Французская навела XX стагоддзя - Веркор 18 стр.


Я падумаў: зараз ён зачыніць дзверы і пойдзе. Ажно ж не. Ён усё яшчэ глядзеў на пляменніцу. Пасля дадаў, не, прашаптаў:

— Бывайце.

Ён стаяў зусім нерухомы, і на яго застылым напружлівым твары вочы здаваліся яшчэ больш нерухомымі і напружлівымі. Яны глядзелі ў вялікія чыстыя вочы пляменніцы. Гэта цягнулася да тае пары, пакуль дзяўчына не разамкнула вусны. Вочы ў Эбрэнака бліснулі.

Я пачуў:

— Бывайце.

Трэба было лавіць гэтае слова, каб пачуць яго, але ўсё ж такі я яго пачуў. Пачуў яго і Эбрэнак. Ён выпрастаўся. Твар яго і цела раптам супакоіліся.

Ён усміхнуўся, і ўсмешка гэтая засталася апошнім успамінам пра яго. Дзверы зачыніліся, і крокі заціхлі ў глыбіні дома.

Яго ўжо не было, калі я спусціўся выпіць кубак малака. Пляменніца, як звычайна, гатавала сняданак. Мы моўчкі пілі. На дварэ праз туман прасвечвала бледнае сонца. Мне здалося, што вельмі холадна.

Кастрычнік, 1941

Ён жыў у лесе Фос-Рэпоз, пад Пікардзійскім узгоркам, вельмі прыгожы чорны дарослы воўк з вялікімі чырвонымі вачыма. Звалі яго Дэні. Найболей яму падабалася назіраць з лесу за тым, як аўтамабілі, што імчаліся па дарозе з Віль-д'Аўрэй, прыбаўлялі газу перад залітым сонцам адхонам, на якім лівень пакінуў толькі што аліўкавы адбітак высачэзных дрэў. Яшчэ ён любіў гуляць летнімі вечарамі па лесасецы і падглядаць за барацьбой нецярплівых закаханых з нялёгкімі эластыкавымі гарнітурамі, з якіх, на жаль, складаецца звычайна ў наш час бялізна. Ён, як філосаф, сузіраў вынікі ўпартых намаганняў, якія часам завяршаліся поспехам, і адыходзіў, цнатліва пакручваючы галавою, калі якой-небудзь ахвяры прыходзілі, як кажуць, капцы. Нашчадак многіх пакаленняў цывілізаваных ваўкоў, Дэні харчаваўся травою і блакітнымі гіяцынтамі, прыпраўляючы іх восенню адборнымі шампіньёнамі, зімою ж вымушаны быў красці малако ў бутэльках з вялікага жоўтага грузавіка малочнай фірмы; жывёльны смак малака быў проста жудасны, і воўк з лістапада да лютага кляў бязлітаснасць сезона, з-за якога псаваў сабе страўнік.

Дэні жыў у згодзе з суседзямі, якія дзякуючы яго сціпласці нават не здагадваліся пра існаванне ваўка. Ён знаходзіў сабе прытулак у маленькай пячоры, што выкапаў шмат гадоў таму назад адзін золаташукальнік. Зазнаючы праз усё жыццё адны няўдачы, той страціў урэшце апошнія надзеі знайсці калі-небудзь свой маленькі «кошык апельсінаў» (як сказаў Луі Бусенар) і вырашыў на схіле дзён прадоўжыць пошукі, такія ж марныя, як і маніякальныя, у зоне ўмеранага клімату. Дэні зрабіў сабе ў гэтай пячоры камфартабельнае жытло, упрыгожыў яго патроху каўпакамі колаў, гайкамі і іншымі аўтамабільнымі дэталямі, падабранымі на дарозе пасля даволі частых тут аварый. Ён увогуле моцна захапіўся механікай і нярэдка, перабіраючы трафеі, марыў пра сваю майстэрню. Чатыры шатуны з лёгкай сталі, на якія ён паклаў верх дарожнага чамадана, замянялі стол, ложак быў зроблены са скураных сядзенняў старога «Амількара», што калісьці ўрэзаўся ў вялікі каранасты платан на павароце, а дзве шыны сталі шыкоўнымі рамамі на партрэты даўно і пяшчотна любімых бацькоў; усё гэта густоўна спалучалася з рэчамі больш банальнымі, якія некалі сабраў золаташукальнік.

У адзін жнівеньскі вечар Дэні, як і штодня, прагульваўся па лесасецы дзеля лепшага стрававання. Ён набліжаўся ўжо да дуба, пасля якога звычайна паварочваў назад, як раптам па волі лёсу спаткаў на сваім шляху Эцьена Пампля, вядомага больш па мянушцы Сіямскі Маг, і зацягнутую ім у гушчар малышку Лізэт Кашу, чарнявую афіцыянтачку з рэстарана «Гранэй». На Лізэт быў новы файны гарсэт маркі «Насланнё», знішчэнне якога каштавала Магу шасці гадзін амаль няспыннае барацьбы, — менавіта таму і адбылася ў Дэні гэтая позняя сустрэча.

На няшчасце Дэні, абставіны былі выключна неспрыяльныя. Стаяла поўнач, і Сіямскі Маг заходзіўся ад злосці ў прыпадку антрапаліцыі*. З'яўленне Дэні, які, зрэшты, папрасіўшы ціха прабачэння, далікатна адышоў убок, неверагодна раз'юшыла Мага. Дужа расчараваны ў Лізэт і перапоўнены энергіяй, якой трэба было неадкладна даць выйсце, ён кінуўся на бязвіннага ваўка і з усяе сілы ўкусіў яго за лапатку. Дэні пабег з трывожным віскам. Ледзь дацягнуўшыся да пячоры, ён зваліўся на зямлю і заснуў цяжкім сном, які ўвесь час праціналі жахлівыя трызненні.

* Вар'яцтва, пры якім хвораму здаецца, што ён воўк ці іншая жывёліна.

Але патроху ён забыўся пра сваю ліхую прыгоду, і дні пацяклі, як і раней, розныя і аднолькавыя. Набліжаўся верасень, Дэні аб'ядаўся груздамі і баравікамі, хапаў часам колькі апенек і, як чумы, баяўся цяжкіх для стрававання свінушак. Цяпер увечары людзі гулялі ў лесе нядоўга, і ён клаўся спаць раней. І ўсё ж здавалася, што адпачываў ён ад гэтага не лепш. Разбіты і змораны, нашпігаваны кашмарамі, Дэні прачынаўся ўжо на золку. Яго перастала цікавіць нават механіка, і часам ён да самага паўдня задуменна праседжваў з анучаю ў лянівай лапе над пазелянелай латуннай трубкай, якую зранку збіраўся нацерці да бляску. Сон яго рабіўся ўсё больш неспакойны, і Дэні дзівіўся з таго, што не знаходзіў гэтаму тлумачэння.

У ноч поўні ён раптам прачнуўся, трасучыся ад ліхаманкі і холаду. Быў ён сам не свой і таму, падняўшыся, запаліў, каб паглядзець, у чым жа справа, файную фару, што засталася яму колькі месяцаў назад ад разбітага «мерседэса». Святло заліло ўсе закуткі пячоры. Дэні ледзь дайшоў да аўтамабільнага люстэрка, што вісела над яго туалетным столікам. Спачатку, адчуўшы, што ён стаіць на задніх лапах, Дэні здзівіўся, і толькі, але калі ўбачыў у люстэрку свой твар, проста збянтэжыўся: на яго глядзела штосьці незвычайнае, белаватае, голае — хіба што прыгожыя рубінавыя вочы нагадвалі яшчэ былы яго выгляд. Ён застагнаў, агледзеў сябе з усіх бакоў і зразумеў нарэшце, чаму так працінаў яго ледзяны холад. Яго багатая чорная шэрсць знікла, і быў ён такі ж нязграбны і даўжэзны, як усе тыя істоты, неспрактыкаванасць якіх у любоўных справах адно выклікала ў яго смех.

Трэба было ўцякаць адсюль як мага хутчэй. Дэні кінуўся да чамадана з розным старым хламам, таксама патроху падабраным на дарозе. Інстынкт падказаў яму выбраць элегантны шэры ў белую палоску касцюм, аднатонную ружовую кашулю і бардовы гальштук. Як толькі Дэні адзеўся, усё яшчэ не разумеючы, як гэта ён стаіць на задніх лапах, яму стала крыху лягчэй — ён нават перастаў ляскаць зубамі. Пасля ён разгублена, са слязьмі на вачах паглядзеў на маленькую кучку чорнае шэрсці каля свайго ложка і адразу ж неверагодным намаганнем волі саўладаў з сабой.

Трэба было, не марудзячы, абдумць, што рабіць далей. Ён шмат чаго ведаў са старажытных кніг, і карціна здавалася яснай: Сіямскі Маг быў ваўкалак, а ён, Дэні, перакінуўся пасля яго ўкусу ў чалавека.

Зразумеўшы, што жыць яму цяпер у невядомым свеце, Дэні адчуў спачатку неверагодны жах. Чалавек сярод людзей — якія ж толькі небяспекі не чакаюць яго цяпер! Ужо адзін успамін пра тую марную барацьбу, якую днём і ноччу вялі між сабою шафёры на Пікардзійскім узгорку і якая здавалася яму вельмі сімвалічнай для жыцця людзей, дазваляў Дэні адчуць жудасны смак таго існавання, законам якога прыйдзецца яму цяпер падпарадкоўвацца. Але потым ён падумаў, што калі чарнакніжнікі не маняць, то жыццё яго ў чалавечай шкуры не павінна было вельмі ўжо задоўжыцца. Чаму ж тады не пакарыстацца гэтакім выпадкам і не зрабіць падарожжа па гарадах? Трэба сказаць, што не ўсе сцэны, якія воўк бачыў у лесе, выклікалі ў яго агіду, да таго ж, аблізаўшыся, ён прыкмеціў, што язык яго, нягледзячы ні на што, застаўся прыгожа завостраным. Ён падышоў да люстэрка і ўгледзеўся ў сябе: рысы яго не былі такія страшныя, як ён меркаваў. Дэні разявіў рот і з задавальненнем канстатаваў, што паднябенне яго было таго самага прыемнага чорнага колеру, пасля пераканаўся, што ён, як і раней, мог варушыць вушамі, якія, праўда, былі для чалавека крыху задоўгія і валасатыя. Але чысты прадаўгаваты твар і белыя зубы рабілі яго, прынамсі, даволі сімпатычным (ва ўсякім выпадку, Дэні мог так меркаваць пра сваё аблічча, успамінаючы твары людзей, якіх ён сустракаў у лесе). Урэшце, заставалася толькі падпарадкавацца непазбежнаму і набыць у выніку вопыт на будучыню. Аднак асцярожнасць усё ж такі перамагла і вымусіла Дэні перад тым, як выйсці, прыхапіць чорныя акуляры, якія затушылі крыху ружаваты воўчы бляск вачэй. Ён узяў таксама плашч і, ускінуўшы яго на руку, упэўнена пайшоў да дзвярэй. Праз некалькі хвілін ён стаяў ужо з лёгкай валізай каля дарогі і ўдыхаў ранішняе паветра — нюх яго, відаць, пагоршыўся, бо пахаў вакол стала куды менш, чым раней. Прыкмеціўшы першы аўтамабіль, Дэні спакойна ўзняў руку. Вопыт падказваў яму, што аўтамабілі рэдка спыняліся на пад'ёме і ахвотна на спуску, бо сіла цяжару рабіла тады ход пасля прыпынку лягчэйшым, — і Дэні абраў парыжскі кірунак.

Шафёр не спяшаўся. Дэні спадабаўся яму сваёй элегантнасцю, і ваўкалак, ямчэй уладкаваўшыся на сядзенні, пачаў смела разглядваць прадстаўніка невядомага свету. Праз дваццаць хвілін няхуткай язды Дэні выйшаў на плошчы Оперы. Дзень быў ясны і лагодны, а вулічны рух даволі мерны. Ваўкалак рашуча выйшаў на пешаходную дарожку і пайшоў па бульвары да гатэля «Скрыб», дзе заплаціў за двухпакаёвы нумар з ваннай. Пакінуўшы валізу парцье, ён пайшоў у краму купляць ровар.

Раніца прайшла нібыта ў сне: разгублены, Дэні ніяк не мог справіцца з роварам. Ён адчуваў у глыбіні душы вялікае жаданне пакусаць якога-небудзь ваўка, ды, ведаючы, што знайсці тут сабе ахвяру не так ужо і лёгка, трымаў сябе ў руках і стараўся менш успамінаць парады чарнакніжнікаў. Дэні, безумоўна, мог спадзявацца, што калі яму крыху пашэнціць, то ён здолее дабрацца да заапарка, але разлічваў пайсці на такое хіба што ў крайнім выпадку. Усю сваю ўвагу ён накіраваў на ровар і хутка адчуў вартасці гэтай нікеліраванай машыны, якая магла стаць вельмі карыснай па дарозе назад у пячору.

Апоўдні Дэні паставіў ровар каля гатэля. Гледзячы на тое, як ён гэта рабіў, парцье дзівіўся, і толькі, але, мусіць, элегантнасць ваўкалака і яго рубінавыя вочы адбівалі ў людзей ахвоту рабіць яму заўвагі. З лёгкай душою Дэні выправіўся шукаць рэстаран і з многіх выбраў неблагі на выгляд, але сціплы і нешматлюдны: у другі магло падысці пазней занадта многа народу, а Дэні трохі баяўся, што манерам яго, нягледзячы на высокую агульную культуру, яшчэ ўласцівы лёгкі правінцыялізм. Ён выбраў столік у далёкім кутку і сказаў афіцыянту, каб той паспяшаўся.

Ды ці ж мог ён ведаць, што ў гэты такі ціхі на першы погляд рэстаранчык хутка пачнуць збірацца на штомесячнае пасяджэнне гурманы з клуба аматараў галаўня па-рамбалітанску? Толькі яму прынеслі абед, як у залу адзін за адным пацягнуліся ружовашчокія мужчыны. Яны ўмомант занялі сем столікаў на чатырох чалавек кожны. Гэты раптоўны наплыў вымусіў Дэні нахмурыцца, а неўзабаве, як і трэба было чакаць, да яго століка падышоў ветлівы метрдатэль.

— Выбачайце, мсье, калі ласка, — сказаў гэты гладка паголены франт Дэні, — ці не маглі б вы дазволіць нам пасадзіць побач з вамі мадэмуазель?

Дэні паглядзеў на дзяўчыну і зноў нахмурыўся.

— Мне было б вельмі прыемна, — адказаў ён, прыўзняўшыся.

— Дзякую, мсье, — праспявала дзяўчына музычным голасам. Голасам музычнае пілы, калі ўжо быць дакладным.

— Калі ўжо дзякуеце вы, — адказаў ёй Дэні, — то што застаецца мне, як не аддзякаваць вам?

— Гэта лёс, — зноў падала голас прыгажуня і адразу ўпусціла сумачку, якую Дэні злавіў на ляту.

— О! — ускрыкнула дзяўчына. — У вас неверагодная рэакцыя!

— Але, — згадзіўся Дэні.

— У вас вельмі дзіўныя вочы, — дадала яна хвілін праз пяць. — Яны нагадваюць... нагадваюць...

— Ну што вы, — крыху саромеўся Дэні.

— Гранаты, — скончыла дзяўчына.

— Што зробіш, вайна, — пачаў быў адказваць Дэні.

— Я вас не зусім разумею.

— Я думаў, — удакладніў Дэні, — што, гледзячы на мае вочы, вы прыгадаеце рубіны, але ж вы сказалі ўсяго толькі пра гранаты, і я адразу падумаў пра абмежаванні, якія прыносіць з сабой вайна, і пра суадносіны выніку і прычыны.

— Вы скончылі Вышэйшую школу палітычных навук? — спыталася чарнявая лань.

— Каб ніколі больш туды не вяртацца.

— А вы хлопец што трэба, — кінула камплімент дзяўчына, якая мела звычку з кожным новым знаёмым прыкідвацца нявінніцай.

— Я ахвотна сказаў бы тое самае і пра вас, — ветліва адказаў Дэні.

Яны разам выйшлі з рэстарана. Ашуканка сказала ваўкалаку, што мае непадалёку, у гатэлі «Выціскалка грошай», шыкоўны пакойчык.

— Хадзем паглядзім мае японскія эстампікі, — шапнула яна Дэні на вуха.

— А ці ж можна? — занепакоіўся Дэні. — Ці не патурбуем мы каго з вашых родных?

Назад Дальше