Французская навела XX стагоддзя - Веркор 4 стр.


— Спі! — грымнула Марта, ці то каб прымусіць замаўчаць дачку, ці то сваё сумленне, якое таксама драмала.

Яна рэзка ўстала і, цмокаючы языком, пашкандыбала на сваю вузкую кухню, дзе яшчэ заставаліся мізэрныя рэшткі засохлага сыру, якімі можна было пажывіцца. А! Не з такой, як у Адрыена, мізэрнай зарплатай можна было дазволіць сабе раскошу грэбаваць імі. Гэты Адрыен, сапраўды, вельмі разумны, калі кажа: «Ды аддай ты сваю мансарду Мало». Такія людзі, як Адрыен, лічаць, што раз яны акуратна прыносяць плату за кватэру, то гэтага дастаткова, каб карміць чатырох чалавек. Мансарда каштуе, сама мала, шэсцьдзесят тысяч франкаў і прызначаецца каму-небудзь грашавітаму, напрыклад, мадам Сюрмюля. Лічыць у старых франках — шэсцьдзесят тысяч, прыямней, чым у новых — шэсцьсот. А Марце гэтыя грошы былі так патрэбныя, што калі яна падлічыла яшчэ раз, то падумала, што мала просіць. Трыццаць тысяч доўгу, апрануць Эмілі, яе дачку, абуць Адрыена, унесці ўзнос за швейную машыну, з якім ужо запазніліся, ну і сціпла ўсё гэта адзначыць. На гэта пойдзе якраз шэсцьдзесят тысяч, значыць, ёй трэба восемдзесят. Яна папросіць восемдзесят, сто, каб атрымаць восемдзесят. І калі мадам Сюрмюля не пагодзіцца, тым горш! Слова ўпраўляючага ні да чога не абавязвала. Марта сама яму пра гэта сказала. Можна было знайсці і што-небудзь лепшае: іншаземца, у якога мала часу, студэнта з багатымі бацькамі, дзеўку, якой няма дзе займацца шашнямі, часам гэта неістотна, раз грошы падаюць вам з неба.

Марта вярнулася ў сваю будку задуманая. Яе і так невялікі лоб ад маршчын, якія прарэзаліся ад неадступных думак, зрабіўся зусім маленькім. Маленькая стрэлка насценнага гадзінніка, заўжды адагнутая ўлева, паказвала дзевяць гадзін; вялікая, сагнутая ўправа, набліжалася да паловы, якую гадзіннік больш не званіў. «Дваццаць пяць хвілін на адзінаццатую», — прашаптала Марта, хуценька прыкінуўшы ў галаве. Яна не схадзіла ў краму, але толькі махнула рукой. Эмілі зноў заснула, а хто спіць, той вячэрае. Дарэчы, колькі там засталося? Яна засунула руку ў вільготныя нетры свайго карсажа і выцягнула дзіўную ладанку на чорным матузку: свой гаманец, сшыты з кавалка тканіны вялікімі шыўкамі, і той мізар, што ў ім быў. Не можа быць і гаворкі пра тое, каб узяць нешта з недатыкальнага аддзялення, дзе ляжаць сто пяцьдзесят франкаў на малако Калет. Але ці не можна неяк перакласці трохі грошай з другога аддзялення, прызначанага на будучыя расходы, у трэцяе, адкуль трацілі грошы сёння? Марта лічыла, пералічвала, і кожны раз атрымлівалася дзвесце шэсцьдзесят шэсць франкаў, два франкі шэсцьдзесят шэсць у цяжкіх франках, як яны цяпер кажуць. Марта ўздыхнула, закрыла свой гаманец, падумала, зноў нерашуча раскрыла, зноў закрыла і, нарэшце, супакоеная сваёй уласнай арыфметыкай (яна карысталася ў якасці найменшага агульнага дзельніка цаной кілаграма бульбы), узяла шэсцьдзесят шэсць франкаў. Урэшце, Адрыену ёсць бляшанка сардзінаў, а калі яму гэта не падабаецца, то няхай пашукае дадатковую работу. Шэсць тысяч франкаў на тыдзень, хіба гэта грошы?! Хіба ён не можа аддаць усю зарплату адразу, замест таго каб выдаваць порцыямі, бо, маўляў, ніколі не хапае грошай да новай зарплаты? Не хапае да зарплаты! Лухта якая! Як быццам не лепей добра пражыць некалькі дзён, рызыкуючы папасціцца некалькі наступных, чым увесь месяц збіраць крошкі? Хіба ёсць іншы спосаб унесці нейкую прасветліну ў сваё жабрацкае жыццё, акрамя як хоць адзін раз парадавацца жыццю і жыць гэтай радасцю, чакаючы, што яна паўторыцца?

— Шэсцьдзесят шэсць франкаў. Сто грамаў філе, падумаць толькі! І яшчэ хочуць, каб я за так аддала сваю мансарду.

У адказ пачулася кароткае мяў. Згаладнелая кошка вылезла з-пад ложка і церлася аб яе лытку, рызыкуючы атрымаць выспятка. Ну вядома, гэтая вечная здыхля Шэрая. Марта збіралася адпіхнуць яе, але перадумала. Добрая кацідла! Падбародак пераходзіць у шыю, цыцкі ў сцёгны. Яна з цяжкасцю нагнулася, каб узяць Шэрую на рукі, і стала гладзіць яе па спіне. Слаўная кацяра. Яна займаецца сексам, можа, раз на тры месяцы, але з такім апетытам, з такой заўзятасцю, якія ўсю ноч бударажаць катоў. А як яна кідаецца на лёгкае, за тры ўкусы можа праглынуць цэлы фунт, а ўвесь наступны тыдзень супакойвае апетыт, аблізваючы вусы. Такая яе прырода! І спрытная, падла, нейкім цудам можа адчыняць дзверы.

І раптам кошка, выпушчаная з рук, мякка ўпала на чатыры лапы, а Марта, прыхапіўшы пошту, хуценька выскачыла з будкі і кінулася да лесвіцы. Наконт дзвярэй. Яна забылася ключ. Божа ж ты мой, ключ! Каштоўны ключ ад мансарды там. Здурэць можна, такая неасцярожнасць! Хто заўгодна можа авалодаць ім і ўсяліцца як скватэр*, пазбавіўшы яе, Марту, заслужанага барышу. Напрыклад, Мало, хаця няшчасным звычайна бракуе смеласці. Або кліент Паке, які, магчыма, быў той самы, што і ў сястры Марыі з Сэнт-Фас. Святы фарс, так будзе правільней! У гэтых людзей заграбушчыя рукі і поўны рот належных падстаў, каб прыладкаваць сваіх. Потым паспрабуй іх выселіць. Заўсёды знойдзецца закон, які абараняе іх інтарэсы, і спагадлівыя душы, якія звыклі займацца дабрачыннасцю за ваш кошт і могуць усчаць скандал, варта вам наважыцца паказаць хоць самую малую незадаволенасць.

* Скватэр (англ. squatter) — асоба, якая самавольна заняла незаселенае жыллё.

І Марта караскалася ўгору, дыхаючы, як кавальскі мех. Клятая лесвіца! Калі ногі ўжо не гнуцца, няма чаго працаваць кансьержкай. Лепш за ўсё было б прадаваць вустрыц на тэрасе якога-небудзь кафэ ў Бэльвілі. Марта іх вельмі любіла і магла адным махам загарнуць вам цэлы тузін, тут ёй не было роўных. Праўда, зімой холадна, гэта адзін з агументаў Адрыена, які крывадушна казаў: «Ты занадта мярзлячая, — і дадаваў: — Да таго ж на гэта трэба грошы, а ў цябе няма ніводнага су», як быццам крэдыт існаваў для сабак, а не для людзей. Вечна бурчыць, вечна баіцца зрабіць ёй прыемнае і нават не прызнаецца, што баіцца падатку, які трэба плаціць за права гандляваць, і белага віна, якое б ёй перападала. Жахлівая лесвіца. Трэба абавязкова мець кагосьці, каб пасылаць з даручэннямі наверх, калі Эмілі і далей упарта не будзе рабіць розніцы паміж ноччу і днём. У кожным лесвічным пралёце было па дзевятнаццаць прыступак, і Марта адлічвала іх па адной, трымаючыся за парэнчы, якія хадзілі хадуном. На трэцім яна была ўжо ўся мокрая. Паміж чацвёртым і пятым яна была вымушана перадыхнуць і прымасцілася краечкам сцягна на шэсцьдзесят шостай прыступцы, занадта вузкай, каб памясціць астатняе. Але нейкі нязвыклы шум прымусіў яе ўскочыць. Над ёй, у мансардзе, нехта тупаў. У яе мансардзе. Яна голасна сказала: «Вось і добра, будзеш ведаць!» І на секунду здзівілася, што падумала пра пакаранне не так за сваю неасцярожнасць, як за свае падлікі. Але гэтае прасвятленне ўжо прайшло. Яна ўспомніла, што ёй вельмі патрэбны грошы, і адчула абурэнне, якое надало ёй сілы. Яна стралой узляцела на самы верх і, як слон, прагрукала па калідоры, аж калаціліся тонкія сцены, нават не звярнуўшы ўвагі на маленькую Мало, якая прашлёпала з эмаліраваным збанам да крана, і на мадам Паке. Мадам Паке пакідала дзверы прачыненымі, каб лепей чуць, і праз шчыліну быў відаць яе плоскі профіль, яна была засяроджаная на прыгатаванні соўсу, капаючы з двух графінчыкаў, што служылі ёй за маслёнкі. У адзіным парыве Марта дабегла да самага парога мансарды і застыла, не могучы зрушыць з месца ад задышкі і разгубленасці. Мадам Сюрмюля, важная і ўпэўненая ў сваіх правах, у бездакорна белай блузцы, ужо распараджалася ў памяшканні. Яна, нават не павярнуўшы галавы, незадаволена сказала:

— Зачыніце дзверы, тут скразняк.

Марта штурхнула дзверы, машынальна правёўшы рукой па замку. Ключа не было. Ключ круціла на пальцы бакалейшчыца. Яна нядбайна кінула, звяртаючыся да Розы, сваёй служанкі, якая ляніва вадзіла венікам па падлозе:

— У гэтым кутку, даражэнькая. Хіба вы не бачыце, што тут смецце?

Прыхінуўшыся спіной да вушака, Марта з цяжкасцю даходзіла да сябе. Яна ніяк не магла пракаўтнуць вельмі вязкую сліну. Яна заўсёды пасавала перад упэўненасцю і бесцырымоннасцю багацеяў. Яна пазірала то на вялікія ногі мадам Сюрмюля, у вялізных пантофлях, то на пакорліва схіленую Розу. Гэтая яе пакорлівасць была заразнай. Нарэшце яна прамямліла:

— Значыць, вам гэта падыходзіць, мадам?

— Трэба думаць, што так, — нядбайна адказала мадам Сюрмюля.

— Вядома, для вас гэта ўсяго толькі катух на гарышчы, — сказала Марта, усё больш губляючыся.

— У гэтым, як вы сказалі, катуху на гарышчы я не змагу нават захоўваць вадкія кансервы, бо зімой яны замерзнуць і папсуюцца, — адказала мадам Сюрмюля.

Яна замаўчала і ўладарна ткнула пальцам, паказваючы Розе на павуцінне. Памалу Марта рабілася больш ветлівай і баязлівай. За гэты катух на гарышчы кансьержка з пяцьдзесят чацвёртага давала ёй дваццаць тысяч, нават Мало далі б дзесяць. Гульня прайграная. Не разлічыла. Толькі бедныя плацяць вялікую цану за трушчобы. А што яна атрымае ад гэтай, якой пятнаццаць квадратных метраў пад склад — усяго толькі дробная ўдача і якая, заняўшы памяшканне, можа даць, колькі пажадае? Яе заўсёды абдурвалі, і Марта добра ведала, што ніколі нічога не атрымаеш ад гэтых людзей, якія разглядаюць сваё становішча як права на прывілеі і лічаць дастатковым кінуць якую-небудзь прынаду, а потым робяць незадаволены выгляд, каб паказаць, што нічога вам не вінаватыя, а ўзнагароду за вашу паслугу падаюць вам як міласціну. Вось і цяпер. Ключ круціўся на пальцы мадам Сюрмюля, якая нават не міргнуўшы прамармытала, сунучы кончыкамі пальцаў у хуценька раскрыты кулак Марты, якая сама сагнулася папалам, складзеную ў чатыры купюру:

— Ну, я ўдзячная вам... Ну, ну, так заведзена. Я толькі папрашу вас глядзець, што за людзі падымаюцца наверх. Гэтыя дзверы ў мансардах вельмі ненадзейныя, і мне б не хацелася, каб гэтым скарысталіся і пакралі мой тавар. Мая пошта ў вас? Нешта позна яе сёння прынеслі.

Факт надзіва рэдкі, для мадам Сюрмюля не было лістоў, толькі газета. І яшчэ два праспекты, якія яна не спяшаючыся разарвала, прашаптаўшы:

— Прынамсі, не будзе рахункаў.

І, палічыўшы справу скончанай, яна пальцам разарвала абгортачную стужку на газеце і, адставіўшы яе сантыметраў на шэсцьдзесят з-за сваёй дальназоркасці, стала чытаць крымінальную хроніку. Пры гэтым яна не пераставала адным вокам сачыць за Розай, якая рана ці позна стане гераіняй каментарыя наконт згубных вынікаў сентыментальных памылак і сумніўных сувязей.

— Яшчэ адна незамужняя маці задушыла сваё дзіця, — сказала яна з абурэннем.

Але Марта нічэга не чула. Яна ўжо неслася ўніз, пралятаючы цэлыя пралёты, як лавіна, уся чырвоная. З языка гатовы быў сарвацца выдатны набор мацюкоў. Лютасць так распірала яе, што яна здавалася яшчэ таўсцейшай. Пяцьсот франкаў, гэтая карга асмелілася даць ёй пяцьсот франкаў. Вось тая, чыё імя яна будзе згадваць у сваіх малітвах, і няхай не здзіўляецца, калі аднойчы з ёй здарыцца непрыемная гісторыя. Пяцьсот франкаў! Страта грошай, якіх ёй недадалі, была балючай, асабліва цяпер, калі яны былі пільна патрэбныя, але не такой балючай, як прыніжэнне ад таго, што яна дала сябе так недарэчна ашукаць, ды яшчэ і апусцілася да ролі супольніцы. Сама не свая, яна камечыла пошту, замест таго каб засоўваць яе пад дзверы. Яна кацілася ўніз і, што было дзіўна, клялася, што ўсё зразумела, што цяпер стане сапраўднай сцервай, што ўсе яны пачуюць ад яе пару ласкавых і першая гэтая сімулянтка Эмілі, яна ў яе паскача, яшчэ як. Як ураган, уляцела яна ў сваю будку.

— Ну што? — пачула яна знаёмы, прасеяны праз густыя вусы голас.

Эмілі з малой плёскаліся на кухні. Адрыен ужо вярнуўся. Ён наразаў такім жа бяскрыўдным з выгляду, як і сам, нажом кавалачкі хлеба і клаў на іх сардзіны. Кубік хлеба, кавалачак сардзіны. І ён не сварыўся, хоць нічога больш не было. Яшчэ кубік хлеба і яшчэ кавалачак сардзіны. Ад яго бязвіннасці рабілася моташна.

— Пяцьсот старых франкаў, — закрычала Марта, — ты разумееш? Бакалейшчыца дала мне аднаго Гюго*.

* На старых пяцісотфранкавых білетах быў змешчаны партрэт Гюго.

— Я ж табе казаў...

Ён не скончыў фразы, але яго лоб наморшчыўся; яму не ўдалося падчапіць дзюбкай нажа галаву сардзіны. І сапраўдная Марта, якая не падала духам у цяжкія часы, адчула, што яе асуджаюць, і сказала тое, што гняло яе душу.

— Пяцьсот франкаў за подласць! — прастагнала яна.

— Няма чаго скардзіцца, для нас і гэта грошы, — сказаў Адрыен.

Марта ўздыхнула і замаўчала. На словы яна таксама была небагатая.

— Для нас канечне, — паўтарыла яна, перакананая.

Гэта подласць заўжды адчувае сябе камфортна, а такім, як яны, маленькім людзям даводзіцца ісці па гэтым паскудным жыцці пехатой. Яе вочы палагаднелі. Вось, скажам, Адрыен, яго шлях усыпаны дыямантамі.

І гледзячы на гэтага чалавека, на яго залітыя алеем вусы, якія рухаліся ў такт са сківіцамі, калі ён дажоўваў апошні кавалак, Марта раптам спыталася ў сябе, чаму яна не чуе цяжару на сваім хворым калене і чаму адчувае нейкае дзіўнае задавальненне ад сваёй няўдачы.

25 верасня 1893 года

Мой дарагі маленькі Луі!

Вось усё і скончана. Мы не ўбачымся болей ніколі: будзь упэўнены ў гэтым не менш цвёрда, чым я. Ты не хацеў гэтага, ты згадзіўся б на ўсё, толькі б мы заставаліся разам, але нам трэба расстацца, каб ты мог пачаць новае жыццё. Я не шкадую, што не ўступіла табе, самой сабе, нам абаім ні тады, калі ты так горка плакаў, зарыўшыся ў падушкі на нашым ложку, ні тады, калі ўзнімаў галаву і ўмольна глядзеў на мяне — які ж няшчасны быў твой твар, як ён палаў! — ні тады, калі ўвечары як не бачыла ўжо ў цемры тваіх слёз, я адчувала, як апякалі яны мне рукі.

Цяпер мы абое страшэнна пакутуем. Мне гэта ўсё здаецца нейкім насланнём. Яшчэ некалькі дзён проста нельга будзе ў гэта паверыць, потым колькі месяцаў будзе яшчэ балюча, пасля прыйдзе выздараўленне.

І толькі тады я зноў стану пісаць табе — мы ж вырашылі, што зрэдку я буду гэта рабіць. Мы і праўда добра ўсё абдумалі. Лісты мае — ты ж ніколі не ўведаеш майго адраса, ніколі! — застануцца адзінаю ніццю, што будзе яшчэ звязваць нас, — і яна не дасць нашаму расстанню ператварыцца ў разрыў.

Цалую цябе апошні раз, але так пяшчотна, так ціха і так бязгрэшна — бо якая ж адлегласць раздзяляе цяпер нас!

25 кастрычніка 1894 года

Мой дарагі маленькі Луі!

Я зноў гавару з табою — як і абяцала. Вось ужо год, як мы — гэта болей не «мы». Я добра ведаю, ты не забыў мяне, мы ўсё яшчэ занадта звязаныя між сабою: кожны раз, калі я думаю пра цябе, не магу не адчуваць твайго болю.

Назад Дальше