Мужчыны ішлі ў свірны і павеці. Вось плуг, вось барана — не забыў, як сеялі гарчыцу ў вайну? А памятаеш, прыязджаў адзін, усё ўгаворваў нас каўчукавы хмыз разводзіць — нейкую гваюлу? Разбагацееце, казаў. Ану давай сюды вунь тыя прылады — некалькі даляраў за іх атрымаем. За гэты плуг аддалі васемнаццаць даляраў ды яшчэ за перавозку — па каталогу крамы «Сірз Роўбак».
Збруя, двухколкі, сеялкі, матыкі ў звязках па некалькі штук. Нясі іх сюды. Валі ў адну кучу. Грузі на фургон. У горад завязеш. Колькі дадуць — аддавай. Коней і фургон таксама прадасі. Больш ужо не спатрэбяцца.
Пяцьдзесят цэнтаў за такі добры плуг малавата. Сеялка каштавала мне трыццаць восем даляраў. Два даляры малавата. Ды не цягнуць жа табе ўсё гэта назад… Добра, забірай, і маю горыч таксама. Грузі помпу калодзежную і вупраж. Аброці, хамуты, гужы, пастронкі. І гэтыя шкляныя падвескі на налобнік, бачыш — пад шклом чырвоныя ружачкі. Гнядому купіў. Памятаеш, як ён падкідваў ногі на рысі? Старызна, зваленая ў кучу пасярод двара. Ручны плуг цяпер ніхто не купіць. Пойдзе на лом — жалеза цэнтаў на пяцьдзесят пацягне. Цяпер у хаду толькі дыскавыя плугі да трактароў.
Добра, бярыце ўсё… усё гэтае жалеззе і давайце пяць даляраў. Вы купляеце не толькі гэтае ламачча, але і зламанае жыццё. Мала таго… самі пераканаліся… вы купляеце маю горыч у прыдачу. Купляеце плуг, які засыпае сваім адвалам вашых дзяцей, вы купляеце зброю і волю, якія маглі б уратаваць вас. Не чатыры, а пяць. Не цягнуць жа мне ўсё гэта назад… добра, няхай чатыры. Але папярэджваю — вы купляеце тое, што заарэ вашых дзяцей. Не заўважыце, як гэта здарыцца. Не паспееце заўважыць. Бярыце за чатыры… Ну, а колькі дасце за коней з фургонам? Зірніце, якія коні! Абодва гнядыя, масць у масць, і хада ў іх аднолькавая, нага ў нагу. Як нацягнеш лейцы — сцёгны і крыж напружацца ў абодвух у адно і тое ж імгненне, у долю секунды. А пры ранішнім святле адліваюць золатам. Паглядаюць цераз перагародку, пасопваюць — прынюхваюцца, навостраць вушы і стрыгуць імі — прыслухоўваюцца, ці не ідзе гаспадар. А чубкі зусім чорныя! Ёсць у мяне дачка. Дык яна любіць заплятаць ім грывы і чубкі — запляце коску і завяжа чырвонай стужачкай. Дужа ёй падабаецца гэта. А цяпер — усё, канец. Я мог бы расказаць вам забаўную гісторыю пра дачку і таго вунь прыпражнога. Вось вы пасмяяліся б! Прыпражному восем гадоў, а гэтаму гнядому — дзесяць, а зладзіліся працаваць, быццам жарабкі аднаго прыплоду. Во, бачыце? Зубы. Ніводнага гнілога. Лёгкія глыбокія. Капыты роўныя і чыстыя. Колькі? Дзесяць? За абодвух? І яшчэ фургон?.. О, Езус! Ды лепш я прыстрэлю іх сабакам на корм. Ат, бярыце! Хутчэй бярыце, містэр. Вы купляеце заадно і маленькае дзяўчо, якое заплятала ім чубкі — знімала ў сябе з галавы стужачкі і завязвала ім коскі банцікам; адыдзе назад, галава набок — палюбуецца і патрэцца шчочкай аб мяккія цёплыя ноздры. Вы купляеце доўгія гады працы, цяжкай працы на санцапёку, вы купляеце скруху, якую не выказаць словамі. Але беражыцеся, містэр. Вы атрымаеце надбаўку за ўсю гэту кучу хламу і за гнядых коней… за маіх прыгажуноў… — пакецік гневу, які прымецца ў вашым доме, пойдзе ў рост і калі-небудзь забуяе пышным цветам. Мы маглі б стаць вашымі збавіцелямі, але вы падсеклі нас; настане дзень, калі і ваша жыццё падсякуць, і не будзе каму ратаваць вас.
І арандатары вярталіся пеша дамоў, засунуўшы рукі ў кішэні, апусціўшы капелюшы на самыя вочы. Некаторыя куплялі бутэльку віскі і тут жа апаражнялі, каб аглушыць сябе адразу. Але, выпіўшы, яны не смяяліся, не пускаліся ў скокі. Не спявалі, не перабіралі струны гітар. Вярталіся на свае фермы, трымаючы рукі ў кішэнях і нізка апусціўшы галовы, і з-пад іх чаравікаў узнімаўся чырвоны пыл.
Мажліва, пачнём жыццё нанава ў новым багатым краі — у Каліфорніі, дзе растуць фрукты. Пачнём з самага пачатку.
А хіба можна пачынаць спачатку? Спачатку пачынае жыццё толькі дзіця. А мы з табой… у нас ужо ўсё ззаду. Хвілінныя ўспышкі раздражнення, тысячы карцін мінулага — гэта мы. Палі, чырвоныя палі — гэта мы; дажджлівыя гады, пыльныя гады, засушлівыя гады — усё гэта мы. Нам нанава жыццё ўжо не пачаць. Азлабленне, якое мы прадалі скупшчыку старызны, — яно будзе з ім, але і нас не пакіне. І тое, як гаспадары загадвалі нам выбірацца, таксама з намі; і тое, як трактар з ходу парушыў дом, застанецца з намі да самай смерці. У Каліфорнію ці яшчэ куды — мы, як тамбур-мажоры на парадзе, павядзём за сабой нашы крыўды, наша абурэнне. І настане дзень, калі ўсе арміі абураных пойдуць адным шляхам. І будуць яны крочыць у нагу, і поступ іх будзе грозны.
Арандатары брылі дамоў, на свае фермы, праз чырвоны пыл.
Калі ўсё, што можна было прадаць, было прададзена — пліты і ложкі, крэслы і сталы, маленькія кутнія буфеты, тазы і бакі — засталіся яшчэ кучы хатняга скарбу; і жанчыны сядзелі сярод іх, перабіралі рэч за рэччу, азіраліся назад, у мінулае — малюнкі, квадратныя люстэркі, а вось ваза…
Ты і без мяне ведаеш, што можна ўзяць з сабой, а што нельга. Мы ж будзем рабіць прывалы ў полі — спатрэбіцца посуд гатаваць яду і мыць бялізну, матрацы і прашываныя коўдры, ліхтары, і вёдры, і брызент… З яго зробім навес. І бітон з-пад газы. Ведаеш, што з яго будзе? Печка. А адзежа — адзежу ўсю бяры. Стрэльба?.. Без стрэльбы як без рук. Калі не будзе ўжо ні чаравікаў, ні адзення, ні ежы, ні нават надзеі, у нас астанецца стрэльба. Калі дзед прыйшоў сюды, здаецца, я расказваў табе, у яго з сабой былі толькі перац, соль і стрэльба. Больш нічога. Гэта пойдзе. І яшчэ бутэлька на ваду. Ну, здаецца, больш ужо няма куды. Вышэй бартоў. Малыя залезуць на паклажу, а бабку пасадзім на матрац. Прылады — рыдлёўку, пілу, гаечны ключ, абцугі. І яшчэ сякеру. Сякера гэтая служыць гадоў ужо сорак. Бачыш, як лязо сцерлася? І вяроўкі, канешне. Астатняе? Кінь тут… ці спалі.
Падыходзілі і дзеці.
Раз Мэры бярэ ляльку, гэту рваную завэдзганую ляльку, дык я вазьму свой індзейскі лук. Мне без яго ніяк нельга. І яшчэ палку — яна пад мой рост. Раптам спатрэбіцца. Яна ў мяне ўжо даўно — цэлы месяц ці нават год. Я без яе не магу. А якая яна, Каліфорнія?
Жанчыны сядзелі сярод асуджаных на пагібель рэчаў, перабіралі іх, глядзелі скрозь іх, вярталіся ў мінулае. Вось кніжка. Бацькава кніжка. Ён любіў чытаць. «Шлях паломніка». Часта чытаў яе. Вось яго надпіс. І люлька яго — яшчэ і цяпер пахне тытунём. Малюнак — анёл. Я ўсё на яго глядзела перад першымі трыма родамі… ды нешта не памагло. Можа, узяць гэтага фарфоравага сабачку? Яго цётка Сэндзі прывезла з кірмашу ў Сэнт-Луісе. Проста на ім і напісала. Ды не, не варта. Ліст ад брата — за дзень да смерці напісаў. А вось капялюшык — старамодны. З пер'ем… Не любіла я пер'е і яго не насіла. Не, месца ўжо няма.
Як можна жыць, калі ў нас забралі жыццё? Як мы пазнаем саміх сябе, калі нас пазбавілі мінулага? Не. Кінь. Спалі.
Яны сядзелі, пазіралі на старыя рэчы і стараліся выпаліць іх з памяці. Як будзеш жыць, калі за парогам дома — незнаёмая зямля? Прачнешся раптам сярод ночы і ведаеш: вярбы той няма. Ты можаш жыць без вярбы? Не можаш. Вярба — гэта ты. Пакуты на гэтым матрацы… жахлівыя пакуты… — гэта ты.
А дзеці: раз Сэм бярэ свой індзейскі лук і доўгую палку, дык і я вазьму дзве рэчы. Ляльку і пуховую падушку. Гэта мая падушка.
І раптам усе пачыналі нервавацца. Трэба хутчэй пускацца ў дарогу. Чаго чакаць? І яны навальвалі пасярод двара астатні скарб і падпальвалі. Нейкі час стаялі, пазіраючы на агонь, потым з ліхаманкавай паспешнасцю грузіліся на машыну і ехалі, знікаючы ў клубах пылу. Пыл яшчэ доўга вісеў у паветры.
Калі грузавік паехаў, напакаваны даверху розным інвентаром, цяжкім інструментам, ложкамі, спружыннымі матрацамі — усёй рухомай маёмасцю, якую можна было прадаць, Том пачаў бадзяцца па ўчастку. Пастаяў у свірне, зазірнуў у апусцелыя стойлы, зайшоў у павець для гаспадарчага начыння, падчапіў нагой розны хлам, што застаўся, перавярнуў чаравікам адламаны зубец касілкі. Ён абышоў усе памятныя мясціны — чырвоны берагавы адхон, дзе гняздзіліся ластаўкі, вярбу, што навісала над свінушнікам. Дзве чорныя свінні, разамлелыя на сонцы, з рохканнем пацягнуліся да яго рыламі цераз перагародку. Тут яго паломніцтва скончылася, і ён вярнуўся да дома і сеў на прыступку, куды толькі што перакінуўся цень. За яго спінай на кухні завіхалася маці — мыла дзіцячую бялізну ў начоўках; з локцяў яе моцных вяснушкаватых рук падала мыльная пена. Як толькі Том сеў на прыступку, яна перастала церці, выпрасталася і доўга глядзела на яго збоку, а калі ён павярнуўся і ўставіўся на заліты сонцам двор, — на патыліцу. Потым зноў узялася за бялізну.
— Спадзяюся, Том, у Каліфорніі някепска, — сказала яна.
Ён азірнуўся і глянуў на маці.
— З чаго ты ўзяла, што там можа быць кепска?
— А ні з чога. Толькі неяк задужа ўсё цудоўна. Тут адзін чалавек раздаваў рэкламныя лісткі. Чаго толькі там не напісана — і працы шмат, і плата высокая, і ўсё такое іншае; потым прачытала ў газеце, колькі народу патрабуецца на зборы вінаграду, апельсінаў і персікаў. Работа прыемная, Том, — персікі збіраць. Нават калі не дазволяць ніводнага з'есці, усё ж такі які-небудзь гнілы ападак праглынеш. А пад дрэвамі добра працаваць — цень. Так ужо ўсё цудоўна, ажно жах бярэ. Не веру я. Баюся, нешта тут не так.
Том сказаў:
— Не заносся вышэй за арла, не будзеш поўзаць разам з чарвякамі.
— То праўда. Гэта са свяшчэннага Пісання?
— Здаецца, адтуль, — адказаў Том. — Як прачытаў кніжку «Перамога Барбары Ўорт», у мяне свяшчэннае Пісанне мігам з галавы выбіла.
Маці ціха засмяялася і зноў узялася церці і паласкаць бялізну ў начоўках. Пасля пачала выкручваць рабочыя камбінезоны і кашулі, і мускулы ў яе на руках напяліся, як вяроўкі.
— Дзед твой з бацькавага боку раней таксама ледзь што — выслоўі з Бібліі прыводзіў. Але блытаў страх як. Усё збіваўся на «Веснік доктара Майлса» — медыцынскі даведнік. Ён яго ад першага да апошняга слова чытаў нам уголас. Там было шмат пісьмаў ад бяссоннікаў і ад тых, у каго ламала паясніцу. Потым суседзям пераказваў ім на навуку і дадаваў: «Гэта прытча з Пісання». Твой бацька і дзядзька Джон на смех яго падымаюць, а ён з сябе выходзіць. — Яна кінула на стол выкручаную бялізну, як бярэмя дроў. — Кажуць, ехаць нам дзве тысячы міль. Гэта вельмі далёка, Том? Я бачыла карту — высокія горы, як на каляровых паштоўках, і прабірацца нам трэба проста праз іх. Як ты думаеш, Том, колькі часу датуль ехаць?
— Не ведаю. Тыдні два, а калі пашчасціць, дзён дзесяць. Паслухай, ма, кінь непакоіцца. Вось я раскажу табе, як людзі жывуць у турме. Пра тое, калі цябе выпусцяць на волю, думаць нельга. З розуму кранешся. Думаць трэба пра сённяшні дзень, пра заўтрашні, пра бейсбол які-небудзь у суботу. Так і трэба жыць. Так жывуць турэмныя старажылы. А навічкі — тыя лбом аб дзверы б'юцца. Усё лічаць, колькі ім яшчэ сядзець засталося. Навошта табе гэта? Жыві з дня на дзень.
— І праўда так лепш, — сказала маці, зняла з пліты і наліла ў начоўкі гарачай вады, кінула туды брудную бялізну і пачала мясіць яе ў мыльнай вадзе. — І праўда так лепш. А ўсё ж прыемна думаць, як добра, напэўна, будзе ў Каліфорніі. Халадоў там не бывае. Скрозь — фрукты, людзі жывуць у прыгожых мясцінах, у маленькіх беленькіх доміках сярод апельсінавых дрэў. Вось каб і нам так… я хачу сказаць: калі ўсім нам знойдзецца праца… можа, і мы зажывём у адным з гэтых беленькіх домікаў. Малыя выйдуць за парог і будуць рваць апельсіны проста з галін. Паспрабуй стрымай іх — зойдуцца ад плачу.
Том глядзеў, як яна важдаецца з бялізнай, і вочы яго смяяліся.
— Табе, я бачу, ад адных такіх думак лягчэй робіцца. Я ведаў аднаго з Каліфорніі. Ён гаварыў неяк інакш, чым мы. Па гаворцы адразу пазнаеш, што ён здалёку, не з нашых мясцін. Дык ён расказваў, што там дужа шмат народу набралася, усе працы шукаюць. І яшчэ казаў, што зборшчыкі фруктаў туляцца там у брудных старых халупах, жывуць надгаладзь. Плата малая, работу знайсці цяжка.
Па твары маці прабег цень.
— Не, гэта не так, — сказала яна. — У бацькі ёсць лісток з такой жоўтай паперы — і там надрукавана, што патрэбны работнікі. Ніхто ж не браў бы на сябе такі клопат, калі б работы не было. Лісткі гэтыя немалыя грошы каштуюць. Навошта ж маніць ды яшчэ плаціць за сваю ману?
Том пакруціў галавой:
— Што я магу сказаць, ма? Зразумець цяжка, чаму гэтак робяць. Можа… — ён глянуў на двор, на залітую гарачымі сонечнымі промнямі зямлю.
— Што — «можа»?
— Можа, усё добра будзе, як ты кажаш. А куды дзед знік? Дзе прапаведнік?
Маці пайшла з кухні, несучы ў абярэмку памытую бялізну. Том адсунуўся, даючы ёй прайсці.
— Прапаведнік сказаў, пахадзіць хоча. А дзед спіць у пакоі. Ён іншы раз сярод дня заходзіць у дом крышачку паляжаць. — Маці выйшла на двор і стала накідваць на дрот выцвілыя сінія камбінезоны і доўгія шэрыя споднікі і кашулі.
Том пачуў у сябе за спінай шаркатлівыя крокі і азірнуўся. Са спальні выходзіў дзед і, як і раніцай, вазіўся з гузікамі на штанах.
— Чую, тут гамоняць, — сказаў ён. — Сукіны дзеці, паспаць не дадуць. Калі ў вас, шчанюкоў, шэрсць абсохне, тады, можа, зразумееце, што старому чалавеку трэба даць паспаць. — Яго нецярплівыя пальцы ўхітрыліся расшпіліць два ўжо зашпіленыя гузікі, і ён забыўся, што хацеў зрабіць. Рука забралася ў прарэх і з задавальненнем паскрэбла пад пахвінай.
Маці вярнулася на кухню з мокрымі рукамі, далоні ў яе былі набрынялыя і зморшчаныя ад гарачай вады і мыла.
— Думала, ты спіш, — сказала яна. — Дай зашпілю. — І хоць дзед і адбіваўся, яна ўсё ж утрымала яго і зашпіліла яму ніжнюю сарочку, кашулю і штаны. — А то ходзіш — адна любата! — сказала яна і адпусціла старога.