няхай будзе яно табе на дабро, шчасце i збаўленне".

30. А потым боская з'ява, мой вялiкi настаўнiк, паведамляе мне пра ўсё, што неабходна зрабiць. I адразу пасля гэтага, не адкладваючы i не зацягваючы справы, я паведамляю свайму жрацу пра ўсё бачанае, прымаю на сябе ярмо паўстрымання ад мясной ежы, у сваёй разважнасцi добраахвотна павялiчыўшы дзесяцiдзённы тэрмiн посту, вызначаны вечным законам, i, не шкадуючы выдаткаў, рыхтуюся да пасвячэння, кiруючыся больш набожным запалам, чым неабходнасцю.

I, клянуся Геркулесам, не пашкадаваў я тых клопатаў i выдаткаў. Дзякуючы шчодрай прыхiльнасцi багоў, выступленнi ў судзе пачалi прыносiць мне значны даход. Нарэшце праз некалькi дзён бог сярод багоў, наймагутнейшы сярод магутных, вярхоўны сярод вярхоўных, найбольшы сярод найбольшых, уладыка Азiрыс, не прымаючы якога-небудзь чужога вобраза, у сваiм уласным боскiм выглядзе ўшанаваў мяне сваiм з'яўленнем. Ён сказаў мне, каб я бязбоязна працягваў свае слаўныя заняткi ў судзе, не баючыся плётак нядобразычлiўцаў, якiя выклiканы маёй стараннасцю i вучонасцю. А каб я, не змяшаўшыся з натоўпам iншых пасвячоных, мог яму служыць, выбраў мяне ў калегiю сваiх пастафораў, прызначыўшы нават адным з пяцiгадовых дэкурыёнаў.

Зноў агалiўшы галаву, я ўступiў у гэту старадаўную калегiю, заснаваную яшчэ ў пару Сулы, i хаджу цяпер, нiчым не засланяючы сваёй пляшывасцi, радасна гледзячы ў твар сустрэчных.

Мiлецкiя казкi — Мiлецкiмi называлiся зборнiкi любоўных i авантурных навел, аб'яднаных агульнай сюжэтнай рамкай. Гэты лiтаратурны жанр атрымаў сваю назву ад зборнiка Арыстыда Мiлецкага (канец II ст. да н. э.).

Папiрус, спiсаны завостранай нiльскай трысцiнкай. — Востра адточаная трысцiнка служыла старажытным за пяро.

Гiмет — невысокая гара паблiзу Афiн.

Эфiрэйскi перашыек — тое самае, што i Карынфскi перашыек. Эфiра старадаўняя назва Карынфа.

Танар, цяпер Матапан — мыс на Пелапанэскай паўвыспе на поўдзень ад Спарты.

Квiрыды — паўнапраўныя рымскiя грамадзяне.

Плутарх — грэчаскi пiсьменнiк, фiлосаф-маралiст (канец I — пач. II ст. н. э.).

Секст — фiлосаф II ст. н. э., настаўнiк iмператара Антанiна Пiя.

Пярэсты порцiк у Афiнах упрыгожаны насценнымi малюнкамi знакамiтага мастака V ст. да н. э. Палiгнета.

Змяя бога лекараў. — Эмблемай бога лекараў Эскулапа было жазло з абвiтай вакол яго змяёй.

Эгiна — выспа у Саранiцкай затоцы паблiзу Афiн.

Ларыса — вялiкi горад у Фесалii.

Каля трэцяй варты… — Ноч дзялiлася на 4 варты. Трэцяя варта пачыналася прыблiзна каля поўначы.

Эндзiмiён — паводле падання, укаханы багiнi Луны, прыгожы юнак, пагружаны ў вечны сон.

...пакiнутая Калiпса… — Адысей пакiнуў нiмфу Калiпса па загаду багоў ("Адысея", V).

Назад Дальше