Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:
— Дзядзькi, бацькi, дзяды, браты, бяжыце сюды!
Назьбiралася ваўкоў з усяго лесу.
Павёў iх кот Максiм да цара.
Прыходзяць на царскi двор. Нецярплiвыя ваўкi кажуць:
— Мы першыя пойдзем на суд.
— Не, — кажа кот, — мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу i вас паклiчу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.
Ваўкi падагнулi хвасты ды пацягнулiся ў хлеў. Як толькi зайшлi ўсе, кот бразь! — i зачынiў iх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкi плешчучы.
Узыходзiць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчынiў яму. Кот проста да царскiх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.
— Што скажаш, каток? — пытаецца цар.
— Так i так, — кажа кот Максiм, — прыслаў табе мой гаспадар пан Марцiн Глiнскi-Папялiнскi новы гасьцiнчык.
— Добра, — кажа цар.
Прыйшоў у хлеў, глядзiць, а там ваўкоў лiкам-нялiчана: i ў загарадках поўна набiта i яшчэ пад страхою, на вышках, процьма.
Загадаў цар ваўкоў пабiць, усiм слугам футры пашыць, а кату кажа:
— Перадай пану Глiнскаму-Папялiнскаму: няхай сам да мяне ў госьцi прыедзе.
Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасiць гаспадара. Ледзьве дабудзiўся.
— Уставай, — кажа, — я ад цара прыйшоў.
Раскатурхаўся сяк-так Глiнскi-Папялiнскi, пытаецца:
— Што цар сказаў?
— Сказаў, каб ты сам да яго ў госьцi ехаў.
Пачухаў Глiнскi-Папялiнскi патылiцу:
— У чым-жа я паеду? Я-ж голы, як бiзун.
— Нiчога, — кажа кот, — што-небудзь прыдумаем.
Сабралiся яны i бягом пабеглi да цара.
Бягуць, бачаць — недалёка ля гасьцiнца цэлае войска салдат сьпiць. Кот спынiў гаспадара.
— Пачакай, — кажа, — тут.
А сам крадкам пайшоў да войска. Назьнiмаў у сонных салдат шапак i напакаваў iмi два мяхi. Адзiн мех на плечы ўськiнуў, другi гаспадару даў. I пайшлi сабе далей.
Падыходзяць да рэчкi. Кату пiць захацелася. Паставiў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакiнуў, а сам палез у рэчку ваду пiць. Напiўся вады, бачыць — паўзе рак у нару. Кот схапiў яго за вус i выкiнуў на бераг.
Рак пачаў прасiцца:
— Пусьцi мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.
Кот падумаў i кажа:
— Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу?
— У вадзе, — кажа рак, — любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.
— Падкапай да ранiцы маставыя слупы, — загадаў кот.
— Добра, — кажа рак. — Гэта я магу.
Пусьцiў кот рака, i той адразу-ж ухапiўся за работу.
— А ты, — кажа кот Марцiну, — як толькi абвалiцца мост, раськiдай шапкi па вадзе i чакай мяне тут.
Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.
Прыбягае, дакладвае цару:
— Так i так, ваша вялiчаства-вымператарства… Ехаў да цябе ў госьцi мой гаспадар, пан Глiнскi-Папялiнскi, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота i коньнiца патапiлася, адзiн ён застаўся голы, бо абмундзiраваньне з вадою сплыло…
Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзiў, прыехаў да маста. Глядзiць, i праўда: толькi шапкi ад войска па вадзе плаваюць.
Паспачуваў цар пану Глiнскаму-Папялiнскаму ды загадаў лепшым сваiм краўцом i шаўцом пашыць яму новае абмундзiраваньне.
Як бачыш пашылi краўцы i шаўцы новае абмундзiраваньне. Адзеўся Глiнскi-Папялiнскi, прыхарашыўся i паехаў з царом у палацы.
Пагаманiў зь iм цар, пачаставаў, а потым i кажа: