Кейсі азірнуўся на старога, у якога ўвесь час паторгваўся твар.
— Думаеце… можа… апаплексічны ўдар?
— Думаю, што так, — адказала Сэйры. — Мне тры ўжо разы даводзілася бачыць такое.
А звонку даносіліся гукі бівачнага жыцця — секлі сухое голле, бразгалі посудам. Маці ўсунула галаву між полкамі палаткі.
— Бабка хоча зайсці. Можа, ёй не варта?
Прапаведнік сказаў:
— Не пусціш, яна разнервуецца.
— Як ён — нічога?
Кейсі паволі пакруціў галавой. Маці кінула хуткі позірк на дзедаў наліты крывёю твар, які скажалі пакутлівыя грымасы. Яна адышла ад палаткі, і пачуўся яе голас:
— Яму лепш, бабка. Цяпер няхай крыху адпачне.
Але бабка зласліва сказала:
— А я ўсё роўна гляну. Ён хітры чорт. Ад яго праўды ніколі не дазнаешся, — і хуценька прашмыгнула ў палатку. Яна спынілася каля матраца і глянула ўніз на дзеда. — Што з табой? — Дзед зноў павёў вачамі на голас, і губы яго скурчыліся. — Гэта ён ад злосці, — сказала бабка. — Я ж гаварыла вам, ён хітры, як чорт. Раніцай надумаў уцячы, каб не ехаць. Але раптам бядро ў яго разбалелася, — з пагардай прамовіла бабка. — Гэта ён проста ад злосці. З ім і раней такое бывала, калі ён не захоча ні з кім размаўляць.
Кейсі далікатна сказаў:
— Гэта не ад злосці, бабка. Ён захварэў.
— А! — яна зноў глянула ўніз на старога. — Цяжка захварэў, ты думаеш?
— Вельмі цяжка, бабка.
На хвіліну яна завагалася.
— Ну дык чаго ты не молішся? — таропка загаварыла яна. — Ты прапаведнік ці не?
Моцныя пальцы Кейсі нерашуча пацягнуліся да дзедавага запясця і абхапілі яго.
— Я ўжо казаў табе, бабка. Не прапаведнік я.
— Усё роўна маліся, — загадала старая. — Ты справу гэту на памяць ведаеш.
— Не магу, — сказаў Кейсі. — Я не ведаю, за што маліцца і каму маліцца.
Бабка адвяла ад яго вочы і спыніла позірк на Сэйры.
— Ён не хоча маліцца, — сказала яна. — А я не гаварыла вам, як малілася Руці, калі была яшчэ зусім маленькая? «У пасцельцы спачываю, богу душу ўручаю. А туды як прыляціць, там буфет пусты стаіць, а бедны сабачка галодны сядзіць. Аман». Вось як яна малілася.
Па брызенце палаткі з сонечнага боку пасунуўся цень — нехта прайшоў міма.
А дзедава цела ўсё яшчэ змагалася, б'ючыся ў сутаргах. Раптам яно здрыганулася, быццам ад раптоўнага ўдару, і дзед заціх і перастаў дыхаць. Кейсі глянуў на твар старога і ўбачыў, што ён робіцца чарнавата-барвовы. Сэйры дакранулася да пляча прапаведніка:
— Язык, хутчэй язык!
Кейсі кіўнуў галавой.
— Засланіце яго ад бабкі, — сказаў ён ціха і разняў дзеду сцятыя сківіцы, прасунуў пальцы ў самае горла, каб дастаць язык. І калі ён адцягнуў яго, з горла вырваўся раскацісты хрып і дзед перарывіста ўздыхнуў, як усхліпнуў. Кейсі падабраў з зямлі тонкую палачку і прыціснуў ёю язык, услухоўваючыся ў вуркатлівае, няроўнае дыханне.
Бабка насілася па палатцы, як напалоханая курыца.
— Маліся! — патрабавала яна. — Маліся ж! Маліся, табе кажуць! — Сэйры дарэмна спрабавала яе суняць. — Маліся, каб цябе чорт! — закрычала бабка.
Кейсі глянуў на яе. Вуркатлівае дыханне рабілася ўсё гучнейшым і больш перарывістым.
— Ойча наш, які ёсць у небе, свяціся Імя Тваё…
— Слава! — выгукнула бабка.
— …прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая… як у небе… так і на зямлі.
— Аман.
З адкрытага рота старога вырваўся сутаргавы ўсхліп і хрыплы працяглы выдых.
— Хлеба нашага штодзённага… дай нам сёння… і адпусці нам грахі нашы. — Дыхання не стала чуваць. Кейсі глядзеў на дзедавы вочы — яны былі ясныя, глыбокія, праніклівыя, у іх затаілася спакойная ўсёведнасць.
— Алілуя! — крыкнула бабка. — Гавары далей.
— Аман, — сказаў Кейсі.
Бабка маўчала. З таго боку палаткі панавала цішыня. Толькі па шашы прашумела коламі машына. Каля матраца Кейсі не падымаўся з кален. Звонку людзі ў напружаным маўчанні прыслухоўваліся да гукаў, што абвяшчалі смерць. Сэйры ўзяла бабку пад руку і вывела з палаткі. Старая ішла, поўная годнасці, з высока ўзнятай галавой. Яна ішла так напаказ усёй сям'і. Сэйры падвяла яе да матраца, што ляжаў на зямлі, і ўсадзіла яе. І бабка сядзела, пазіраючы проста перад сабой, сядзела горда, бо ведала, што ўсе позіркі скіраваны на яе. У палатцы было ціха. Нарэшце Кейсі рассунуў брызент і выйшаў.
Бацька ціха запытаўся:
— Што з ім было?
— Апаплексічны ўдар, — адказаў Кейсі. — Удар, і адразу канец.