Калі цемра ахутала раку, на беразе пачаўся аглушальны канцэрт. Жабы і рапухі, маскіты і цвыркуны квакалі, гулі і стракаталі, нібы шматгалосы хор. Час-ад-часу ў цемры чуўся прарэзлівы віск дзікай кошкі, то тут, то там пішчалі спуджаныя са сваіх месц начнымі марадзёрамі джунгляў птушкі. Некалькі разоў мы бачылі цьмянае святло агню ў хацінах лясных жыхароў і чулі крыкі людзей і брэх сабак, калі мы праплывалі ў цемры міма. Але часцей за ўсё цішыня ночы парушалася толькі лясным канцэртам, і мы моўчкі сядзелі, любуючыся зорным небам, пакуль дрымота і дождж не загналі нас у каюту з лісця, дзе мы палеглі спаць, не забыўшы папярэдне паставіць на баявы ўзвод рэвальверы.
Чым далей плылі мы ўніз па рацэ, тым часцей трапляліся нам хаціны і плантацыі туземцаў, і неўзабаве з абодвух бакоў на берагах з’явіліся сапраўдныя вёскі. Рух на рацэ падтрымліваўся тут з дапамогай чаўноў, на якіх плылі, адпіхваючыся доўгімі жэрдкамі; тут і там мы бачылі маленькія бальзавыя плыты, нагружаныя кучамі зялёных бананаў.
Там, дзе Паленке злівалася з Рыё Гуаяс, рака была ўжо такая глыбокая, што паміж горадам Вінсес і ўзбярэжным портам Гуаякіль дзелавіта курсіраваў колавы параход. Каб сэканоміць час, Герман і я пераселі на параход і паплылі на ім міма густа населеных роўных берагоў да акіяна. Нашы карычневыя прыяцелі павінны былі, застаючыся ўдвух на плыце, плысці следам за намі.
У Гуаякіле Герман і я развіталіся. Ён застаўся ля вусця ракі Гуаяс, каб чакаць бальзавыя бярвенні. Ён павінен быў пагрузіць іх на параход кабатажнага плавання і прывезці ў Перу, а там распачаць будаўніцтва плыта і прасачыць за тым, каб ён быў дакладнай копіяй старадаўніх індзейскіх плытоў. А я на рэйсавым самалёце вылецеў на поўдзень у сталіцу Перу, Ліму, каб пашукаць адпаведнае месца для будаўніцтва плыта.
Самалёт ляцеў на вялікай вышыні ўздоўж берага Ціхага акіяна; з аднаго боку цягнуліся пустэльныя горы Перу, а з другога далёка ўнізе слаўся зіхатлівы акіян. Там мы мелі намер распачаць сваё плаванне на плыце. Калі я глядзеў з вышыні на акіян, ён здаваўся мне бязмежным. Неба і мора зліваліся ў няўлоўнай рысцы небасхілу далёка-далёка на захадзе, і я не мог пазбавіцца ад думкі, што і за небасхілам распасціраюцца многія сотні такіх марскіх раўнін, якія агінаюць адну пятую зямнога шара, перш чым зноў дасягаюць зямлі — астравоў Палінезіі. Я спрабаваў сканцэнтраваць свае думкі на тым, што чакае нас праз некалькі тыдняў, калі мы паплывём на малюсенькім плыце па гэтым блакітным бязмежным прасторы, але паспяшаўся хутчэй прагнаць і гэтую думку, бо яна выклікала ў мяне непрыемнае адчуванне, якое ахоплівае звычайна чалавека, калі ён збіраецца вось-вось скочыць з парашутам.
Дабраўшыся да Лімы, я паехаў на трамваі ў порт Кальяо пашукаць месца, дзе мы маглі б заняцца будаўніцтвам плыта. Я адразу ж убачыў, што ўсе прычалы былі забіты суднамі і ўздоўж усяго берага стаялі краны і пакгаузы, таможныя склады, дамы партовага кіраўніцтва і іншыя будынкі. Крыху далей ад гавані бераг не быў забудаваны, але там было столькі купальшчыкаў, што гэтая цікаўная публіка як бачыш расцягнула б плыт з усім рыштункам, варта было б нам толькі на момант адвярнуцца ад яго. Кальяо з’яўляецца зараз самым вялікім портам краіны з сямімільённым белым і карычневым насельніцтвам. Для тых, хто будуе плыты, час у Перу змяніўся яшчэ больш, чым у Эквадоры, і я бачыў толькі адзін выхад — трэба прабрацца за высокую агарожу, што акружае ваенны порт, ля чыгунных варот якога стаяла варта са зброяй у руках; вартавыя злосна і падазрона кідалі позіркі на мяне і іншых пабочных людзей, што праходзілі міма агарожы. Той, хто здолее трапіць туды, будзе знаходзіцца ў поўнай бяспецы.
У Вашынгтоне я сустрэўся з перуанскім марскім аташэ і меў ад яго рэкамендацыйнае пісьмо. Назаўтра я пайшоў з гэтым пісьмом у марское міністэрства і папрасіў, каб мяне прыняў марскі міністр Мануэль Ніета. Ён прымаў наведвальнікаў раніцой у прыгожай, абстаўленай у стылі ампір зале міністэрства, дзе ўсё зіхацела люстрамі і пазалотай. Я крыху пачакаў, а потым увайшоў міністр у параднай форме, нізкі прысадзісты афіцэр; няўмольны, як Напалеон, ён гаварыў коратка і дакладна. Ён запытаў, што мне трэба, і я адказаў, што прашу, каб мяне дапусцілі ў ваенны порт для будаўніцтва драўлянага плыта.
— Малады чалавек, — сказаў міністр, сярдзіта барабанячы пальцамі па стале. — Вы стукаецеся не ў тыя дзверы. Я з прыемнасцю дапамагу вам, але мне неабходна мець дазвол міністра замежных спраў; само сабой зразумела, што я не магу пусціць чужаземцаў на ваенную тэрыторыю і дазволіць ім карыстацца ваеннымі майстэрнямі. Звярніцеся ў пісьмовай форме да міністра замежных спраў. Жадаю поспеху.
Я з жахам падумаў аб паперках, што перасылаюцца з месца на месца і знікаюць у нетрах канцылярый. Якое шчасце было жыць у грубую эпоху Кон-Цікі, калі не існавала такіх перашкод, як пісьмовая заява! Трапіць асабіста да міністра замежных спраў было куды цяжэй. Нарвегія не мела дыпламатычнага прадстаўніка ў Перу, і наш генеральны консул Бар, які заўсёды гатоў быў услужыць мне, мог дапамагчы мне сустрэцца толькі з саветнікам міністэрства замежных спраў. Я баяўся, што далей гэтага справа не пойдзе. Цяпер магло спатрэбіцца пісьмо доктара Коена прэзідэнту рэспублікі. I я звярнуўся да ад’ютанта прэзідэнта Перу з просьбай аб аудыенцыі ў яго правасхадзіцельства дона Хосе Бустаментэ і Рывера. Праз некалькі дзён мне паведамілі, што я павінен быць у палацы а дванаццатай гадзіне.
Ліма — сучасны горад з паўмільённым насельніцтвам; ён раскінуўся на зялёнай раўніне ля падножжа пустэльных гор. Па сваёй архітэктуры, а таксама, бадай што, не ў меншай ступені, дзякуючы сваім садам і бульварам ён, бясспрэчна, з’яўляецца адной з самых прыгожых сталіц у свеце — кутком сучаснай Рыўеры або Каліфорніі, ажыўленым маляўнічымі будынкамі ў старадаўнім іспанскім стылі. Палац прэзідэнта знаходзіцца ў цэнтры горада і ўзмоцнена ахоўваецца ўзброенымі вартавымі ў яркай форме. Атрымаць аудыенцыю ў Перу — справа сур’ёзная, і пераважная большасць жыхароў бачыла прэзідэнта толькі на экране кіно. Салдаты з бліскучымі патранташамі правялі мяне ўгору па лесвіцы, а потым па доўгім калідоры; у канцы яго трое ў цывільным праверылі мае дакументы і запісалі мяне ў кнігу; перада мною адчынілі масіўныя дубовыя дзверы, і я апынуўся ў пакоі, дзе стаяў доўгі стол і некалькі радоў крэслаў. Там мяне сустрэў нейкі мужчына ў белым касцюме, папрасіў мяне сесці, а сам знік. Праз некалькі секунд расчыніліся шырокія дзверы, і мяне папрасілі зайсці ў наступны пакой, абстаўлены з куды большай раскошай. Нейкая важная фігура ў бездакорным мундзіры рушыла насустрач мне.
«Прэзідэнт», — падумаў я і выцягнуўся ў струнку. Але не. Чалавек у расшытым золатам мундзіры прапанаваў мне сесці ў старадаўняе крэсла з прамой спінкай і знік. Я не праседзеў на краёчку крэсла і мінуты, як расчыніліся яшчэ адны дзверы і слуга з паклонам запрасіў мяне ў вялікі, багата ўпрыгожаны, пазалочаны пакой з пазалочанай мэбляй. Слуга знік гэтак жа нечакана, як і з’явіўся, і я ў адзіноце застаўся сядзець на старадаўняй канапе, разглядаючы анфіладу пустых пакояў з насцеж расчыненымі дзвярыма. Было так ціха, што я чуў, як хтосьці прыглушана кашляў за некалькі пакояў ад мяне. Потым пачуліся цвёрдыя крокі, яны ўсё набліжаліся; я ўсхапіўся з канапы і нерашуча пакланіўся важнаму пану ў форме. Але не, гэта таксама быў не ён. З таго, што сказаў гэты пан, я зразумеў, што прэзідэнт шле мне свае прывітанні і што ён хутка вызваліцца, як толькі закончыцца пасяджэнне савета міністраў. Праз дзесяць хвілін цвёрдыя крокі зноў парушылі цішыню, і на гэты раз у пакой увайшоў чалавек з залатымі аксельбантамі і эпалетамі. Я імкліва ўсхапіўся з канапы і нізка пакланіўся. Чалавек пакланіўся яшчэ ніжэй і павёў мяне праз некалькі пакояў і ўгору па лесвіцы, засланай тоўстымі дыванамі. Ён пакінуў мяне ў малюсенькім пакойчыку, у якім стаялі канапа і скураное крэсла Увайшоў мужчына невысокага росту, у белым касцюме; я пакорліва стаяў, чакаючы, што ён зноў мяне куды-небудзь павядзе. Але ён нікуды мяне не павёў, толькі ветліва прывітаўся і застаўся на месцы. Гэта быў прэзідэнт Бустаментэ Рывера.
Прэзідэнт ведаў па-англійску ў два разы больш, чым я па-іспанску; пасля таго як мы абмяняліся прывітаннямі і ён жэстам запрасіў мяне сесці, наш сумесны запас слоў быў вычарпаны. Знакамі і жэстамі можна сказаць шмат што, але нельга з іх дапамогай атрымаць дазвол на будаўніцтва плыта ў перуанскім ваенным порце. Я здагадаўся, што прэзідэнт мяне не разумее, а сам ён здагадаўся аб гэтым яшчэ раней, бо праз некаторы час ён выйшаў, а потым вярнуўся ў суправаджэнні міністра авіяцыі. Міністр авіяцыі генерал Рэверэда быў энергічны, атлетычнага складу мужчына ў форме ваенна-паветраных сіл з крыльцамі на грудзях. Ён добра гаварыў па-англійску з амерыканскім акцэнтам.
Я папрасіў прабачыць мне за непаразуменне і сказаў, што хацеў бы, каб мне далі дазвол прайсці не на аэрадром, а ў ваенны порт. Генерал засмяяўся і растлумачыў, што яго запрасілі сюды толькі як перакладчыка. Крок за крокам мая тэорыя была выкладзена прэзідэнту, які ўважліва слухаў і задаваў пры дапамозе генерала Рэверэда слушныя пытанні. Пад канец ён сказаў:
— Калі існуе думка, што астравы Ціхага акіяна былі ўпершыню адкрыты людзьмі з Перу, то Перу зацікаўлена ў гэтай экспедыцыі. Скажыце, чым мы можам вам дапамагчы.
Я папрасіў выдзеліць нам месца на тэрыторыі ваеннага порта для будаўніцтва плыта, даць нам магчымасць карыстацца флоцкімі майстэрнямі, забяспечыць памяшканнем, дзе мы маглі б захоўваць рыштунак, і даць дазвол на ўвоз яго ў краіну, дазволіць карыстацца сухім докам і паслугамі рабочых порта для дапамогі нам у рабоце, а таксама даць судна, якое адбуксіравала б нас ад берага. калі мы рушым у дарогу.
— Чаго ён просіць? — нецярпліва спытаў прэзідэнт такім тонам, што нават я зразумеў.
— Нічога асаблівага, — коратка адказаў Рэверэда. I прэзідэнт, задаволены такім адказам, кіўнуў у знак згоды.
Перш чым аудыенцыя была закончана, Рэверэда паабяцаў, што міністр замежных спраў атрымае асабістае ўказанне ад прэзідэнта, а марскому міністру Ніета будзе дадзена поўная свабода дзеянняў для аказання нам неабходнай дапамогі.
— Хай беражэ ўсіх вас бог! — сказаў на развітанне генерал, смеючыся і ківаючы галавой. Увайшоў ад’ютант і правёў мяне да дзяжурнага.
У той жа дзень у газетах Лімы быў надрукаваны артыкул аб нарвежскай экспедыцыі, якая павінна адплыць на плыце ад берагоў Перу; адначасова газеты паведамлялі, што шведска-фінская навуковая экспедыцыя закончыла свае работы па вывучэнню жыцця індзейцаў у джунглях на берагах Амазонкі. Два шведы, удзельнікі гэтай экспедыцыі на Амазонку, падняліся ў чоўне ўверх па рацэ ў Перу і толькі што прыехалі ў Ліму. Адзін з іх быў Бенгт Даніельсон з Упсальскага ўніверсітэта, ён збіраўся цяпер заняцца вывучэннем горных індзейцаў у Перу.
Я выразаў артыкул. Седзячы ў сябе ў нумары, я пісаў пісьмо Герману адносна месца для будаўніцтва плыта, як раптам да мяне пастукалі ў дзверы. Увайшоў высокі загарэлы хлапец у трапічным касцюме; калі ён зняў белы шлем, мне кінулася ў вочы ярка-рыжая барада, якая, здавалася, асмаліла яго твар і выпаліла частку валасоў на галаве. Гэты хлапец з’явіўся з нетраў джунгляў, але адразу можна было здагадацца, што яго месца ва ўніверсітэцкай аўдыторыі.
«Бенгт Даніельсон», — падумаў я.
— Бенгт Даніельсон, — адрэкамендаваўся наведвальнік.
«Ён даведаўся пра плыт», — падумаў я і запрасіў яго прысесці.
— Я толькі што даведаўся пра вашы планы наконт плыта, — прамовіў швед.
«I вось ён прыйшоў, каб разграміць маю тэорыю, паколькі ён этнограф», — падумаў я.
— I вось я прыйшоў, каб высветліць, ці не магу я стаць вашым спадарожнікам на плыце, — міралюбна сказаў швед. — Я цікаўлюся тэорыяй міграцыі.
Я нічога не ведаў пра гэтага чалавека; мне было вядома толькі, што ён вучоны і што ён з’явіўся проста з джунгляў. Але калі швед вырашыў падарожнічаць на плыце адзін з пяццю нарвежцамі, яны не павінны адмаўляцца прыняць яго ў кампанію. Апрача таго, не зважаючы на пышную бараду Бенгта, было відаць, што ён мае вясёлы характар.
Бенгт стаў шостым удзельнікам экспедыцыі, паколькі месца яшчэ было не занята. I, як выявілася, ён з’яўляўся адзіным сярод нас, хто ўмеў гаварыць па-іспанску.
Калі праз некалькі дзён пасажырскі самалёт, роўна гудучы сваімі маторамі, ляцеў уздоўж узбярэжжа на поўнач, я зноў пачціва глядзеў на бязмежны сіні акіян, што рассцілаўся пад намі. Здавалася, што ён павіс і плыве ў самім небе. Неўзабаве мы ўшасцёх саб’емся ў кучу, як мікробы ў пылінцы, недзе там унізе, дзе столькі вады, што ўвесь небасхіл на захадзе здаецца перапоўненым ёю. Мы будзем адны ў акіяне, не маючы магчымасці адысці адзін ад аднаго далей чым на некалькі крокаў. Зрэшты, пакуль што між намі была досыць вялікая адлегласць. Герман знаходзіўся ў Эквадоры і чакаў бярвенняў. Кнут Хаугланд і Тарстэйн Рабю толькі што прыляцелі ў Нью-Йорк. Эрык Хесельберг быў на борце карабля, што плыў з Осла ў Панаму. Сам я ляцеў у Вашынгтон, а Бенгт, гатовы рушыць у дарогу, застаўся ў гасцініцы ў Ліме і чакаў прыезду астатніх.
Усе мае спадарожнікі не ведалі раней адзін аднаго, і ўсе яны былі зусім рознымі людзьмі. Таму на працягу некалькіх тыдняў на плыце мы будзем гарантаваны ад таго, што надакучым адзін аднаму сваімі расказамі. Навальнічныя хмары, нізкі ціск і непагадзь будуць для нас менш небяспечны, чым пагроза сутыкнення характараў шасці чалавек, якім давядзецца некалькі месяцаў знаходзіцца разам на дрэйфуючым плыце. У гэтым выпадку добры жарт часта бывае такім жа карысным, як выратавальны пояс.
У Вашынгтоне ўсё яшчэ стаяла суровая зіма, халодная і снежная. Я вярнуўся туды ў лютым. Бёрн энергічна ўзяўся за праблему радыё, і яму ўдалося зацікавіць амерыканскае таварыства радыё-аматараў і дамовіцца, што яго члены будуць прымаць паведамленні з плыта. Кнут і Тарстэйн займаліся арганізацыяй сувязі, якая павінна была ажыццяўляцца з дапамогай караткахвалевых перадатчыкаў, сканструяваных спецыяльна для гэтай мэты, а часткова з дапамогай партатыўных радыёстанцый, якімі карысталіся ў час вайны ўдзельнікі Супраціўлення. Трэба было вырашыць тысячу пытанняў, вялікіх і маленькіх, калі мы хацелі выканаць у час падарожжа ўсё, што было задумана. А горы паперак у папках усё раслі і раслі. Ваенныя і цывільныя дакументы, белыя, жоўтыя і сінія, на англійскай, іспанскай, французскай і нарвежскай мовах. У наш практычны век нават падарожжа на плыце павінна было абысціся папяровай прамысловасці ледзь не цэлай піхтай. Законы і абмежаванні звязвалі нас па руках і нагах; мы вымушаны былі разблытваць адзін вузел за другім.
— Гатоў біцца аб заклад, што ўся гэтая перапіска важыць дзесяць кілаграм, — сказаў неяк у роспачы Кнут, згінаючыся над пішучай машынкай.
— Дванаццаць, — спакойна ўдакладніў Тарстэйн. — Я ўзважыў.
Мая маці, відаць, добра разумела наша становішча, калі пісала ў гэтыя драматычныя дні апошніх падрыхтаванняў: «Мне хочацца аднаго — ведаць, што вы ўсе шасцёра ўжо шчасліва знаходзіцеся на плыце!»
Потым аднойчы прыйшла спешная тэлеграма з Лімы аб тым, што Герман быў перакулены ў час купання магутнай хваляй і выкінуты на бераг, моцна пабіты і з вывіхнутай шыяй. Ён знаходзіўся на лячэнні ў адной з бальніц Лімы.
Да яго адразу ж вылецелі Тарстэйн Рабю і Герд Волд, якая ў час вайны была прадстаўніцай у Лондане адной з груп нарвежскага руху Супраціўлення, а цяпер дапамагала нам у Вашынгтоне. Герман ужо ачуньваў. Яго паўгадзіны пратрымалі падвешаным на рамнях, сцягнутых вакол галавы, пакуль дактары ставілі яму на месца першы шыйны пазванок. Рэнтгенаўскі здымак паказаў, што пазванок меў трэшчыну і перавярнуўся задам наперад. Германа выратавала ад смерці яго цудоўнае здароўе; неўзабаве ён выпісаўся з бальніцы і, увесь у сіняках, не могучы павярнуць шыі, з рэўматычнымі болямі, зноў з’явіўся ў ваенным порце, куды былі прывезены бальзавыя бярвенні, і ўзяўся за работу. Ён павінен быў на працягу некалькіх тыдняў знаходзіцца пад наглядам дактароў, і мы не былі ўпэўнены, ці здолее ён плысці разам з намі. Але сам ён ні на хвіліну не сумняваўся ў гэтым, нягледзячы на першае горкае выпрабаванне ў абдымках Ціхага акіяна.
Праз некаторы час прыляцеў з Панамы Эрык, а Кнут і я — з Вашынгтона, і цяпер мы ўсе сабраліся ў нашым зыходным пункце — Ліме.
На беразе на тэрыторыі ваеннага порта ляжалі вялізныя бальзавыя бярвенні з лясоў Ківеда. Усе мы былі расчулены гэтай сустрэчай. Свежассечаныя круглыя бярвенні, жоўтыя ствалы бамбуку, чарот і зялёнае бананавае лісце — увесь наш будаўнічы матэрыял — ляжалі зваленыя ў кучы сярод грозных падводных лодак і эсмінцаў. Шэсць светласкурых ураджэнцаў Поўначы і дваццаць карычневых «матросаў», у венах якіх цякла кроў інкаў, махалі сякерамі і доўгімі нажамі — мачэце, упрагаліся ў канаты і вязалі вузлы. Падцягнутыя марскія афіцэры ў сіняй з золатам форме хадзілі міма і здзіўлена пазіралі на гэтых бледных чужаземцаў і на гэтыя раслінныя матэрыялы, што так нечакана з’явіліся ў іх у порце.
Першы раз за апошнія стагоддзі бальзавы плыт будаваўся ў бухце Кальяо. Легенды інкаў сцвярджаюць, што ў гэтых берагавых водах іх продкі ўпершыню навучыліся плаваць на такіх плытах ад знікшага племені Кон-Цікі, а гістарычныя даныя сведчаць аб тым, што ў больш познія часы еўрапейцы забаранілі індзейцам карыстацца плытамі. Плаваючы на адкрытым плыце, чалавек рызыкуе жыццём. Патомкі інкаў ішлі ў нагу з часам; як і мы, яны носяць штаны са складкай і матроскі. Бамбук і бальза належаць першабытнаму мінуламу; тут таксама ўсё рухаецца наперад — да брані і сталі.
Ультрасучасны порт рабіў для нас цудоўныя паслугі. З Бенгтам як перакладчыкам і з Германам як галоўным канструктарам мы адчувалі сябе ў шматлікіх цяслярскіх і парусных майстэрнях нібы дома; для захоўвання нашага рыштунку мы мелі ў сваім распараджэнні палову пакгауза; нам выдзелілі невялікі плывучы пірс, ля якога мы спусцілі бярвенні ў ваду, калі распачалося будаўніцтва.
Мы выбралі дзевяць самых тоўстых бярвенняў, лічачы, што іх хопіць на плыт. Для таго каб вяроўкі, якія павінны былі злучыць між сабой бярвенні і змацаваць увесь плыт, не маглі саслізнуць, у бярвеннях былі выразаны глыбокія пазы. Ва ўсім збудаванні не было ні аднаго кастыля або цвіка, ні аднаго кавалка стальнога троса. Перш за ўсё мы спусцілі дзевяць вялікіх бярвенняў у ваду, адно ля другога, пачакалі, колькі трэба, каб яны набылі тое становішча, у якім яны плавалі б у натуральных умовах, а потым моцна звязалі іх паміж сабой. Самае доўгае бервяно, чатырнаццаціметровае, было пакладзена пасярэдзіне і даволі намнога вытыркалася з абодвух канцоў. Абапал яго былі сіметрычна ўкладзены астатнія бярвенні, чым далей ад сярэдняга, тым усё карацейшыя, так што па баках плыт меў у даўжыню каля дзесяці метраў, а нос вытыркаўся нібы навугольнік снегаачышчальніка. Карма плыта была абрэзана па прамой, за выключэннем трох сярэдніх бярвенняў, якія крыху тырчалі назад; на гэтым выступе была ўмацавана кароткая тоўстая калода з бальзавага дрэва, якая ляжала ўпоперак плыта і мела гнёзды для ўключыны рулявога вясла. Калі дзевяць бальзавых бярвенняў былі моцна звязаны асобнымі кавалкамі пяньковай вяроўкі таўшчынёй трыццаць міліметраў, зверху, упоперак іх, прыблізна праз кожны метр, мы ўмацавалі тонкія бальзавыя бярвенні — ранжыны. Сам плыт быў цяпер гатовы, старанна змацаваны трыма сотнямі вяровак рознай даўжыні, кожную з якіх мы завязалі моцным вузлом. Наверсе мы наслалі палубу з расшчэпленых бамбукавых ствалоў, прымацаваных да ранжын; палуба была заслана цыноўкамі, сплеценымі з маладых парасткаў бамбуку. Пасярэдзіне плыта, крыху бліжэй да кармы, мы пабудавалі невялікую адкрытую каюту з бамбукавых жэрдак; сцены яе былі сплецены з бамбукавых парасткаў, а дах зроблены з бамбукавых планак і глянцавітых бананавых лісцяў, укладзеных адзін на адзін, нібы чарапіца. Перад каютай мы паставілі адну ля другой дзве мачты. Яны былі высечаны з цвёрдага, як жалеза, мангравага дрэва; яны стаялі нахільна адна да адной, і верхавіны іх былі звязаны разам крыж-накрыж. Вялікі чатырохкутны парус быў умацаваны на рэі, якую мы зрабілі з двух бамбукавых ствалоў, папярэдне звязаўшы іх для большай трываласці разам.
Дзевяць вялікіх бярвенняў, на якіх мы збіраліся пераплыць акіян, былі спераду завостраны, як у плытах індзейцаў, каб яны маглі лепш слізгаць у вадзе, а на носе над самай паверхняй вады мы зрабілі вельмі нізкі фальшборт для абароны ад хваль.
У некалькіх месцах, дзе паміж бярвеннямі былі вялікія шчыліны, мы прасунулі тоўстыя сасновыя дошкі, — пяць штук, якія ішлі ў ваду на паўтара метра папярочным кантам уніз пад прамым вуглом да плыта. Яны былі размешчаны без усякай сістэмы, мелі ў таўшчыню дваццаць пяць міліметраў, а ў шырыню шэсцьдзесят сантыметраў. Яны трымаліся на месцы з дапамогай кліноў і вяровак і з’яўляліся, уласна кажучы, маленькімі паралельнымі кілямі, або швертамі. Такія кілі меліся на ўсіх бальзавых плытах у часы інкаў задоўга да адкрыцця Амерыкі і прызначаліся для таго, каб не даваць ветру і плыні зносіць плоскія драўляныя плыты з вызначанага напрамку. Ніякіх парэнчаў або агарожы вакол плыта мы не рабілі, але ўздоўж кожнага борта было пакладзена доўгае тонкае бальзавае бервяно, якое давала цвёрдую апору для ног.