— Я, можна сказаць, сірата, — уздыхнула малышка, выціраючы слязінку кончыкам танюсенькага пальчыка.
— Як мне шкада вас! — ветліва паспачуваў ёй галантны кавалер.
Ідучы за ёю ў гатэлі, Дэні заўважыў, што парцье ў калідоры чамусьці не было, а ружовы плюш, якога тут было надта ўжо багата, надаваў установе даволі падазроны выгляд. Але ўзнімаючыся па лесвіцы, ён дазволіў усё ж дзяўчыне, каб разгледзець як след яе жаночыя вартасці, апярэдзіць сябе на некалькі прыступак.
Думка аддацца распусце з жанчынаю здалася яму спачатку агіднай, пасля смешнай, але ўспамін пра здарэнні ў лесе адагнаў сумненні, і неўзабаве ваўкалак пачаў на практыцы ажыццяўляць тыя веды, якія набыў візуальна. Прыгажуня прытворна стагнала, выказваючы неверагоднае задавальненне, але наіўны, малаадукаваны ў гэтай навуцы Дэні не прыкмеціў фальшу.
Ледзь ён апрытомнеў (дарэчы, даволі абыякавы да ўсяго таго, што адчуў з жанчынаю), як раптам зазвінеў гадзіннік. Усё яшчэ бледны, нібы мярцвяк, ён, цяжка дыхаючы, расплюшчыў вочы і са здзіўленнем убачыў, што дзяўчына, нахіліўшыся і павярнуўшыся да свайго кавалера, з вашага дазволу, задам, спрытна корпалася ў кішэнях яго пінжака.
— Вы шукаеце маю фотакартку? — спытаўся ён раптам у яе.
Адразу гэтая здагадка ўсцешыла яго, але па тым, як здрыганулася дзяўчына, Дэні зразумеў, што ён дужа памыляўся.
— Э-э... але... але, мой любы, — сказала прыгажуня, не разумеючы, ці смяецца ён, ці гаворыць сур'ёзна.
Дэні нахмурыўся. Ён устаў, падышоў да яе і праверыў свой партфель.
— Я бачу, вы адна з тых брыдотных самак, пра непрыстойнасць якіх можна даведацца з раманаў мсье Марыяка! — зрабіў выснову Дэні. — Сцерва.
Ашуканка збіралася адказаць як след гэтаму ёлупу, трасца яму ў бок, сказаць, вылаяўшыся не раз, што ён абрыдаў ёй і што яна на яго плявала, бо не такая яна дурная, каб класціся ў ложак з такім недаробкам дзеля задавальнення, але замест гэтага анямела ад бляску вачэй ачалавечанага ваўка. Маленькія чырвоныя праменьчыкі праціналі і паралізоўвалі чарнявую прыгажуню.
— Зрабіце ласку, адзеньцеся і выйдзіце хутчэй вон! — загадаў ёй Дэні.
Ваўкалак вырашыў раптам, каб павялічыць эфект, завыць. Ён ніколі гэтага не рабіў, але, нягледзячы на нявопытнасць, завыў вельмі жудасна.
Напалоханая да смерці прастытутка моўчкі мігам апранулася і выскачыла з нумара. Дэні застаўся адзін — і засмяяўся. Ён адчуваў у сабе штосьці распуснае, нешта такое, што распальвала яго.
— Гэта смак помсты, — сказаў ён сам сабе.
Ён прывёў сябе ў парадак і выйшаў. Была ноч, і бульвар залівала цудоўным святлом.
Не зрабіў Дэні і двух крокаў, як да яго падышлі тры мужчыны ў занадта ўжо кідкіх светлых касцюмах, новых капелюшах і да бляску наваксаваных чаравіках.
— Пагаворым? — сказаў худзейшы, смуглявы, з тонкімі вусікамі.
— Не прыкідвайся дурнем, — працадзіў праз зубы другі, чырвоны і квадратны.
— Зойдзем сюды, — прапанаваў смуглявы, калі яны праходзілі міма бара.
Дэні зайшоў. Заінтрыгаваны, ён усё яшчэ думаў, што прыгода гэтая была толькі жартам.
— Вы гуляеце ў брыдж? — спытаўся ён у мужчын.
— Зблытаеш нашы карты, атрымаеш па зубах — будзе тады табе брыдж, — змрочна адказаў чырвоны квадратны. Здавалася, што ён быў дужа раз'юшаны.
— Вось што, шаноўны, — сказаў смуглявы адразу пасля чырвонага, — вы толькі што даволі няветліва абышліся з дзяўчынаю.
Дэні зарагатаў.
— Ды ён здзекуецца з нас, морда! — сказаў чырвоны. — Нічога, зараз яму стане сумна.
— Бачыш, — дадаў смуглявы, — мы крыху сябруем з гэтай дзяўчынкай.
Дэні зразумеў усё.
— Бачу, — сказаў ён. — Вы — «каты».
У сутэнёраў ажно твары выцягнуліся ад такой знявагі: нячаста ім даводзілася чуть гэтую пагардлівую мянушку людзей іх занятку.
— Ты не жартуй! — пагрозліва папярэдзіў Дэні квадратны.
Дэні паглядзеў на іх.
— Здаецца, зараз я раззлуюся, — сказаў ён рашуча. — Такое са мной упершыню, але я пазнаю гэта пачуццё. Я шмат чытаў пра яго.
На тварах у сутэнёраў застыла збянтэжанасць.
— Ты што, фраер, думаеш нас напалохаць? — спытаўся чырвоны.
Трэці гаварыў мала, а сціснуў кулак і замахнуўся, але не паспеў данесці яго да падбародка Дэні, як ваўкалак ухіліўся, злавіў мужчыну за руку і сціснуў запясце. Пачуўся хруст.
На галаву Дэні цяжка апусцілася бутэлька — ён заморгаў і адступіў.
— Мы цябе зараз прыдушым, — сказаў смуглявы.
Бар апусцеў. Дэні пераскочыў столік і квадратнага мужчыну. Збянтэжаны, той разявіў рот, але ўсё ж такі паспеў ухапіцца за замшавы ваўкалакаў чаравік.
Адбылася кароткая бойка. Дэні падышоў да люстэрка. Каўнер у кашулі быў разарваны, праз шчаку цягнуўся шрам, пад вокам свяціўся «ліхтар». Ён жвава паклаў нерухомыя целы пад сядзеннямі каля стойкі. Сэрца проста выскоквала з грудзей. Ён крыху супакоіўся, ды раптам зірнуў на насценны гадзіннік. Было ўжо адзінаццаць.
«Чорт! — падумаў ён. — Трэба ўцякаць».
Ён хутка насунуў чорныя акуляры і пабег да гатэля.
Яго душу перапаўняла нянавісць, але Дэні разумеў, што трэба неадкладна вярнуцца ў лес.
Разлічыўшыся за нумар, ён узяў валізу, ускочыў на ровар і стартаваў — нібыта чэмпіён свету па гонках на роварах.