— Трымайцеся, маёр, яшчэ крыху!
Ён не паспеў нічога падумаць, як іх запхнулі ў машыну, і — паганяй! У крытым кузаве вялікага грузавіка, памечанага знакам вермахта, побач з імі сядзелі чатыры бошы. Яны аб'ехалі кругам садок перад клінікай і... глядзі ты, машына павярнула направа — не ў горад!
І толькі тады гестапавец нарэшце глыбока ўздыхнуў і, нахіліўшыся да «пана», сказаў:
— Прабачце, таварыш маёр, спадзяюся, мы вас там не вельмі прыціснулі?
Што? Як? А качка проста паміраў ад смеху:
— Нябога Жазэф, ну і пыса ж у цябе была, як я пытаўся пра маёра Арно! А што, Марыс, усё-ткі не такія ўжо кепскія ў мяне былі звесткі? Праўда, я спачатку быў сам не ўпэўнены, што перада мной маёр... Але потым доктар пацвердзіў, што гэта ён... Файны ён хлопец, гэты доктар!
Марыс — той, што быў у цывільным, — кіўнуў:
— Дзякаваць вы павінны менавіта доктару. Ён выдатна правярнуў сваю справу... Як толькі да яго па тваім даручэнні прыйшоў адвакат... Го, ды я зусім забыўся, у мяне ж ёсць табе пакет... ад тваёй жонкі... Ну а ты, Калье, чаго ты скурчыў такую пысу? Ці не збіраешся часам заплакаць?
Плакаць, вядома, Калье не збіраўся. Ён ламаў сабе галаву: «Марыс... Марыс... Недзе ж я гэтага хлопца бачыў!»
А маёр Арно гэтак проста ўсё паўтараў:
— Ведаеце... Я нічога ім не сказаў...
Раптам Жазэф прыгадаў:
— Ну, так і ёсць... Гэта ж у трыццаць другім, у сектары V... Я цябе пазнаў, ты — П'еро!
Марыс адказаў:
— Ты ж чуў — мяне завуць Марыс... Не, сапраўды, для таварыша ты нейкі ўжо дужа някемны...
Машына неслася ўсё далей і далей ад горада. Адзін салдат, побач з Жазэфам, насвістваў «Марсельезу».
— Вось табе маеш! — раптам ашаломлена ўскрыкнуў Марыс.
Ён мацаў сябе па кішэнях.
— Што такое?
— Які ж я дурань, крэцін, разява... Забыўся!.. Не магу сабе дараваць!
Усе занепакоіліся.
— А што здарылася?
І Марыс раптам з палёгкай, узрадавана:
— Ды не, усё ў парадку... Вось яны — цыгарэты!
Тоўстая Марта сядзела на сваім столку і ўсё лічыла, загінаючы пальцы, пералічвала, прыкідвала, параўноўвала. На душы ў яе было неспакойна, унізе нешта сціскалася. Яе суседка, кансьержка з васемнаццатага, у падобным выпадку зарабіла шэсцьдзесят тысяч. Праўда, мансарда ў васемнаццатым мае, самае малое, шаснаццаць квадратных метраў. «Але ў мяне, — адзначыла Марта, — не такія загаджаныя туалеты і вада добра даходзіць да верху». Гэта была праўда, з крана на гарышчы біў моцны струмень, а не капала, як у васемнаццатым. Але «ў мяне»... Ад гэтай думкі яна ўсміхнулася. Сабака, які сцеражэ дабро, сам належыць гаспадару, але таксама адчувае сябе крыху гаспадаром, калі брэша. А калі ўдумацца, то і ўпраўляючы — гэта ўсяго толькі вялікая аўчарка, якой таксама нічога не належыць, ён толькі распараджаецца ад імя гаспадара, хлапчука, які валодае ўсім толькі на паперы. Калі капнуць глыбей, то да чаго ж мы прыйдзем? Адкрыецца, што права — гэта неабходнасць. А Марце гэтая мансарда была неабходная... Праўда, не сама мансарда, не, жытло ў яе было, паганае, але было. Ёй было неабходна паджыцца на патрэбе, якую шмат хто меў у гэтай мансардзе. Неабходнасць гэтая была не надуманай, бо яна была зусім без грошай, але і не надта пільнай, бо дах над галавой яна мела. Але другарадная праблема, калі яна ваша, важнейшая за самую надзённую іншага, хіба не?
«Справа не ў гэтым, — сказала яна сама сабе, каб набрацца смеласці. — Трэба разнесці пошту».
Яна абмацала сваё калена. Яе няўдалы мужык-люстэрнік на сваёй праклятай рабоце, не было нікога, каб паслаць наверх. А з гэтым каленам!.. Акрамя Адрыена была яшчэ Эмілі, але яна спала, ці рабіла выгляд, у сваім ложку, раскінуўшыся на прасціне, разамлелая, паружавелая, разам са сваёй дачкой. Яна вярнулася позна, стамілася, яе нельга было будзіць, гэтае дзіця. Марта працягнула руку, узяла пачак лістоў, паклала яго на цырату і трохі разарвала абгортку. «Моцна цалую», заяўляла паштоўка з Корсікі да маладой асобы з трэцяга паверха. Яе маці павінна насцярожыцца, добра вядома, што можа хавацца за самымі нявіннымі словамі. Хіба Эмілі не дадумалася, каб абдурыць сваіх блізкіх і сваю маці, калі яна нешта адчула, каб яе хахаль з кнігарні пасылаў ёй праспекты, у якіх асобныя цэны былі закрэсленыя? «Ты і я, фармат..., вокладка са скуразамяняльніка ўсіх афарбовак, за шэсцьсот пяцьдзесят франкаў...» Трэба было разумець: «Чакаю цябе без дзесяці сем». Кніжны чарвяк, а хто, скажыце, пакінуў ёй Калет? Урэшце, яна магла аддаць перавагу гаспадару кнігарні, і Марта, гладзячы калена, між іншым падумала, што, нават застаўшыся з дзіцем, Эмілі запляміла сябе менш, выбраўшы прадаўца.
Марта паважыла ў руцэ два канверты і перавярнула трэці, каб паглядзець на штэмпель, адкуль яно адпраўлена. Для маленькіх людзей ведаць — значыць магчы, хіба не так? Потым яна рэзка адсунула пошту. Яе раптам ахапіў жах. Зусім страціла розум, рабіць такое! Як з гэтай мансардай: трэба будзе і махляваць, і кленчыць. Але раптам яна азірнулася. Мадам Паке, з сёмага, вяртаючыся на сваіх каўчукавых падэшвах з царквы Сэн-Нікэз, дзе яна давала напракат крэслы, праспявала за яе спіной:
— Мне нічога?
— Нічога, мадам, — буркнула Марта.
Нічога не было. Хаця Марта працавала ўсяго восьмы дзень, яна ўжо здагадалася, што для мадам Паке ніколі не будзе нічога важнага, толькі рэкламныя праспекты і квітанцыі, але ёй менавіта таму і хацелася б соваць свой нос у будку кансьержкі. Заставалася толькі глядзець на яе. Яна перасунула языком напалову сасмактаны ледзянец за шчаку і застыла, нерухомая, амаль нягнуткая, прыкмячаючы беспарадак, удыхаючы пахі таннага віна, кацінай мачы і кіслага малака. Уся яе жвавасць засяродзілася ў вачах і варухлівых ноздрах. Ад усмешкі яе губы, якія асцярожна расклеіліся, зрабіліся зусім тонкімі.
— Я таксама хацела ў вас спытацца пра тую незанятую мансарду. Я магла б каго-небудзь...
Столак застагнаў. Марта адкінулася, склаўшы рукі, як для малітвы, і пасміхаючыся.
— Мансарда. Вы ўжо шостая, даражэнькая. Сёння з раніцы сюды ідуць адзін за адным. Я яшчэ не выпіла кавы, як Мало ўжо былі ў мяне. Іх чацвёра на васьмі квадратных метрах, вы ж падумайце! Потым прыходзіла мадам Мангрынэль, потым калега з пяцьдзесят чацвёртага, потым нейкая манашка...
— Я думаю, сястра Марыя з Сэнт-Фас, — сказала мадам Паке.
— Напэўна, — сказала Марта, — ва ўсякім разе, гаварыла пра нейкіх кузін, пратэжэ, цяжкае становішча. Нават паштальён гаварыў са мной пра гэта. Яны думаюць, што ў мяне сто мансардаў. А на завяршэнне ўсяго прыйшла мадам Сюрмюля і запатрабавала ў мяне мансарду ад імя ўпраўляючага. Здаецца, яна ўжо не ведае, дзе захоўваць свае кансервы.
— Будзе шкада, калі яны прападуць, — сказала мадам Паке ялейным голасам.
— Распараджэнне ўпраўляючага, — буркнула Марта, — мы не можам тут рабіць тое, што нам захочацца.
На нейкі момант абедзве жанчыны замаўчалі. «Спрытная, — падумала Мелані Паке, — робіць выгляд, што нічога не здарылася, а сама ўжо абладзіла сваю справу. Нічога не скажаш, у гэтых кароў усё ідзе гладка. Языкі дадзеныя ім, каб каўтаць, яны толькі і думаюць, як пажывіцца». Стоячы на сваіх тонкіх, як цурубалкі, і прамых, як яе парасон, нагах, мадам Паке адчула прыліў настальгіі па тых часах, калі кожную раніцу, пасля набажэнства, у гэтай самай будцы кансьержкі яе чакала інфармацыя пра навіны квартала, якая давала ёй зарад жвавасці і дзелавітасці. Тоўстая Марта, якая разбылася не ад добрага жыцця (яе тлўшч вырас на бульбе) і нават у пост часам таўсцела, са свайго боку глядзела на Мелані з усё большай інстынктыўнай варожасцю. Гэта была варожасць сала да косткі, тлустых да сухарэбрых. Яна надзімала губы, узводзіла да столі свае жоўтыя вочы, нібы заклікаючы яе ў сведкі, што не можа нічога зрабіць.
— Я ведаю, што вы зробіце так, як трэба, — сказала мадам Паке.
Яна, нічога больш не кажучы, прашмыгнула да лесвіцы. Марта крыху пачакала, кіўнула галавой і, пакінуўшы ў спакоі сваё калена, доўга церла ўпрыгожаную пукатым валляком шыю. Гэты валляк так і не праходзіў. Упэўненая, што яе ніхто, акрамя кошкі, не чуе, яна стала незадаволена апраўдвацца:
— Нельга ж усё аддаваць за так. Нават калі ты маеш на нешта права, у цябе стараюцца яго вырваць.
Усё было правільна, але раптам Марта ўбачыла, як расплюшчыліся вочы Эмілі. Яна млява сказала:
— Гэта нядобра ў дачыненні Мало. Ты ведаеш, што сказаў тата...