Бровы ў прапаведніка занялі сваё звычайнае месца.
— Значыць, саромецца табе няма чаго?
— Няма, — адказаў Джоўд. — Мне далі толькі сем гадоў, бо ён першы пачаў — пырнуў мяне нажом. Выпусцілі праз чатыры гады — умоўна.
— І ніхто з тваіх не пісаў табе ўсе чатыры гады?
— Чаму ж, пісалі. Два гады назад ад маці паштоўку атрымаў, а на мінулыя Каляды бабка прыслала. О, Езус, і смеху ж было ў нашай камеры! Паштоўка з малюнкам — ёлка ўся ў блішчынках, быццам снегам абсыпаная. І вершык:
Бабка, відаць, і не чытала яго. Пэўна, у разносчыка купіла, выбрала самую прыгожую і бліскучую. Хлопцы ў камеры жываты надрывалі ад рогату. З таго дня ўсе мяне «хрыстосікам» дражнілі. А бабка і думаць не думала, што з мяне смяяцца будуць. Бачыць, святочная паштоўка, прыгожая, бліскучая, навошта чытаць? У той год, калі мяне пасадзілі, яна свае акуляры згубіла. Да гэтага часу, думаю, яшчэ шукае.
— А як абыходзяцца яны там з вамі, у Макалестары?
— Ды нядрэнна. Кормяць па гадзінах, адзяваюць чыста, і памыцца ёсць дзе. Без жанчын толькі цяжка. — Джоўд раптам засмяяўся: — У нас там неяк аднаго тыпуса ўмоўна выпусцілі. І месяца не прайшло, як ён праштрафіўся і зноў вярнуўся да нас. У яго спыталіся, чаму ён парушыў падпіску. А ён кажа: «Якога чорта! У бацькавай халупе выгод ніякіх. Ні табе электрычнасці, ні душа. І кніжак няма, і ежа паганая». Вярнуўся, кажа, бо тут хоць якія выгоды ёсць і жратва па гадзінах. На волі, кажа, адзін супраць цэлага свету — не ведаеш, што рабіць, куды падацца. І ён украў машыну і зноў сеў. — Джоўд дастаў свой капшук, падзьмуў на курыльную кніжачку, каб аддзяліць адзін бураваты лісточак, скруціў цыгарку. — Што ж, хлапец ён не дурны, — дадаў ён. — Як падумаў я ўчора, дзе ноч буду спаць, дык страх мяне ўзяў. Прыгадаўся мне ложак і той чокнуты, што з намі быў у камеры, падумаў: што ён цяпер робіць? У нас аркестр там быў. Добры струнны аркестр. Адзін казаў, што мы маглі б нават па радыё выступаць. А сёння раніцай прачынаюся і не ведаю — падымацца ці яшчэ рана. Ляжу і чакаю, калі пабудку дадуць.
Кейсі хмыкнуў:
— Гэтак можна і не пачуць, як лесапілка вішчыць.
Жаўтавата-пыльнае святло кранула зямлю пазалотай. Кукуруза ўся залацілася. Чародка ластавак пранеслася ў небе — відаць, да нейкай вады. Чарапаха ў Джоўдавым пінжаку зрабіла яшчэ адну спробу ўцёкаў. Джоўд перагнуў папалам брылёк кепкі, і цяпер брылёк стаў падобны на крывую дзюбу вароны.
— Ну, відаць, патупаю, — сказаў Джоўд. — Скварыцца на сонцы не вельмі люблю, але цяпер ужо не так пячэ.
Кейсі рашуча падняўся.
— Старога Тома я цэлы век не бачыў, — сказаў ён. — Даўно хацеў зірнуць, як ён там. Я ж колькі часу да вас хадзіў са словам божым, грошай ніколі не браў, глыну толькі чаго-небудзь…
— Гайда, — сказаў Джоўд. — Бацька табе рады будзе. Ён заўсёды казаў, што ў цябе дзюба занадта вялікая для прапаведніка. — Джоўд падняў з зямлі пінжак і шчыльней абкруціў ім чаравікі і чарапаху.
Кейсі падабраў свае парусінавыя туфлі і ўсунуў у іх босыя ногі.
— Я не такі смелы, як ты, — сказаў ён. — Чаго добрага, яшчэ на калючы дрот наступлю ў пыле ці на шкло. Страх як баюся палец парэзаць — няма нічога горшага.
Яны нерашуча пастаялі, перш чым пераступіць лінію ценю, і раптам рушылі наперад, як два плыўцы, што спяшаюцца дабрацца да другога берага. Шпарка прайшоўшы некалькі крокаў, яны сцішылі хаду і пайшлі няспешна, быццам у роздуме. Кукурузнае бадыллё кідала на дарогу косыя шэрыя цені, у паветры стаяў душны пах нагрэтага пылу. За кукурузным полем пачаўся цёмна-зялёны бавоўнік — цёмна-зялёнае лісце з зачаткамі насенных каробачак пад пялёнкай шэрага пылу. Усходы былі няроўныя — густыя ў западзінах, дзе даўжэй трымалася вільгаць, і зусім пляшывыя на высокіх месцах. Расліны ўпарта змагаліся з сонцам. А бліжэй да гарызонту далеч зацягнулася непрагляднай рудаватай смугой. Пыльная дарога адбягала ўдалечыню хвалістай стужкай. Вербы, што раслі па берагах ручая, збочвалі разам з ім на захад, а на паўночны захад ад іх няўроблены ўчастак зямлі ўшчыльную падыходзіў да нізкага і рэдкага кустоўя. Тхала распаленым пылам, паветра было такое сухое, што слізь у носе засыхала скарынкай, а з вачэй цяклі выратавальныя слёзы.
Кейсі сказаў:
— Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.
— Кожны год, — сказаў Джоўд, — кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але ні разу так і не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькі першыя пяць гадоў добра радзіла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.
Дарога апусцілася па схіле ўзгорка і паднялася на другі пакацісты груд.
Кейсі сказаў:
— Адсюль да старога Тома будзе не болей за мілю. За трэцім узгоркам, здаецца, так?
— Правільна, — адказаў Джоўд. — Калі толькі дом наш не ўкралі, як некалі бацька зрабіў.
— Дом украў?
— Ага. Знайшлі пусты мілі за паўтары адсюль і ўкралі. Сям'я, што там жыла, перабралася ў іншае месца. Дзед, бацька і Ной, брат мой, хацелі перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся. Толькі з паловай справіліся. Таму ён у нас такі дзіўнаваты з аднаго боку. Рассеклі на дзве часткі, у адну палову ўпрэглі дванаццаць коней і два мулы і перавезлі на свой участак. Вярнуліся па другую палову — хацелі прыбудаваць яе да першай, але раней за іх туды паспеў Уінк Мэнлі са сваімі хлопцамі і з-пад носа сцягнуў тое, што засталося. Дзед з бацькам злыя хадзілі, як чэрці, ды неяк раз выпілі з Уінкам, і ўсе трое толькі за жываты трымаліся ад рогату. Уінк кажа: дом мой цяпер як жарабец, прыводзьце вашу палову, мы іх злучым, і, можа, ад іх добрыя «шпакоўні» пойдуць. Стары Ўінк, як вып'е, мог такое вытварыць! Пасля гэтага бацька і дзед моцна з ім пасябравалі. Знаходзілі любую магчымасць выпіць разам.
— Стары Том малайчына, — пагадзіўся Кейсі. Узнімаючы пыл, яны спусціліся па схіле ўзгорка і на пад'ёме запаволілі крок. Кейсі выцер рукавом лоб і зноў надзеў свой пляскаты капялюш. — Так, Том малайчына, — паўтарыў ён. — Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусім крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калі ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся — а то нагамі затопча. Што племянны жарабок у стойле.
Яны ўзышлі на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцілася да крывога рэчышча ручая з няроўнымі, абсыпанымі берагамі, збарозненымі дажджавымі вымоінамі. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другі бераг.
— Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, — сказаў Джоўд. — А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калі яго хрысцілі на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапісты куст вышынёй з піяніна. Раз! — туды пераскочыў; раз! — назад пераляцеў і вые, як здзічэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лічыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, і як убачыў гэта, аблюбаваў такі ж шырачэзны куст, удвая толькі вышэйшы, завішчаў не сваім голасам, як свіння, што бітым шклом апарасілася, пераскочыў з разбегу цераз куст і вывіхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы і вылецеў. Прапаведнік усё лезе памаліцца, каб нага выправілася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкі бадзячы трапіўся, ну ён яму косць і ўправіў. А прапаведнік усё роўна за сваё — памаліўся-такі.
Яны паволі адолелі нястромкі пад'ём па другі бок яра. Цяпер, калі сонца хілілася на захад, спёка пачала спадаць, і хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промні абрыналіся ўжо з меншай сілай. Па краях дарогі стаялі такія ж крывыя калы з нацягнутым на іх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнік быў аднолькавы з абодвух бакоў — сухі, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.
Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:
— Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, і бацьку закарцела абгарадзіць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў — гэта сорак акраў! Толькі не было б ніякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваім фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькі на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так і засталося тайнай. — На пад'ёме яны пайшлі цішэй, цягнучы ногі па мяккім, глыбокім пыле і адчуваючы пад ступнямі зямлю. Вочы ў Джоўда нібы ўзіраліся ў мінулае. Здавалася, ён паціху пасмейваецца сам з сябе. — Дзівак у нас дзядзька, — сказаў ён. — Узяць хоць парася гэтае, — ён хіхікнуў і моўчкі пайшоў далей.
Кейсі нецярпліва чакаў, калі Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохі часу, каб сабрацца з думкамі, і нарэшце не вытрымаў і крыху раздражнёна спытаўся:
— Ну і што ж ён з парасём гэтым зрабіў?
— Га? А-а… Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго і загадаў маці пліту распаліць. Тады выразаў адбіўных і паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбіўныя з'еў, тым часам рэбры згатаваліся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумяніўся. Узяўся за кумпяк — адхопіць нажом добры кавалак і пхае ў рот. Мы, дзеці, ад яго не адыходзім, клянчым, і ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку ні дробачкі не даў. Нарэшце так аб'еўся, што яго званітавала, і тады ён залёг спаць. Пакуль спаў, мы з бацькам з кумпяком тым расправіліся. Раніцай дзядзька Джон падымаецца і другі кумпяк бразь — у духоўку. Бацька пытаецца: «Няўжо, Джон, ты ўсяго падсвінка з'есці сабраўся?» А той кажа: «Сабраўся, Том. Баюся толькі, каб ён не пратух, перш чым я яго ў страўнік адпраўлю, а я тухляціны не ем, хоць і страшэнна люблю свініну. Пакладзі трохі сабе на талерку, а мне аддай назад дзве шпулі дроту». Ну, сэр, бацька мой не з дурных. Даў дзядзьку Джону абжырацца, а як надышоў час таму ехаць, яшчэ больш за палову засталося. Бацька і кажа: «Ты яе засаліў бы, Джон». Але ж дзядзька не такі: захоча свежаніны, дык ты яму цэлую свінню падавай, а наб'е жывот, нават паху яе не церпіць. Паехаў, а што засталося, бацька засаліў.
Кейсі сказаў:
— Калі б я быў, як раней, прапаведнікам, дык зараз жа вывеў бы з гэтага мараль і наставіў бы цябе на шлях ісцінны. Але больш пропаведзяў ніхто ад мяне ўжо не пачуе. Як думаеш, чаму ён гэтак зрабіў?
— Не ведаю, — адказаў Джоўд. — Проста прагны на свініну. Мне і самому, як успомніў, страшэнна захацелася. За ўсе чатыры гады толькі чатыры кавалкі смажанай свініны з'еў — па адным на кожныя Каляды.
Тонам прапаведніка Кейсі прамовіў:
— Можа, Том зарэжа адкормленае цяля свайму блуднаму сыну, як у Пісанні?
Джоўд пагардліва засмяяўся:
— Ты, браце, бацькі не ведаеш. Калі ён курыцу рэжа, дык не столькі крыку ад яе, колькі ад яго самога. Не можа ён такое рабіць. Свінню заўсёды беражэ на Каляды, а яна ў верасні задзірае капыты — ад перакорму ці ад хваробы якой, пасля чаго есці яе нельга. Затое дзядзька Джон, як захочацца яму свініны, дык наесца ўжо да адвалу. Свайго не прапусціць.
Яны падняліся на грэбень узгорка і ўнізе ўбачылі ферму Джоўдаў. Том спыніўся.