Што ж, добрая атэстацыя для Жазэфа; лепшай, бадай, і не трэба.
Праз чатыры ці пяць дзён бамбіза — качка ён быў ці не качка — раптам захварэў. Гэтыя здаравякі ўсе толькі з выгляду здаюцца асілкамі, а так, як зірнеш — далібог, нейкія недалужныя! Рэжым у тутэйшай установе, трэба думаць, зусім яму не падыходзіў. Небараку так скруціла жывот, што ўвесь час ён толькі і сядзеў на парашы. Ужо Жазэф яму гэтага не спускаў. Дый як жыць у турме без жартаў.
З медычнага агляду, які рабіўся кожныя тры дні (бо ў турме хоць і было ўсяго тысяча дзвесце вязняў, але з іх добрая тысяча — хворыя), Дзюпаншэль вярнуўся не ў гуморы. Ён асмеліўся расказаць доктару пра Мэнара, які сам не мог пайсці на агляд, але той адказаў, што не збіраецца турбавацца індывідуальна пра кожнага вязня, з якім абышліся не надта ласкава, — іначай гэтаму канца не будзе.
Жазэф накутаваў ад каросты; ад такой задушлівай спёкі і нястачы паветра ў цеснай смярдзючай камеры нярэдка здаралася, што ўранку некаму з іх рабілася блага.
Аднойчы, калі Дзюпаншэль зноў быў у свайго адваката, Жазэф заявіў, што той, хто са скуры вылузваецца, каб нешта даказаць, якраз нічога і не дакажа. Нашто ўсё гэтае ўпартае дбанне? Каб прыцягнуць да іх увагу? Дзеля чаго? Адвакаты, лекары... усе гэтыя шпегі! Тое самае ён паўтарыў і качцы, калі той, вельмі горды за сябе, паведаміў, што яму ўдалося зацікавіць абаронцу сваім лёсам і агідным рэжымам у турме.
— Абаронцу! Мо ў цябе якой клёпкі няма? Чаму ж ты, калі з ім гаворыш, не называеш яго сваёй мамкай?
Г-эх! Каб можна было мець перадачу! Усе думкі былі пра яе, чаго б толькі яны не аддалі хоць за самую малую крышку тытуню! У першыя дні пасля арышту Мэнару яшчэ паспелі зрабіць адну перадачу, але гэта было так даўно.
— Мы ж маем на гэта права! — казаў Дзюпаншэль.
— Слухай, не смяшы ты мяне са сваімі правамі, — не стрымаўся Жазэф. — Маем права, не маем права... Калі яны перадаюць табе пасылку, ты ім павінен падзякаваць, і справе канец!
Яны прагнулі перадачы, прагнулі тытуню. А бачылі адно саламяную пацяруху з турэмных сеннікоў.
Калі аднойчы ў незвычайны час дзверы ў камеру адчыніліся і ўвайшоў наглядчык, не кірпаты, а іншы, з жоўтым, як рэпа, тварам — інспекцыя! — а за ім нейкі худы і доўгі, як палка, тып, што без дай прычыны чухаў свой нос, — нічога добрага яны ад гэтага не чакалі. І тым больш было дзіўна, калі гэты здаравяк раптам узлаваўся, прычым невядома на каго, і наглядчыку гэта было зразумела не болей за іншых. Ён узяў Жазэфа за руку і пачаў рассоўваць яму пальцы:
— Ды ў гэтага тыпа кароста!.. І ў гэтага таксама...
Зусім збіты з панталыку Дзюпаншэль казаў, што ў яго баліць жывот.
— А я вам кажу, што ў вас кароста!
Добра, добра. Няхай будзе кароста, калі яму так падабаецца. Зганяючы мух, доктар — а гэта ж быў доктар! — схіліўся над трэцім вязнем.
— Ганьба! — сказаў ён. — Ганьба!
Ён гаварыў гэтае слова крыху незвычайна, вымаўляючы «г» адначасова і выбухова і мякка: «К-ханьба».
Гэта асабліва ўразіла Жазэфа. Наглядчык спрабаваў быў растлумачыць, што ўсё гэта — праз гэтых вашывых нягоднікаў: іх проста немагчыма прымусіць як след прыбіраць у камеры...
О-го-го! Ну ўжо і даў ён дыхту гэтай паранай рэпе!
— Змоўкніце! К-ханьба! Каб француз так абыходзіўся з французамі!
Яго гнеўны голас аддаляўся па калідоры. А Жазэф у камеры ўжо цвяліўся:
— К-ханьба! К-ханьба!
Тым часам у той жа дзень усіх трох вязняў перавезлі пад вартай у дрыготкай закрытай машыне ў шпіталь на ўзгорку, дзе быў арганізаваны спецыяльны лазарэт, бо ў турэмным і так ужо не было дзе павярнуцца. Дзіўнае пачуццё — ехаць з турмы ў лазарэт праз увесь гэты неспакойны і насцярожаны горад, дзе яны жылі некалі вольна, удзельнічалі ў барацьбе, што ідзе і цяпер — без іх.
Раней гэта была прыватная клініка, не надта сучасная — з вялікімі пакоямі, невысокімі столямі. Да вайны ў ёй лячылі рабочых з суседніх заводаў і фабрык: сацыяльнае забеспячэнне, як гэта ў іх называлася... Цяпер, калі шпіталь зрабіўся часткай турмы, у ім дзіўна перамяшаліся медычны персанал і турэмная варта. Па начах тут заўжды гарэлі блакітныя лямпачкі, і хворыя прачыналіся, адно каб зірнуць на іх кволы бляск пасля непрагляднай турэмнай цемры.
Той самы доктар, які паслаў іх сюды, рабіў агляды і ў клініцы. Усе ўтрох яны ляжалі побач на суседніх ложках. Жазэф ужо добра здружыўся з «панам», як ён яго называў, але той па-ранейшаму быў негаваркі. Абодва яны ўсё яшчэ асцерагаліся качкі. Тым болей што аднойчы, пасля чарговых працэдур, той запытаўся, перагнуўшыся з ложка:
— Слухай, Жазэф, ты не чуў, што там кажуць пра маёра Арно? Здаецца, яны яго зусім ужо закатавалі...
Але дзе ж гэта было, каб вязня трымалі ў шпітальным ложку адно праз нейкую каросту! Аднойчы, калі галоўная медсястра паспрабавала сказаць пра гэта доктару, той паслаў яе вельмі далёка. Слаўны ён дзядзька быў, гэты доктар! Хадзілі чуткі, што ён загадаў нават адхаяць усю турму, ды такога нарабіў шуму!.. Ён запэўніваў, што ў турме — тыфус, а можа, так яно і было? Сваіх трох малайцоў доктар трымаў пад асабістым наглядам.
І калі інспектар Бэлем захацеў зноў пачаць допыт яго пацыента, доктар — а ён быў інспектарам гігіены ў дэпартаменце і ўяўляў сабой нешта накшталт санітарнага прэфекта — так пацешна яго прабраў: «Ні пад якаю маркай! Вы чуеце?! Дзе вы знаходзіцеся? Хто тут начальнік?» — і г. д. Усе проста душыліся ад рогату на сваіх ложках. У тым ліку і сам Мэнар, пра якога ішла гаворка. А інспектар Бэлем адразу зрабіўся нібы шаўковы, ён не ведаў нават, што адказаць.
— Глядзіце, я зраблю, што вас звольняць! Гэта болей так быць не можа! Гэта ж к-ханьба! К-ханьба!
Калі інспектар і доктар пайшлі, Жазэф з Мэнарам, у добрым гуморы, забыліся да таго, што падзяліліся сваімі думкамі пра тое, што здарылася, з качкай. І качка, які раней быў заўжды паслядоўны ў сваіх учынках, тут даў маху.
— А я вось усё думаю, — сказаў ён, — што яны зрабілі з маёрам Арно?..
Адразу запанавала маўчанне. Жазэф на мігах паказаў нешта Мэнару. І той крыху прыўзняўся над ложкам на перавязаных кулаках і сціснуў зубы з такім выглядам, нібыта казаў: «Пачакай, вось толькі выйдзем на волю, ужо ён пабачыць у нас, гэтая качка!» Тым часам санітаркі разносілі лекі.
І ўсё-ткі доўга гэтак быць не магло. Як казаў Жазэф, хутка іх, відаць, павязуць назад — у турму: яны і так ужо добра падыхалі свежым паветрам. Харч у лазарэце быў не тое каб выдатны, але ўсё-ткі кожны дзень тут давалі капусту, і мыцца можна было цёплай вадой, а аднойчы была нават бульба. Што ж наконт таго, каб пагутарыць, дык магчымасцей у агульным пакоі дзеля гэтага было ўсё-ткі больш, як у трохмесным склепе ў суседстве з занадта добра выхаваным панам, які ўвесь час толькі маўчаў, ды яшчэ адным, які з такою наіўнаю пысай пытаўся ў вас, ці ведаеце вы маёра Гэтага ды ці не чулі пра палкоўніка Таго... Ах, даражэнькія ж вы мае!.. А яшчэ ж тут былі прыбіральні, ды якія — амаль як дома, з акенцам, праз якое можна пабачыць неба. А ў аперацыйным пакоі, кажуць, — бо самому Жазэфу трапіць туды шчасця не выпадала, — ёсць акно, праз якое відаць увесь горад... увесь неабсяжны горад, што распасціраецца да самага далягляду, перарэзаны напалам ракой; гэты вялікі горад, пра які яны марылі, думаючы пра тых, хто там жыў, пра рэчы, што іх чакалі, пра ўсё, што там дзеелася — дзеелася, нягледзячы ні на што, нягледзячы на шэра-зялёных паліцыянтаў, што выходзілі з кашараў і шпацыравалі па вуліцах, гарлаючы свае хаўтурныя маршы і грукаючы ў такт абцасамі ботаў. Пра ўсіх тых, хто быў там, на волі, пра іх упартасць, адвагу, смеласць.
Часам, уранку, да іх даносіўся глухі грукат далёкага выбуху, і хворыя прыўставалі на ложках, перашэптваліся: «Ты чуў, га, ты чуў?» Нават вартаўнікі, што стаялі каля дзвярэй, і тыя аднойчы... Жазэф ужо збіраўся нешта сказаць пра гэта, але «пан» зрабіў знак вачыма. І праўда! Ён зусім забыўся пра качку.
Добра. Але аднойчы ўранку ў шпіталь заявіліся бошы — адзін у цывільным і два — ва ўніформе, пры зброі. На дварэ іх чакала машына з шафёрам. Як вы думаеце, што тут было рабіць вартаўнікам і санітаркам? Вядома, яны папрасілі паказаць ім мандат, падпісаны прэфектам, ці яшчэ нейкую такую паперу, але тыя адно наставілі на іх рэвальверы ды гыркнулі:
— Вось наш мандат!
І цывільны прамовіў слова «гестапа» так, нібыта сказаў: «Сезам», — а калі вартаўнікі пагразіліся, што затэлефануюць у прэфектуру, гэта яго зусім не ўразіла. Бошы патрабавалі, каб ім выдалі тры чалавекі, — яны хацелі іх павесці з сабою. І, не зважаючы на пратэсты, следам за санітаркай увайшлі ў пакой, дзе ляжалі хворыя.
Няхай апранаюцца, ды каб хутчэй! І калі Жазэф, якога назвалі першага, крыху закорпаўся, салдат адразу паказытаў яго прыкладам па драбах; а Дзюпаншэля — няшчасную качку — падганялі грымакамі ў зад. Але горай за ўсіх было «пану».
— Мэнар, Андрэ, давай, братку, давай.
Ён не мог стаяць на нагах, у яго яшчэ не зажылі раны — яны ведалі гэта. Але фрыцам на ўсё напляваць.
Трэба было пабачыць, як яны за яго ўчапіліся! Ну ты, варушыся! Хворыя на ложках незадаволена бурчалі. Тады яны наставілі рэвальверы на хворых, і тыя, вядома, адразу сціхлі. Гестапавец загадаў двум ва ўніформе ўзяць Мэнара пад рукі, і — марш! І ўсё пад рулямі рэвальвераў.
«Паганая гісторыйка...» — думаў сабе Жазэф. Але з якою іроніяй ён глядзеў на бамбізу. Вось дзе ўжо ўліпла качка! Гэтыя бошы разбірацца не будуць: прыб'юць і справе канец. Ён заўважыў, што адна санітарка, якая, відаць, была яшчэ не кончанай сучкай, выцірала насоўкаю вочы; зрэшты, такое не падабалася нават вартаўнікам.
Калі яны пераступілі парог, Жазэф як захлынуўся: перад імі, унізе, ад падножжа пагорка распасціраўся ўвесь горад, заліты промнямі вольнага сонца... Здавалася, ён быў заліты срэбрам, іскрыліся стрэхі, між імі прыгожай звілістай сцежкай цякла ўдалеч рака. А там, удалечыні, дымілі камінамі заводы, вялікай зялёнаю плямай вымалёўваўся парк, і белыя абрысы дамоў над даляглядам здаваліся чамусьці палацамі з чарадзейных казак. Грукаталі трамваі, на вуліцах тоўпіўся люд — быў, відаць, поўдзень... Там, унізе, яны ўсе вольныя! Вольныя!.. Яны не спыняюць сваёй барацьбы!..
Жазэф так заглядзеўся, што нават не паспеў падтрымаць таварыша, які спатыкнуўся. Гестапавец вылаяўся па-нямецку, і, на сваё здзіўленне, Жазэф пачуў, як качка шапнуў «пану»: