— А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калi ты i праўда такi багаты, дык аддам за цябе дачку.
Спужаўся Глiнскi-Папялiнскi: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак — адна глiняная печ, ды i тая развалiлася.
Пачуў пра гэта кот Максiм. Паклiкаў ён свайго гаспадара ўбок i шэпча яму:
— Ня бойся! Усё добра будзе.
Запраглi царскiя канюхi самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту i паехаў. А кот наперадзе пабег — дарогу паказваць.
Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавiча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухi вялiкую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца.
— Зьмея Гарынавiча.
Кот натапырыў вусы, грозны стаў:
— Не кажыце нiкому, што вы пастухi Зьмея Гарынавiча, а кажыце — Марцiна Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
Сказаў так кот Максiм i пабег далей. Сустракае вялiкую чараду коней. Падбег да канюхоў i пытаецца:
— Чые вы, канюхi?
— Зьмея Гарынавiча.
— Не кажыце, што вы Зьмея Гарынавiча, а кажыце — пана Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца ў iх цар.
— Пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага, — адказваюць пастухi.
— О, — дзiвiцца цар, багаты пан Глiнскi-Папялiнскi!
Гэтак-жа адказалi i канюхi.
Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Зьмея Гарынавiча. Убачыў самога Зьмея i крычыць.
— Хавайся, Зьмей Гарынавiч! Едзе Гром зь Пяруном — ён цябе заб'е i на муку сатрэ.
Спужаўся Зьмей Гарынавiч:
— Куды-ж мне схавацца?
Кот паглядзеў i ўбачыў вялiкае дуплё ў старой лiпе.
— Лезь хутчэй сюды! — кажа Зьмею.
Залез Зьмей у дуплё, а кот забiў дуплё паленам ды яшчэ i глiнаю замазаў. Потым пабег да Зьмеевых слуг.
— Чые вы? — пытаецца.
— Зьмея Гарынавiча.
— Не кажыце нiкому, што Зьмея Гарынавiча, а кажыце, што пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
— Добра, — кажуць напалоханыя слугi.
Прыехаў цар у маёнтак Зьмея Гарынавiча. Слугi кiнулiся сустракаць яго.
— Чый гэта маёнтак? — пытаецца цар.
— Пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага! — у вадзiн голас адказалi слугi.
— Ну, што-ж, — кажа цар, — сапраўды багаты пан Глiнскi-Папялiнскi. Аддам за яго дачку.
Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклiкаў музыкаў i загадаў iграць вясельле.
Усяго там было: хто хацеў, тое пiў i еў. I я там быў, еў i пiў, па барадзе цякло, а ў роце ня было.
Было ў ваднаго чалавека трох сыноў: двух разумных, а трэйцi — дурны. Старэйшы ўмеў на скрыпцы йграць, серадольны — на дудцы, а найменшы — дурны, усё, седзячы на печы, лучыну стругаў. Вырасла ў таго гаспадара ў садочку яблынка, а на ёй расьлi залатыя яблычкi. Аднаго разу агледзiлi яны, што кажнаю ноччу не ставала аднаго яблычка. Выправiў бацька старэйшага сына пiлнаваць, а ён прыставiў драбiнку да яблынi i йграе сабе ды йграе. Адно-ж на ранiцу яму спаць захацелася, ён задрамаў, а тымчасам нешта зашумела. Прачнуўся, аж нiдзе нiчога няма, толькi яблычка не стае. Пайшоў ён да бацькi змаркоцiўшыся, што не дапiльнаваў.
На другую ноч серадольны кажа:
— Пайду ўжо я, я дапiльную.
Як прыйшла другая ноч, пайшоў ён iз сваёй дудкай, сеў на драбiнцы ды йграе сабе на ўсякiя лады. Грае ён так, грае, ледз узыйшла зарнiца, а яму спаць захацелася; ён задрамаў, аж чуе скрозь сон, што нешта зашумела. Пакуль ён прачнуўся, iзноў аднаго яблычка няма. Брыдка й яму iсьцi ў хату, што не дапiльнаваў яблычка.
А ўжо той дурны кажа:
— На чым стану то стану, а такi мушу дапiльнаваць залатых яблычкаў. — Усе толькi ўсьмiхнулiся на тую гутарку.
Прышла трэйцяя ноч, дурны, такi ўжо рызыкоўны, выбiраецца ўжо на драбiну, набраў iз сабою лучыны ды й пачарапкаўся якраз на яблынку. Стругае ён сабе, стругае ды й падсьпеўвае. Ледзь пачало на сьвет займацца, аж чуе шчэ здалёк, што нешта шумiць. Прытаiўся ён на драбiнцы, ажно-ж залаты птах вялiкi, большы за жураўля, ляцiць проста на залаты яблычак. Птах да яблынкi, а ён яго — цап за хвост. Птах вырваўся i яблычка ня ўкраў, толькi тры пярынкi засталося ў дурнога ў руцэ. Бяжыць ён з радасьцю ў хату:
— А што, цi-ж не казаў, што дапiльную. Хоць птушку й упусьцiў, але пер'е якое маю i яблычкi ўсе.