Гаспадар сказаў:
— Лайдак нейкі. Цяпер па дарогах шмат такіх бадзяецца. — І змоўк. Адкінуўся разам з крэслам да сцяны, пачухаў шыю пад падбародкам.
Том сказаў:
— Зайду на хвілінку да маці, а тады крыху далей ад'едзем.
Джоўды пайшлі ад ганка. Бацька сказаў:
— А што, калі ён праўду казаў?
Яму адказаў прапаведнік:
— Вядома, праўду. Сваю праўду. Ён нічога не выдумляў.
— А мы як? — запытаўся Том. — Для нас гэта таксама праўда?
— Не ведаю, — сказаў Кейсі.
— Не ведаю, — сказаў бацька.
Яны падышлі да палаткі — перакінутага цераз вяроўку брызенту. Усярэдзіне было цёмна і ціха. Калі яны падышлі блізка, нешта шэрае заварушылася на зямлі каля ўвахода і паднялося на ўзровень чалавечага росту. Гэта маці выйшла ім насустрач.
— Усе спяць, — сказала яна. — І бабка нарэшце задрамала. — Тут яна ўбачыла Тома і занепакоена запыталася: — Як ты тут апынуўся? Усё абышлося шчасліва?
— Наладзілі, — адказаў Том. — Можам ехаць далей разам з вамі.
— Дзякуй богу, — сказала маці. — Мне ўжо тут не сядзіцца. Хутчэй бы туды, дзе зеляніна вакол, прыволле. Хутчэй бы даехаць.
Бацька адкашляўся.
— А тут адзін расказваў…
Том таргануў яго за локаць.
— Ага, цікава было паслухаць, — сказаў ён. — Народу туды, кажа, едзе процьма.
Маці прыглядалася да іх у змроку. Пад брызентавым навесам кашлянула і засапла ў сне Руці.
— Я іх памыла. За ўсю дарогу першы раз вады на купанне хапіла. І вам яшчэ засталося, можаце памыцца. У дарозе хутка пэцкаешся.
— Усе на месцы? — запытаўся бацька.
— Усе, акрамя Коні з Разашарнай. Захацелі спаць на паветры. Сказалі, горача пад брызентам.
Бацька прабурчаў:
— Гэтая Разашарна дужа капрызная стала і пераборлівая.
— Першае дзіця, — сказала маці. — Яны абое проста трасуцца над ім. Ты сам такі быў.
— Ну, мы паехалі, — сказаў Том. — Збочым з дарогі дзе-небудзь непадалёк. Можа, мы вас прамаргаем, дык вы паглядайце. З правага боку будзем.
— А Эл застаецца?
— Ага. Замест яго дзядзька Джон паедзе з намі. Добрай ночы, ма.
Яны прайшлі праз сонны лагер. Каля адной палаткі няроўным агнём гарэла маленькае вогнішча, ля кацялка, у якім варылася ранняе снеданне, сядзела жанчына. У нос ударыла смачным пахам фасолі.
— Вось каб з'есці талерачку, — далікатна прамовіў Том, праходзячы міма.
Жанчына ўсміхнулася:
— Яшчэ не згатавалася, а то пачаставала б. Прыходзьце рана-раненька.
— Дзякуй, мэм, — адказаў Том.
Ён, Кейсі і дзядзька Джон прайшлі паўз ганак. Гаспадар усё яшчэ сядзеў на сваім крэсле, ліхтар шыпеў і час ад часу ярка ўспыхваў. Гаспадар павярнуўся да іх тварам.
— Бензін канчаецца, — зазначыў Том.
— Ага, час ужо закрываць.
— Манеткі па шашы, здаецца, ужо не коцяцца, — сказаў Том.
Ножкі крэсла грукнулі аб насціл ганка.
— Ты кінь задзірацца. Я цябе запомніў. Ты таксама з бунтаўшчыкоў.
— Трапіў у самую кропку. Я — бальшавік.
— Дужа многа вас развялося апошнім часам.
Том засмяяўся і, выйшаўшы разам з Кейсі і дзядзькам Джонам за вароты, палез у «додж». Сядаючы, ён прыхапіў камяк зямлі і кінуў яго ў святло. Яны пачулі, як стукнула па сцяне, убачылі, што гаспадар ускочыў з крэсла і пачаў узірацца ў цемру. Том уключыў запальванне і выехаў на шашу. Ён уважліва прыслухоўваўся да работы матора — ці не стукае. Шаша бегла перад ім, ледзь бачная ў слабым святле фар.
Машыны перасяленцаў выпаўзалі з бакавых дарог на аўтастраду, што ішла праз горы і долы, і кіравалі на Захад. Удзень яны, як кузуркі, паспешліва беглі ў заходнім напрамку, а калі ў дарозе іх заспяваў вячэрні змрок, збіваліся, як кузуркі, у кучкі, бліжэй да жытла і вады. Людзі ціснуліся адзін да аднаго, бо іх даймала адзінота і разгубленасць, бо ўсе яны ўцякалі з тых месцаў, дзе іх спасціглі смутак, нядоля і паражэнне, бо ўсе яны імкнуліся дабрацца да новага таямнічага краю; яны гутарылі адзін з адным, дзяліліся перажытым, і ежай, і спадзяваннямі на нешта добрае ў новых краях. І бывала так, што якая-небудзь сям'я рабіла прывал каля ручая, потым другая спынялася там дзеля вады і людской кампаніі, а тады і трэцяя далучалася да тых, хто выбраў гэту стаянку і быў, відаць, задаволены ёю. І да захаду сонца там маглі сабрацца да дваццаці сем'яў, дваццаці машын.