Гронкі гневу - Стейнбек Джон 3 стр.


— Цяпер ужо мне недалёка, — сказаў ён.

Шафёр таропка загаварыў:

— Мне піць няма як. Я ўвесь час трэнірую сваю памяць. Два гады назад спецыяльны курс прайшоў. — Ён паляпаў правай рукой па абаранку руля. — Дапусцім, я праязджаю міма пешахода. Я да яго ўважліва прыглядаюся, а як праеду, стараюся прыгадаць усё — і якая ў яго адзежа, якія чаравікі, галаўны ўбор, яго паходку, рост, колькі ён прыблізна важыць, і асаблівыя прыкметы на яго твары, калі яны ёсць. У мяне гэта нядрэнна атрымліваецца. Іншы раз думаю, ці не заняцца мне яшчэ вывучэннем дактыласкапіі, тады можна сапраўдным экспертам стаць. Проста дзіва, колькі чалавек можа ўсяго ў памяці ўтрымаць.

Джоўд хуценька глынуў з бутэлькі. Апошні раз зацягнуўся дымам разлезлай самакруткі і мазольнымі пальцамі раздушыў гарачы кончык. Старанна расцёршы недакурак, высунуў руку ў акенца, і вецер садзьмуў труху з яго далоні. Вялікія шыны бадзёра спявалі сваю песню, коцячыся па шашы. Джоўд утаропіўся на дарогу, і ў яго спакойных цёмных вачах зайграла хітраватая ўсмешка. Шафёр замаўчаў, насцярожана пакасіўся на пасажыра. Доўгая верхняя губа Джоўда расцягнулася, агаліўшы зубы, і плечы яго затрэсліся ад бязгучнага смеху.

— І доўга ж ты падбіраешся, прыяцель.

Шафёр не павярнуў у яго бок галавы.

— Да чаго я падбіраюся? Пра што ты?

Губы Джоўда зноў стуліліся, схаваўшы яго вялікія зубы, ён аблізнуў іх, як сабака, двума заходамі, ад сярэдзіны да куткоў рота.

— Сам ведаеш, пра што, — у голасе ў яго пачуліся рэзкія ноткі. — Ты мяне з ног да галавы вокам абвёў, як толькі ўбачыў. Думаеш, не заўважыў?

Пазіраючы праз ветравое шкло, шафёр з такой сілай сціснуў рулявое кола, што пабялелі кісці рук.

— Ты добра ведаеш, адкуль я іду, — сказаў Джоўд.

Шафёр маўчаў.

— Ведаеш, ці ж не так? — не сунімаўся Джоўд.

— Ну ведаю… Праўдзівей, здагадваюся. Толькі мяне гэта не тычыцца. Мне сваіх клопатаў хапае. Што мне да таго? — адным духам выпаліў шафёр. — Я ў чужыя справы не лезу. — Ён змоўк, відаць, чакаючы адказу. Пабялелыя рукі ўсё яшчэ моцна сціскалі абаранак руля.

Праз акенца ў кабіну заляцеў конік, апусціўся на прыборны шчыток і пачаў чысціць крыльцы сваімі каленчатымі спружыністымі ножкамі. Джоўд працягнуў руку, раздушыў пальцамі цвёрдую, падобную на чэрап, галоўку насякомага і выкінуў яго за акно, на вецер. Зноў бязгучна засмяяўшыся, ён пацёр пальцамі, каб сцерці з іх рэшткі раздушанага коніка.

— Памыляецеся, містэр, — сказаў ён. — Нічога я хаваць не збіраюся. Так, я сядзеў у Макалестары. Чатыры гады адседзеў. Адзежу мне гэтую далі там перад выхадам. Пляваць мне, няхай усе ведаюць. Цяпер я дадому іду, да бацькі, на працу мне наймацца не трэба, дык навошта адмоўчвацца?

Шафёр сказаў:

— Мяне гэта не тычыцца. У чужыя справы я носа не соваю.

— Не соваеш? У цябе ж нос на восем міль наперад вытыркнуўся. Ты мяне ім так абнюхаў, як авечка капусту.

Шафёр насупіўся.

— Ты мяне не так зразумеў… — пачаў ён вяла.

Джоўд засмяяўся:

— Ты хлопец што трэба — падвёз мяне. Ну, адбыў я тэрмін. Дык што? Хочаш ведаць, за што мне далі?

— Мяне гэта не тычыцца.

— Цябе нічога не тычыцца — ганяеш сваю чортаву махіну ўзад і ўперад і больш ведаць нічога не хочаш. А цяпер глянь — бачыш палявую дарогу?

— Ну.

— Там я выйду. Ты, пэўна, у штаны напусціў — так карціць даведацца, за што мяне пасадзілі. Ну, не буду мучыць цябе. — Рокат матора стаў глушэйшы, песенька шын паніжэла тонам. Джоўд дастаў сваю бутэльку і зноў разок прыклаўся да рыльца. Грузавік пад'ехаў да грунтавой дарогі, якая пад прамым вуглом адыходзіла ад шашы, і затармазіў. Джоўд вылез і стаў каля акна кабіны. Выхлапная труба ленавата выпускала свой шызаваты дымок. Джоўд нахіліўся да шафёра. — Чалавеказабойства, — скорагаворкай прагаварыў ён. — Вось табе яшчэ адно доўгае слова. А прасцей кажучы, забіў я чалавека. Атрымаў сем гадоў. Мне скінулі да чатырох, бо сядзеў я ціха, як мыш.

Шафёр правёў позіркам па твары Джоўда, стараючыся запомніць яго рысы.

— Ні пра што такое я ў цябе не пытаўся, — сказаў ён. — Мая справа старана.

— Можаш раззваніць па ўсіх забягалаўках, адсюль і да самай Тэксалы. — Джоўд усміхнуўся: — Ну, бывай, дружа! Хлопец ты неблагі. Толькі памятай: хто пасядзеў у каталажцы, той здалёку пачуе, куды вецер вее. Ты і рота яшчэ раскрыць не паспеў, а мне было ўжо ўсё ясна. — Джоўд пляснуў далонню па металічных дзверцах: — Дзякуй, што падвёз. Бывай! — Ён павярнуўся і пайшоў на палявую дарогу.

Хвіліну шафёр моўчкі глядзеў яму ўслед, потым крыкнуў:

— Шчасліва!

Не азіраючыся, Джоўд памахаў рукой. Матор зароў, заскрыгатала перадача, і вялікі чырвоны аўтафургон скрануўся з месца.

Бетонную стужку шашы з бакоў абступала густая высахлая трава з паніклым, пераблытаным бадыллём, і каласкі і галоўкі яе ашчацініліся асцюкамі і калючкамі: аўсюк — каб учапіцца ў сабачую поўсць, лісахвост — каб уплесціся ў конскую шчотку, канюшына — каб ухапіцца сваімі шчацінкамі за авечую воўну; не абуджанае яшчэ жыццё чакала, калі яго рассеюць, разнясуць на ўсе бакі, кожнае семечка было ўзброена адмысловым прыстасаваннем — кручочкам ці парашуцікам, дроцікам ці клубочкам з вострымі іголачкамі, і ўсё гэта чакала якой-небудзь жывёліны ці ветру, манжэтаў мужчынскіх штаноў ці падола жаночай спадніцы, чакала бяздзейна, але мабілізаваўшы ўсе свае сродкі, нерухома, але ў поўнай гатоўнасці да вандроўкі.

Сонечныя промні падалі на траву і грэлі яе, а ў цяні пад былінкамі варушыліся і снавалі казюлькі — мурашкі і мурашыныя львы, што ставілі ім пасткі; конікі, якія раз-пораз выстрэльвалі ў паветра, бліснуўшы жаўтлявымі крыльцамі; падобныя да маленечкіх армадзілаў макрыцы ўпарта прабіраліся кудысьці на сваіх незлічоных кволых ножках. А па траве ўсцяж дарогі, міма палатна, паўзла, цягнучы выгнуты купалам панцыр, балотная чарапаха — то ў адзін бок паверне, то ў другі. Яе шурпатыя лапы з жоўтымі кіпцямі разграбалі траву, не ступалі па ёй, а прадзіраліся праз яе, цягнучы на сабе грувасткі шчыт. Ячменнае зерне саслізгвала па ім, варсістае насенне канюшыны падала на яго і кацілася на зямлю. Цвёрдая дзюба чарапахі была трохі разяўлена, халодныя вочы насмешліва пазіралі наперад з-пад арагавелых надброўных дугаў. За ёю цягнуўся след — каляіна прымятай травы, наперадзе ўзгоркам узвышаўся дарожны насып. Чарапаха спынілася, высока задрала галаву, паміргала, прыжмурыла вочы, зіркнула ўгору, потым уніз і пачала ўзбірацца па адхоне. Кіпцюрастыя пальцы пярэдніх лап выпрасталіся, але зямлі не крануліся. Заднія ногі пачалі падпіхаць панцыр, і ён зашоргаў па траве, потым па жвіры. Чым круцейшы рабіўся насып, тым упарцей працавала чарапаха. Заднія лапы коўзаліся, зрываліся, падштурхоўваючы панцыр, лускаватая галава вытыркнулася наперад на ўсю даўжыню доўгай шыі. Панцыр памалу падымаўся па адхоне, пакуль шлях яму не перасек бетонны борцік шашы ў чатыры цалі вышынёй. Заднія ногі, нібы незалежныя ад тулава, падштурхнулі яго ўгору, да самага краю бар'ера. Шыя выцягнулася, і чарапаха глянула цераз борцік на шырокую цэментавую гладзь. Тады пярэднія лапы, якімі яна ўпіралася ў борцік, напружыліся, пасунуліся вышэй, і панцыр паволі палез уверх і перадам лёг на борцік. Тут чарапаха дала сабе адпачыць. Чырвоная мурашка шмыгнула пад панцыр, пад мяккае брушка, і раптам галава і ногі чарапахі схаваліся і браніраваны хвост шуснуў убок, пад свой шчыт. Чырвоную мурашку раздушыла паміж брушкам і лапай. Пад панцырам апынуўся і каласок аўсюка, змецены туды пярэдняй лапай. Чарапаха доўга ляжала нерухома, потым зноў высунулася галава на доўгай шыі, і халодна-насмешлівыя старэчыя вочы паглядзелі па баках, а з панцыра зноў высунуліся лапы і хвост. Заднія ногі заварушыліся, напружыліся, панцыр пераваліўся цераз борцік, і пярэднія ногі павіслі над палатном шашы. Але заднія падштурхоўвалі панцыр усё далей і далей, і нарэшце цэнтр цяжару перамясціўся, пярэдняя частка тулава нырнула ўніз, кіпці заскрэблі па бетоне, і чарапаха апынулася на насціле дарогі. А на яе пярэдніх лапах, абвіўшыся вакол іх сваёй бадылінай, засеў каласок аўсюка.

Цяпер ісці было лягчэй, і затэпалі ўсе чатыры нагі, панцыр, пагойдваючыся, папоўз наперад. Насустрач ехала адкрытая машына, за рулём сядзела жанчына гадоў сарака. Яна заўважыла чарапаху і крута збочыла ўправа, шыны віскнулі, узвіхрыўся пыл. Пярэднія колы на імгненне падскочылі ў паветра і адразу апусціліся. Шыны зноў счапіліся з палатном дарогі, і машына пайшла далей, толькі не так хутка, як раней. Чарапаха схавалася ў панцыр, але цяпер зноў высунулася з яго і пачала паспешліва перабіраць нагамі, бо бетон быў пякучы.

Наперадзе паказаўся невялічкі грузавічок, і, пад'ехаўшы, шафёр убачыў чарапаху і скіраваў проста на яе. Пярэдняя шына чыркнула па самым краі панцыра, падкінула чарапаху ўгору, як завостраны шпянёк, закруціла, як манету, і чарапаха скацілася з шашы. А грузавічок зноў вярнуўся на правы бок дарогі. Чарапаха доўга ляжала на спіне, схаваўшыся ў панцыр. Нарэшце высунуліся ногі, заварушыліся, шукаючы апоры, каб перавярнуцца. Пярэднія лапы намацалі абломак кварцу, панцыр пачаў пераварочвацца і неўзабаве плёхнуўся на траву купалам угору. Каласок аўсюка вываліўся, і тры востраканечныя зернеткі ткнуліся ў зямлю. Чарапаха папаўзла з насыпу і сваім ніжнім шчытком прысыпала іх пяском. Потым выбралася на палявую дарогу і, паторгваючыся, пасунулася па ён, выворваючы панцырам плыткі хвалісты равок у пыле. Старэчыя насмешлівыя вочы глядзелі проста наперад, арагавелая дзюба трохі разявілася, лапы з жоўтымі кіпцямі раз-пораз слізгалі па пыле.

Калі Джоўд пачуў, што грузавік зрушыў з месца і паехаў, набіраючы хуткасць, а дарога перарывіста загула пад напорам гумавых шын, ён спыніўся, павярнуўся і глядзеў яму ўслед, пакуль машына не знікла з вачэй. Ён так і застаўся стаяць, узіраючыся ў мігатлівае блакітнае марыва. У задуменні выняў з кішэні сваю пляшку, адкруціў металічны каўпачок, асцярожна пацягнуў з рыльца, правёў у ім языком і аблізаў губы, каб да канца адчуць смак віскі.

Ён паспрабаваў прыгадаць: «Там нам стрэўся афрыканец…», але далей ніяк не ішло. Тады ён адвярнуўся ад шашы і паглядзеў на дарогу, што пад прамым вуглом ішла ў поле. Шчодра прыпякала сонца, аселы пыл ляжаў, не патрывожаны ветрам. Каляіны на дарозе да краёў засыпала пылам. Джоўд зрабіў некалькі крокаў, і лёгкі, як мука, пыл заклубіўся перад яго новымі жоўтымі чаравікамі, зацерушыў іх і зрабіў шэрымі.

Ён нахіліўся, развязаў шнуркі і адзін за другім зняў абодва чаравікі. З асалодай размяў потныя ногі, пераступаючы імі ў гарачым пыле і прасейваючы яго струменьчыкамі між пальцаў, пакуль скура на ступнях, падсохшы, не сцялася. Тады зняў пінжак, закруціў у яго чаравікі і засунуў скрутак пад паху. Нарэшце ён пакрочыў па дарозе, узнімаючы перад сабой пыл, які потым слаўся нізкім воблачкам за яго спінай.

З правага боку дарогі цягнулася агароджа — дзве ніткі калючага дроту на вярбовых калах. Слупкі былі крывыя, няроўна абрэзаныя. Калі развіліна была на належнай вышыні, дрот ляжаў на ёй, калі не — яго трымаў абвязаны вакол слупка ржавы абрывак пакавальнага дроту. За агароджай, паваленая ветрам, спёкай і сухменню, ляжала кукуруза, і лісцевыя пазухі на сцёблах былі даверху забітыя пылам.

Джоўд ішоў дарогай, і воблачка пылу цягнулася па яго слядах. Крыху наперадзе ён убачыў выпуклы панцыр чарапахі, якая марудна паўзла па пыле, неяк рыўкамі перастаўляючы няўклюдныя ногі. Джоўд спыніўся — захацеў паглядзець на чарапаху, і цень яго ўпаў на яе. Галава і ногі імгненна схаваліся, кароткі тоўсты хвост шуснуў убок, пад панцыр. Джоўд падняў чарапаху і перавярнуў дагары нагамі. Спіна ў яе была шаравата-карычневая, пад колер пылу, а ніжні шчыток крэмава-жоўты, чысты і гладкі. Джоўд вышэй падсунуў пад паху свой скрутак і правёў пальцам па брушным шчытку, потым націснуў на яго. Ён быў мякчэйшы за верхні. Чарапаха высунула лускаватую галаву — намагалася зірнуць уверх, на палец Джоўда, сутаргава торгаючы нагамі. Яна намачыла Джоўду на далонь, не перастаючы бездапаможна біцца ў яго ў руках. Джоўд перавярнуў яе спінай угору і ўкруціў у пінжак разам з чаравікамі. Ён адчуваў, як яна валтузіцца там, тыцкаецца і перабірае лапамі. Джоўд пайшоў далей, прыспешыў крок, крыху заграбаючы мяккі пыл пятамі.

Наперадзе, узбоч дарогі, чахлая, абсыпаная пылам вярба адкідала на зямлю рабы цень. Яе ўбогае, кволае вецце згіналася над дарогай, рэдкая, чэзлая крона нагадвала аблезлую курыцу. Джоўд абліваўся потам. Сіняя кашуля пацямнела на спіне і пад пахамі. Ён насунуў кепку на лоб, пацягнуўшы за брылёк, і той перагнуўся пасярэдзіне, кардонная пракладка зламалася — цяпер ужо кепка ніколі не будзе выглядаць, як новая. Ногі неслі яго ўсё шпарчэй да адзінокага дрэва. Ён ведаў — там будзе цень, прынамсі, хоць палоска ценю ад ствала, бо сонца прайшло ўжо зеніт. Гарачыя промні апякалі патыліцу, у галаве злёгку шумела. Ён не бачыў падножжа вярбы, бо яна расла ў маленькай западзіне, вільгаць там не так хутка высыхае, як на роўных месцах. Ён ішоў усё хутчэй — спяшаўся ўцячы ад сонца, і нарэшце пачаў спускацца па схіле. Раптам ён апасліва запаволіў крок, бо палоска ценю была ўжо кімсьці занятая. Прыхінуўшыся спінай да камля, на зямлі сядзеў чалавек. Сагнутыя ў каленях ногі ён склаў крыж-накрыж, і босая правая ступня дасягала амаль галавы. Ён засяроджана насвістваў мелодыю факстрота «Так, сэр, гэта мой бэбі» і таму не чуў крокаў Джоўда. Задраная ўгору ступня мерна адбівала такт. Тэмп быў не танцавальны. Чалавек перастаў свістаць і заспяваў тонкім кволым тэнарком:

Ён пачуў крокі Джоўда, толькі калі той ступіў у рэдкі цень ад аблезлай кроны, перастаў спяваць і павярнуў у яго бок галаву. Доўгая, кашчавая, з туга нацягнутай скурай на твары, яна сядзела на шыі, мускулістай і жылістай, як бадыль сельдэрэю. Запаленыя, чырванаватыя павекі прыкрывалі ад сонца вялікія, выпуклыя вочы. Безвалосыя смуглыя шчокі льсніліся, поўныя губы выдавалі не то насмешку, не то пажадлівасць. Скура так шчыльна абцягвала яго дзюбасты, касцісты нос, што прасвечвалі храсткі пераносся. Ні на шчоках, ні на доўгім бледным ілбе не было ніводнай кропелькі поту. Лоб у яго быў ненатуральна высокі, з тонкімі блакітнымі жылкамі на скронях. Не менш як палова твару была над вачыма. Жорсткія сівыя валасы распаліся няроўнымі пасмамі — відаць, зачэсаныя пальцамі. На ім былі штаны-камбінезон і сіняя кашуля. Баваўняная куртка з меднымі гузікамі і карычневы, залаплены, у тлустых плямах капялюш ляжалі на зямлі каля яго. Шэрыя ад пылу парусінавыя туфлі на гумавай падэшве валяліся паасобку там, дзе ён іх скінуў з ног.

Назад Дальше