Эл сказаў:
— Не буду больш, Том.
— Трыццаць дзён — гэта нічога, — гаварыў далей Том. — І паўгода таксама нічога. А калі пераваліць за год, тады… не ведаю. Гэта ні з чым на свеце параўнаць нельга. Так нельга рабіць, наогул нельга садзіць людзей пад замок. Ды к чорту ўсё гэта! І гаварыць не хачу. Глянь, як сонца гарыць на вокнах.
Грузавік пад'ехаў да выстраеных у рад заправачных калонак; справа ад дарогі быў склад аўтамабільнага лому — участак плошчай у акр, абнесены высокай агароджай з калючага дроту; бліжэй да дарогі — павець з рыфленага жалеза і груда езджаных шын каля ўвахода, на якіх былі напісаны цэны. За павеццю віднелася халупа, збітая з рознага ламачча — абрэзкаў дошак і кавалкаў бляхі. Вокны — ветравое шкло ад машын, устаўленае ў сцены. На зарослай травой зямлі — аўтамабільны лом: машыны з пакарабачанымі, памятымі радыятарамі, зраненыя машыны ляжалі на баку без колаў. Паўсюль на траве і каля сцяны павеці валяліся ржавыя маторы, узвышаліся груды хламу — крылы, барты грузавікоў, колы, восі; і над усім гэтым лунаў дух тла, цвілі і ржы. Пакарабачанае жалеза, напаўвыпатрашаныя рухавікі, кучы рознай непатрэбшчыны, падабранай на дарогах.
Эл пад'ехаў па залітай маторным маслам дарожцы да павеці. Том вылез з кабіны і зазірнуў у цёмны праём дзвярэй.
— Нікога не відаць, — сказаў ён і гукнуў: — Ёсць тут хто-небудзь?
— Хоць бы знайшоўся ў іх «додж» дваццаць пятага года.
У глыбіні павеці бразнулі дзверы. Са змроку выйшаў чалавек, падобны на прывід. Кашчавы, брудны, з запэцканым маслам жылістым тварам, туга абцягнутым скурай. Аднаго вока ў яго не было, а калі ён паводзіў другім, здаровым, мускулы пустой вачніцы паторгваліся. Джынсы і кашуля на ім ільсніліся ад засохлага масла; рукі былі ўсе ў ранках і рубцах; тоўстая ніжняя губа злавесна выступала наперад.
Том запытаўся:
— Вы гаспадар?
Адзінае вока бліснула ў яго бок.
— Я працую на гаспадара, — буркнуў ён у адказ. — А што трэба?
— Які-небудзь разбіты «додж» дваццаць пятага ў вас ёсць? Нам патрэбен шатун.
— Не ведаю. Каб быў гаспадар, ён сказаў бы. Але яго цяпер няма. Дадому паехаў.
— А самім можна глянуць?
Чалавек смаркнуў у далонь і абцёр яе аб штаны.
— Вы з гэтых краёў?
— Не, з Усходу. На Захад едзем.
— Ну пашукайце. Хоць двор увесь спаліце, мне што.
— Ты, я бачу, не вельмі гаспадара свайго любіш.
Валочачы ногі, чалавек падышоў бліжэй і зноў бліснуў сваім адзіным вокам.
— Цярпець яго не магу, — вымавіў ён ціха. — Цярпець не магу гэту сволач! Цяпер во дамоў падаўся. Паехаў сабе дадому. — Словы вывальваліся з яго вуснаў, налятаючы адно на адно. — Такую прывычку сабе завёў… такую прывычку чапляцца і дражніцца. Ён… ён сволач! Дачка ў яго, дзевятнаццаць гадоў, прыгожанькая з твару. Дык ён пытаецца: «Як ты наконт таго, каб ажаніцца з ёю?» Гэта ён у мяне пытаецца! А сёння кажа: «Вечарам танцы будуць. Ну як, пойдзеш?» Гэта ён мне кажа — мне! — На вачах у яго выступілі слёзы, пакаціліся з пустой чырвонай вачніцы па шчацэ. — Далібог, калі-небудзь вазьму і схаваю трубны ключ у кішэні. Такое мне гаворыць і на маё выбітае вока зырыцца. Я… я гэтым ключом галаву яму адкручу… накіну і проста з шыі скручу, гэтак лёгенька буду паварочваць. — Ён задыхаўся ад шаленства. — Лёгенька паварочваць буду і з шыі скручу.
Сонца схавалася за горы. Эл паглядзеў на двор, завалены разбітымі машынамі.
— Вунь, Том, глянь! Здаецца, «додж» дваццаць пятага ці дваццаць шостага.
Том павярнуўся да аднавокага:
— Зірнуць можна?
— Чорт з вамі, бярыце што трэба.
Прабіраючыся між мёртвых аўтамабіляў, Том з Элам накіраваліся да закрытай іржавай машыны, што стаяла на спушчаных шынах.
— Так і ёсць, дваццаць пятага! — усклікнуў Эл. — Зняць паддон можна, містэр?
Том апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну.
— Ужо зняты. Аднаго шатуна няма. Ага, ужо няма. — Ён запоўз пад машыну. — Эл, вазьмі ручку і пакруці. — Ён пахістаў шатун на валу. — Усё застылым маслам залеплена. — Эл паціху паварочваў завадную ручку. — Цішэй! — крыкнуў Том. Ён падабраў з зямлі трэску і саскроб з падшыпніка і балтоў засохлае масла.
— Моцна расхістаўся? — запытаўся Эл.
— Не, толькі крышачку, не страшна.
— Вельмі зношаны?
— Пракладкі ёсць, амаль усе. Ага, парадак. Яшчэ крышачку крутні. Зараз апусціцца, цішэй! Ага, вось, хопіць. Цяпер збегай да грузавіка, ключ прынясі.
Аднавокі сказаў:
— Я дам вам скрынку з інструментам. — Ён зашкандыбаў паміж іржавых машын да павеці і неўзабаве вярнуўся з бляшанай скрынкай. Том узяў з яе тарцовы ключ і перадаў Элу.
— Адкручвай. Толькі пракладак не згубі, не пазрывай балтоў, са шплінтамі асцеражней. Не марудзь, хутка зусім сцямнее.
Эл падлез пад машыну.
— Абавязкова трэба абзавесціся тарцовымі ключамі, — пачуўся голас знізу. — З развадным ні да чога не дабярэшся.
— Пакліч, калі адзін не справішся.
Аднавокі з бездапаможным выглядам стаяў каля машыны.
— Я падмагу, калі трэба, — сказаў ён. — А ведаеце, што гэты сукін сын яшчэ прыдумаў? Прыходзіць раз у белых штанах і кажа мне: «Хадзем пакатаемся на маёй яхце». Далібог, я трахну яго калі-небудзь. — Ён цяжка дыхаў. — З тае пары, як я вока страціў, у мяне не было ніводнай жанчыны. А ён мне такое гаворыць! — І буйныя слёзы пацяклі з яго вачэй, прамываючы баразёнкі на брудным твары каля носа.
Том з раздражненнем сказаў: