Зямлю гэтую ён любіў не болей, чым любіў яе банк. Ён мог захапляцца трактарам — яго адшліфаванымі паверхнямі, яго магутнай сілай, выццём яго цыліндраў, але трактар не належаў яму. Трактар цягнуў за сабой бліскучыя дыскі, якія рэзалі зямлю вострымі лёзамі — не ворыва, а хірургічная аперацыя; узняты пласт падаў направа, а другі рад дыскаў крышыў яго і валіў налева. Вострыя лёзы ззялі, адпаліраваныя зямлёй, у якую яны ўгрызаліся. А за дыскамі ішлі бароны, жалезнымі зубамі прачэсвалі зямлю — разбівалі дробныя камякі і пакідалі за сабой гладкую паверхню. Следам за бараной цягнулася сеялка — дванаццаць жалезных дзетародных членаў, выкаваных на заводзе, па волі механізмаў вывяргалі семя, метадычна і бясстрасна гвалтуючы зямлю. Трактарыст сядзеў на жалезным сядзенні і ганарыўся прамымі барознамі, пракладзенымі міма яго жадання, ганарыўся трактарам, да якога не адчуваў любові і які яму не належаў, ганарыўся сілай, над якой не меў улады. А калі ўраджай выспяваў і яго збіралі, ніхто не размінаў гарачых камякоў зямлі пальцамі, не прасейваў яе між імі. Нічые рукі не дакраналіся да насення, ніхто з заміраннем сэрца не чакаў новых усходаў. Людзі елі тое, што яны не вырошчвалі, паміж імі і хлебам знікла сувязное звяно. Зямля радзіла пад жалезам і пад жалезам паволі памірала; яе ні любілі, ні ненавідзелі, да яе не звярталіся ні з малітвай, ні з праклёнамі.
Апоўдні трактарыст спыняўся каля фермерскага дамка і даставаў сняданак — сандвічы, загорнутыя ў васкаваную паперу: белы хлеб з марынаваным агурком, з сырам, з каўбасой і торцік з кляймом, як на дэталі машыны. Ён еў без смаку. А яшчэ не выселеныя арандатары выходзілі да яго з дамоў, з цікавасцю пазіралі, як ён знімае акуляры і гумавую маску, пад якімі засталіся белыя кружкі вакол вачэй і вялікі белы круг вакол носа і рота. Выхлапная труба ціха пафырквала, бо гаручае каштавала танна і не было ніякага сэнсу выключаць дызель, каб потым зноў праграваць яго. Цікаўныя дзеці абступалі яго чародкай, абарваныя дзеці з аладкамі ў руках. Яны адкусвалі па кавалачку і прагнымі вачамі сачылі, як трактарыст раскручвае з паперы сандвічы, завостранымі ад голаду насамі ўдыхалі пах агуркоў, сыру, каўбасы. Яны не загаворвалі з трактарыстам, толькі ўважліва сачылі за рукой, што падносіла ежу да рота. Яны не глядзелі, як ён жуе, — іх вочы не адрываліся ад рукі, у якой ён трымаў сандвіч. А неўзабаве падыходзіў арандатар, які адмаўляўся пакідаць свой участак, прысаджваўся на кукішкі ў цяні трактара.
— Ці не сын ты Джона Дэвіса?
— Ён самы, — адказваў трактарыст.
— Навошта ж ты пайшоў на такую работу — супраць сваіх?
— Тры даляры ў дзень. Надакучыла поўзаць перад кожным з-за кавалка хлеба. У мяне жонка і дзеці. Трэба ж нешта есці. Тры даляры ў дзень і пастаянная праца.
— Усё так, — гаварыў арандатар. — Але праз твае тры даляры пятнаццаць ці дваццаць сем'яў сядзяць галодныя. Ледзь не сотні людзей давялося зняцца з месца, і цяпер усе яны блукаюць па дарогах. Усё праз твае тры даляры ў дзень. Ці ж гэта справядліва?
Трактарыст адказваў:
— Я пра ўсіх думаць не магу. Мая справа думаць пра сваіх дзяцей. Тры даляры ў дзень і пастаянна. Цяпер зусім іншы час, містэр, хіба не ведаеце? Калі ў цябе няма двух, пяці, дзесяці тысяч акраў зямлі і трактара, на жыццё не заробіш. Такой драбязе, як мы з вамі, няма чаго і думаць пра свой участак. Вы ж не станеце скандаліць з тае прычыны, што не можаце выпускаць «форды» альбо кіраваць тэлефоннай кампаніяй? Тое самае і з зямлёй. Нічога не зробіш. Пашукайце лепш дзе-небудзь работу за тры даляры ў дзень. Адзінае выйсце.
Арандатар пачынаў разважаць:
— Дзіўная справа: калі ў чалавека ёсць маленькі ўчастак, ён з зямлёю гэтай як бы адно цэлае, яна — частка яго самога, усё роўна — што ён, што яна. Ён ходзіць па сваёй зямлі, прыкладае да яе свае рукі, бядуе, калі яна дрэнна родзіць, калі яе залівае дажджом, бо ён і зямля — адно цэлае, толькі ён адчувае сябе мацнейшым за яе, таму што ён — гаспадар. Нават калі ўдача яго абмінае, ён усё роўна, калі мае зямлю, адчувае над ёю сваю сілу. Вось яно як.
Арандатар працягваў думаць уголас:
— А калі ў цябе вялікі зямельны ўчастак, ты яго не можаш нават вокам акінуць, не маеш часу памацаць зямлю сваімі пальцамі, адчуць яе пад нагамі, і гаспадаром робіцца не чалавек, а зямля. Чалавек не вольны рабіць тое, што хоча, не вольны думаць, як хоча. Зямля мацнейшая за яго, яна — гаспадар. А чалавек робіцца маленькім. Уладанні яго вялікія, але ён толькі прыслугоўвае ім. І гэта таксама праўда.
Трактарыст дажоўваў аштампаваны торт і кідаў скарынку ўбок.
— Час цяпер іншы, хіба не ведаеш? З такімі думкамі ў галаве дзяцей не пракорміш. Зарабляй свае тры даляры ў дзень, кармі сям'ю. Трывожыцца за чужых дзяцей не твая справа. А то пойдзе пра цябе дрэнная пагалоска, і тады не бачыць табе і гэтых трох даляраў. Думай толькі пра свае тры даляры, ні пра што іншае, а не, дык заправілы не дадуць табе і іх.
— Праз твае тры даляры мо сотня людзей блукае па дарогах. Куды нам дзецца?
— Добра, што нагадаў, — ажыўляўся трактарыст. — Выбірайцеся хутчэй. Пасля абеду я заару ваш двор.
— Калодзеж ты яшчэ раніцай заваліў.
— Ага. Баразну трэба весці роўна. Вось пад'ем і заару двор. Барозны павінны быць прамыя. І яшчэ… раз ты ўжо ведаеш майго старога, Джо Дэвіса, дык я, няхай сабе, скажу. На выпадак, калі арандатарская сям'я яшчэ не выехала, у мяне ёсць загад… Ну, усякае бывае… сам разумееш: пад'ехаў крыху заблізка да дома, лёгенька крануў яго трактарам… і за гэта мне якія два лішнія даляры. Малодшанькі мой яшчэ ніколі не насіў чаравікаў.
— Я сваімі рукамі будаваў гэты дом. Выраўноўваў старыя цвікі на абшыўку. Дротам прыкручваў кроквы да бэлек. Дом мой. Я сам яго будаваў. Пасмей толькі яго паваліць! Я стану ў акне са стрэльбай. Толькі паспрабуй пад'ехаць блізка, і я падстрэлю цябе, як труса.
— А я тут пры чым? Ад мяне нічога не залежыць. Калі я не выканаю загаду, мяне з работы прагоняць. А цяпер падумай… Ну, дапусцім, ты заб'еш мяне. Цябе павесяць, але яшчэ задоўга да таго, як на шыю табе накінуць пятлю, сюды з'явіцца другі трактарыст і паваліць твой дом. Не таго ты збіраешся забіваць, каго трэба.
— Усё так, — гаварыў арандатар. — А хто даў табе такі загад? Я да яго дабяруся. Вось з кім трэба канчаць.
— Зноў памыляешся. Ён сам атрымаў такі загад ад банка. Банк сказаў яму: «Усіх прагнаць, а не, дык вас з работы прагонім».
— Значыць, дырэктар банка… Ці праўленне. Наб'ю магазін патронамі і пайду са стрэльбай у банк.
Трактарыст гаварыў:
— Ад аднаго чалавека я чуў, што банк атрымлівае загады з усходу краіны. Апошні загад быў такі: «Дамажыцеся, каб зямля давала прыбытак, інакш мы вас закрыем».
— Дзе ж канец? У каго страляць? Перш чым памерці з голаду, я заб'ю таго, хто давёў мяне да галоднай смерці.
— Не ведаю. Можа, страляць і няма ў каго. Можа, людзі тут не вінаватыя. Можа, ты праўду кажаш: зямля сама імі распараджаецца. Ва ўсякім разе, я папярэдзіў цябе.
— Трэба падумаць, — гаварыў арандатар. — Усім нам трэба добра падумаць. Не навальніца ж гэта і не землятрус. Зло ўчынена людзьмі, і людзі павінны яго выправіць.
Арандатар адыходзіў ад трактара і садзіўся на ганак, а трактарыст запускаў грымлівы матор і кранаўся з месца. Гусеніцы апускаліся і, выгінаючыся, падымаліся, барана прачэсвала зямлю, сеялкі гвалцілі зямлю. Трактар перасякаў двор, і цвёрдая, утаптаная зямля ператваралася ў засеянае поле; трактар паварочваў, і неўзараная паласа звужалася да дзесяці футаў. Трактар рабіў новы заход, жалезны буфер угрызаўся ў вугал, крышыў сцяну, зрываў дамок з фундамента, і той валіўся набок, расціснуты, як казюлька. Трактарыст быў у аўтамабільных акулярах, гумавая маска закрывала яму нос і рот. Трактар ішоў напрасткі, зямля і паветра дрыжалі ад грукату матора. Арандатар пазіраў яму ўслед са стрэльбай у руцэ. Поплеч стаяла жонка, ззаду — прыціхлыя дзеці. І ўсе пазіралі ўслед трактару.
З вяршыні ўзгорка прапаведнік Кейсі і Том Джоўд пазіралі ўніз, на сядзібу Джоўдаў. Маленькі нефарбаваны дамок з праламаным вуглом ляжаў на баку, ссунуты з падмурка, і сляпымі пярэднімі вокнамі глядзеў у неба значна вышэй рысы далягляду. Агароджы як не было, і бавоўна расла на самым двары, шчыльна падступала да паваленага дома, акружала свіран. Прыбіральня таксама валялася на баку сярод кустоў бавоўны. Двор, колісь утаптаны босымі нагамі дзяцей, конскімі капытамі і шырокімі коламі фургона, быў цяпер узараным, уробленым полем, што зарасло цёмна-зялёным запыленым бавоўнікам. Том Джоўд доўга глядзеў на касмыкаватую вярбу каля рассохлага вадапойнага карыта для коней, на бетонную аснову, на якой раней стаяла помпа вадакачкі.
— О, Езус! — нарэшце вымавіў ён. — Чорт ведае што тут было! Нідзе ні жывой душы.
Ён паспешліва спусціўся па схіле, следам за ім — Кейсі. Зазірнуў у свіран — пуста, на падлозе рассыпана сечка. Глянуў у кут на стойла мула; калі зазірнуў туды, нешта зашаргацела па падлозе — гэта мышыны вывадак шмыгнуў, хаваючыся ад яго, пад салому. Джоўд спыніўся каля ўвахода ў паветку для гаспадарчых прылад — нічога, акрамя зламанага лемяша, клубка зблытанага вязальнага дроту ў кутку, жалезнага кола ад сенавалакушы, згрызенага мышамі хамута для мула, пляскатай бляшанкі з-пад машыннага масла, пакрытай засохлай сумессю масла і гразі, і падранага камбінезона на цвіку.
— Нічога не засталося, — сказаў Джоўд. — А ў нас было добрае гаспадарчае начынне. Не засталося нічога.
Кейсі сказаў:
— Калі б я быў яшчэ прапаведнікам, я вось бы як разважыў: гэта рука божая вас пакарала. А цяпер проста не ведаю, што і казаць. Даўно я тут не быў. І нічога такога не чуў.
Яны пайшлі да бетоннага века калодзежа — проста праз бавоўнік, на якім завязаліся ўжо каробачкі, усё дварышча было ўзарана і засеяна ім.
— Мы тут ніколі нічога не садзілі і не сеялі, — сказаў Джоўд. — Двор быў як двор. А цяпер тут з канём і не павернешся, адразу ўсё патопча.
Яны спыніліся каля сухога вадапойнага карыта; травы, што звычайна расце ў такіх месцах, ужо не было, і тоўстая старая калода рассохлася і патрэскалася. На веку калодзежа тырчалі балты, да якіх раней мацавалася помпа, разьба заржавела, гаек не было. Джоўд зазірнуў у калодзеж, плюнуў і прыслухаўся.
— Добры быў калодзеж, — прамовіў ён. — А цяпер без вады. — Яму, відаць, не хацелася падыходзіць да дома. Стоячы ля калодзежа, ён кідаў у яго камяк зямлі за камяком. — Можа, усе памерлі? Дык я пачуў бы пра гэта. Хто-небудзь сказаў бы мне.
— А можа, яны пакінулі ў доме пісьмо ці што-небудзь такое. Ці маглі яны дазнацца, што цябе выпускаюць?
— Не ведаю, — адказаў Джоўд. — Малаверагодна. Мне самому толькі тыдзень назад сказалі.
— Давай глянем у дом. Вунь як ён скасабочыўся. Здорава яго дзеўбанулі!
Яны паволі пайшлі да пахіленага дамка. Два слупы, што падпіралі стрэшку над ганкам, былі вывернуты, і стрэшка ўткнулася адным краем у зямлю. Вугал дома быў праламаны, праз расшчэпленыя дошкі віднеўся кутні пакой. Уваходныя дзверы адвіслі ўсярэдзіну, а нізкая моцная загарадка перад імі адкінулася на скураных завесах у другі бок.