Французская навела XX стагоддзя - Веркор 28 стр.


Бальдучы паківаў галавой.

— Добра. Але загад ёсць загад, і цябе ён датычыцца таксама. Яны, здаецца, пачынаюць варушыцца. Ходзяць чуткі, што неўзабаве будзе паўстанне. Так што ўсе мы, можна лічыць, мабілізаваныя.

У Дару быў па-ранейшаму ўпарты выгляд.

— Слухай, сынку, — сказаў Бальдучы, — ты мне вельмі падабаешся, але ж ты разумей. Нас у Эль-Амёры нейкі тузін, а вартаваць мы павінны па ўсёй акрузе. Мне трэба вярнуцца. Мне сказалі даверыць гэтага шалахвоста табе і адразу вяртацца. Мы не маглі яго трымаць у сябе. Яны там, у ягонай вёсцы, пачалі хвалявацца і хацелі яго ў нас адбіць. Таму ты заўтра ж павінен завесці яго ў Тынгіт. Што такому асілку, як ты, нейкія дваццаць кіламетраў. А потым — вернешся, і будуць у цябе зноў твае вучні і спакойнае жыццё.

Было чуваць, як за сцяной пырхае і стукае капытамі конь. Дару глядзеў праз акно. Надвор'е прыкметна лепшала, па заснежаным узгор'і разлівалася святло. Калі ўвесь снег растане, сонца запануе зноў і будзе гэтак жа паліць каменныя прасторы. І зноў дзень за днём спякотнае неба будзе сляпіць задушлівым святлом самотны абшар, дзе нічога не нагадвае пра існаванне чалавека.

— Слухай, — сказаў настаўнік і павярнуўся да Бальдучы, — а што ён такое зрабіў? — І раней, чым жандар разявіў рот, запытаўся: — Ён гаворыць па-французску?

— Не, ніводнага слова. Мы шукалі яго больш за месяц, але ён хаваўся. Гэты шчанюк забіў свайго стрыечнага брата.

— Ён супраць нас?

— Не думаю. Але хто іх ведае...

— За што ж ён забіў?

— Крэўныя справы, па-мойму. Здаецца, адзін быў вінаваты другому зерня. Але гэта яшчэ не пэўна. Карацей, зарэзаў свайго брата, як авечку, ведаеш — так, нажом: ш-шах!..

Бальдучы зрабіў рух, нібы праводзіць сабе лязом па горле, і гэта прыцягнула ўвагу араба, які з трывогай зірнуў на жандара. І раптам Дару апанаваў гнеў, ён ненавідзеў гэтага араба, ён ненавідзеў усіх людзей за іх агідную злосць, за іх неспатольную лютасць, за іх прагу крыві.

Але на печы ў гатавальніку зашумела вада. Дару наліў Бальдучы яшчэ шклянку, потым нерашуча спыніўся, гледзячы на араба, але наліў гарбаты і яму. Той пачаў піць з ранейшаю прагай. Калі ён узняў рукі, крыссе халата трошкі разышлося, і Дару ўбачыў яго худыя і жылаватыя грудзі.

— Дзякуй табе, хлопча, — сказаў Бальдучы. — Ну, цяпер я пабег.

Ён устаў і рушыў да араба, выцягваючы з кішэні матузок.

— Што ты хочаш рабіць? — суха запытаўся Дару.

Бальдучы збянтэжана паказаў вяроўку.

— Не варта.

Стары жандар нерашуча сказаў:

— Як сабе хочаш. Але, спадзяюся, у цябе ёсць зброя?

— Паляўнічая стрэльба.

— Дзе?

— У чамадане.

— Я б табе раіў трымаць яе побач з ложкам.

— Навошта? Мне няма чаго баяцца.

— Дурны ты, сынку? Калі яны ўздымуцца, літасці нікому не будзе: для іх мы ўсе аднаго поля ягадкі.

— Я абаранюся, у мяне будзе час, каб заўважыць іх яшчэ здалёк.

Бальдучы засмяяўся, але раптам яго яшчэ белыя зубы схаваліся за шчэццю вусоў.

— У цябе будзе час? Ну-ну. Што я і кажу. Ты заўсёды быў трошкі ненармальны. За гэта я цябе і люблю, мой сын быў такі самы.

Кажучы гэта, ён выцягнуў рэвальвер і паклаў яго на стол.

— Вазьмі сабе. Каб даехаць да Эль-Амёра, мне два не спатрэбяцца.

Рэвальвер блішчаў на чорнай фарбе стала. Бальдучы павярнуўся да настаўніка, і той адчуў, як ад жандара тхне скурай і конскім потам.

— Слухай, Бальдучы, — нечакана сказаў Дару, — мне агідна ўсё гэта, і гэты твой хлопец — перш за ўсё. Але я яго не павяду. Біцца — няхай, я згодны, калі тое спатрэбіцца. Але не гэта.

Стары жандар стаяў побач і строга глядзеў яму ў твар.

— Ты кажаш глупства, — павольна прамовіў ён. — Мне гэта таксама не падабаецца. Вязаць чалавека вяроўкай не прывыкнеш ніколі, ніякія гады тут не дапамогуць. І часам нават робіцца сорамна, так, сорамна. Але ж нельга дазволіць ім рабіць усё, што яны хочуць.

— Я не павяду яго, — паўтарыў Дару.

— Гэта загад, сынку. Я паўтараю табе: загад.

— Я чую. Дык паўтары ім тое, што сказаў табе я: я яго не павяду.

Было відаць, як Бальдучы напружыўся, шукаючы слоў. Ён пазіраў то на араба, то на Дару і нарэшце вырашыў:

— Не. Я нічога ім не скажу. Калі хочаш падкласці нам свінню, калі ласка, я цябе не выдам. У мяне ёсць загад даставіць арыштаванага табе, што я і зрабіў. Зараз ты мне падпішаш паперку.

— У гэтым няма патрэбы. Я не буду адмаўляць, што ты пакінуў араба ў мяне.

— Не крыўдуй. Я ведаю, што ты скажаш праўду. Ты ж тутэйшы, і ты сапраўдны мужчына. Але трэба падпісаць — такое правіла.

Дару выцягнуў шуфляду, дастаў маленькую кантовую бутэлечку з фіялетавым чарнілам, чырвоную драўляную ручку са звычайным вучнёўскім пяром, якім карыстаўся, каб выводзіць узоры прыгожых літар, і паставіў подпіс. Жандар акуратна згарнуў паперу, паклаў яе ў пулярэс і пайшоў да дзвярэй.

— Я правяду цябе, — сказаў Дару.

Назад Дальше