Дзіўныя рэчы здараліся вечарамі: дваццаць сем'яў рабіліся адной сям'ёй, дзеці — агульнымі дзецьмі. Страта роднага кута рабілася агульнай стратай, шчаслівае жыццё там, на Захадзе, — агульнай марай. І бывала так, што хвароба аднаго дзіцяці ўводзіла ў роспач дваццаць сем'яў, сто чалавек. І сто чалавек усю ноч захоўвалі поўную цішыню, ахопленыя набожным страхам, калі ў адной з палатак раджала жанчына, а раніцай сто чалавек радаваліся нараджэнню дзіцяці. Сям'я, якая, можа, яшчэ толькі папярэдняй ноччу пакутавала ў адзіноце і страху, цяпер капалася ў сваім скарбе, шукаючы, што падарыць нованароджанаму. Вечарам каля вогнішча дваццаць сем'яў зліваліся ў адну. І гэтая аб'яднаная сям'я была бівачнай адзінкай, якая існавала адзін вечар, адну ноч. Даставалася загорнутая ў коўдру гітара, яе настройвалі, і ўначы гучалі песні — песні аб народзе. Мужчыны спявалі іх словамі, а жанчыны з закрытымі ратамі цягнулі мелодыю.
Штоноч ствараліся маленькія сукупнасці людзей — мініяцюрныя грамадствы, і ў такім «грамадстве», у такім свеце было ўсё — і дружба, і варожасць; у ім былі выхвалякі і баязліўцы і былі ціхія, сціплыя, добрыя людзі. Кожную ноч між імі завязваліся адносіны, без якіх не існуе чалавечае грамадства, і кожную раніцу яны разам знімаліся з месца, як вандроўны цырк.
Напачатку ў гэтых грамадствах, што ўзнікалі і рушыліся, людзі паводзілі сябе нерашуча, нясмела, але паступова стварэнне іх рабілася прывычнай справай. Наперад выступалі важакі, узнікалі правілы, нараджаліся законы. І чым далей на захад забіраліся гэтыя грамадствы, тым больш дасканалымі і добраўпарадкаванымі яны рабіліся, бо стваральнікі іх усё больш набіраліся вопыту.
Сем'і даведваліся, якія правы павінны захоўвацца: права пабыць у адзіноце ў сваёй палатцы; права схаваць у сэрцы памяць аб горкім мінулым; права ўдзельнічаць у гутарцы ці толькі слухаць; права адхіліць альбо прыняць дапамогу; права прапанаваць дапамогу альбо адмовіць у ёй; права сына пазаляцацца да дзяўчыны і права дачкі прыняць заляцанне; права галоднага быць накормленым і пераважныя правы цяжарных і хворых перад усімі іншымі правамі.
Сем'і таксама даведваліся, хоць ніхто іх гэтаму не вучыў, якія правы тояць у сабе зло і падлягаюць вынішчэнню: права парушаць чыю-небудзь адзіноту, узнімаць шум, калі лагер спіць, права спакусіць дзяўчыну, гвалціць, права на пралюбадзейства, крадзеж і забойства. Гэтыя правы няшчадна душыліся, бо калі іх не выкараніць, гэтыя маленькія грамадствы і ночы адной не праіснавалі б.
І па меры таго як грамадствы гэтыя ўсё далей пасоўваліся на захад, правілы самі сабой атрымлівалі сілу законаў. Незаконна пэцкаць каля лагера; незаконна брудзіць пітную ваду; незаконна сытна і смачна есці на вачах у галоднага і не падзяліцца з ім ежай.
А з узнікненнем законаў узнікалі і кары — кары ўсяго двух відаў: кароткае, але жорсткае збіванне ці выгнанне; выгнанне было больш суровай карай. Бо калі хто пераступаў закон, імя яго і твар заўсёды былі з ім, і не было яму месца ні ў якім з гэтых грамадстваў, дзе б яно ні стваралася.
Маральныя асновы ў такіх грамадствах былі цвёрда акрэсленыя і строгія: мужчына абавязкова павінен быў паздароўкацца пры сустрэчы, мужчына мог жыць з жанчынай, калі начаваў разам з ёю ў палатцы, калі стаў бацькам і абаронцам яе дзяцей. Але ён не мог спаць сёння з адной, а заўтра з другой, бо гэта пагражала бядой грамадству.
Сем'і ўсё далей забіраліся на Захад, спосабы стварэння гэтых грамадстваў усё больш удасканальваліся, і людзі адчувалі сябе ў бяспецы, бо нормы супольнага жыцця былі цвёрдыя і непарушныя, і сям'я, якая выконвала ўсе правілы, магла нічога не баяцца.
Самі сабой паяўляліся органы ўлады, з важакамі, са старэйшынамі; дурны не мог прапанаваць сваю дурноту грамадству. Гэтае начное жыццё было нечым накшталт страхоўкі. Чалавек, у якога была ежа, карміў галоднага і тым страхаваў ад голаду самога сябе. А калі памірала малое, каля ўвахода ў палатку вырастала кучка сярэбраных манет, бо дзіця трэба было хоць пахаваць па-чалавечы, раз яно не ўзяло ад жыцця нічога іншага. На могілках для беднякоў і бадзяг можна пахаваць якога-небудзь старога, толькі не немаўля.
Для стварэння такіх грамадстваў патрэбны былі пэўныя матэрыяльныя ўмовы, асабліва вада — рэчка, ручай, крыніца ці хоць бы водаправодны кран, пакінуты без нагляду. І яшчэ каб участак быў роўны — для палатак, крыху сухога галля ці дроў на вогнішча. А калі паблізу яшчэ і звалка была, дык зусім добра: там можна знайсці вельмі патрэбныя да ўжытку рэчы — пячную трубу, пагнутае аўтамабільнае крыло, каб загарадзіць ім агонь ад ветру, бляшанкі з-пад кансерваў, каб у іх згатаваць ежу і есці з іх.
Грамадствы ўтвараліся вечарамі. Людзі збочвалі з шашы і аддавалі што ў каго было — палаткі, сэрцы, мозг.
Раніцай палаткі разбіралі, брызент згортвалі, жэрдкі прывязвалі да падножак, матрацы клалі ў машыну на сваё месца, посуд — на сваё. І, едучы ўсё далей на Захад, сем'і мала-памалу асвойвалі тэхніку пабудовы жытла ўвечары і яго разбурэння на золку. І з цягам часу кожны член сям'і звыкаўся са сваім месцам, са сваімі абавязкамі, і стары і малы ведаў, дзе яму сядзець у машыне, а стомнымі, душнымі вечарамі, калі пад'язджалі да стаянкі, кожны ведаў свае абавязкі і выконваў іх, не чакаючы нічыіх указанняў, — дзеці збіралі ламачча на вогнішча, прыносілі ваду; мужчыны ставілі палаткі, раскладалі матрацы; жанчыны гатавалі вячэру, кармілі сям'ю. І ўсё гэта рабілася без пануквання. У сем'яў, жыццё якіх раней было абмежавана ўначы сценамі дома, а ўдзень — сваёй фермай, цяпер паявіліся новыя межы. І доўгімі спякотнымі днямі яны моўчкі сядзелі ў машынах, што паволі пасоўваліся на Захад, а начамі зліваліся з групай людзей, з якімі ім выпала стаць на прывал.
Яны перамянілі сваё жыццё так, як яго можа перамяніць толькі чалавек. Яны ўжо былі не фермеры, а вандроўнікі. І думы, разлікі, засяроджанае маўчанне, якія раней прызначаліся палям, цяпер прызначаліся дарозе, адлегласці, Захаду. Чалавек, думкі якога раней былі скіраваны на акры, цяпер лічыў мілі вузкай стужкі бетону. І ў думках яго, у яго клопатах не было ўжо месца дажджу, ветру, пылу і палявым усходам. Вочы пільна сачылі за шынамі, вушы ўслухоўваліся ў стукат матора, галава пухла ад думак пра масла, бензін, пра станчэлы слой гумы паміж паветрам у камеры і бетонам шашы. Зламаная шасцярня была трагедыяй. Самае моцнае жаданне вечарамі— вада. І кацялок з вячэрай над вогнішчам. Здароўе — залог імкнення ехаць далей, здольнасці ехаць далей і волі ехаць да канца. Жаданні рваліся на Захад, абганяючы людзей, а былыя страхі перад засухай ці паводкай цяпер уступілі месца страху перад усім, што магло спыніць іх марудны рух на Захад.
Месцы прывалаў цяпер ужо былі пастаянныя — ад аднаго да другога адзін дзень шляху.
У дарозе некаторыя сем'і паддаваліся паніцы і ехалі дзень і ноч, спалі ў машынах — спяшаліся на Захад, імкнуліся хутчэй уцячы ад дарогі, ад самога руху. Ім карцела як мага хутчэй дзе-небудзь асесці, і яны, утаропіўшы вочы на захад, гналі і гналі туды свае бразгатлівыя машыны.
Але большасць сем'яў хутка прыстасавалася і ўвайшла ў рытм новага жыцця. І на захадзе сонца…
Пара ўжо месца для прывалу пашукаць.
Вунь, наперадзе, палаткі.
Машына з'язджала з шашы, спынялася, і з тае прычыны, што не яны сталі там першыя, трэба было не забываць пра далікацтва.
У вас тут можна стаць на начлег?
Калі ласка, нам гэта вялікі гонар.
З якога вы штата?
З самага Арканзаса.
Вунь, у чацвёртай палатцы, таксама арканзасцы.
Праўда? І самае галоўнае пытанне: як з вадой?
Яе тут колькі хочаш, толькі на смак не вельмі.
Дзякуй вам.
Няма за што.
Без далікацтва не абысціся. Машына з грукатам пад'язджала да крайняй палаткі і спынялася. Стомленыя пасажыры вылазілі з яе, распраўлялі замлелае цела. Вырастала яшчэ адна палатка; малыя беглі з вёдрамі па ваду, старэйшыя дзеці секлі голле, збіралі ламачча. Успыхвала вогнішча, гатавалася вячэра — варылася ці смажылася. Падыходзілі тыя, што прыехалі раней, усе дазнаваліся адзін у аднаго, хто з якога штата, знаходзіліся агульныя знаёмыя, а бывала, і сваякі.
Аклахома? Якая акруга?
Чэрокі.
Гэ! У мяне там радня. Эленаў ведаеце? Іх там, у Чэрокі, дзе толькі няма. А Ўілісаў?
А як жа, ведаю.
Стваралася новая бівачная адзінка. Пачынала змяркацца, але яшчэ дацямна новыя начлежнікі паспявалі ўвайсці ў жыццё лагера, перакінуцца словам з кожнай сям'ёй. Свае людзі, добрыя людзі.
Я Эленаў, колькі сябе помню, ведаю. Сайман Элен, стары Сайман, з першай жонкай не ладзіў. Паўкроўка з племені чэрокі. Прыгожая, як… вараная жаробка.
Малодшы Сайман, што ажаніўся з дачкой Рудольфаў, так? Ага, ён самы. Пераехалі ў Элід і добра зажылі там — як людзі.
З усіх Эленаў яму аднаму пашчасціла. Гараж займеў.
Калі прыносілі вады і галля, дзеці пачыналі нясмела пахаджваць між палатак. На якія толькі хітрыкі не ішлі, каб пазнаёміцца! Хлопчык спыняўся каля незнаёмага хлопчыка і пільна ўглядаўся ў каменьчык на зямлі, падбіраў яго, старанна разглядаў, пляваў на яго, праціраў і аглядаў з усіх бакоў, пакуль другі хлопчык нарэшце не пытаўся: што гэта ў цябе?
А ўладальнік каменьчыка абыякава, безуважна адказваў: а нічога, проста каменьчык.
Чаму ж ты так яго разглядаеш?
А мне здалося, у ім золата.
Як ты ўбачыў золата? У камянях золата не залатое, а чорнае.
Кожны гэта ведае.