Пры даволі моцным спадарожным ветры мы пераплылі лагуну, якая мела тут у шырыню шэсць міль. Мы са шчырым смуткам пазіралі на знаёмыя пальмы вострава Кон-Цікі, верхавіны якіх, пагойдваючыся, пасылалі нам апошняе прывітанне; але неўзабаве асобных дрэў ужо нельга было разгледзець, а потым і ўвесь востраў ператварыўся ў вузкую палоску зямлі, падобную на ўсе іншыя астраўкі, што раскінуліся ўздоўж усходняга рыфа. А наперадзе ўсё яскравей вырысоўваліся больш вялікія астравы. На адным з іх мы ўбачылі мол і дым, які ўзнімаўся над хацінамі сярод пальмаў.
Вёска, здавалася, зусім вымерла: не відаць было ні душы. Што там задумалі? На беразе за молам з каралавых глыбаў стаялі дзве адзінокія фігуры: адна — высокая і сухарлявая, другая — вялізная і тоўстая, як бочка. Калі мы падышлі, мы пачціва прывіталіся з абедзвюма. Гэта былі правадыр Тэка і яго намеснік Тупухое. Нам усім з першага позірку спадабалася шырокая сардэчная ўсмешка Тупухое. Тэка быў вельмі разумны чалавек і добры дыпламат, а Тупухое быў сапраўднае дзіця прыроды — на рэдкасць шчыры, поўны гумару і першабытнага здаровага розуму. Магутным складам і велічнымі рысамі твару ён дакладна адпавядаў вобразу палінезійскага правадыра, таму вобразу, які быў створаны нашым уяўленнем. I сапраўды, Тупухое раней быў паўнаўладным правадыром вострава, але паступова Тэка заняў першае месца, бо ён ўмеў гаварыць па-французску, лічыць і пісаць, і таму гаспадары шхунаў, што прыходзілі з Таіці па копру, больш не аблічвалі жыхароў вёскі.
Тэка растлумачыў нам, што мы павінны ўсе разам накіравацца ў вёску к дому для сходаў, і калі ўсе сышлі на бераг, урачыстая працэсія рушыла туды;
Герман ішоў наперадзе з флагам, які развяваўся на дрэўку гарпуна, а за ім — я паміж двума правадырамі.
У вёсцы ўсё сведчыла аб гандлі копрай з Таіці; дошкі і гафрыраванае жалеза былі прывезены на шхунах. Некаторыя хаціны былі пабудаваны ў дзівосным старадаўнім стылі з сукоў і пераплеценых пальмавых лісцяў, іншыя былі збіты цвікамі з дошак і нагадвалі маленькія трапічныя бунгала. Вялікі дашчаны дом, што стаяў убаку сярод пальмаў, з’яўляўся домам для сходаў; там павінны былі пасяліцца мы, шэсць еўрапейцаў. Праз маленькія заднія дзверы мы з флагам увайшлі ў дом і адразу выйшлі з яго на шырокія прыступкі перад фасадам. Перад намі на плошчы стаялі ўсе здольныя рухацца жыхары вёскі, уключаючы жанчын і дзяцей усіх узростаў. Усе мелі надзвычай сур’ёзны выгляд; нават нашы вясёлыя сябры па востраву Кон-Цікі стаялі ў радах разам з іншымі і рабілі выгляд, што не пазнаюць нас.
Калі мы выйшлі на прыступкі, усе на плошчы адначасова адкрылі раты і заспявалі... «Марсельезу»! Тэка, які ведаў словы, запяваў, і справа ішла даволі гладка, нягледзячы на тое, што некалькі бабуль моцна фальшывілі на высокіх нотах. Жыхары вёскі здорава папрацавалі над развучваннем «Марсельезы». Французскі і нарвежскі флагі былі ўзняты перад тэрасай, і на гэтым закончыўся афіцыйны прыём нас правадыром Тэкам; ён павольна адышоўся ўбок, і цяпер тоўсты Тупухое выйшаў наперад і ўзяўся кіраваць цырымоніяй.
Тупухое хутка падаў знак, па якім усе з запалам заспявалі новую песню. На гэты раз справа ішла лепш, паколькі мелодыя была іх уласная, ды і словы былі на іх роднай мове, а спяваць свае танцавальныя песні яны ўмеюць. Мелодыя пры ўсёй сваёй мілай прастаце гучала так чароўна, што ў нас прабеглі мурашкі па спіне, нібы само Паўднёвае мора з ракатаннем насоўвалася на нас. Некалькі чалавек запявалі, а праз пэўныя інтэрвалы далучаўся ўвесь хор; мелодыя змянялася, але словы ўвесь час заставаліся адны і тыя ж:
«Добры дзень, Тэраі Мацеата і твае людзі, што прыплылі па акіяне на пае-пае да нас на Рароіа; так, добры дзень, заставайцеся даўжэй сярод нас, і няхай у нас будуць адны і тыя ж успаміны, каб мы заўсёды маглі быць разам — нават тады, калі вы паедзеце ў далёкую краіну. Добры дзень».
Нам давялося папрасіць іх праспяваць гэтую песню яшчэ раз, і астраўляне, перастаючы саромецца, усё больш і больш ажыўляліся. Потым Тупухое папрасіў мяне расказаць у некалькіх словах народу, чаму мы прыплылі з-за акіяна на пае-пае; усе хочуць пачуць пра гэта. Я павінен гаварыць па-французску, а Тэка будзе па частках перакладаць.
Перада мною стаяў і чакаў маіх слоў натоўп неадукаваных, але вельмі разумных карычневых людзей. Я расказаў ім, што мне давялося раней пабыць сярод іх аднапляменнікаў тут, на астравах Паўднёвага мора, і што я чуў пра іх першага правадыра, Цікі, які прывёў іх продкаў на гэтыя астравы з нейкай таямнічай краіны, месцазнаходжанне якой зараз ніхто не ведае. Лле ў далёкай краіне, якая называецца Перу, гаварыў я, кіраваў калісьці магутны правадыр, і ён меў імя Цікі. Народ называў яго Кон-Цікі, або Сонца-Цікі, бо, паводле яго слоў, ён быў патомкам сонца. Урэшце Цікі і частка яго прыхільнікаў пакінулі сваю краіну на вялікіх пае-пае; таму мы ўшасцёх думалі, што гэта быў той самы Цікі, які прыйшоў на гэтыя астравы. Паколькі ніхто не паверыў бы, што на пае-пае можна пераплыць акіян, мы самі адплылі на пае-пае з Перу; і вось мы тут; значыць, пераплыць можна было. Пасля таго як Тэка пераклаў маю кароткую прамову, Тупухсе, моцна ўзбуджаны, у нейкім экстазе выскачыў наперад і стаў перад натоўпам. Нн гучна крычаў па-палінезійску, размахваў рукамі, паказваў на неба і на нас, і ў яго гарачай прамове ўвесь час паўтаралася слова Цікі. Ён гаварыў так шпарка, што цяжка было прасачыць за сэнсам, але ўсе палінезійцы на плошчы лавілі кожнае яго слова і былі яўна ўсхваляваны. Тэка, наадварот, меў вельмі збянтэжаны выгляд, калі яму прыйшлося перакладаць.
Тупухое гаварыў аб тым, што яго бацька, і дзед, і прадзеды расказвалі пра Цікі, і, паводле іх слоў, Цікі быў першым правадыром, які цяпер знаходзіцца на небе. Але потым прыйшлі белыя людзі і сказалі, што паданні іх продкаў хлусня. Цікі ніколі не існаваў. Ён зусім не на небе, бо там Іегова. Цікі быў язычаскім богам, і яны больш не павінны верыць у яго. А цяпер мы ўшасцёх прыплылі да іх па акіяне на пае-пае. Мы першыя белыя людзі, якія прызнаюць, што іх бацькі гаварылі праўду. Цікі сапраўды жыў, але цяпер ён памёр і знаходзіцца на небе.
Спалохаўшыся, што я магу звесці на нішто ўсю працу місіянераў, я паспяшаўся выйсці наперад і растлумачыў, што Цікі сапраўды жыў — гэта так, не можа быць ніякіх сумненняў, — і што ён даўно памёр. Але знаходзіцца ён цяпер на небе ці ў пекле, ведае адзін толькі Іегова, бо Іегова быў заўсёды на небе, а Цікі быў смертным чалавекам, вялікім правадыром, як Тэка і Тупухое, можа, нават яшчэ больш вялікім.
Мае словы развесялілі і задаволілі палінезійцаў; яны ківалі галавой, з ухвалой мармыталі штосьці, і гэта яскрава сведчыла, што маё тлумачэнне ім да спадобы. Цікі калісьці жыў, гэта было галоўнае. Калі ён цяпер знаходзіцца ў пекле, дык, больш чым каму, непрыемна ад гэтага яму самому; Тупухое выказаў нават думку, што ў такім выпадку, бадай, ёсць больш надзеі сустрэцца з ім зноў.
Тры старыя дзяды праціснуліся наперад і пажадалі паціснуць нам рукі. Можна было не сумнявацца, што гэта яны захоўвалі ў народзе ўспаміны аб Цікі. Правадыр сказаў нам, што адзін з дзядоў ведае безліч паданняў і гістарычных балад з часоў далёкіх продкаў. Я запытаўся ў старога, ці няма ў паданнях якіх-небудзь намёкаў на тое, з якога боку прыйшоў Цікі. Не, ніводзін з дзядоў не мог успомніць, каб яму даводзілася чуць пра гэта. Але, доўга і старанна падумаўшы, самы стары з трох сказаў, што Цікі суправаджаў блізкі родзіч, па імені Мауі, а ў баладзе пра Мауі гаварылася, што ён прыйшоў на астравы з Пура, а слова «пура» азначае тую частку неба, дзе ўсходзіць сонца. Калі Мауі прыйшоў з Пура, сказаў стары, то, вядома, і Цікі прыйшоў з таго ж месца, а мы ўшасцёх таксама прыплылі на пае-пае з Пура, гэта зусім відавочна.
Я расказаў старым, што на невялікім адзінокім востраве, які называецца Мангарэва і які размешчаны бліжэй да вострава Пасхі, жыхары ніколі не ведалі лодак і аж да нашых дзён заўсёды плавалі па акіяне на вялікіх пае-пае. Аб гэтым дзяды не чулі, але яны ведалі, што іх продкі таксама карысталіся вялікімі пае-пае, якія паступова выйшлі з ужытку і аб якіх цяпер ведаюць толькі па назве і па паданнях. У далёкія старажытныя часы, дадаў самы стары з дзядоў, яны называліся «ронга-ронга», але цяпер гэтага слова ў мове больш не існуе. Аднак назва «ронга-ронга» ўпамінаецца ў самых старадаўніх легендах.
Гэтая назва зацікавіла мяне, таму што Ронга — на некаторых астравах вымаўляюць Лона — было імя аднаго з найбольш славутых легендарных продкаў палінезійцаў. У расказах пра яго падкрэслівалася, што ён меў белую скуру і светлыя валасы. Калі капітан Кук упершыню наведаў Гавайскія астравы, жыхары сустрэлі яго з распасцёртымі абдымкамі, бо яны палічылі, што гэта іхні белы суродзіч Ронга, які адсутнічаў шмат пакаленняў, а цяпер вярнуўся з радзімы іх продкаў на гэтым вялікім парусным судне. А на востраве Пасхі словам «ронга-ронга» называлі загадкавыя іерогліфы, таямніца якіх была пахавана разам з апошнім «даўгавухім», які ўмеў пісаць!
Між тым як старыя хацелі пагаварыць пра Цікі і ронга-ронга, маладым не цярпелася паслухаць пра кітовую акулу і падарожжа па акіяне. Але пачастунак быў ужо гатовы, а Тэка стаміўся перакладаць з адной мовы на другую.
Цяпер усім жыхарам вёскі было дазволена падысці і паціснуць руку кожнаму з нас. Мужчыны мармыталі «іа-ора-на» і траха не вывіхвалі нам руку, дзяўчаты стараліся праціснуцца наперад і віталіся з намі какетліва і сарамліва, а старыя бабулі лепяталі і хіхікалі, паказваючы на нашы бароды і белую скуру. Усе твары ззялі сяброўскай прыхільнасцю, так што розныя лінгвістычныя непаразуменні не мелі ніякага значэння. Калі астраўляне гаварылі нам што-небудзь зусім незразумелае па-палінезійску, мы адказвалі ім тым жа па-нарвержску, і ўсе вельмі весяліліся. Першае палінезійскае слова, якое мы вывучылі, было «падабаецца»; калі да таго ж можна было паказаць на тое, што нам падабалася, і разлічваць адразу ж атрымаць яго, дык усё было вельмі проста. Калі ж пры слове «падабаецца» моршчыўся нос, то гэта азначала «не падабаецца», і на гэтай аснове мы маглі зусім добра гаварыць між сабой.
Як толькі мы перазнаёміліся з усімі 127 жыхарамі вёскі, быў пастаўлены доўгі стол для абодвух правадыроў і нас, шасцёх, і вясковыя дзяўчаты пачалі прыносіць самыя далікатныя і смачныя стравы. Пакуль адны расстаўлялі ўсё на стале, падышлі другія і павесілі вянкі з кветак нам на шыю, а крыху меншыя вянкі надзелі нам на галаву. Кветкі мелі цудоўны, тонкі пах, а іх халаднаваты дотык у спёку быў вельмі прыемны. Так пачалося свята ў гонар нас, якое працягвалася некалькі тыдняў, пакуль мы не пакінулі востраў. Вочы ў нас шырока расплюшчыліся і рот напоўніўся слінай, калі мы ўбачылі сталы, застаўленыя смажанымі малочнымі парасятамі, куранятамі, смажанымі качкамі, свежымі амарамі, палінезійскімі рыбнымі стравамі, пладамі хлебнага і дыннага дрэва, малаком какосавых арэхаў. I ў той час як мы накінуліся на яду, натоўп весяліў нас палінезійскімі песнямі, а маладыя дзяўчаты танцавалі вакол стала. Мае таварышы смяяліся і былі ў поўным захапленні; выгляд мы мелі самы недарэчны, калі сядзелі за сталом з бародамі, якія развяваліся пад павевамі ветру, і з вянкамі з кветак на галаве, аплятаючы за абедзве шчакі, нібы перад гэтым толькі што паміралі з голаду. Абодва правадыры, як і мы, не хавалі свайго задавальнення.
Пасля яды пачаліся палінезійскія танцы ў грандыёзным маштабе. Жыхары вёскі хацелі паказаць нам мясцовыя народныя танцы. Нас, шасцёх, Тэку і Тупухое пасадзілі на табурэткі ў першым радзе, потым з’явіліся два гітарысты, прыселі на кукішкі і забрынчалі на сваіх інструментах сапраўдныя мелодыі Паўднёвага мора. Праз кола гледачоў, якія таксама сядзелі на кукішках і спявалі, слізгаючы і выгінаючыся, у круг увайшлі, тандуючы, два ланцугі мужчын і жанчын з шаматлівымі спаднічкамі з пальмавага лісця вакол сцёгнаў. Жвавым і энергічным запявалам была на дзіва тоўстая вахінэ, у якой адну руку калісьці адкусіла акула. Спачатку танцоры трымаліся крыху тэатральна і напружана; але калі яны ўбачылі, што белыя людзі з пае-пае не адварочваюць нос ад народных танцаў іх прабацькоў, танец пачаў усё больш і больш ажыўляцца. У яго ўключыліся і некаторыя пажылыя; ва ўсіх было цудоўнае адчуванне рытму, і яны ведалі танцы, якіх звычайна ўжо, вядома, не танцуюць. А калі сонца апусцілася ў Ціхі акіян, танцы сярод пальмаў пачалі набываць яшчэ больш бурны характар, і воплескі гледачоў рабіліся ўсё больш дружнымі. Танцоры забылі, што на іх глядзяць шэсць чужаземцаў; цяпер мы, шэсць белых, былі людзьмі іх народа і цешыліся відовішчам разам з імі.
Рэпертуар не меў канца: адна чароўная мімічная сцэна змяняла другую. Нарэшце натоўп юнакоў сеў на кукішкі, утварыўшы цеснае кола якраз перад намі, і па знаку Тупухое пачаў рытмічна адбіваць такт далонямі па зямлі — спачатку павольна, потым хутчэй і хутчэй; калі рытм стаў зусім бездакорным, нечакана ўключыўся барабаншчык і пачаў акампаніраваць ім, з шалёнай хуткасцю стукаючы дзвюма палкамі па сухім выдаўбленым цурбане; гук пры гэтым быў моцны і рэзкі. Пасля таго як рытм дасягнуў патрэбнага тэмпу, пачуўся спеў і ў кола імкліва ўскочыла дзяўчына з вянком з кветак вакол шыі і кветкамі за вухам. Басанож, сагнуўшы калені, яна рухалася ў такт музыцы, рытмічна пагойдваючы клубамі і закінуўшы рукі над галавой у сапраўдным палінезійскім стылі. Яна танцавала цудоўна, і неўзабаве ўсе гледачы адбівалі рытм, пляскаючы далонямі па зямлі. Яшчэ адна дзяўчына ўскочыла ў кола, а за ёю трэцяя. Яны рухаліся з дзівоснай гібкасцю, строга прытрымліваючыся рытму, і кружыліся ў танцы адна вакол другой, як грацыёзныя цені. Глухія ўдары рукамі па зямлі, спеў і вясёлы бой драўлянага барабана адначасова ўсё паскаралі і паскаралі свой тэмп, танец рабіўся ўсё больш і больш ашалелым, а гледачы аж вылі ад захаплення і адбівалі такт, стукаючы далонямі па зямлі.
Гэта было жыццё Паўднёвага мора, якім яго, гэтае жыццё, ведалі ў старыя часы. Зоркі мігцелі і пальмы пагойдваліся. Ноч была цёплая і доўгая, поўная водару кветак і спеву цыкад. Тупухое шырока ўсміхнуўся і пляснуў мяне па плячы.
— Маітаі? — спытаў ён.
— Так, маітаі, — адказаў я.
— Маітаі? — запытаўся ён ва ўсіх астатніх.
— Маітаі, — з энтузіязмам адказалі ўсе, і гэта было сапраўды так.
— Маітаі, — прамовіў Тупухое, ківаючы галавой і паказваючы на сябе; ён таксама быў вельмі задаволены.
Нават Тэка лічыў, што свята ўдалося вельмі добра; упершыню, сказаў ён, белыя людзі прысутнічаюць на іх танцах на Рароіа. Усё больш і больш хуткім рабіўся пошчак барабана, плясканне ў далоні, спевы і танцы. Але вось адна з дзяўчат перастала рухацца па кругу і, стоячы на месцы, пачала ўся выгінацца ў шалёным тэмпе, выцягнуўшы рукі ў бок Германа. Герман пасміхаўся ў бараду; ён не ведаў, што яму рабіць, як паставіцца да ўсяго гэтага.
— Падтрымайце нашу марку, — шапнуў я яму, — вы ж добры танцор.
I, на вялікую радасць натоўпу, Герман скочыў у кола і, сагнуўшыся ледзь не папалам, пачаў старанна вырабляць, выгінаючыся ўсім целам, складаныя па палінезійскага танца. Весялосць ахапіла ўсіх. Неўзабаве Бенгт і Тарстэйн кінуліся ў скокі; пот струменіў па іх тварах, калі яны працавалі з усяе сілы, стараючыся не адставаць ад акампанементу, рытм якога ўсё паскараўся і паскараўся; тэмп зрабіўся такім шалёным, што цяпер чуваць былі толькі гукі барабана, якія зліліся ў адзін працяглы гул, а тры сапраўдныя палінезійскія танцоркі ў такт музыцы дрыжалі, як асінавае лісце; нарэшце дзяўчаты апусціліся на зямлю, і бой барабана рэзка абарваўся.
Цяпер героямі вечара былі мы. Энтузіязм гледачоў не ведаў межаў.
Наступным нумарам праграмы быў танец птушак, адна з самых старажытных цырымоній на Рароіа. Мужчыны і жанчыны двума радамі, нібы чароды птушак, скакалі ў рытмічным танцы пад кіраўніцтвам галоўнага танцора. Галоўны танцор меў тытул правадыра птушак і вырабляў усім сваім целам пацешныя рухі, але ў агульным танцы не ўдзельнічаў. Калі танец птушак скончыўся, Тупухое растлумачыў, што ён быў выкананы ў гонар нашага плыта і што цяпер яго трэба паўтарыць, але галоўнага танцора павінен змяніць я. Паколькі мне здавалася, што асноўная задача галоўнага танцора заключалася ў тым, каб гарланіць дзікім голасам і кружыцца, віляючы задам і размахваючы рукамі над галавой, я насунуў глыбей на галаву свой вянок і выйшаў на сцэну. Выкручваючыся ў танцы, я бачыў, як рагатаў, ледзь не падаючы з табурэткі, стары Тупухое; музыка пачала слабець, бо спевакі і музыканты ўслед за Тупухое заходзіліся ад рогату.
Цяпер танцаваць хацелі ўсе, старыя і маладыя, і неўзабаве барабаншчык і музыканты, якія білі рукамі па зямлі, зноў апынуліся на сваіх месцах і зайгралі ўступ да агністага палінезійскага танца. Спачатку ў кола выбеглі дзяўчаты і пачалі скакаць, усё паскараючы і паскараючы рытм, яны запрашалі ўсіх нас па чарзе прыняць удзел у танцы, да якога паступова далучалася ўсё больш і больш мужчын і жанчын, якія тупалі нагамі і выгіналіся ўсё хутчэй і хутчэй.
Але Эрыка ніяк не ўдавалася разварушыць. Ад ветру і сырасці на плыце ў яго быў рэцыдыў прастрэлу, і ён, барадаты і нерухомы, сядзеў, як стары шкіпер, пыхкаючы люлькай. Яго не маглі зрушыць з месца дзяўчаты-танцоркі, што спрабавалі завабіць госця ў кола. На ім былі шырокія штаны з аўчын, якія ён надзяваў на сябе ўночы ў самы халодны час, калі наш «Кон-Цікі» рухаўся ў плыні Гумбольдта; седзячы пад пальмамі, голы па пояс, з вялікай барадой, у штанах з аўчын, ён, як дзве кроплі вады, быў падобны на Рабінзона Круза. Адна прыгожанькая дзяўчына за другой стараліся заваяваць яго прыхільнасць, але дарэмна. Ён, не кранаючыся з месца, сядзеў з вянком на кудлатай галаве і важна пыхкаў люлькаю.
Але вось дзябёлая цётка з магутнымі мускуламі выйшла ў кола, зрабіла некалькі больш-менш грацыёзных па, а потым, доўга не думаючы, рушыла да Эрыка. Ён з трывогай пазіраў на яе, але амазонка, чароўна ўсміхаючыся, рашуча схапіла яго за руку і сцягнула з табурэткі. Камічныя штаны Эрыка былі пашыты поўсцю ўсярэдзіну, і ззаду яны крыху распароліся, так што тырчаў белы касмыль воўны, які нагадваў заечы хвост. Эрык цягнуўся за сваёй дамай вельмі неахвотна і, накульгваючы, увайшоў у кола; у адной руцэ ён трымаў люльку, а другую прыціскаў да таго месца, дзе ў яго балела ад прастрэлу. Калі ён паспрабаваў зрабіць некалькі скачкоў, яму прыйшлося выпусціць з рук штаны, каб паправіць гатовы зваліцца вянок, а потым, са збітым набок вянком, ён вымушаны быў зноў схапіцца за свае штаны, якія пад уласным цяжарам пачалі спаўзаць з яго. У яго тоўстай дамы, што тупала ў танцы перад ім, быў не менш пацешны выгляд, і мы смяяліся так, што ажно слёзы капалі з нашых барод. Неўзабаве ўсе астатнія танцоры спыніліся, і выбухі рогату перакочваліся па пальмавым гаі, а танцор Эрык і жанчына-цяжкаатлет не пераставалі грацыёзна кружыцца. Нарэшце і яны былі вымушаны спыніцца, бо і спевакі і музыканты не маглі больш трываць і ледзь не качаліся па зямлі ад смеху.
Свята не спынялася да самага світання, і толькі раніцай нам было дазволена крыху адпачыць; але спачатку мы павінны былі зноў паціснуць рукі ўсім 127 жыхарам вострава. На працягу ўсяго нашага знаходжання на Рароіа мы кожную раніцу і кожны вечар паціскалі рукі ўсім жыхарам. Шэсць пасцеляў былі сабраны па ўсіх хацінах вёскі і пакладзены адна ля адной уздоўж сцяны дома для сходаў; на іх мы спалі, лёгшы ў рад, як сем маленькіх гномаў у казцы, і над нашымі галовамі віселі пахучыя вянкі.
Назаўтра шасцігадоваму хлопчыку, у якога быў нарыў на галаве, стала зусім кепска. Тэмпература ў яго ўзнялася да 41 градуса, і нарыў на самай макаўцы галавы зрабіўся велічынёю з кулак дарослага мужчыны і балюча пульсаваў.
Тэка расказаў, што ўжо шмат дзяцей загінула ад гэтай хваробы і што калі ніхто з нас не здолее прыдумаць якое-небудзь лячэнне, дык хлопчык не пражыве і некалькі дзён. У нас былі новыя прэпараты пеніцыліну ў форме таблетак, але мы не ведалі, якую дозу трэба даваць малому дзіцяці. Калі мы пачнем лячыць хлопчыка і ён памрэ, гэта, магчыма, будзе мець сур’ёзныя вынікі для ўсіх нас.
Кнут і Тарстэйн зноў распакавалі радыёстанцыю і нацягнулі антэну паміж самымі высокімі какосавымі пальмамі. Калі настаў вечар, мы зноў наладзілі сувязь з нашымі нябачнымі сябрамі, Галам і Фрэнкам, якія сядзелі ў сябе ў пакоі ў Лос-Анжаласе. Фрэнк злучыўся па тэлефоне з доктарам, і мы з дапамогай ключа Морзэ перадалі ўсе сімптомы хваробы хлопчыка і спіс лякарстваў, што былі ў нашай аптэчцы. Фрэнк перадаў нам адказ доктара, і ў гэты ж вечар мы пайшлі ў хаціну, дзе кідаўся ў гарачцы маленькі Хаумата, а палова вёскі плакала і галасіла над ім.
Герман і Кнут павінны былі ўзяцца за лячэнне, а астатнім хапала клопатаў з жыхарамі вёскі, якія стараліся трапіць у хаціну. Калі мы прыйшлі з вострым нажом і папрасілі згатаваць ваду, маці хлопчыка ледзь не самлела. Кнут і Герман пагалілі валасы на галаве хлопчыка і разрэзалі нарыў. Гной пырснуў траха не пад столь, і некалькі ўсхваляваных палінезійцаў уварваліся ў хаціну; іх прыйшлося выгнаць. Тут было не да жартаў. Пасля таго як рана была ачышчана і прадэзінфіцыравана, на галаву хлопчыка налажылі павязку, і мы пачалі лячэнне пеніцылінам. На працягу двух сутак малому давалі пеніцылін праз кожныя чатыры гадзіны; тэмпература трымалася вельмі высокая, і ўвесь час ішоў гной. I кожны вечар мы бралі кансультацыю ў доктара з Лос-Анжаласа. Потым тэмпература ў хлопчыка адразу знізілася, гной змяніўся плазмай, і пачаўся працэс загойвання; хлопчык усміхаўся і прасіў паказаць яму кніжкі з малюнкамі незвычайнага свету белых людзей, у якім існавалі аўтамабілі, каровы і дамы ў некалькі паверхаў.
Праз тыдзень Хаумата гуляў на беразе з іншымі дзецьмі; спачатку на галаве ў яго была вялікая павязка, а потым яму дазволілі яе зняць.
Цяпер, калі ўсё закончылася шчасліва, у вёсцы выявілася безліч хворых. У кожнага балелі зубы або быў сапсаваны жывот, і ва ўсіх, у старых і ў маладых, былі скулы ў самых розных месцах. Мы адсылалі хворых да доктара Кнута і доктара Германа, якія назначалі дыэты і шчодра раздавалі мазі і пілюлі, што былі ў нашай аптэчцы. Некаторыя вылечыліся, горш ад нашых лекаў нікому не было, і калі аптэчка апусцела, мы гатавалі кашку з какавы і аўсянай мукі, якая вельмі памагала істэрычным жанчынам.
Мы пражылі сярод нашых карычневых паклоннікаў некалькі дзён, і свята ў гонар нас, дасягнуўшы свайго апагея, вылілася ў новую цырымонію. Мы павінны былі стаць ганаровымі грамадзянамі Рароіа і атрымаць палінезійскія імёны. Сам я не павінен больш заставацца Тэары Мацеата: так маглі мяне называць на Таіці, але не тут, сярод іх.
Пасярод плошчы для нас паставілі шэсць табурэтак, і ўся вёска сабралася раней часу, каб заняць лепшыя месцы вакол пас. Тэка з важным выглядам сядзеў разам з усімі; ён быў сапраўдным правадыром, але толькі не ў тых выпадках, калі справа ішла аб старадаўніх мясцовых цырымоніях. Тады на першы план выступаў Тупухое.