Гронкі гневу - Стейнбек Джон 19 стр.


— Швэндаецца недзе. Блудзіць, як кот памаўзлівы, сябе не шкадуе. Шалапуту гэтаму ўжо за шаснаццаць, ну, прырода яго і падганяе. У галаве толькі дзеўкі адны і машыны. Шалапут. Дома ўжо тыдзень не начаваў.

Дзед усё важдаўся з гузікамі на грудзях і нарэшце ўхітрыўся прасунуць гузікі сіняй кашулі ў прарэшкі нацельнай сарочкі. Пальцы адчувалі, што нешта не тое, але не сталі шукаць прычыны. Рука пацягнулася ўніз, зрабіўшы яшчэ адну спробу справіцца з мудрагелістым прарэхам на штанах.

— Я быў горшы, — сказаў ён радасна. — Нашмат горшы. Я быў, можна сказаць, сарвігалава. У Салісе, памятаю, сабраліся на маленне пад адкрытым небам, яшчэ малы я тады быў, крыху, праўда, старэйшы за Эла. А ён яшчэ сапляк, малакасос. Я быў старэйшы гадамі. Вось пайшлі мы на маленне. А там чалавек пяцьсот, а дзевак маладых — хоць гаць гаці!

— Ты, дзед, і цяпер яшчэ такі ж адчайны, — сказаў Том.

— Не без таго. Толькі не, да ранейшага далёка. Вось пачакайце, прыеду ў Каліфорнію, буду там апельсіны есці — захочацца, і сарву апельсінчык. Ці там вінаград. Нічога такога ніколі ў рот не браў. Сарву цэлую гронку з куста, ці там з чаго, раздушу на твары, і сок пацячэ па падбародку.

Том запытаўся:

— А дзядзька Джон дзе? Дзе Разашарна? А Рут, а Ўінфілд? Пра іх ніхто слова не сказаў.

— А ніхто і не пытаўся, — адказаў бацька. — Джон паехаў у Саліса распрадаць сёе-тое з нашага набытку: помпу, інструмент, курэй — усё, што мы прывезлі сюды з нашай фермы. Узяў з сабой Руці і Ўінфілда. Яшчэ на досвітку паехалі.

— Дзіўна, як гэта мы не стрэліся з імі на дарозе, — сказаў Том.

— Дык ты ж, пэўна, па шашы дабіраўся, а яны паехалі ў аб'езд праз Каўлінгтан. А Разашарна і Коні ў ягоных бацькоў. Э-э, ды ты ж не ведаеш, што яна выйшла за Коні Рыверса! Павінен памятаць яго. Хлопец добры. А ёй ужо радзіць месяцы праз тры-чатыры ці, можа, пяць. З дня ў дзень пышнейшай робіцца. Прыемна глянуць.

— Вось яно як! — сказаў Том. — Разашарна пры мне была яшчэ дзяўчо малое. І вось на табе — радзіць збіраецца. Калі не жывеш дома, чаго толькі не здарыцца за чатыры гады. На Захад калі рушыць думаеш, та?

— Ды вось дабро трэба прадаць. Думаў, як Эл вернецца, пагрузім усё на машыну, і ён завязе ў горад на продаж, а заўтра ці паслязаўтра і паедзем. З грашыма ў нас тугавата, а тут адзін казаў, што да Каліфорніі цэлыя дзве тысячы міль набярэцца. Чым раней паедзем, тым лепш. А то грошы так і цякуць. У цябе ёсць што з сабой?

— Два даляры. А ты як раздабыў?

— Ну, мы прадалі ўсё, што маглі, — адказаў бацька, — а потым усім гуртам бавоўну акучвалі, нават дзед.

— А чаго ж, — сказаў дзед.

— Усё разам склалі — дзвесце даляраў. Семдзесят пяць вось за гэту машыну аддалі, мы з Элам знялі верх і насціл зрабілі.

Сонца вісела проста над галавой і нясцерпна паліла. Ад грузавіка падалі на зямлю цёмныя палосы ценю, ад яго патыхала нагрэтым маслам, цыратай і фарбай. Куры пайшлі з двара і схаваліся ад спёкі ў павеці. Свінні, лежачы ў хлеўчуку ля самай перагародкі, дыхалі цяжка і раз-пораз пранізліва, нібы скардзячыся, вішчалі. Абодва сабакі расцягнуліся ў чырванаватым пыле пад кузавам грузавіка, высунуўшы запыленыя языкі. Бацька насунуў капялюш на вочы і прысеў на кукішкі. У гэтай, відаць, прывычнай яму позе для роздуму і назірання ён акінуў Тома крытычным вокам, паглядзеў на яго новую, але ўжо са слядамі старэння кепку, на касцюм, на новыя чаравікі.

— Усе грошы на гэта патраціў? — запытаўся ён. — Намучышся ў такім уборы.

— Мне выдалі, — адказаў Том. — Перад выхадам. — Ён зняў з галавы кепку, замілавана паглядзеў на яе і выцер ёю лоб, потым зухавата насунуў яе на вуха і пацягнуў за брылёк.

Бацька зазначыў:

— Чаравікі далі табе нішто.

— Ага, — пагадзіўся Том. — Даволі добрыя, толькі ў такую спёку ў іх многа не находзіш. — Ён таксама прысеў побач з бацькам.

Ной паволі прагаварыў:

— Можа, калі б ты да канца абладзіў барты, маглі б ужо і грузіцца. Пагрузім, а тут, можа, і Эл падыдзе, дык мы…

— Я ўмею грузавіком кіраваць, — сказаў Том, — калі толькі ў гэтым справа. У Макалестары я вадзіў грузавік.

— Вось і добра, — сказаў бацька і раптам уставіў вочы на дарогу. — Калі не памыляюся, гэта ён, шалапут, дадому хвост свой цягне. Ледзь ногі перастаўляе.

Том і прапаведнік глянулі ў той бок, і шкадлівы Эл, убачыўшы, што за ім сочаць, расправіў плечы і фанабэрлівай паходкай, перакідваючыся з нагі на нагу, як певень, што сабраўся закукарэкаць, увайшоў на двор. Ганарліва падышоў да людзей зусім блізка і толькі тады пазнаў Тома. Пыхлівасць імгненна сышла з яго твару, у вачах заззялі захапленне і глыбокая павага, і ад яго фанабэрыстай паставы нічога не засталося. Ні каляныя джынсы, падкасаныя на восем цаляў, каб відаць былі боты на высокіх абцасах, ні рэмень тры цалі шырынёй з меднымі фігурнымі бляхамі, ні нават чырвоныя рызінкі на рукавах сіняй кашулі і хвацка ссунуты набакір стэтсанаўскі капялюш не маглі паставіць яго на адну дошку з братам, бо брат яго забіў чалавека, а гэта ніколі не забудзецца. Эл ведаў, што нават ім самім захапляюцца яго равеснікі, бо брат яго забіў чалавека. У Салісе ён неяк раз пачуў: «Гэта Эл Джоўд. Яго брат улажыў аднаго рыдлёўкай».

І цяпер, ціхмяна падыходзячы да брата, Эл убачыў цёмныя хмурныя вочы і турэмны спакой худога голенага твару, які прывык нічым не выдаваць пачуццяў, не выказваць ні супраціўлення, ні рабскай пакорлівасці. І Эл адразу перамяніўся. Падсвядома падрабіўся пад брата, і прыгожы яго твар нахмурыўся, плечы апалі. Ён не памятаў, які Том быў раней.

Том сказаў:

— Здарова, Эл! Вырас, як ляшчына! Я цябе не пазнаў бы.

Трымаючы руку напагатове на выпадак, калі Том захоча яе паціснуць, Эл збянтэжана ўсміхнуўся. Том працягнуў руку, і рука Эла тарганулася насустрач. Яны яўна спадабаліся адзін аднаму.

— Кажуць, ты грузавік здорава водзіш, — сказаў Том.

Эл зразумеў, што пахвальбой брату не дагодзіш, і адказаў:

— Ды не, не вельмі.

Бацька сказаў:

— Швэндаешся ўсё недзе. Зусім, бачу, выматаўся. Ладна, трэба адвезці сёе-тое ў Саліс на продаж.

Эл паглядзеў на брата.

— Паедзеш? — папытаўся ён як мага больш абыякава.

— Не, не магу, — адказаў Том. — Трэба тут памагчы. Яшчэ будзем разам… у дарозе.

Эл не стрымаўся, запытаў:

— Ты… ты ўцёк? З турмы?

— Не, — адказаў Том. — Адпусцілі па падпісцы.

— А-а… — Эл быў крышачку расчараваны.

У маленькіх дамках людзі варушылі і перабіралі сваё дабро, дабро бацькоў сваіх і дзядоў. Выбіралі, што везці з сабой на Захад. Мужчыны распраўляліся са сваім скарбам бязлітасна — усё роўна мінулае жыццё пайшло прахам, але кабеты ведалі, што мінулае яшчэ не раз горка абзавецца.

Назад Дальше