Накiнулiся браты на жабракову торбу i як бачыш усю апрасталi.
— Чаму вы такiя бедныя? — пытаецца ў iх жабрак. — Хiба ў вас няшчасьце якое цi што?
Браты цяжка ўздыхнулi:
— Зусiм прапала наша гаспадарка…
— А як-жа вы раней жылi?
— Бацька гаспадарыў, дык хлеб i вёўся.
— А што ён, ваш бацька: малады цi стары?
— Ды зусiм стары ўжо…
— Вось бачыце, — кажа жабрак, — ён стары, ды гаспадаркаю кармiўся сам i вас кармiў. А вы маладыя, дужыя i бяз хлеба галееце…
Брыдка стала братом, радзей пачалi яны iз стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.
Мiнуў год, i зажылi яны зноў, як трэба.
Тым часам вярнуўся бацька з гасьцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Узрадаваўся ён i кажа да сыноў:
— Вось цяпер я магу спакойна i памiраць, бо бачу, што вы розуму набралiся: ловiце, страляеце i гаспадарку даглядаеце.
Жыў-быў цар-чараўнiк. Клiкнуў ён клiч па ўсяму царству: «Хто схаваецца ад мяне, таму поўцарства аддаю!». Знайшоўся такi ахвотнiк — Сiняя сьвiта налева пашыта. Прыходзiць ён да цара-чараўнiка:
— Я, — кажа, — бяруся схавацца так, што ты мяне ня знойдзеш.
— Добра, — кажа цар. — Калi схаваешся — поўцарства табе, а не — галава з плеч. Расьпiшыся.
Расьпiсаўся Сiняя сьвiта i давай хавацца. Перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам.
Як бегчы, так бегчы — забег у трыдзевятае царства.
А ў тым царстве быў дужа вялiкi луг. Прыбег ён на той луг i перакiнуўся ў тры кветкi.
На другi дзень цар устаў, паглядзеў у свае чараўнiчыя кнiгi i кажа:
— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Забег на вялiкi луг у трыдзевятае царства i перакiнуўся ў тры кветкi розных колераў.
Паклiкаў цар слуг i загадаў iм схадзiць у тое царства i прынесьцi зь вялiкага лугу тры кветкi розных колераў.
Пайшлi слугi. Доўга iшлi цi нядоўга, але дайшлi да вялiкага лугу, сарвалi тыя кветкi, загарнулi ў хустачку i прынесьлi цару.
Цар разгарнуў хустачку i сьмяецца:
— А што, Сiняя сьвiта, цi схаваўся ты ад мяне?
Сiняя сьвiта перакiнуўся ў чалавека i кажа:
— Дазволь мне, цар, схавацца яшчэ раз.
Цар дазволiў.
Сiняя сьвiта налева пашыта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства. А ў тым царстве быў такi мох, што зьверху балота, а пад нiзам возера. Зайшоў ён у мох, перакiнуўся рыбай-вокунем, забраўся на самае дно возера i сядзiць там.
Ранiцай цар устаў, паглядзеў у свае чараўнiчыя кнiгi i кажа:
— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Забег за трыдзевяць зямель у трыдзесятае царства i схаваўся ў мохавым балоце, перакiнуўся ў рыбу-вокуня!
Загадаў цар сваiм слугам iсьцi ў трыдзесятае царства ачысьцiць мохавае балота i злавiць там вокуня.
Слугi так i зрабiлi: ачысьцiлi балота, закiнулi невады i злавiлi вокуня. Загарнулi яго ў хустачку, прынесьлi цару.
— Ну, што, Сiняя сьвiта налева пашыта, цi схаваўся ты ад мяне i другi раз? — сьмяецца цар.
Сiняя сьвiта перакiнуўся ў чалавека i кажа:
— Дазволь, цар, схавацца яшчэ раз.
Цар дазволiў.
Сiняя сьвiта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полi бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег у трыдзесятае царства, дзе расьце такi дуб, што карэньнi ў зямлi, а вяршыня ў небе. Улез ён на дуб, перакiнуўся iголкаю, зашыўся пад кару i сядзiць там. Прыляцела на дуб птушка Нагай, пачула нюхам, што пад карою чалавек сядзiць, ды пытаецца:
— Хто тут ёсьць?
— Я, — кажа Сiняя сьвiта.
— А чаго ты сюды залез?
— Дык вось, узяўся ад цара-чараўнiка схавацца, а нiяк не ўдаецца.
— Хочаш, я цябе схаваю?
— Схавай, добрая птушка. Век буду табе дзякаваць.