Падарожжа на «Кон-Цікі» - Тур Хейердал 9 стр.


Уся пабудова з’яўлялася дакладнай копіяй старадаўніх перуанскіх і эквадорскіх суднаў, калі не лічыць нізкага фальшборта на носе, які, як потым высветлілася, быў зусім непатрэбны. Што датычыць розных дэталей абсталявання, то мы, вядома, маглі выбіраць усё адпаведна свайму густу, калі толькі гэта не адбівалася на мараходных якасцях нашага судна. Мы ведалі, што ў недалёкім будучым плыт будзе для нас усім светам і што таму кожная дробязь у тым, як мы ўладкуемся, з кожным тыднем, праведзеным на плыце, будзе набываць усё большае значэнне.

Таму мы пастараліся надаць нашай маленькай палубе па магчымасці больш разнастайны выгляд. Бамбукавы насціл пакрываў не ўвесь плыт: ён цягнуўся толькі перад бамбукавай каютай і ўздоўж правага адкрытага боку яе. Злева ад каюты было штосьці накшталт задняга двара, застаўленага моцна прывязанымі скрынкамі і прадметамі рыштунку; паміж імі і краем плыта заставаўся толькі вузкі праход. Спераду на носе і на карме, аж да задняй сцяны каюты, дзевяць вялізных бярвенняў не мелі ніякага насцілу. Такім чынам, калі мы хацелі абысці вакол бамбукавай каюты, мы павінны былі з жоўтага бамбукавага насцілу і плеценых цыновак перашагнуць на круглыя шэрыя бярвенні на карме, а потым зноў падняцца на кучы грузу, што ляжалі з другога боку. Адлегласць была невялікая, але псіхалагічны эфект ад пераадолення нейкіх перашкод ствараў уражанне разнастайнасці і кампенсаваў абмежаванасць прасторы, па якой мы маглі рухацца. На верхавіне мачты мы зрабілі драўляную пляцоўку — не так для таго, каб мець назіральны пункт, калі мы будзем, нарэшце, набліжацца да зямлі, як для таго, каб можна было залезці на яе ў час плавання і глядзець на акіян пад іншым вуглом.

Калі плыт пачаў набываць больш-менш закончаны выгляд і пагойдваўся ўжо на вадзе сярод ваенных караблёў, ззяючы залацістымі стваламі спелага бамбуку і зелянінай лісця, сам марскі міністр прыехаў агледзець нашу работу. Мы бязмерна ганарыліся сваім суднам — жывым успамінам аб часах інкаў, — якое стаяла тут, у акружэнні страшных ваенных караблёў. Але марскога міністра ахапіў невыказны жах, калі ён убачыў наш плыт. Мяне выклікалі ў кіраўніцтва ваеннага порта, і я павінен быў падпісаць дакумент, які здымаў з марскога міністэрства ўсякую адказнасць за тое, што мы пабудавалі ў яго порце. Потым я быў выкліканы таксама да начальніка порта Кальяо і падпісаў там другі дакумент, у якім гаварылася, што ў выпадку, калі я з людзьмі і грузам пакіну порт на плыце, адказнасць за гэта будзе ляжаць цалкам на мне. Праз некаторы час ваенны порт дазволілі наведаць групе замежных марскіх спецыялістаў і дыпламатаў. Іх меркаванні таксама пакідалі мала надзей на шчаслівы зыход нашай задумы. Яшчэ праз некалькі дзён мяне запрасіў да сябе пасол адной з вялікіх дзяржаў.

— Вашы бацькі жывыя? — запытаў ён. I калі я адказаў сцвярджальна, ён паглядзеў мне проста ў вочы і прамовіў злавесным, замагільным голасам: — Вашы маці і бацька будуць вельмі засмучаны, атрымаўшы вестку аб вашай смерці.

Як прыватная асоба, ён прасіў мяне адмовіцца ад падарожжа, пакуль яшчэ не позна. Адзін адмірал, які аглядаў плыт, сказаў яму, што мы ні ў якім разе не застанемся жывымі. Перш за ўсё, памеры плыта няправільныя. Ён такі малы, што пры моцных хвалях перакуліцца дагары дном; у той жа час ён мае такую даўжыню, што нос і карма будуць знаходзіцца на дзвюх розных хвалях, і бальзавыя бярвенні плыта з людзьмі і грузам зломяцца, як саломінка, не вытрымаўшы напружання. I што яшчэ горш, буйнейшы ў краіне экспарцёр бальзавых дрэў сказаў яму, што порыстыя бальзавыя бярвенні здолеюць праплыць па акіяну толькі чацвёртую частку патрэбнай адлегласці, а потым яны набрыняюць вадой і патонуць пад намі.

Усё гэта гучала нявесела, але паколькі мы ўпарта стаялі на сваім, то нам падарылі біблію, каб мы абавязкова ўзялі яе з сабою ў плаванне. Адным словам, спецыялісты, якія аглядалі плыт, мала абнадзейвалі нас. Штормы, а магчыма і ўраганы змыюць нас за борт і знішчаць адкрытае, з нізкай асадкай судна, якое бездапаможна будзе кружыць па акіяне па волі ветру і хваль. Нават пры звычайным, спакойным надвор’і нас увесь час будзе заліваць салёнай вадой, якая раз’есць скуру на нагах і папсуе ўсё, што будзе знаходзіцца на плыце. Калі падсумаваць усё, што нагаварылі нам па чарзе розныя спецыялісты, дык выходзіла, што кожная вяроўка, кожны вузел, кожны памер, кожны кавалак дрэва на плыце павінны былі з’явіцца прычынай нашай пагібелі ў акіяне. Ішлі ў заклад на вялікія сумы аб тым, колькі дзён пратрымаецца плыт, а адзін лёгкадумны марскі аташэ пабіўся аб заклад на ўсё віскі, якое змогуць выпіць удзельнікі экспедыцыі да канца свайго жыцця, калі яны шчасліва даплывуць да якога-небудзь вострава ў Паўднёвым моры.

Горш за ўсё было, калі ў гавань зайшло нарвежскае судна і мы прывялі капітана і некалькі яго самых вопытных маракоў у ваенны порт. Мы нецярпліва чакалі іх крытычных заўваг, і наша расчараванне было вельмі вялікае, калі ўсе яны сышліся на тым, што тупаносаму нязграбнаму плыту парус не прынясе ніякай карысці; капітан, апрача таго, лічыў, што ў тым выпадку, калі мы будзем трымацца на вадзе, спатрэбіцца год або і два для таго, каб наш плыт, падхоплены плынню Гумбольдта, дабраўся да працілеглага берага акіяна. Боцман глядзеў на нашы мацаванні і ківаў галавой. Мы можам не хвалявацца. Не міне і двух тыдняў, як усе вяроўкі ператруцца і плыт разваліцца, бо ў моры вялікія бярвенні будуць увесь час рухацца ўверх і ўніз і церціся адно аб адно. Калі мы не заменім нашы вяроўкі стальнымі тросамі або ланцугамі, можам спакойна складваць чамаданы і ехаць дадому.

Гэтыя довады цяжка было абвергнуць. Калі хоць адзін з іх будзе правільны, дык у нас няма ніякіх шанцаў на поспех. Шчыра кажучы, я не раз пытаўся сам у сябе, ці ведаем мы, што робім. Сам я не мог нічога адказаць на гэтыя перасцярогі, бо не быў мараком. Але ў мяне заставаўся адзіны козыр на руках, на якім грунтавалася ўся наша задума. У глыбіні душы я ўвесь час быў упэўнены, што дагістарычная цывілізацыя распаўсюдзілася з Перу на астравы Ціхага акіяна ў тую эпоху, калі плыты, такія як наш, былі адзінымі суднамі на тутэйшым узбярэжжы. З гэтага я зрабіў вывад, што калі бальзавыя дрэвы плавалі і мацаванні трымаліся ў Кон-Цікі ў 500 годзе нашай эры, та яны будуць гэтак жа паводзіць сябе і цяпер, калі мы, не мудруючы, пабудавалі свой плыт дакладна па ўзору яго плыта. Бенгт і Герман цалкам прынялі маю тэорыю, і пакуль спецыялісты аплаквалі нас, хлопцы ставіліся да ўсяго зусім спакойна і цудоўна праводзілі час у Ліме. Аднойчы ўвечары Тарстэйн з трывогай запытаўся ў мяне, ці ўпэўнены я, што акіянская плынь ідзе ў патрэбным напрамку. Мы знаходзіліся ў гэты час у кіно і любаваліся на Дароці Ламур, якая разам з гавайскімі дзяўчатамі танцавала ў саламянай спаднічцы сярод пальмаў на маляўнічым астраўку Паўднёвага мора.

— Сюды мы і павінны накіравацца, — сказаў Тарстэйн. — I мне шкада вас, калі плынь ідзе не так, як вы сцвярджаеце!

Калі да дня адплыцця засталося не так ужо многа, мы пайшлі ў звычайнае пашпартнае бюро, каб атрымаць дазвол на выезд з краіны. Бенгт, як перакладчык, стаяў у чарзе першым.

— Ваша прозвішча? — запытаў цырымонны маленькі чыноўнік, падазрона пазіраючы паўзверх акуляраў на вялізную бараду Бенгта.

— Бенгт Эмерык Даніельсон, — пачціва адказаў Бенгт.

Чыноўнік заклаў у пішучую машынку доўгі бланк.

— На якім параходзе вы прыехалі ў Перу?

— Ведаеце, — пачаў тлумачыць Бенгт, нагнуўшыся да перапалоханага маленькага чалавечка, — я прыехаў не на параходзе, я прыплыў у Перу на чоўне.

Анямеўшы ад здзіўлення, чыноўнік зірнуў на Бенгта і надрукаваў «човен» у адпаведнай графе бланка.

— А на якім параходзе вы пакідаеце Перу?

— Зноў жа, ведаеце, — ветліва прамовіў Бенгт, — я пакідаю Перу не на параходзе, а на плыце.

— Яшчэ што выдумайце! — сярдзіта ўсклікнуў чыноўнік і злосна выцягнуў з машынкі бланк. — Вы будзеце адказваць на мае пытанні як належыць ці не?

За некалькі дзён да адплыцця харчы, вада і ўвесь наш рыштунак былі пагружаны на плыт. Мы ўзялі прадуктаў на шэсць чалавек на чатыры месяцы; гэта былі армейскія рацыёны, упакаваныя ў невялікія моцныя кардонныя каробкі. Герману прыйшло ў галаву разагрэць асфальт і абліць роўным слоем кожную каробку з усіх бакоў. Пасля гэтага мы пасыпалі каробкі пяском, каб яны не зліпліся, і цесна злажылі іх пад бамбукавай палубай, дзе яны занялі ўсё месца паміж дзевяццю тонкімі ранжынамі, што падтрымлівалі палубу.

З крыштальна чыстай крыніцы, што знаходзілася высока ў гарах, мы напоўнілі пяцьдзесят шэсць маленькіх бітонаў, у якія ўвайшло каля 1 100 літраў вады для піцця. Бітоны мы таксама замацавалі паміж ранжынамі так, каб іх увесь час абмывала вада акіяна. На бамбукавай палубе мы прывязалі астатні рыштунак і вялікія плеценыя кашы, поўныя садавіны і какосавых арэхаў.

Адзін кут бамбукавай каюты Кнут і Тарстэйн занялі пад радыёстанцыю. У глыбіні каюты ўнізе паміж ранжынамі мы паставілі, добра прымацаваўшы да бярвенняў, восем скрынь.

У дзвюх скрынях знаходзіліся навуковыя інструменты і кінаплёнка, астатнія шэсць былі аддадзены ў наша распараджэнне, па адной на кожнага; гэта быў намёк на тое, што кожны можа ўзяць з сабою столькі асабістых рэчаў, колькі змесціцца ў яго скрыні. Эрык прывалок некалькі рулонаў паперы для малявання і гітару, і так напакаваў сваю скрыню, што вымушаны быў трымаць свае шкарпэткі ў скрыні Тарстэйна. Потым з’явіліся чатыры матросы са скрыняй Бенгта. Ён не ўзяў з сабою нічога, апрача кніг, але затое ўмудрыўся ўціснуць у яе 73 творы па сацыялогіі і этнаграфіі. Зверху на скрыні мы паклалі плеценыя цыноўкі і саламяныя матрацы. Цяпер мы былі гатовы ў дарогу.

Перш за ўсё плыт вывелі на буксіры за межы ваеннага порта і працягнулі крыху вакол гавані, каб праверыць, ці правільна размешчаны груз; потым яго адбуксіравалі цераз усю гавань да яхт-клуба. Там напярэдадні нашага адплыцця ў прысутнасці запрошаных і іншых зацікаўленых асоб павінна было адбыцца «хрышчэнне» плыта.

27 красавіка быў узняты нарвежскі флаг, а на рэі развяваліся флагі замежных дзяржаў, якія аказалі экспедыцыі практычную падтрымку. Набярэжная была запоўнена людзьмі, што хацелі паглядзець на цырымонію «хрышчэння» незвычайнага судна. Колер скуры і рысы твару многіх гледачоў сведчылі аб тым, што іх далёкія продкі плавалі на бальзавых плытах уздоўж гэтага берага. Але былі тут і патомкі старадаўніх іспанскіх сем’яў на чале з прадстаўнікамі марскога ведамства і ўрада, а таксама паслы Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая, Аргенціны і Кубы, былы губернатар англійскіх калоній у Ціхім акіяне, шведскі і бельгійскі пасланнікі і, нарэшце, нашы сябры-землякі, супрацоўнікі нарвежскага консульства, на чале з генеральным консулам Барам. Мітусіўся натоўп журналістаў, пстрыкалі кіноапараты; не хапала толькі духавога аркестра і вялікага барабана. Нам усім было зразумела толькі адно: калі плыт рассыплецца на часткі пасля выхаду з гавані, мы лепей паплывем у Палінезію кожны на асобным бервяне, чым асмелімся вярнуцца назад.

На долю Герд Волд, сакратара экспедыцыі і сувязной паміж намі і мацерыком, выпала «ахрысціць» плыт малаком какосавага арэха часткова таму, што гэта гарманіравала з каменным векам, а часткова таму, што шампанскае па памылцы было схавана на дне асабістай скрыні Тарстэйна. Пасля таго як усім, хто сабраўся нас праводзіць, было аб’яўлена па-англійску і па-іспанску, што плыту даецца імя вялікага папярэдніка інкаў — сонца-караля, які паўтары тысячы год назад знік з Перу і, паплыўшы па акіяну на захад, пазней з’явіўся ў Палінезіі, — Герд Волд распачала цырымонію «хрышчэння» плыта «Кон-Цікі». Яна так моцна ўдарыла какосавым арэхам (шкарлупіна якога была ўжо наколана) аб нос плыта, што малако і кавалачкі ядра трапілі ажно на валасы бліжэйшых гледачоў, што пачціва стаялі навокал.

Потым мы падцягнулі ўгору бамбукавую рэю і паднялі парус, у цэнтры якога наш мастак Эрык намаляваў чырвонай фарбай барадаты твар Кон-Цікі. Гэта была дакладная копія галавы сонца-караля з высечанай з чырвонага каменя статуі, якую знайшлі у разбураным горадзе Ціахуанака.

— Ах, сеньёр Даніельсон! — у захапленні ўсклікнуў старшы рабочы з партовай майстэрні, убачыўшы барадаты твар на парусе.

Ён называў Бенгта сеньёрам Кон-Цікі на працягу двух месяцаў пасля таго, як мы паказалі яму барадаты твар Кон-Цікі на лісце паперы. I толькі цяпер ён, нарэшце, зразумеў, што сапраўднае прозвішча Бенгта было Даніельсон.

Перад адплыццём мы ўсе былі запрошаны да прэзідэнта на развітальную аудыенцыю, а пасля яе зрабілі прагулку высока ў горы, каб уволю наглядзецца на скалы і камяністыя восыпы, перш чым мы рушым у дарогу па бязмежным акіяне. Пакуль ішла работа па будаўніцтву плыта на беразе, мы жылі ў пансіёне сярод пальмавага гаю ў аколіцах Лімы; у порт Кальяо і назад мы ездзілі на аўтамабілі міністэрства авіяцыі з шафёрам, якога Герд удалося наняць на час падрыхтоўкі экспедыцыі. Цяпер мы папрасілі шафёра завезці нас проста ў горы як мага далей, але з такім разлікам, каб можна было вярнуцца ў той жа дзень. I вось мы кацілі па пустэльных дарогах уздоўж старажытных арашальных каналаў часоў інкаў, пакуль не дасягнулі галавакружнай вышыні 4 000 метраў над мачтай нашага плыта. Тут мы проста елі вачыма скалы, і горныя вяршыні, і зялёную траву, стараючыся наглядзецца на спакойныя горныя кручы Андаў, якія рассцілаліся перад намі. Мы імкнуліся пераканаць саміх сябе, што нам страшэнна абрыдлі каменні і цвёрдая зямля і што мы прагнем хутчэй падняць свой парус і пазнаёміцца з акіянам.

Драматычнае адплыцце. — Мы выходзім на буксіры ў адкрытае мора. — Узнімаецца вецер. — Змаганне з хвалямі. — Жыццё ў плыні Гумбольдта. — Самалёт не знаходзіць нас. — Бярвенні ўбіраюць у сябе ваду. — Дрэва і вяроўкі. — Мы харчуемся лятучымі рыбамі. — Незвычайны сусед па ложку. — Змяіная макрэль трапляе ў няёмкае становішча. — Вочы ў акіяне. — Расказ пра марскую здань. — Мы сустракаем самую вялікую на свеце рыбу. — Пагоня за марской чарапахай.

У той дзень, калі буксір павінен быў вывесці «Кон-Цікі» ў адкрыты акіян, у гавані Кальяо было надзвычай ажыўлена і людна. Марскі міністр даў распараджэнне партоваму буксіру «Гуардзіян Рыас» вывесці нас з бухты і далей у адкрытае мора за паласу кабатажнага плавання — туды, куды ў даўно мінулыя часы выходзілі на рыбную лоўлю індзейцы на сваіх плытах. Газеты прысвяцілі гэтай сенсацыі артыкулы пад чырвонымі і чорнымі шапкамі, і 28 красавіка натоўпы народу з самай рашцы запоўнілі набярэжныя.

Мы павінны былі ўсе сабрацца на плыце ў пачатку адзінаццатай гадзіны раніцы, а да таго часу ў кожнага з нас знайшліся розныя справы ў горадзе. Калі я з’явіўся на набярэжнай, на плыце знаходзіўся адзін Герман. Я знарок спыніў машыну даволі далекавата і прайшоўся па ўсім моле, каб як след размяць ногі напаследак перад плаваннем, аб працягласці якога ніхто не мог бы сказаць нічога пэўнага. Я скочыў на плыт, завалены без усякага парадку кучамі бананаў, кашамі і мяшкамі з садавінай, якія былі скінуты на палубу ў самую апошнюю хвіліну і якія мы павінны былі прывесці да ладу і папрывязваць, як толькі хоць крыху апамятаемся пасля адплыцця. Пасярод гэтай гары пакорліва сядзеў Герман; яго рука ляжала на клетцы з зялёным папугаем — развітальным падарунку нейкай сяброўскай душы ў Ліме.

— Папільнуйце хвілінку папугая, — сказаў Герман. — Я павінен сысці на бераг і выпіць апошнюю шклянку піва. Буксір прыйдзе не так хутка.

Толькі ён знік у натоўпе на набярэжнай, як людзі пачалі махаць рукамі і на штосьці паказваць. З-за краю мола, плывучы на поўнай хуткасці, паказаўся буксір «Гуардзіян Рыас». Ён стаў на якар на тым баку цэлага лесу мачтаў, якія заміналі яму падысці да «Кон-Цікі», і ад яго адплыў вялікі маторны кацер, каб правесці нас між яхтамі. Кацер быў увесь запоўнены ваеннымі маракамі — матросамі і афіцэрамі — і кінааператарамі; пакуль аддаваліся загады і пстрыкалі камеры, моцны буксірны канат быў прывязаны на носе плыта.

— Un momento! — закрычаў я спалохана, не ўстаючы з месца, дзе я сядзеў з папугаем. — Яшчэ занадта рана. Трэба пачакаць астатніх — los expedicionarios, — спрабаваў я растлумачыць, паказваючы ў бок горада.

Але ніхто не разумеў мяне. Афіцэры толькі ветліва ўсміхаліся, і канат на носе плыта быў замацаваны паводле ўсіх правілаў. Я адвязаў канат і скінуў яго ў ваду, суправаджаючы свае дзеянні ўсякімі, знакамі і жэстамі. Папугай, скарыстаўшы зручны момант у агульнай мітусні, высунуў дзюбу з клеткі і павярнуў зашчапку ў дзверцах; калі я азірнуўся, ён ужо весела пахаджваў па бамбукавай палубе. Я паспрабаваў злавіць яго, але ён, крыкнуўшы некалькі слоў па-іспанску, якія не маглі азначаць нічога іншага, апрача лаянкі, — гэта я ведаў, — пераляцеў на кучу бананаў. Сочачы адным вокам за матросамі, якія стараліся зноў накінуць канат на нос, я пачаў ганяцца за папугаем. Ён з крыкам уляцеў у бамбукавую каюту, і там я загнаў яго ў кут і схапіў за нагу ў той самы момант, калі ён хацеў пераляцець цераз мяне. Калі я зноў з’явіўся на палубе і запіхнуў маю трапяткую здабычу ў клетку, матросы на беразе паспелі ўжо зняць прычалы плыта, і ён бездапаможна танцаваў на доўгай хвалі, што дакацілася да нас з-за мола. У роспачы я схапіў кароткае вясло, дарэмна стараючыся не даць плыту ўдарыцца аб пáлі набярэжнай. Потым маторны кацер рушыў з месца; адзін рывок — і «Кон-Цікі» пачаў свой далёкі шлях. Адзіным маім спадарожнікам быў папугай, які ўмеў гаварыць па-іспанску; ён сядзеў, надзьмуўшыся, у клетцы. Натоўп на беразе радасна крычаў і махаў рукамі, а смуглявыя кінааператары ў маторным кацеры ледзь не падалі ў мора, як мага стараючыся зняць кожную дэталь драматычнага адплыцця экспедыцыі з Перу. У адчаі я адзінока стаяў на плыце, выглядаючы знікшых спадарожнікаў, але ніхто не з’яўляўся. Так мы падплылі да «Гуардзіян Рыас», які чакаў нас пад парай, гатовы зняцца з якара і рушыць у дарогу. Як згледзець вокам, я ўскарабкаўся па вяровачнаму трапу і нарабіў на параходзе такога шуму, што адплыццё было адкладзена і маторны кацер рушыў назад да набярэжнай. Яго не было досыць доўга, а потым ён вярнуўся, поўны прыгожанькіх сеньярыт, але без ніводнага члена экіпажа «Кон-Цікі». Усё гэта было вельмі прыемна, але ніколькі не рабіла лягчэйшым маё становішча; чароўныя сеньярыты стоўпіліся на плыце, а кацер паплыў зноў на пошукі los expedicionarios noruegos.

Тым часам Эрык і Бенгт, не спяшаючыся, спускаліся да набярэжнай з ахапкам газет і часопісаў і рознай дробяззю ў руках. Насустрач ім ішоў натоўп людзей, якія разыходзіліся па хатах; нарэшце ля паліцэйскай заставы іх спыніў нейкі паслужлівы чын, які паведаміў ім, што глядзець больш няма на што. Бенгт, грацыёзна размахваючы цыгарай, запярэчыў паліцэйскаму, што яны прыйшлі не як гледачы; яны самі павінны плысці на плыце.

— Гэта немагчыма, — спагадліва сказаў паліцэйскі. — «Кон-Цікі» адплыў гадзіну таму назад.

— Гэтага не можа быць! — усклікнуў Эрык, дастаючы адзін з пакетаў. — У мяне тут ліхтар!

— А вось гэта штурман, — дадаў Бенгт, — а я суднавы аканом.

Яны прарваліся праз ланцуг, але плыта сапраўды не было.

У роспачы яны хадзілі сюды-туды па молу, дзе і сустрэліся з астатнімі ўдзельнікамі экспедыцыі, якія таксама нецярпліва шукалі свой знікшы плыт. Тут яны ўбачылі кацер, які падыходзіў да берага, і неўзабаве мы ўсе былі, нарэшце, разам, і вада вакол плыта запенілася, калі «Гуардзіян Рыас» павёў нас на буксіры да адкрытага акіяна.

Было ўжо далёка за поўдзень, калі мы рушылі ў дарогу. «Гуардзіян Рыас» павінен быў буксіраваць нас да раніцы, пакуль мы не выйдзем за межы берагавых водаў. Як толькі мы мінулі мол, насустрач нам пакаціліся вялізныя хвалі, і ўсе маленькія лодкі, якія суправаджалі нас, адна за адной павярнулі назад. Толькі некалькі вялікіх яхт правялі нас да выхаду з бухты, каб паглядзець, як пойдуць нашы справы далей.

Назад Дальше