Французская навела XX стагоддзя - Веркор


Укладанне, прадмова, звесткі пра аўтараў Л. Казыры. З французскай пераклалі А. Асташонак, Л. Казыра, З. Колас, А. Мароз. 351 с. Тыраж 5300 экз.

— Ну што, будзеш гаварыць ці не?

Яны білі яго бясконца. У абодвух ужо абрываліся рукі. На клубы і спіну вязню страшна было зірнуць. Інспектар Бэлем уздыхнуў: «Ну і быдла! Далібог, іх нічым не проймеш». А яшчэ, чаго добрага, скажуць, што ён не ведае сваёй справы, калі не здолеў нічога выцягнуць з гэтага парсюка.

— Досыць. Адвядзіце, — расчаравана прамовіў ён.

Вязню кінулі вопратку. Каб ён здолеў адзецца, яго трэба было падтрымліваць.

— Можаш паверыць, занятак быў не з прыемных. Як прыгадаю — з душы верне! — трошкі пазней тлумачыў інспектар свайму калегу, седзячы ў кавярні за шклянкай пладовага соку на сахарыне, якім даводзілася частавацца кожны чацвер, калі ты не аматар да піва. Той кіўнуў галавой: «Пасля такой работкі было б няблага прапусціць і па чарачцы шнапсу, каб падбадзёрыцца...»

Камера была невялікая, прынамсі, такой не здавалася. Набліжаўся вечар. Святло ў адтуліне за кратамі прыкметна згасала, хутка набягаў змрок. Яго позірк упаў на парашу. Як да яе дацягнуцца ды яшчэ падняць накрыўку зубамі? Рукі — за спінай, у кайданах, якія не скінеш, а калі ўсё цела ў ранах, рабіць пад сябе — пакута. Турма была набітая бітком, але вязня, як выключэнне, трымалі ў камеры аднаго. Зрэшты, так яму пачувалася якраз спакайней: ён нічога гэтак не баяўся, як блізкасці з крымінальнікамі... а то яшчэ могуць падсунуць качку... Боязь да падсадной качкі не давала яму спакою.

Ён ляжаў на матрацы ў нясцерпным смуродзе, любая пастава, як ні павернешся, праз адну-дзве хвіліны выклікала жудасны боль. Там, дзе скура яшчэ ацалела, пачынаў даймаць сверб; спякота і гнілое паветра рабілі яго невыносным. Пратухлы, моташлівы сяннік, напэўна, кішэў чарвямі, у паветры лёталі мухі, яны сядалі на сваю ахвяру, і ён іх адно толькі здрыгваў.

Невядома чаму вязню ўвесь час вярзліся тоўстыя, вялікія хрушчы, якіх было многа пад горадам гэтай вясной. Яны падалі з дрэваў на спіну і круцілі лапамі, не могучы перавярнуцца. Цяпер быць хрушчом настала яго чарга. Як жа было прыгожа гэтай вясной! Ці можна ўявіць сабе тут той духмяны водар расквітнелых дрэў...

А яшчэ гэтая саламяная пацяруха, што ліпне да цела, лезе пад адзенне, цэлыя тысячы маленькіх саломінак, ад якіх немагчыма дый бескарысна абтрасацца... Дзіўна — пакутаваць больш за ўсё праз гэтую пацяруху, калі ўсё цела ў цябе баліць, калі ўсё спісяжана ранамі. І ў гэтым пачварным брудзе, у гэтым затхлым паветры, якім немагчыма дыхаць, — кідацца ў роспач ад нейкай жоўтай крышанкі, ад дробных былінак, што чапляюцца за адзенне, датыкаюцца да ўсяго сваім адмысловым, высушлівым дотыкам — дотыкам турмы.

«Я нічога ім не сказаў...»

Ён паўтараў гэтыя словы, каб хоць трошкі сябе падбадзёрыць. З распухлай губы цякла кроў. Гэта ўдарыў інспектар, калі вычарпаў усе аргументы. Языком ён намацваў востры край абламанага зуба, у роце было солана.

«Я нічога ім не сказаў...»

Калі наглядчык адчыняў дзверы, ён заўжды прамаўляў адно слова, толькі адно, нібы гаварыў з кітайцам, ён гыркаў у камеру: «Хлеб», або «Перадача», або «Змоўкні!..» Таму што часам вязень, апанаваны незразумелым шаленствам, пачынаў раптам калаціць у жалезныя дзверы абодвума кулакамі... Так бывала і з ім — да таго, як яго скумісавалі... Што б там ні стала, яму трэба было ўбачыць каго-небудзь, няхай нават гэты сшарэлы твар з носам-кірпою, ці, прынамсі, каго пачуць — хоць бы тое адзінае слова, што праціскалася з вуснаў наглядчыка, як саламяная пацяруха з сенніка: «Змоўкні!..» Цяпер ён быў у наручніках. Яго справа пагоршылася. «Змоўкні...»

«Я нічога ім не сказаў...»

«Перадача» — у яго камеры гэтае слова не прамаўлялася. Яно было не для яго.

«Хлеб...» На падлозе валялася палова акрайца, у місе была наліта вада. Але ўсё гэта было даступнае не больш за парашу. Вязень вывернуў шыю і прымерыўся: як дастаць да місы, хоць трошкі змачыць сабе вусны, каб не расплёскаць усёй вады. Калі ў час абходу ніхто не зойдзе, давядзецца чакаць світання.

Гэта быў той змрочны час, калі турма нібы прачыналася. Сцены пачыналі гаварыць сваёю няўцямнай мовай: глухія стукі, то хуткія, то павольныя, самыя размаітыя спалучэнні кароткіх і доўгіх, гэтую дзіўную азбуку яму трэба было б даўно ведаць. Праз увесь будынак ішла размова, перадаваліся пытанні, гучалі адказы. Гэты час для яго быў заўжды катаваннем бяссільнасцю і надзеяй. Ужо сто разоў сусед з камеры побач цярпліва і ўпарта паўтараў заўсёды адзін сігнал. Ён спадзяваўся, што нарэшце яму адкажуць. І вось аднойчы вязень пастараўся паўтарыць гэты сігнал, ён біў у сцяну галавой. Але сакрэт мовы быў яму невядомы, і размова далей не ішла. Зрэшты, сёння ён быў такі слабы, што не мог нават гэтым сігналам засведчыць свайго жыцця. Канцэрт, што гучаў з усіх камер, адбіваўся рэхам у яго хворай, распухлай галаве. Няшчасны дарма прыслухоўваўся да перапляцення загадкавых гукаў. Ён не ведаў, чаго б яму хацелася болей: каб усе гэтыя людзі сціхлі ці, наадварот, — каб іх перастук перарос у аглушальны грукат, ад якога скаланаліся б сцены. Ён нагадваў таго, хто, не ведаючы азбукі Морзе, імкнецца пачуць у навушніках сігналы караблёў, што згубіліся ў моры. Ён сашчэпліваў зубы, заплюшчваў вочы, але быў няздольны заткнуць вушы. Відаць, пачыналася гарачка. Калі яна будзе досыць вялікая, яго могуць пакласці ў лазарэт. Але на гэта не трэба надта разлічваць. Ад такой гарачкі не паміраюць. Звон у вушах. І зноў, і зноў гэты глухі, упарты, настойлівы перастук. Божа мой, пра што ўсе яны гавораць? Ноч была невыносна задушлівая. «Я нічога ім не сказаў... я нічога ім не сказаў...» Па ім поўзалі мухі, тоўстыя і шумлівыя. Калі яны прабягалі па карку, вязень перасмыкаўся, як конь у аглоблях. Сверб на жываце было немагчыма больш трываць. Вязень паспрабаваў пачухацца аб матрац, але адно развярэдзіў боль у паясніцы. Гарачка. «Я нічога ім не сказаў...» Гэтая магічная фраза страціла сваю заспакаяльную сілу. Ён паўтараў яе механічна, без ніякай карысці. «Я нічога ім...» Пад павекамі паплылі каляровыя плямы, успыхвалі і адразу тухлі, невыразныя абрысы... статак качак у чароце... Сон упаў, як сетка на паляўнічую здабычу.

Яго пабудзіў невыразны шум, перамяшаны з ізноў расцвеленым болем. Была ўсё яшчэ ноч. Але на ўзроўні вачэй нешта варушылася, захінаючы дрыготкае святло ад наглядчыкавага ліхтарыка. Апошнія словы патанулі ў цемры, грукнулі дзверы. У камеры нехта застаўся! Вязень адчуў, як побач прайшлі дзве калашыны. Нехта варушыўся. Спатыкаўся нават. Куды ўжо ён улез, гэты цяльпук? Было чуваць, як ён дыхае. «Што такое?» Хто з іх сказаў: «Што такое?»

Пэўны час яны вывучалі адзін аднаго. Калі першы вязень уцяміў, што яму ў кампанію падсадзілі таварыша, ён адразу падумаў пра абарону.

Качка! Гэта, відаць, падсадная качка. Безумоўна! «Я нічога яму не скажу», — падумаў ён, і яго раз'ятраныя раны нібы ўмацавалі ў ім гэтую ўпэўненасць. Ён застагнаў. Другі азваўся з цемры: «Нічога, нічога... А ў вас тут зусім няблага! Дазвольце назвацца? Калье, Жазэф Калье...»

Дзівак нейкі, напэўна. Але цікава, як ён выглядае — малы ці высокі, худы ці тоўсты? Ва ўсякім выпадку — качка. Праўда, наконт парашы ён прыйшоў своечасова. І наконт вады — таксама: ён знайшоў місу навобмацак, паднёс да яго губ. «Ды ў вас гарачка, прыяцелю...» Было неяк дзіўна адчуваць у цемры гэтыя рукі без твару.

Што яны абодва падумалі раніцай, калі агледзелі адзін аднаго? Гэтая змрочная камера, бруд, збіты, змэнчаны чалавек з рукамі ў кайданах за спінай адкрывалі новаму вязню ўсю мізэрнасць становішча, у якім ён апынуўся. Першы вязень прыўзняўся на адным баку і пільна глядзеў на няпрошанага госця — на качку. Нейкі нязграбны дзяцюк, хударлявы, асабліва ў гэтым зашырокім адзенні, і вочы дзівотныя, далібог, нейкі пацук... Уражанне ён выклікаў даволі кепскае. І калі глядзеў на чалавека на матрацы, вусны ў яго дрыжалі. Усю ноч яму давялося спаць на падлозе.

— Яны вас збілі? — сказаў ён.

— Здаецца! — адказаў першы.

Яны яшчэ не паспелі як след прызвычаіцца адзін да аднаго, як дзверы зноў адчынілся і да іх далучылі трэцяга. Гэта быў здаравенны бамбіза з чорнай конскаю грывай, што расла клінам з сярэдзіны лоба. Цяпер у абодвух узнікла аднолькавая думка: ужо гэты — пэўна качка!

Седзячы ўтрох у гэтым смуродлівым катуху, не надта раздольным нават і аднаму, яны вымушаны былі класціся адпачываць па чарзе. І тут было даволі цяжка аспрэчваць права на матрац у першага — з яго ранамі і заламанымі за спіну рукамі. Самы гаваркі быў Жазэф Калье. Першы ж адно сціскаў зубы: ці то ад болю, ці ад таго, што лічыў за лепшае адкусіць язык, ніж сказаць хоць слова. Бамбіза ўвесь час паўтараў, што трапіў сюды праз памылку. Яго звалі Дзюпаншэль. Мухі павесялелі — цяпер у іх стайні было ажно тры кані.

— Ну і смярдзіць жа тут, — казаў Жазэф, — проста жах, як смярдзіць!

«Праз памылку? Якую такую памылку? Калі ты патрыёт, памылкі быць немагчыма».

У такім месцы, як гэта, хутка страчваеш лік дням і начам. Міса ледзь цёплай вады, якую яны называюць «суп», кавалак хлеба, што трэба расцягваць аж на два дні, прыборка парашы — усё гэта не надта займае час. Але патроху размова наладзілася. Хоць усё па-ранейшаму гаварылася с асцярогай: праз качку. Жазэф быў электрык, Дзюпаншэль — памагаты ў мясніка. У першага вязня не ўдалося выведаць нават гэтага. Гаварыў ён, як пан. Але было нават смешна ўявіць, каб гэты нябога з абдзертаю скураю, аблеплены мухамі, мог быць на волі панам. Гэта быў светлы шатэн, гадоў каля сарака. Тонкія вусны, таўсматая шыя. Ён аброс нейкай плямістай, пярэстаю барадой. Гэтым ранкам з яго знялі наручнікі. Відаць, на пэўны час яны пакінулі надзею нешта з яго выцягнуць.

Такую надзею былі вымушаны пакінуць і Жазэф з Дзюпаншэлем, бо першы адно паціраў свае набраклыя запясці і з лютым выглядам паўтараў: «Я нічога ім не сказаў... я нічога ім не сказаў...» Сваім суседзям па камеры ён таксама не сказаў нічога — апроч таго, што завуць яго Андрэ Мэнар.

Усе ўтрох казалі, што іх узялі за палітыку. Можа, гэта і магло б быць падставай, каб не апасацца адзін аднаго. Але хто ж яго ведае?

Тым больш што Дзюпаншэль, ледзь не адразу, як яго прывялі, заявіў:

— Я б апошні свой грош аддаў, каб даведацца, што яны зрабілі з маёрам Арно.

Калье быў стрэляны верабей: у яго групоўцы ведалі, што маёр Арно, арыштаваны тры тыдні назад, быў акруговым начальнікам падпольнага войска. Але ён прыкінуўся дурнем і папрасіў растлумачыць яму ўсё гэта яшчэ раз. Трэцяга вязня, Мэнара, гэтая размова, здаецца, зусім не цікавіла, яму ставала клопату са сваімі пісягамі. «Чортава качка! Надта проста бярэш!»

Са старэйшым вязнем Калье быў вельмі ласкавы, вельмі ўважлівы. А даўгалыгі бамбіза, дык той наступаў на ногі, нібы вочы заплюшчыўшы. Было б няблага даведацца, да якіх арганізацый яны належаць. Жазэф, нібыта індзеец з племені сіў, самымі дзівотнымі выкрутамі стараўся вывудзіць хоць маленькую звестку. Але побач была качка. Дый хто яго ведае, можа, і сам Жазэф... Аднойчы ён сказаў:

— Хоць бы хутчэй яны там варушыліся! Прызначылі б свайго адваката, ці што. Сам усё адно цяпер не выбераш...

І якраз назаўтра Дзюпаншэля паклікаў яго адвакат.

— Ну і шэнціць табе! — пазайздросціў Жазэф.

— Ды ну — шэнціць, — азваўся той. — Я ж таксама не выбіраў.

Пакуль Дзюпаншэля не было, Жазэф паведаміў Мэнару:

— Не такі ён дурны... Так і гэтак — увесь час намякае, што ён, маўляў, з партыі... Думае, я не бачу, што проста ўбіваецца ў ласку...

Мэнар нічога не адказаў. Ён думаў, што качка хутчэй за ўсё — той даўгалыгі... Але ж і Жазэф... Можа, якраз ён і хоча даведацца... Той як пачуў:

— А я свайго адваката яшчэ нават не бачыў... Мяне дагэтуль трымалі ў адзіночцы.

Дальше