Гронкі гневу - Стейнбек Джон 50 стр.


— Дык чаму ж ты тут тырчыш? Цябе ж пад вартай ніхто не трымае.

— Табе лёгка казаць. Не так проста работу знайсці, ды яшчэ калі ў цябе аднаго вока няма.

Том крута павярнуўся да яго:

— Слухай, дружа. Ты хоць гэтым сваім адным вокам на сябе паглядзі. Ты брудны ўвесь, ад цябе смярдзіць. Сам нарываешся на непрыемнасці. Табе так хочацца. А потым сам сябе шкадуеш. Дзе табе, сляпому, думаць пра жанчын. Хоць павязку начапі, твар памый. Выкінь з галавы — ніякім ты ключом нікога не заб'еш.

— Пажыў бы ты сам з адным вокам. І бачыш не так, як усе, і адлегласць правільна не вызначыш — не можаш. Усё плоскім здаецца.

Том сказаў:

— Галава ты яловая! Я вось шлюху ведаў адну без нагі. Дык, думаеш, яна па дзяшоўцы давала? Ого! Дзе там! Ёй яшчэ звыш паўдаляра прыплочвалі. Яна казала: «Ці шмат табе разоў даводзілася з аднаногай спаць? Ні разу! Ну вось, кажа, атрымаеш асаблівае задавальненне, а каштаваць табе гэта будзе ўсяго на паўдаляра больш». І плацілі, далібог, праўда, і нават лічылі яшчэ, што ім пашанцавала. Запэўнівалі, што гэта ўдачу прыносіць. А яшчэ гарбуна ведаў… у адным месцы. Зарабляў сабе на жыццё тым, што даваў пакратаць свой горб за грошы. Гэта таксама нібыта ўдачу прыносіла. А ў цябе ж, госпадзі, аднаго толькі вока няма.

Аднавокі, запінаючыся, сказаў:

— Дык жа ж усе цябе староняцца, нехаця такім станеш.

— А ты завяжы чым-небудзь вока. А то выстаўляеш усім напаказ, як карова задніцу. Вельмі любіш шкадаваць самога сябе. А з табой нічога ж такога. Штаны сабе белыя купі. Ты, відаць, найболей п'яны ў ложку валяешся і плачаш. Эл, табе памагчы?

— Не, — пачуўся адказ. — Падшыпнік я ўжо зняў. Хачу поршань ссадзіць.

— Галавой не стукніся.

Аднавокі ціха прамовіў:

— Думаеш… я магу яшчэ… каму-небудзь спадабацца?

— Абавязкова, — адказаў Том. — Кажы ўсім, што пасля таго, як ты страціў вока, у цябе нешта іншае добра адрасло.

— Куды вы, хлопцы, едзеце?

— У Каліфорнію. Усёй сям'ёй. Думаем на працу там прыстроіцца.

— А як па-твойму, такому, як я, работа там знойдзецца? У мяне ж будзе чорная павязка.

— Чаму не? Ты ж не калека.

— Дык… можа, вы падвезяце мяне?

— О не! Мы самі так напакаваліся, што ледзь валачомся. Знайдзі нейкі іншы спосаб. Прывядзі да ладу якую-небудзь з гэтых развалін і едзь.

— Што ж, магчыма, так і зраблю, далібог.

Пад машынай нешта бразнула.

— Гатова, — пачуўся голас Эла.

— Дык вылазь, паглядзім.

Эл падаў Тому поршань з ніжняй галоўкай падшыпніка. Том працёр бабітавую паверхню і ўважліва агледзеў падшыпнік.

— Здаецца, усё ў парадку, — сказаў ён. — Каб быў у нас ліхтар, мы сёння і паставілі б.

— Ведаеш, Том, пра што я падумаў? — сказаў Эл. — У нас няма заціскачкі. І паваждаемся ж мы з кольцамі, асабліва з ніжнімі, пакуль поршань уставім!

Том сказаў:

— Мне неяк раз параілі абкруціць кольцы тонкім латунным дротам, і ён зацісне.

— А як яго потым зняць?

— Знімаць не трэба. Сам расплавіцца.

— Тады лепш медны.

— Медзь слабейшая, — сказаў Том і павярнуўся да аднавокага: — У цябе знойдзецца тонкі латунны дрот?

— Хто яго ведае. Здаецца, адна шпуля недзе валяецца. А дзе, па-твойму, можна дастаць такую павязку на вока?

Шпулю яны знайшлі ў павеці, пакапаўшыся ў скрынях. Том уставіў шатун у ціскі і старанна абкруціў дротам поршневыя кольцы, заганяючы іх глыбей у пазы; там, дзе дрот быў сагнуты, падраўняў яго малатком, потым, паварочваючы поршань, лёгенька пастукваў па ўсёй паверхні, каб дрот нідзе не выпіраў. Нарэшце правёў па поршні пальцам, правяраючы, ці ўсё легла ўпоравень з паверхняй поршня. У павеці хутка цямнела. Аднавокі прынёс кішэнны ліхтарык і накіраваў прамень святла на ціскі.

— Ну вось, гатова! — сказаў Том. — Паслухай, колькі возьмеш за ліхтарык?

— Ён ужо добра выгараў. За новую батарэйку я заплаціў пятнаццаць цэнтаў. Ну бяры ўсё за… трыццаць пяць.

— Згодзен. А колькі з нас за шатун з поршнем?

— Проста не ведаю, што вам сказаць. Калі б гаспадар тут быў, ён праверыў бы па прэйскуранту, колькі каштуе новая запчастка, і, пакуль ты тут важдаешся, паспеў бы выведаць, ці сур'ёзна ты засеў і колькі ў цябе манеты, і за тое, што па прэйскуранту каштуе восем зялёненькіх, запрасіў бы пяць. Пачнеш таргавацца, да трох збавіць. Вось ты ва ўсім мяне вінаваціш, але ж, далібог, ён сволач. Бачыць, што табе да зарэзу трэба. Бывае, за дыск счаплення здзярэ больш, чым уся машына яму каштавала.

— Во як! Ну, а ўсё-такі, колькі з мяне?

— Каля даляра, думаю.

— Добра. І яшчэ за тарцовы ключ чвэрць даляра дам. З ім удвая лягчэй пойдзе. — Том перадаў аднавокаму грошы. — Дзякуй. А вока сваё чым-небудзь прыкрый.

Том з Элам селі ў машыну. Было ўжо зусім цёмна. Эл запусціў матор і ўключыў фары.

Назад Дальше