— Ну, бывай, — крыкнуў Том. — Можа, у Каліфорніі ўбачымся. — Грузавік развярнуўся на шашы і паехаў.
Аднавокі пастаяў, пазіраючы яму ўслед, потым пайшоў цераз павець у сваю халупку. Там было цёмна. Ён вобмацкам прабраўся да матраца на падлозе, лёг і заплакаў, а машыны, што з віскатам праносіліся па шашы, толькі шчыльнейшымі рабілі сцены яго адзіноты.
Том сказаў Элу:
— Калі б ты мне напачатку сказаў, што мы дастанем гэту штуковіну і сёння ж паставім, я цябе вар'ятам абазваў бы.
— Сёння абавязкова скончым, — сказаў Эл. — Толькі ты сам усё рабі. Я баюся, зацягну падшыпнік крыху тужэй, ён расплавіцца, недацягну — стукаць будзе.
— Пастаўлю, — сказаў Том. — Паляціць дык паляціць. Што зробіш.
Эл углядаўся ў густы змрок. Святла фар было недастаткова, каб разагнаць яго; спераду, на дарозе, трапіўшы на імгненне ў прамень рэфлектара, зялёным агнём бліснулі вочы кошкі, што выйшла на начное паляванне.
— А здорава ты яго прапясочыў, — сказаў Эл. — Управіў яму мазгі.
— Сам, дурань, напрасіўся. Усё пад'юджвае сябе, ные, усе свае беды звальвае на вока. Абібок, неахайнік. Можа, і возьмецца за розум, калі зразумее, што людзі наскрозь яго бачаць.
— Я, Том, не вінаваты, што падшыпнік згарэў.
Хвіліну памаўчаўшы, Том адказаў:
— У мяне проста рукі свярбяць на цябе, Эл. Заладзіў адно і тое, баішся, што цябе будуць лічыць вінаватым. Але не станавіся ў позу, калі цябе не чапаюць. І ўсё добра будзе.
Эл нічога не адказаў. Ён глядзеў проста перад сабой. Грузавік з грукатам і ляскам каціў па дарозе. Збоку на шашу выбегла кошка, Эл крута павярнуў на яе, але колы пранесліся міма, і кошка адскочыла назад у траву.
— Крыху прамахнуўся, — сказаў Эл. — Слухай, Том, ты чуў, як Коні гаварыў, што вечарамі будзе вучыцца? Я падумаў, можа, і мне ўзяцца. Ну радыё там, тэлебачанне альбо дызелі. З гэтым дарога можа адкрыцца.
— Можа, — сказаў Том. — Але перш даведайся, колькі з цябе за навучанне здзяруць. І падумай, ці зможаш ты вучыцца. У нас у Макалестары былі такія, што вучыліся па пошце. Толькі не прыпомню, каб хто з іх да канца ўсё адолеў. Надакучыць, і кідаюць.
— Эх, чорт, есці забыліся купіць.
— Нічога, ма нам многа прыслала. Усё прапаведнік не з'есць. Нам пакіне. Колькі яшчэ ехаць у гэту Каліфорнію?
Яны змоўклі, настала начная цемра, і зоркі на небе загарэліся яркім белым святлом.
Кейсі падняўся з задняга сядзення «доджа» і падышоў да краю дарогі, куды пад'ехаў грузавік.
— Я вас так хутка не чакаў, — сказаў ён.
Том узяў з кабіны загорнутыя ў мешкавіну часткі.
— Нам пашанцавала, — сказаў ён. — І ліхтар раздабылі. Адразу і адрамантуем.
— Вы ежу забыліся з сабой узяць, — сказаў Кейсі.
— Зробім усё, тады і падмацуемся. Давай, Эл, з'язджай з дарогі і ідзі пасвяці мне. — Том падышоў да «доджа», лёг на спіну і падлез пад машыну. Эл запоўз пад яе на жываце і пачаў свяціць ліхтарыкам. — Проста ў вочы свеціш, вышэй падымі. — Том уставіў поршань у цыліндр і, пакручваючы яго, пачаў засоўваць глыбей. Драцяная абмотка на кольцах зачапілася за сценкі цыліндра. Хуткім рухам рукі Том падштурхнуў поршань, і ўсе кольцы ўвайшлі ў цыліндр. — Добра, што зазор ёсць, а то кампрэсія выпіхвала б яго.
— Толькі каб дрот не заклініў кольцаў.
— Таму я малатком яго і расплюшчыў. Нічога, не з'едзе. А там латунь расплавіцца і, можа, яшчэ і сценкі пакрые.
— А драпін не застанецца?
Том засмяяўся:
— Сценкам гэтым нічога ўжо не страшна. Масла прапускае, як рэшата. Адной драпінай больш, адной менш, якая розніца. — Ён насадзіў шатун на вал і памацаў яго ніжнюю галоўку. — Трэба пракладак больш. Гэй, Кейсі!
— Га?
— Я зараз замацую падшыпнік. Вазьміся за завадную ручку і пакруціш, калі я табе крыкну. — Ён падцягнуў балты. — Ну, давай. Цішэй. цішэй! — Калі каленчаты вал паварочваўся, Том пахістваў падшыпнік. — Пракладак мнагавата, — сказаў ён. — Стой, Кейсі! — Том выкруціў балты, зняў некалькі пракладак і зноў паставіў балты. — Ну, Кейсі, крутні яшчэ разок. — Ён зноў пахістаў шатун. — Крышачку ходзіць. А калі яшчэ выняць пракладку, баюся, каб не заела. Зараз паспрабуем. — Том зноў адкруціў балты і зняў два слаі тонкай фольгі. — Цяпер, Кейсі, давай!
— Здаецца, парадак, — сказаў Эл.
Том крыкнуў:
— Цяжэй стала круціць, Кейсі?
— Не, па-мойму.
— Ну, здаецца, падагнаў. Дай бог, каб прыцерлася. Без інструменту бабіт не прышабрыш. А праўда, з тарцовым ключом куды лягчэй працаваць.
Эл сказаў:
— Гаспадар хопіцца — дзе ключ, а яго няма. Во разыдзецца!
— Не наша справа, — сказаў Том. — Мы ключа не кралі. — Ён лёгенька пастукаў па шплінтах і развёў іх канцы. — Цяпер, думаю, усё ў парадку. Гэй, Кейсі, ты пасвяці тут, а мы з Элам паддон пасадзім.
Кейсі апусціўся на калені, узяў ліхтарык і накіраваў пучок святла на рукі, якія асцярожна ставілі на месца пракладку і ўстаўлялі балты ў гнёзды паддона. Том з Элам паднялі цяжкі паддон, усадзілі канцы крайніх балтоў у адтуліны, потым астатнія, і тады Том патроху, адзін за адным, пачаў закручваць усе балты і, калі паддон роўна лёг на пракладку, туга зацягнуў іх ключом.
— Ну, як быццам гатова, — сказаў Том. Ён завінціў масляны каўпачок, уважліва агледзеў паддон, потым узяў з рук Кейсі ліхтарык і пасвяціў вакол сябе. — Вось і ўсё. Цяпер толькі зальём назад масла.
Том з Элам вылезлі з-пад машыны і ўлілі з вядра масла ў картэр. Том праверыў, ці няма ўцечкі.
— Ну вось, Эл, цяпер запускай, — сказаў ён.
Эл сеў у кабіну і націснуў на стартэр. Матор загрукатаў, з выхлапной трубы паваліў сіні дым.