Гронкі гневу - Стейнбек Джон 33 стр.


Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.

— Я тут не гаспадар, — адказаў ён. — Мы толькі таму тут сталі, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.

Том не здаваўся:

— Усё ж такі вы ўжо тут, а мы толькі прыехалі. Ваша права вырашаць — перашкодзяць вам суседзі ці не.

Заклік да гасціннасці падзейнічаў імгненна.

— Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогі. Вельмі будзем радыя. — І паклікаў: — Сэйры, тут людзі спыніцца каля нас хочуць. Выйдзі паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, — паведаміў ён Тому.

Полкі палаткі расхінуліся, і з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы ліст, і на ім гарэлі вочы — чорныя вочы, у глыбіні якіх затаіўся страх. Маленькую жанчыну калаціла. Яна трымалася за адкінутую полку палаткі, і рука яе нагадвала руку шкілета, абцягнутую сухой скурай.

Яна загаварыла нізкім, прыгожым, мяккім пявучым голасам, у якім прабіваліся звінючыя ноткі.

— Скажы ім: з добрым прыбыццём, — прамовіла яна. — Скажы: сардэчна запрашаем.

Том з'ехаў з шашы і паставіў машыну ў полі побач з легкавой. Пасажыры выплюхнуліся з грузавіка, як кіпень з гаршка. Руці і Ўінфілд так паспешліва саскочылі, што ў іх ледзь не падкасіліся замлелыя ногі, і ўзнялі віск, калі ў лытках пачало паколваць, як іголкамі. Маці адразу ўзялася за справу. Адвязала вялікае вядро, што было прывязана ззаду грузавіка, і падышла з ім да дзяцей, якія ўсё яшчэ вішчалі.

— Ідзіце па ваду — вунь туды. Папрасіце далікатна. Скажыце: «Будзьце ласкавыя, ці нельга нам наліць вядро вады?» І не забудзьцеся, скажыце: «Вялікі дзякуй». Назад панесяце ўдваіх, толькі не расплюхайце па дарозе. А трапіцца на вочы сухое голле, захапіце з сабой — касцёр распалім.

Дзеці патупалі да хаціны.

А каля палаткі адбылася маленькая замінка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:

— Вы не з Аклахомы?

Эл, які стаяў каля легкавушкі, паглядзеў на нумарны знак.

— Канзас, — сказаў ён.

Хударлявы чалавек растлумачыў:

— Мы з Галены, з яе наваколля. Уілсан, Айві Ўілсан.

— А мы Джоўды. З-пад самага Саліса.

— Што ж, мы вельмі радыя пазнаёміцца, — сказаў Айві Ўілсан. — Сэйры, гэта Джоўды.

— Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзіўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.

— Гавораць усе па-рознаму, — сказаў Айві. — Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусім дзіўна гаварыла. Ледзь разумелі яе.

Ной, дзядзька Джон і прапаведнік узяліся разгружаць машыну. Спачатку памаглі дзеду злезці і пасадзілі яго на траву. Стары сядзеў млявы, уставіўшы вочы проста перад сабой.

— Табе што, дзед, нядобра? — запытаўся Ной.

— Вельмі, — слабым голасам адказаў стары. — Страх як дрэнна.

Паволі і асцярожна ступаючы, да яго падышла Сэйры Ўілсан.

— Можа, вам лепш зайсці ў палатку? — запыталася яна. — Паляжыце там на матрацы, адпачніце.

Пачуўшы яе мяккі голас, дзед падняў галаву.

— Хадзем, — сказала Сэйры. — Вам трэба адпачыць. Мы вас давядзём.

Стары раптам расплакаўся. Падбародак у яго дрыжэў, губы шчыльна сцяліся, ён хрыпла ўсхліпваў. Маці кінулася да яго і абняла за плечы. Памагла яму падняцца, напружыўшы сваю шырокую спіну, і павяла, пацягнула яго ў палатку.

Дзядзька Джон сказаў:

— Відаць, сапраўды дзед наш расхварэўся. Раней з ім гэтага не бывала. У жыцці не бачыў, каб ён слязу пусціў. — Джон хуценька залез на грузавік і скінуў уніз матрац.

Маці выйшла з палаткі і падышла да Кейсі.

— Вам даводзілася даглядаць хворых, — сказала яна. — Дзед занядужаў. Можа, пойдзеце глянеце на яго?

Кейсі паспешліва пайшоў у палатку. На зямлі ляжаў двухспальны матрац, акуратна засланы коўдрамі, у маленькай жалезнай печцы на ножках няроўна гарэў агонь. Вядро вады, драўляная скрынка з харчам, яшчэ адна замест стала — і ўсё. Заходняе сонца прасвечвала ружовым скрозь сцены палаткі. Сэйры Ўілсан стаяла на каленях каля матраца, на якім расцягнуўся на спіне дзед. Яго шырока расплюшчаныя вочы глядзелі ўгору, на твары гарэў румянец. Ён цяжка дыхаў.

Кейсі ўзяў яго кашчавае запясце ў пальцы.

— Крышачку стаміўся, дзед? — сказаў ён.

Шырока расплюшчаныя вочы пакасіліся на голас і не знайшлі таго, хто гаварыў. Вусны заварушыліся, бязгучна вымаўляючы нейкія словы. Кейсі памацаў дзеду пульс, адпусціў яго руку і паклаў яму на лоб далонь. У целе старога ішло змаганне, ногі безупынна варушыліся, рукі не ведалі спакою. З вуснаў зрывалася неразборлівае мармытанне, шчокі пад белай шчэццю наліліся чырванню. Сэйры Ўілсан ціха запыталася ў Кейсі:

— Вы ведаеце, што з ім?

Кейсі глянуў на яе маршчыністы твар і агністыя вочы.

— А вы?

— Здаецца, ведаю.

— Што?

— Магчыма, я памыляюся. Не хочацца дарэмна гаварыць.

Назад Дальше