I да гэтых часоў засталiся яшчэ на Палесьсi тыя прасекi ды грэблi, што нарабiў малодшы брат.
Цi доўга ён так выбiраўся зь цёмнага лесу, цi не, але вось нарэшце пачалi трапляцца прагалiны ды палянкi зь пяскамi. Асеў малодшы брат на гэтых палянках, пачаў iх араць i сеяць збожжа.
I з таго часу празвалi яго самога i ўвесь яго род палявiкамi.
А потым размножылiся паляшукi й палявiкi, занялi новыя лясы i палi ды сталi добрымi суседзямi.
Так i цяпер жывуць.
Жыў сабе сiрацiна Янка, лясьнiкоў сын. Бацькi яго памерлi, а раднi нiякай ня было. Так i жыў ён адзiн у лесе, у бацькавай хатцы. А каб весялей было, гадаваў пярэстага катка.
Прывык да яго каток. Бывала, куды гаспадар iдзе, туды i ён.
Пайшоў аднойчы Янка дровы зьбiраць. Ну, вядома, i каток за iм.
Набраў Янка вязку, нясе дадому, а каток адну сухую галiнку ўсьлед цягне.
Стамiўся Янка, прысеў на пнi, успомнiў як цяжка яму жыць на сьвеце, i застагнаў моцна сам сабе:
— Ох, ох!
I толькi ён сказаў, — выскачыў з-пад пня маленькi дзядок з доўгаю барадою.
— Чаго ты мяне клiкаў, дзяцюк?
Паглядзеў Янка спалохана на дзiўнага дзядка i кажа:
— Не, дзедка, ня клiкаў я цябе.
— Як ня клiкаў? — заспрачаўся дзядок. — Я-ж ня глухi! Ты два разы назваў маё iмя: Ох, Ох… Мусiш мне цяпер сказаць, чаго ты ад мяне патрабуеш.
Падумаў Янка i кажа:
— Нiчога, дзедка, мне ня трэба. Але я вельмi галодны. Калi маеш кавалак хлеба, то дай.
Ох нырнуў назад пад пень, i праз хвiлiну вынес адтуль мiску тлустай капусты i кавалак хлеба.
— На, — кажа, — еш.
Наеўся сiрацiна, катка накармiў i нiзка пакланiўся дзядку:
— Дзякую за абед: даўно такой смачнай стравы ня еў.
Узвалiў ён на плечы свае дровы i весялейшым пайшоў дадому.
Мiнуў дзень-другi, зноў голад дакучае. Успомнiў Янка пра дзядка. «Пайду, думае, — цi не накормiць ён мяне яшчэ раз?»
Прыйшоў, на той пень сеў i ўздыхнуў:
— Ох!
Выскачыў дзядок:
— Што скажаш, дзяцюк?
Пакланiўся яму Янка:
— Галодны я, дзедка. Цi ня даў-бы ты мне хоць кавалак хлеба.
Дзядок, як бачыш, вынес яму кавалак хлеба i мiску капусты. Так з таго часу i пайшло: захочацца Янку есьцi, — iдзе да дзядка.
Аднойчы дзядок вынес яму замест абеду залатую табакерку.
— Вось што, хлопча, — кажа, — ня турбуй ты мяне болей: я ўжо стары i мне цяжка абед выносiць. Вазьмi гэтую табакерку. Калi табе што патрэбна будзе, адчынi яе, i мой слуга адразу стане перад табою. Ён ня горш за мяне зробiць усё, што ты яму загадаеш.
Узяў Янка залатую табакерку, шчыра падзякаваў i пайшоў, надскокваючы, дахаты. Адчынiў дома залатую табакерку — выскачыў зь яе маленькi чалавечак, але не такi, як дзядок Ох, а малады, шустры.
— Што загадаеш? — прагаварыў да Янкi тоненькiм галаском.
— Дай мне, братка, чаго-небудзь паесьцi.
Тут чалавечак, як бачыш, паставiў на стол мiску капусты, палажыў добры кавалак жытняга хлеба, а сам ускочыў у залатую табакерку i зачынiўся.
Пажыў так Янка нейкi час, i захацелася яму пайсьцi ў сьвет, людзей паглядзець, сябе паказаць, бо нiколi-ж ён нiдзе, апроч свайго лесу, i ня быў.
Узяў ён залатую табакерку, клiкнуў катка i пайшоў.
Шмат абыйшоў ён вёсак, гарадоў, шмат чаго пабачыў, нарэшце прыйшоў да сiняга мора. Бачыць — ляжыць на беразе маленькая серабрыстая рыбка. Вiдаць, хваля выкiнула яе ў час прыбою. Трапечацца рыбка, б'ецца аб каменьне, пячэцца на сонцы, а нiяк назад у мора ня трапiць.
Шкада стала Янку беднай рыбкi. Узяў ён яе асьцярожна i ўкiнуў у мора. Вiльнула рыбка хвосьцiкам, глынула вады, ачуняла, а потым высунула галоўку наверх i кажа чалавечым голасам:
— Дзякуй табе, малойча, што ты мяне ад сьмерцi збавiў. Можа будзе час, што i я табе ў чым дапамагу.
Сказала так — i назад у ваду. Янка засьмяяўся:
— Навошта мне, рыбка, твая дапамога, калi ў мяне ў кiшэнi не такi памочнiк!